О картине О художнике Материалы Галерея

"Натуральныя замалёўкі адносяцца да 1952 г. Ужо тады я дзесьці падспудна адчуваў, што з Коласа немагчыма пісаць звычайны натурны партрэт. Для мяне стала відавочнай выключнасць творчай натуры, асобы паэта і дзяржаўнага дзеяча. Яго мудрая паэзія, сакавітая проза патрабавалі, як мне здавалася, незвычайна вострай, вельмі нешматслоўнай, сучаснай мовы. Пасля працяглых пошукаў я прыйшоў да пэўнай задумы, якая і ўвасобілася ў партрэце, напісаным у 1967 г.".
У.І. Стальмашонак

Паміж стваральнікаў новага нацыянальнага стылю ў жывапісе на сумежжы 1960-х і 1970-х гг. самай адметнай фігурай стаў Уладзімір Іванавіч Стальмашонак. Мастак стварыў дзесятак манументальных кампазіцый у разнастайных тэхніках, але з усіх жанраў выяўленчага мастацтва Уладзімір Іванавіч аддаваў перавагу партрэту.
Мастака прыцягвалі героі энергічныя, актыўныя, тыя, хто адчувае пульс часу. Ён любіў людзей і ўмеў знаходзіць агульную мову з кожным, незалежна ад узросту і прафесіі суразмоўцы. Больш за ўсё Уладзіміра Іванавіча цікавілі людзі, захопленыя сваёй працай. У мастака вельмі шмат партрэтаў вядомых асоб, але адной з першых работ, у якой яскрава выявілася творчая індывідуальнасць і творчы кірунак Уладзіміра Стальмашонка, з’яўляецца партрэт народнага паэта БССР Якуба Коласа (1967), які стаў хрэстаматыйным.
Не адразу атрымаўся гэты знакавы партрэт. Шлях да яго быў доўгім. Мастак быў асабіста знаёмы з сям’ёй Міцкевічаў і першую спробу ўвасобіць вобраз вялікага сучасніка мастак зрабіў у 1952 г. Ён пісаў Якуба Коласа ў працоўным кабінеце за сталом. Пісьменнік пазіраваў маладому мастаку, яшчэ студэнту, у касцюме: пінжак зашпілены на ўсе гузікі, на грудзях ордэна, медалі і нават дэпутацкі значок. Калі партрэт быў завершаны, Якуб Колас паглядзеў і коратка сказаў: "Занадта суровы...". І наступны партрэт, напісаны праз некалькі гадоў, не стаў шэдэўрам. Мастак яшчэ не быў гатовы, вобраз вялікага сына беларускай зямлі не склаўся. У 1967 г. усё сышлося разам. Здаецца, што Уладзімір Іванавіч будучую працу ўбачыў, можа, яна прыснілася яму, а потым ён толькі хутка перанёс усё на палатно.
Партрэт пазбаўлены бытавых падрабязнасцей. Мастак выкарыстоўвае мову знакаў і метафар. Якуб Колас прадстаўлены як мысляр, сын роднай зямлі. Дарога за яго спіной – гэта доўгі і нялёгкі шлях, якім ішлі продкі Коласа і самога жывапісца. Пясняр абапіраецца на посах вандроўніка. Ссунуты на патыліцу капялюш стварае своеасаблівы арэол вакол яго галавы. Разам з накінутым на плечы плашчом ён складае маналітны сілуэт фігуры, які робіць уражанне стрыманай энергіі. Умоўна пазначаныя дугамі палосы ўробленай зямлі паўтараюць абрысы фігуры і распаўсюджваюцца ад яе як гукавыя хвалі, што асацыіруецца з шырокай папулярнасцю народнага паэта. Цёплы вохрыста-карычневы каларыт палатна нагадвае колер зямлі і ржанога хлеба. Партрэт арганічна ўпісваецца ў паўкружжа драўлянай рамы, аздобленай беларускім арнаментам. Пазней уключэнне рамы ў вобразнае рашэнне карціны стане адным з творчых прыёмаў Уладзіміра Стальмашонка.

Зараз карціна "Якуб Колас" (1967) захоўваецца ў фондах УК "Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь".