О картине О художнике Материалы Галерея

Мазалёў Аляксандр Пятровіч
(06.03.1910–01.06.1970)

Аляксандр Пятровіч Мазалёў – беларускі жывапісец, графік, педагог, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Мастак належыць да пакалення беларускіх мастакоў першай паловы – сярэдзіны XX ст. За заслугі перад Радзімай Аляксандр Пятровіч быў узнагароджаны медалямі: "За баявыя заслугі", "За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне" і некалькімі юбілейнымі медалямі. Адзначаючы вялікі творчы ўклад Алякчандра Пятровіча Мазалёва ў развіццё беларускага выяўленчага мастацтва, Прэзідыум Вярхоўнага Савета БССР узнагародзіў яго Граматай Вярхоўнага Савета БССР.

А.П. Мазалёў нарадзіўся 6 сакавіка 1910 г. ў мястэчку Рудня на самым ускрайку Магілёўскай губерні (зараз – Смаленская вобласць), у вялікай, але беднай сям'і селяніна Пятра Мазалёва. Пасля заканчэння сярэдняй школы ў 1927 г. паступіў у Віцебскі мастацкі тэхнікум (з 1934 г. – Віцебскае мастацкае вучылішча), дзе вучыўся ў жывапісца Уладзіміра Хрусталёва, але хутка з-за грашовых цяжкасцей вярнуўся ў Рудню, дзе загадваў хатай-чытальняй, працаваў у калгасе "Запаветы Ільіча". У 1931 г. кіраўніцтва калгаса накіравала Аляксандра Мазалёва ў Ленінградскі інстытут пралетарскага мастацтва, былую Пецярбургскую Акадэмію мастацтваў (зараз – Санкт-Пецярбургская акадэмія мастацтваў імя І. Рэпіна). Пасля заканчэння інстытута ў 1938 г. ён быў накіраваны на Украіну, у г. Варашылаўград (зараз – Луганск) на пасаду выкладчыка мясцовага Мастацкага вучылішча. У 1939 г. па запрашэнні Упраўлення па справах мастацтва БССР Аляксандр Пятровіч здолеў вярнуцца ў горад сваіх юначых мар, у Віцебск, і прыступіць да выкладання ў тым самым Віцебскім мастацкім вучылішчы, што не здолеў колісь скончыць. Ужо ў 1940 г. яго прынялі ў Cаюз мастакоў БССР. А пасля была вайна…

Аляксандр Мазалёў разам з жонкаю перабраўся ў родную Рудню, дзе яны сталі аднымі з актывістаў падполля. Іх кватэра служыла месцам сувязі партызан і падпольшчыкаў. У 1942 г. ў выніку здрады падпольная арганізацыя была раскрыта, мастак быў выкрыты нацыстамі і арыштаваны. Выжыў цудам. Перажыў катаванні і допыты, паўтары гады канцэнтрацыйнага лагеру ў Смаленску. Пасля салдатам удзельнічаў у баях пад Каўнасам, быў цяжка паранены ў галаву, цудам застаўся жывы, але інвалідам другой групы. Больш за тое, яго пастаянна мучыў галаўны боль, часам проста нясцерпны. У адной са сваіх запісак, знойдзеных у мастака пасля сцерці, А.П. Мазалёў пісаў: "У мяне пастаянна баліць галава. Рукі перастаюць слухацца маіх загадаў. Я адчуваю, што здаю адну пазіцыю за другой". Але пра ўсё гэта мастак нікому не гаварыў. Ён пакутваў, але працаваў.

Пасля Перамогі Мазалёў усё ж знайшоў у сабе сілы зноў узяцца за пэндзлі, фарбы і алоўкі. Некаторы час жыў у Рудні. Потым, праз год, пераехаў на пастаяннае жыхарства ў г. Мінск. Мастак актыўна прымаў удзел у рэспубліканскіх і ўсесаюзных выстаўках, выкладаў у Мінскім мастацкім вучылішчы (зараз – Мінскі дзяржаўны мастацкі каледж імя А.К. Глебава), а з 1956-га па 1970 г. – у Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце (зараз – Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў). Студэнты ім захапляліся: маэстра працяглы час разглядаў натуру, пасля паварочваўся да планшэта і рабіў накід па памяці. Малявальшчык ён быў унікальны – дакладны і віртуозны. Меў моцную рэалістычную школу, адметны талент і адораных, сур'ёзна падрыхтаваных вучняў. Сярод іх: графікі Георгій Паплаўскі і Яўген Кулік, скульптары Анатоль Анікейчык і Леў Гумілеўскі ды многія іншыя.

Аляксандр Пятровіч працаваў у розных жанрах жывапісу: гістарычная карціна, бытавы жанр, пейзаж, партрэт, нацюрморт. Творчая спадчына мастака багата і на эцюды, накіды, замалёўкі, але ўспаміны пра Вялікую Айчынную вайну не пакідалі яго памяць. Таму у 1956 г. ён прыступіў да стварэння вялікага палатна "У партызанскім штабе" – задача паказаць не толькі партызана, а сапраўднага народнага героя. У 1960-я гг. мастак дасягнуў небывалага майстэрства ў жанры партрэта з новымі героямі – прадстаўнікамі маладога пакалення, якое нарадзілася пасля вайны і прынцыпова адрознівалася сваёй прагай да ведаў, захопленасцю рамантычнымі ідэаламі спасціжэння свету, развіцця сваёй асобы. А.П. Мазалёў напісаў шэраг карцін: "На канікулах" (1966), дзе намаляваны малодшы сын мастака Аляксандр, "Наташа" (1967), "На дачы", "Студэнты", "Мінск. Плошча Перамогі" (1960), "Пасля сходу" (1967).

Аляксандр Пятровіч Мазалёў памёр у самым росквіце сваіх творчых сіл, на шасцідзясятым годзе жыцця, 1 чэрвеня 1970 г. Засталіся няздзейсненымі многія планы і задумы. Цяжкая хвароба абарвала гэты шчодры і вялікі талент. Але ён пакінуў пасля сябе значны след. Яго творы яшчэ доўга будуць служыць людзям, прыносячы ім асалоду ад сутыкнення з сапраўдным мастацтвам.