О картине О художнике Материалы Галерея

Шматаў Віктар Фёдаравіч
(09.05.1936–21.09.2006)

Віктар Фёдаравіч Шматаў вядомы на Беларусі як мастак і навуковец-мастацтвазнаўца. Нарадзіўся Віктар Фёдаравіч 9 мая 1936 г. на самым поўдні Беларусі, у гарадскім пасёлку Камарын Брагінскага раёна, што за 27 км ад Чарнобыльскай АЭС.

Бацька мастака загінуў на фронце, маці была вымушана аддаць Віктара і яго двух братоў і сястрычку на пэўны час у Камарынскі дзіцячы дом. Пасля заканчэння 7 класаў (1951) В.Ф. Шматаў паступіў у Мінскае мастацкае вучылішча імя А.К. Глебава (1952–1956). Вучыўся Віктар Фёдаравіч у вядомых мастакоў: маляванне выкладала Н.І. Галоўчанка, акварэль (жывапіс) – Л. Лейтман. Пасля заканчэння вучылішча паступіў на вучобу ў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут на жывапіснае аддзяленне, дзе выкладчыкамі былі А. Мазалёў і В. Цвірка. Паралельна працаваў мастаком-афарміцелем у розных установах Мінска, маляваў для газет, часопіса "Вожык". Пасля абароны дыплома жыў у Віцебску, выкладаў малюнак у Віцебскім падагагічным інстытуце імя С.М. Кірава. У 1963 г. паступіў у аспірантуру на мастацтвазнаўчае аддзяленне Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР. Пісаў пра дзеячаў беларускай культуры М. Шчакаціхіна, М. Філіповіча, Я. Драздовіча, А. Грубэ.

У 1966 г. В.Ф. Шматаў стаў навуковым супрацоўнікам Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклоры АН БССР. Будучы па адукацыі мастаком-графікам, В.Ф. Шматаў зацікавіўся графічным мастацтвам Беларусі, беларускімі старадрукамі. Ён выдаў манаграфіі: "Беларуская сатырычная графіка (1945–1970)" (1971), "Беларуская графіка (1917–1941)" (1975), "Сучасная беларуская графіка, 1945–1977" (1979); альбомы "Беларускі кніжны знак" (у сааўтарстве з А. Тычынам, 1975) і "Беларуская станковая графіка" (1978).

Сапраўдным захапленнем мастацтвазнаўца стала гравюра беларускіх старадрукаў, у першую чаргу – выданні Ф. Скарыны. Адной з першых публікацый В.Ф. Шматава на гэту тэму была праца "Францыск Скарына" (у сааўтарстве), выдадзеная ЮНЕСКА на англійскай (1979) і французскай (1980) мовах.

В.Ф. Шматавым апублікавана звыш за 20 манаграфій, альбомаў, каталогаў і больш за 200 навуковых прац у розных перыядычных выданнях. Мастацтвазнаўца прымаў удзел у падрыхтоўцы шасцітомнага выдання "Гісторыя беларускага мастацтва", у якім працаваў над раздзелам графікі ва ўсіх шасці тамах, рэгулярна выязджаў у экспедыцыі па зборы помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Новавыяўленыя помнікі іканапісу, скульптуры, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва дазволілі стварыць пры Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР Музей старажытнабеларускай культуры, дырэктарам якога пасля абароны ў 1990 г. у Маскве доктарскай дысертацыі ("Мастацтва беларускіх старадрукаў (XVI–XVIII стст.)") і стаў В.Ф. Шматаў. Дзякуючы яму ў музеі былі створаны два новыя аддзелы: "Беларускія старадрукі і гравюры" і "Помнікі этнаграфіі і народнага мастацтва Чарнобыльскай зоны". Пачынаючы з 1991 г. В. Шматаў штогод наладжваў 2–3 экспедыцыі ў забруджаныя радыяцыяй вёскі Чарнобыльскай зоны. Дзякуючы гэтым экспедыцыям ад знікнення былі выратаваны вельмі цікавыя экспанаты. Чарнобыльская зона стала горкай музай Шматава-мастака.

Займаючыся мастацтвазнаўчай дзейнасцю, В.Ф. Шматаў ніколі не развітваўся з мастацтвам. У 1971 г. уступіў у Саюз мастакоў БССР. Напісаў творы: "Бульба" (1975), "Старыя палешукі" (1976), "Вакно" (1977), "Беларускія старадрукі" (1978), "Аўтапартрэт з сабачкай", "Маці" (1979). У яго краявідах, партрэтах, кампазіцыях заўсёды бачыцца глыбокі філасофскі падтэкст. Але пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС карціны мастака набылі асабліва трагічны водсвет. На аснове непасрэдных жыццёвых назіранняў напісаны палотны серыі "Чарнобыльская трагедыя": "Пахаванне ў Чарнобыльскай зоне", "Палессе", "Лёс", "Развітанне", "Пакінутая хатка", "Тут была вёска".

Памёр Віктар Фёдаравіч 21 верасня 2006 г. ад інсульта. Пахаваны на Усходніх могілках у Мінску.

Мастак у 1993 г. узнагароджаны медалём Ф. Скарыны. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусі (1995). Яго творы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Фондах Беларускага саюза мастакоў, Магілёўскага абласнога мастацкага музея імя П.В. Масленікава, у Брагінскім і Нараўлянскім краязнаўчых музеях.