Могилевская областная библиотека
им. В.И.Ленина
Русская версия Беларуская версія Версия сайта для слабовидящих

ВИРТУАЛЬНЫЕ ВЫСТАВКИ - ПЕРСОНАЛЬНЫЕ

Першадрукар з беларускай зямлі
Біяграфiя Спадчына Скарыны Вершы, прысвечаныя Скарыне Памяці славутага першадрукара

Вершы, прысвечаныя Скарыне

"Найдаражэйшыя скарбы — чалавечыя словы, натхнёныя Богам і выслаўленыя да Бога"
.......................................................................................................................................................................Скарына

Максім Багдановіч
Кніга

Псалтыр, пакрытую няжорсткай,
бурай кожай,
Я ўзяў і срэбныя засьцёжкі адамкнуў,
Перачытаў радкі кірыліцы прыгожай
І воску з ладанам прыемны пах пачуў.

Вось псальма сьлічная.
"Як той алень шукае
Крыніцы чыстай, так шукаю Бога я".
Як вее сьвежасьцю яе краса жывая!
Як радасна далей сьпяшыць душа мая!

І бачу я ў канцы няхітрую прыпіску,
Што "кнігу гэтую раб Божы, дзяк Гапон,
Дзеля душы сьпісаў у месьце Ваўкавыску
У рок сем тысяч
сто васьмы з пачатку дзён".
1912

Безнадзейнасць

Скарына, доктар лекарскіх навук,
У доўгай вопратцы на вежы сочыць зоры.
Яны спрыяюць! Час! З рухавых рук
Скарыны п’е адвар пан земскі пісар хворы.
І ўраз пабачыў ён, што ізумруд
Ў пярсцёнку залатым на пальцы штось імгліцца,
Што блеску ў ім няма... І з болем тут
Ён зразумеў, што ўжо к жыцьцю не вараціцца.

Рыгор Барадулін
Мая бацькаўшчына

3 суседзямі падзелішся скарынкаю.
Адно не ўмееш з торбаю прасіць.
Як ластаўка,
з падстрэшша рук Скарынавых
Тваё крыляла слова па Русі...

Ты бласлаўляла даланёй кляноваю
Сваіх сыноў.
Слязамі дабяла
Бяліла лён на світку Каліноўскаму
I Нёмнам ў сны Урублеўскага плыла...

Зеленакосымі, тугімі сеткамі
Злавіла Свіцязь юнакоў спакой.
Хоць ён пабраўся з песняю суседскаю,
Але вяснянкі не забыў тваёй...

Люблю цябе,
У веснавых праталінах,
У белай хустцы маладых снягоў.
Як на грыбы,
багата ты на таленты —
Пільней глядзі і нерушы знаходзь!

Радзі, зямля,
ты — шчодрая і сціплая.
Каб толькі маразоў не знала рунь!
Імя тваё нашчадкам з нетраў выплыве —
Сівых стагоддзяў рэха:
— Бе-ла-русь!..

Рыгор Барадулін
Аплакалі вырай совы...

Аплакалі вырай совы
Пад Полацкам,
Знаеш, Падуя,
Узлеску ў прыпол верасовы
Ліст пажоўклы падае.

Раздолле туроваму рыку —
Над змоўклымі нетрамі плаваё.
Чаўны бласлаўляе ў Рыгу
Сафія залатаглавая.

Даверыцца снегу полаз,
Загурбяцца весняў весніцы, —
У світцы марознай Полацк
Вачыма сінімі весніцца.

Па граю першыя
Тужаць
Праталіны белабрысыя,
Ведаюць гнёзды птушкі
I рыбы чуюць віры свае.

Да скону сэрца скарыла
Чароту гаворка картавая.
3 выраю
Доктар Скарына,
Як драч, дадому вяртаецца...

Бічэль-Загнетава Данута
***

Будучыня Беларусі —
старажытныя кнігі Скарыны.
Натхненне і талент нашчадкаў
у вобразах вершаў Скарыны…
І не малее запас
з умалоту Скарынавых думак.
І як бы тут ні прыйшлося
адольваць упорысты лёс, —
выйграў нам час Скарына.

Бічэль-Загнетава Данута
Першае падарожжа

Рэкі нясуць на сумежжа адлігу.
Душы зняверваюць грошы, аж страх,
Едзе Скарына Францішак у Рыгу
з бацькам у першы гандлёвы свой шлях.

Знік родны бераг і камень Барысаў.
Месяц тапырыць па-змоўніцку рог.
Ціхай Радзімы лясныя абрысы
сына жагнаюць на зменлівы торг.

