О картине О художнике Материалы Галерея

Васіль Шаранговіч
(14.01.1939)

"Мастацтва ёсць ілюзія жыцця, перайначанага творцам, але хто ведае – можа, і само жыццё з’яўляецца ілюзіяй рэальнай рэчаіснасці. Мастацтва расквечвае быццё, упрыгожвае і робіць яго разнастайным, дае магчымасць зазірнуць углыб падсвядомасці і ўбачыць свет не толькі такім, які ён ёсць, але і такім, якім ён можа быць".
Васіль Шаранговіч

Васіль Пятровіч Шаранговіч — беларускі графік, педагог. Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР (1978). Заслужаны дзеяч культуры Польшчы (1986). Народны мастак Беларусі (1991). Прафесар (1981).
Нарадзіўся мастак 14 студзеня 1939 года ў вёсцы Качаны, Мядзельскага раёна, Мінскай вобласці ў сялянскай сям’і.
Яшчэ не споўнілася і двух гадоў будучаму мастаку, як пачалася Вялікая Айчынная вайна.
Уражанні дзяцінства, нечаканая цікавасць і цяга да малявання канчаткова азначылі кірунак для няўрымслівага на пошукі юнака. Пасля восьмага класа зрабіў выбар будучай прафесіі. Васіль вырашае паступіць у Мінскае мастацкае вучылішча.
На ўступных экзаменах болыш вопытныя малявалі штрыхом, – гаворыць Васіль Пятровіч, — а я і не чуў, што гэта такое.
Але ўсё роўна не прынялі, бо да дзвюх чацвёрак прыставілася злашчасная тройка. Давялося зноў хадзіць у Мядзельскую сярэднюю школу.
I Васіль пачынае настойліва і штодзённа рыхтавацца да новага паступлення ў вучылішча. Як дэвіз успаміналіся бацькавы словы: "Ці не брацца зусім, а калі ўжо брацца, дык па-сапраўднаму, пакуль не даможашся свайго".
I зноў уступныя экзамены ў Мінскае мастацкае вучылішча. На гэты раз яны вытрыманы з поспехам.
Вучылішча В. Шаранговіч скончыў у 1960 годзе на выдатна.
Адразу ж пасля сканчэння мастацкага вучылішча В. Шаранговіч вырашае паступаць у Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут на графічнае аддзяленне.
Першай самастойнай працай па заказу Дзяржвыдавецтва БССР (1962) для В. Шаранговіча была кніжка дзіцячых вершаў Івана Муравейкі "Сняжынкі-смяшынкі".
Для студэнта-другакурсніка — гэта важны і пачэсны заказ.
У цэлым другая, больш складаная работа маладога мастака паказала, што ў кніжнае мастацтва рэспублікі ідзе таленавіты графік, які настойліва адточвае і ўдасканальвае сваё майстэрства. За ўдалае афармленне кнігі Я. Галайдзіна "Сбит над Тильзитом" на рэспубліканскім конкурсе лепшых выданняў выпуску 1963 года мастак быў удастоены дыпломам другой ступені.
Адначасова В. Шаранговіч спрабуе свае сілы і ў афармленні кніжак сучаснай паэзіі. Як пэўную ўдачу трэба адзначыць зборнік выбраных вершаў Міхася Калачынскага "Гронка рабіны" (выдавецтва "Беларусь", 1964).
Яшчэ ў студэнцкія гады малады мастак усё больш і больш пачынае паглыбляцца ў гераічнае мінулае свайго народа.
I вось доўгачаканае надараецца: выдавецтва "Беларусь" прапануе аформіць раман-хроніку Максіма Гарэцкага "Віленскія камунары" (1965).
1965 год быў надзвычай плённым у творчасці В. Шаранговіча. У яго афармленні выйшлі чатыры аб’ёмістыя кнігі. Найбольш удалым з’яўляецца зборнік апавяданняў для сярэдняга школьнага ўзросту Васіля Хомчанкі "Верны рыцар" (выдавецтва "Беларусь").
Наватарскае афармленне зборніка В. Хомчанкі "Верны рыцар" было пэўным поспехам для мастака ў пачатку 60-х гадоў і адпаведным штуршком для далейшых пошукаў.
Значным крокам у далейшым развіцці як мастака кнігі для В. Шаранговіча з’явіўся зборнік дакументальна-мастацкіх нарысаў беларускіх пісьменнікаў С. Грахоўскага, У. Карпава, Р. Сабаленкі, Т. Хадкевіча "Мы расскажем о Минске" (1966).
