О картине О художнике Материалы Галерея

Серыя каляровых аўталітаграфій "Памяці вогненных вёсак"

"А рэквіем слязінаю плыве,
Жалобны рэквіем Хатыні.
У мармуры, у бронзе ён жыве,
У попеле не гасне і не стыне."
А. Бялевіч "Споведзь сэрца"

Абпаленая дарога з чорнымі мёртвымі комінамі, кавалкамі калючага дроту і бярвеннямі, бясконцы рух людзей з клункамі за плячамі, цяжкое рыпенне падвод. Застылыя скамянелыя языкі полымя, чырвоныя водсветы якога кладуцца трывожнымі блікамі на самотныя жаночыя і дзіцячыя твары. А над усім гэтым голасна плачуць хатынскія званы. Бязмежны адчай... Здаецца, вакол не засталося паветра, адчуваеш толькі ўдушлівы, незнаёмы смурод, горыч, ад якой надоўга застаецца балючае пачуццё...

У 1978 годзе Васіль Шаранговіч праілюстраваў публіцыстычную аповесць Антона Бялевіча "Споведзь сэрца" – своеасаблівы сплаў аўтарскага тэксту і водгукаў наведвальнікаў Хатынскага мемарыяла.
Праца над кнігай А. Бялевіча падштурхнула мастака да станковай серыі на гэту тэму.
Назва серыі "Памяці вогненных вёсак" прыйшла да мастака адразу пасля прачытання кнігі А. Адамовіча, Я. Брыля, I. Калесніка "Мы з вогненнай вёскі", якая ўзрушыла мастака жорсткай дакументальнасцю і ў той жа час як бы нерэальнасцю падзей – быццам з кашмарнага сну. У дзяцінстве Васілю Шаранговічу давялося бачыць толькі вынікі, сляды трагедыі, а ў кнізе гаварылі сведкі.
Тэма Хатыні даўно хвалявала мастака. Ён марыў аб стварэнні нечага накшталт рэквіема ў серыі графічных станковых лістоў. Даўняя задума знаходзіць увасабленне ў палосных ілюстрацыях да кнігі, якая з’яўляецца своеасаблівай споведдзю жывых перад памяццю тых, хто згарэў у полымі вайны.
Мастак не ілюструе непасрэдна тэкст, а стварае амаль самастойны графічны рад, які паралельна дапаўняе і эмацыянальна ўзмацняе змест кнігі.
Жахі вайны і невыносныя чалавечыя пакуты малюе мастак у сваіх ілюстрацыях. Складаныя ракурсы, максімальная канцэнтрацыя ўвагі на тварах і вачах персанажаў і ўсе іншыя мастацкія дэталі значна паглыбляюць і дапамагаюць усебаковаму раскрыццю трагічнай тэмы. Мастак амаль не паказвае варожай зграі фашыстаў, але ў ілюстрацыях яны нябачна прысутнічаюць як брудныя забойцы.
Цыкл складаецца з дзевяці работ, у кампазіцыйнай будове кожнай з іх пры ўсёй своеасаблівасці ёсць агульны аб'ядноўваючы сімвал – вобраз знішчальнага полымя, якое разрывае прастору, чырванню асвячае наваколле.
Шэсць гадоў доўжылася праца над серыяй. Тэхніку выбраў новую – гэта спалучэнне чырвонай гуашы і чорнай тушы, што адпавядае зместу кнігі. Не выпадкова ў якасці галоўных выбіраюцца два колеры: чорны і чырвоны. Як асноўны дамінуе чырвоны. Гэта і вогнішча спаленых вёсак, і кроў нявінна загінуўшых соцень і тысяч людзей. Як і ілюстрацыі да кнігі А. Бялевіча "Споведзь сэрца", кампазіцыі асобных лістоў мастак будаваў ірэалістычна, зрушваючы планы, месцамі з'яўляліся і ноткі сюррэалізму. Сапраўды, чытаючы ўспаміны відавочцаў тых падзей, цяжка ўявіць іх як рэальнасць.
Нечалавечыя страты і боль, глухая безнадзейнасць і імкненне да жыцця, смерць і змаганне... Усё гэта на мяжы немагчымасці рэальнага ўспрыняцця розумам цяперашняга чалавека. Ніводны від мастацтва не здольны поўна адлюстраваць той жудасны здзек, што адбываўся на беларускай зямлі. Мастацкае ўвасабленне можа толькі наблізіць яго і растрывожыць душы і сэрцы нашчадкаў.
Дзеючымі асобамі серыі, калі можна так сказаць, з'яўляюцца старыя, дзеці і жанчыны. Менавіта яны вынеслі на сваіх плячах увесь цяжар жыцця на акупаванай зямлі. Самая страшная трагедыя, якую толькі можна ўявіць сабе, – гэта трагедыя дзяцей вайны. Чалавек толькі зірнуў шырока расплюшчанымі вачыма на свет – і замест ласкавай матчынай усмешкі ўбачыў чорныя вачніцы смерці, замест птушыных песень пачуў аўтаматныя чэргі.
Графічныя лісты майстра пранізвае любоў да радзімы, часам пакутная і балючая.
Аднак мастак на гэтым у распрацоўцы тэмы кропку не паставіў. Праз семнаццаць гадоў, гартаючы ў майстэрні неўвасобленыя ў станковыя работы эскізы, захацеў некаторыя з іх дапрацаваць, але ўжо выкарыстаўшы змешаную тэхніку. Так нарадзілася ў працяг былой новая серыя "Блакадны рэквіем", а ў тэме была пастаўлена заключная кропка.
За серыю Мішэнь народны мастак Беларусі, заслужаны дзеяч культуры Польшчы, прафесар Васіль Шаранговіч у 1986 годзе атрымаў Дзяржаўную прэмію Беларусі.