О картине О художнике Материалы Галерея

"Маці" (цыкл "Чарнобыльская трагедыя")

"Боль Чарнобыля назаўсёды ў маім сэрцы…"
Віктар Шматаў

Віктар Шматаў нарадзіўся за 27 км ад Чарнобыльскай зоны, на беразе Дняпра. Сярод лугоў, магутных дубоў, соснаў прайшло яго дзяцінства. І лепшага месца, лічыў мастак, чым Палессе, няма. У яго работах адбіліся першаісная прырода, кантрастныя фарбы поўдня Беларусі, адметная народная творчасць. Так было да Чарнобыля, так засталося і пасля яго. Але тэматыка работ змянілася. Гэта была ўжо Чарнобыльская трагедыя.

Мастак стварыў жывапісны цыкл "Чарнобыльская трагедыя", у які ўвайшлі творы: "Лёс", "Матчын абраз", "Студня", "Дарога", "У ваколіцах Чарнобыля", "Дарога ў зону", "Вечар", "Палескія крыжы", "Матчын вобраз". Напісаная ў рэалістычнай манеры, проста і даходліва, кожная з работ цыкла мае сваю гісторыю.

Палатно "Пахаванне вёскі" нарадзілася адразу ж пасля паездкі ў Магілёўскую вобласць, у вёску Калыбень, што ў 18 км ад Чарнобыля. У ім занатавана жудасная сцэна – пахаванне забруджаных вёсак.

Карціна "Маці" – адна з лепшых у "Чарнобыльскім" цыкле мастака. "Перш чым я пачаў працаваць менавіта над гэтай карцінай, – расказваў Віктар Фёдаравіч, – было зроблена шмат эскізаў, накідаў, варыянтаў. У экспедыцыі ў Чарнобыльскую зону я прыязджаю рэгулярна з 1991 г., там я сустракаюся з жыхарамі вёсак, якія не пажадалі выехаць, гутару з імі, раблю замалёўкі. Вобраз Маці-беларускі даўно мяне вабіў. І менавіта там, на радзіме, я і знайшоў яго…". Аднойчы, робячы накіды, мастак запытаўся ў старэнькай бабулькі: "Бабулька, а калі ты памрэш, хто цябе тут пахавае, ты ж адна тут жывеш?" А яна адказвае: "Я буду ляжаць у сваёй хаце, як Ленін у Маўзалеі…".

На карціне "Маці" жанчына не крочыць, яна нібы ляціць. Аблокі белыя – як крылы над зямлёю. Выраз яе твару трагічны. Але ва ўсёй постаці відаць моцны характар: нягледзячы ні на якія перашкоды, яна крочыць наперад. Вобраз не адназначны. Мастак умела выкарыстоўвае пейзаж з Дняпром, пушчамі, Палескім даляглядам.

Адзін з варыянтаў карціны, якая выстаўлялася з нагоды 14-й гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС у красавіку 2000 г. у штабкватэры НАТА ў Бруселі, была падорана мастаком Еўрапарламенту.