Полацк зажураны ў засмужы ранка
доўга на воку ўспамінам пячэ.
Коціць світанне Дзвіна-палачанка.
Даўгавы лёсам ісці ўжо шпарчэй.

...To ж чалавек прад кананнем гібее,
покуль не вып'е гаркоту да дна.
Рэчка ў канцы свайго шляху глыбее,
з морам спрачаецца ў вусці Дзвіна...

Залапатаў прамяніста пярынкамі
пеўнік на жэрдцы на вежы Пятра.
Зачараваў, пэўна, вочы Скарынавы
зваблівы бляск залатога пяра.

Горад — застаўка да будучай кнігі, —
звязаны дахі з дахоўкі кулём.
На масяндзовую вулачку Рыгі
ўедзе адзін толькі вершнік з кап'ём.

Але ці доўга надзівішся з крамы?
Дзень быў запоўнены працай суздром.
З бацькам прыехаў не лыпаць вачамі,
а набіваць свае склады дабром.

Скончыцца дня працавітага мліва,
добры настрой — у капшук барыша.
Пройдзецца ноччу па краі заліва —
ехаць далей пажадае душа.

Роднаму Полацку розум і думкі
ў свеце збіраць працавітай пчалой.
Глянуць у вочы людзям навукі.
Роднае слова світаць пачало!

Бічэль-Загнетава Данута
Словам Скарыны

Ад маленства за працу
берымося старанна,
каб закрэсліць
да нас непавагі прысуд!
У шаснаццатым веку Францішак Скарына
несмяротнай душой
узвышае наш люд.
Колькі ж можиа губляць,
каб людзьмі называцца?
Вось Скарына сумеў засланіць сабой сам
годнасць роднага слова
без тучных авацый,
што ў прадмове да кніг друкаваных
сказаў.

Ці ж з блакады вякоў
не здалеюць унукі
між братоў
яго Кнігу у вечнасць пусціць!
Патрымаемся,
узяўшыся моцна за рукі
на высокіх пляцоўках
і ў вёсках пустых,—
працавітыя, смелыя, моцпыя духам!

На віхуры сядайце,
за руль, за стырно.
I не страшны ніякія нам завірухі.
Наша роднаё слова далека чутно.

Прыклад чыстай любові,
якой не скарылі,
даў Скарына...
Праз пяць мімалётных вякоў
у праслаўленым Полацку
мовай Скарыны
уваскрошаны з праху
спаткаемся зноў…

Генадзь Бураўкін
Скарына

Кожная птушка ў свае гняздо вяртаецца з выраю.
Кожны бадзяга-звер знаходзіць сваю бярлогу.
Кожная рыба свайго трымаецца віру.
Дык ці ж магу я забыцца матчынага парогу?

Кожная краска ўсцілае сваю сцягу палявую.
Кожнае дрэва скідае ліст свайму долу.
Кожная пчолка прыносіць мёд у свой вулей.
Дык ці ж я мог сваіх кніг не прынесці дадому?

Шмат я па свеце прайшоў, шукаючы удачу,
Многа пабачыў. Ды вочы былі сухія.
А тут
мімаволі ўсцешана плачу,
Ледзьве здалёку ўгледжу купал Сафіі.

Мне віначэрпіі Падуі, Кракава, Прагі
3 сонечным сокам кубкі падносілі залатыя,
Ды не маглі наталіць яны смагі
Так, як звычайны карэц,
калі чэрпну з маёй Палаты я.

Мне саладзейшыя самыя
ветры з Дзвіны баравыя
I плытагонскіх кастроў паўночны куродым.
Калі ў далёкіх краях на мяне заяўлялі правы,
Я
Паўтараў, што са слаўнага Полацка родам.

Ты мне, мой горад, даруй,
што ціхае імя Францішак
Я памяпяў на нянаскае, гучнае імя Георгій.
Радзімы ж сваей не мяняў, як нацельны крыжык.
Ад мовы сваей не адрокся ні ў шчасці, ні ў горы.

Мэту маю і надзею, пакуту маю і трывогу, —
3 літар, як з кропелек поту, збіраў я свае першадрукі
Не для цароў венцаносных, абраннікаў Бога,
А для цябе,
светласэрцы мой люд чарнарукі.

Як я хацеў,
каб ты вольнасці здолеў напіцца,
Каб пасяліў назаўсёды ў хацінах асвету,
Вокладкі кніг расхінуў — як адчыніў аканіцы,
I падзівіўся бязмежжу і мудрасці свету.

Не дзеля гучнага імя і нейкай дзівацкай фатыгі —
Дзеля дабра твайго выбраўся я ў шлях далёкі.
І як на плошчах палілі ў кастрах мае кнігі,
Хіба табе, мой народ, не балелі апёкі?..