Яшчэ будучы студэнтам, Шаранговіч спрабуе свае сілы ў станковай графіцы. Ён займаецца пераважна вясковым пейзажам.
З першых станкавых работ варта адзначыць пейзажы: "Вёска на Шчары", "Лагойшчына", у якіх адчуваецца імкненне да мастацкага абагульнення, стварэння адпаведнага настрою.
Асабліва плённым у творчым жыцці мастака быў 1966 год. Ён актыўна рыхтуецца да абароны дыпломнай работы, шмат займаецца афармленнем кніг, працуе над станкавымі лістамі.
В. Шаранговіч выконвае ў тэхніцы лінагравюры 14 ілюстрацый па матывах паэм народнага песняра Беларусі Янкі Купалы.
У дыпломнай рабоце Шаранговіч паказаў сябе як мастак удумлівы, які з пашанай адносіцца да народных традыцый, валодае багатай фантазіяй і ўменнем выявіць і акцэнтаваць у творы галоўнае, намаляваць пераканаўчую карціну народнага жыцця.
Пасля інстытута мастак канчаткова вырашае звязаць свой далейшы творчы лёс з кніжнай графікай. З яшчэ большым натхненнем Васіль Пятровіч працуе над стварэннем мастацкага вобраза кнігі і як мастак, і як рэдактар выдавецтва "Беларусь".
У 1967 годзе з друку выходзіць 6 кніг у афармленні В. Шаранговіча. Гэта ў асноўным шырока ілюстраваныя выданні беларускай прозы і паэзіі. Асаблівай увагі заслугоўвае мастацкая работа над зборнікам выбраных вершаў Якуба Коласа "3 майго летапісу" ("Беларусь", 1967).
Адна за адной выходзяць з друку кнігі з ілюстрацыямі Васіля Шаранговіча – у першую чаргу творы беларускіх сучасных аўтараў: Т. Хадкевіча, I. Навуменкі, М. Кругавых, Р. Барадуліна і іншых.
Увагу чытачоў і грамадскасці прывабіла афармленне да кнігі нарысаў Тараса Хадкевіча "Мая Беларусь" (1968).
Для шматтомнай бібліятэкі сусветнай літаратуры цэнтральнае выдавецтва "Художественная литература" заказвае ўжо вядомаму графіку афармленне папулярнага твора амерыканскага пісьменніка Джона Рыда "10 дней, которые потрясли мир" (1968).
Майстэрства Васіля Шаранговіча становіцца больш і больш папулярным. Яго з задавальненнем запрашаюць супрацоўнічаць спецыялізаваныя выдавецтвы рэспублікі. Так, у 1968 годзе ў афармленні графіка масавымі тыражамі выходзяць кнігі: М. Кругавых "Где не ждут тишины", Р. Барадуліна "Адам і Ева" ("Беларусь"), М. Багдановіча "Збор твораў у 2-х тамах" ("Навука і тэхніка"), I. Навуменкі "Вераніка" ("Народная асвета").
З кніг, выдадзеных у афармленні В. Шаранговіча ў 1969 годзе, асабліва варта спыніцца на паэтычным зборніку Адама Міцкевіча "Зямля навагрудская, краю мой родны..." ("Беларусь").
Падзвычай ураджайным для В. Шаранговіча як для мастака з’явіўся 1970 год. У гэты час уся краіна і наша рэспубліка актыўна і з натхненнем рыхтаваліся да вялікага свята – 100-годдзя з дня нараджэння У. I. Леніна. Да слаўнай даты Пятрусь Броўка пераклаў на беларускую мову вядомую паэму У. Маякоўскага "Уладзімір Ільіч Ленін", якая выйшла ў выдавецтве "Беларусь". Афармленне і ілюстраванне гэтай кнігі было даручана прызнанаму мастаку-графіку Васілю Шаранговічу.
Своеасаблівым узлётам былі 70-я гады ў творчасці П. Шаранговіча. Ён шмат і вельмі плённа працуе як у кніжнай, так і ў станкавай графіцы. Адна за адной афармляюцца ім кнігі У. Карпава "Сотая маладосць" (1971) і "Нямігі крывавыя берагі" (1972). Для болыпай мастацкай выразнасці графік з поспехам выкарыстоўвае розныя графічныя тэхнікі: туш, пяро, аловак, манатыпію.
З не меншым поспехам В. Шаранговіч выступае і ў афармленні дзіцячых выданняў. Як пэўную ўдачу мастака трэба адзначыць удзел у выданні кнігі А. Талстога "Залаты ключык, або Прыгоды Бураціна" (1971). Каля трыццаці каляровых ілюстрацый выкананы для гэтага выдання.
У 1974 годзе ў ілюстраванні В. Шаранговіча з друку выйшаў раман Івана Навуменкі "Сорак трэці", у якім пісьменнік расказвае пра ўсенародны партызанскі рух на палескай зямлі.
Па заказу выдавецтва "Мастацкая літаратура" Васіль Пятровіч афармляе кнігі Уладзіміра Карпава "На перавале стагоддзя", "За годам год" (1973) і "Вясеннія ліўні" (1975).
У 1978 годзе ў афармленні В. Шаранговіча выдавецтва "Мастацкая літаратура" выпусціла масавым тыражом кнігу Янкі Купалы "Паэмы". Тэкст кнігі суправаджаюць дваццаць каляровых літаграфій. У кнізе змешчана дзевяць паэм. Да кожнай з іх мастак зрабіў па 2–3 ілюстрацыі, акцэнтуючы ўвагу на самым істотным і самым галоўным у творчай задуме аўтара.
У гэтым жа 1978 годзе ў выдавецтве "Беларусь" выйшла кніга Антона Бялевіча "Споведзь сэрца". Чым даўжэй глядзіш на ілюстрацыі, зробленыя В. Шаранговічам да кнігі пра Хатынь, тым болын адчуваеш, што зрабіць іх мог толькі чалавек, які моцна любіць сваю зямлю, свой народ і з пякучым болем у душы асэнсоўвае трагічныя падзеі.
Менавіта ў 70-я гады паралельна з афармленнем кніг В. Шаранговіч шмат увагі ўдзяляе станкавай графіцы. Яго шматлікія работы, выкананыя ў самых розных графічных тэхніках, умоўна можна аб’яднаць у серыю "Прырода і людзі Нарачанскага краю". Тут мы бачым улюбёнасць аўтара ў родныя, з дзяцінства блізкія сэрцу краявіды. Гэта "Вячэрняя цішыня", "Лета", "Дажджы" і інш.
У 1972 годзе В. Шаранговіч выконвае для літаратурнага музея Я. Коласа ў тэхніцы лінагравюры дзве цікавыя кампазіцыі, звязаныя непасрэдна з біяграфіяй народнага песняра — "Якуб Колас у Люсінскай школе" і "У акопах першай сусветнай вайны".
У 1974 годзе В. П. Шаранговіч завяршае працу над значнай па задуме серыяй "Блакада". Серыю склалі пяць лістоў, знітаваных у адзінае цэлае тэмай мужнасці і гераізму савецкіх людзей.
Работы ў кніжнай графіцы адметныя тонкім разуменнем структуры і ладу літаратурнага твора, паглыбленай пранікнёнасцю ў псіхалогію персанажа, вострым пачуццём гармоніі элементаў афармлення кнігі: "Пан Тадэвуш" А. Міцкевіча (1985, 1998), "Старыя беларускія хронікі" У. Караткевіча (1988), "Новая зямля" Я. Коласа (2002).
Немалаважную ролю ў культурным жыцці рэспублікі адыгрывае мастак В.П. Шаранговіч і як педагог, загадчык кафедры графікі Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута (1972–1989).
З 1989 па 1997 гг. – рэктар Беларускай акадэміі мастацтваў (былы Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут).
1995 г. – акадэмік Міжнароднай акадэміі навук Еўразіі.
З 1997 па 2009 годы займаў пасаду дырэктара Музея сучаснага выяўленчага мастацтва.
Зараз мастак знаходзіцца на заслужаным адпачынку.
Васіль Пятровіч Шаранговіч удзельнік рэспубліканскіх і ўсесаюзных выстаў. Яго працы экспанаваліся ў Польшчы, Італіі, Францыі, Грэцыі, Балгарыі, Чэхаславакіі, Даніі, Канадзе, Фінляндыі, Індыі, Сірыі, Бельгіі, Германіі і іншых краінах свету. Яго творы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі, Міністэрстве культуры Расіі, мемарыяльным музеі-комплексе Хатынь, музеях Янкі Купалы і Якуба Коласа, а таксама ў прыватных зборах Італіі, ЗША, Германіі, Тайваня.
За ілюстрацыі да кніг мастак атрымаў 15 усесаюзных і 20 рэспубліканскіх дыпломаў, сярод якіх 4 дыпломы і медалі імя Ф. Скарыны. На трыенале "Майданак-85" (Польшча) адзначаны бронзавым медалём.