Я каралеўскі батанік і лекар.
I знаю:
няма таго зелля,
Што хоць на міг ад тугі па Айчыне вылечвае.
Ды і ў грудзях маіх, можа, не сэрца — вузельчык
3 роднай зямелькаю, цёплай і вечнаю...
1977

Ніл Гілевіч
Мара Скарыны

Марыў калісьці славуты Скарына,
"Ціснучы" кнігі на мове бацькоў:
Простаму люду ў роднай краіне
Зробіць даступнай ён мудрасць вякоў.
Толькі радзіму сваю ў ліхалецці
Мара яго абляцець не магла:
Білася роспачна птушкай у клетцы,
Вочы ж бядоты сляпіла імгла.
Думалі, згіне, як статак, нямое
Племя пакорнае ў вечным ярме.
Колькі іх мужных, што матчынай мове
Шлях пракладалі і змёрлі ў турме!..
Ды разгулялася плынь веснавая —
Змыла пакутнай няволі сляды,
I ўстрапянулася мара жывая,
I абляцела ўвесь край малады!
Сталі даступнымі простаму люду
Мудрасці скарбы са свету ўсяго —
Каб ні ярма, ні імглы, ні аблуды
Болей не зведала доля яго!

Ларыса Геніюш
Скарына (урывак)

Над Падуяй неба такое наўкруг,
як сны мастакоў Адраджэння.
Падуя — горад вялікіх навук,
славутых падзей і імкненняў.

Заціхлі званы, адбылася імша,
йзноў спевы гучаць на лаціне.
Дыплом уручаюць: ён, сын Лукаша,
палачанін, Францішак Скарына...

Даўно ўжо пакінуў свой меч, і свой лук,
і Полацк, лясамі акружаны,
выйшаў насустрач свабодных навук,
па-свойму сільны і мужны.

Ужо доктар навукі пад сілу яму.
З Падуі слаўнай, з чужыны,
вязе Беларусі, народу свайму
жыццё сваё, знанні і імя.

Не князь і не шляхціц, без дворні і слуг,
праз пушчы, мядзведжыя тропы
вяртаецца доктар медычных навук,
першы доктар на ўсходзе Еўропы.

Толькі навукі, паны над зямлёй,
мовяць мовамі розных чужынаў.
І першую кнігу на мове сваёй
друкуе нашчадкам Скарына.

Мудрасць здолее ў цемры свяціць.
Загад продкаў у сэрцах не згіне!
Будзем думаць, вучыцца: тварыць
так, як ты, у сваёй мове, Скарына.

Алесь Дудар
Скарына

400-годдзю беларускага друку

Не люблю, калі з роднай краіны
птушкі рвуцца ў далёкі вырай...
Я успомніў Францішка Скарыну,
што у Полацку княжацкім вырас.

Ўжо няма такіх настрояў,
як былі калісь даўно, —
бо сягоння над новай Дзвіною
перакінуўся новы мост.

Што Дзвіна!.. Для яе ўсё роўна,
хто пяе над яе берагамі.
Не яна мужычую мову
аправіла ў гнуткі пергамент.

О, Францішак... Францішак Скарына,
што над гранкай друкарскаю гнуўся!..
Ведай, праца твая пакарыла
новы свет для сівой Беларусі!

Бо сягоння спяваюць баяны,
бо ужо разгарнуліся крыллі...
Перамогі вяселлем п'яныя,
мы ўспомнім Францішка Скарыну,

што радзіўся калісь над Дзвіною,
вандраваў над яе берагамі;
што аправіў мужычую мову
ў неўміраючы гнуткі пергамент.
1925

Кастусь Жук
Францішку Скарыне

Далёкіх часоў успаміны,
Твой воблік світае ў прасторы...
– Дзень добры, Францішак Скарына,
Памкненням светлым дзень добры!

Ты сэрцам прачулым і вешчым
Клікаў народ на сустрэчу
Са словам яго, чалавечым,
Якому суджана вечнасць.

Вайну абвясціўшы цемры,
Невуцтву
ў краі родным, —
Да ведаў ішоў ты цераз
Замежных дзяржаў вароты.

Хіліла да кнігі — прага,
Перад народам павіннасць.
З табой віталася — Прага,
Чырванабровая Вільня.

Гляджу
праз гады нябыту
Туды, дзе ты ўзважваў пралікі,
Карпеў, бакалаўр знакаміты,
Тварыў, доктар вялікі, —

Стаіш
ля раскрыленай кнігі,
Свае запаволіўшы рухі...
Сплываюць гады, як крыгі,
Нашчадак быліннай Нямігі, —
Чытаю твае першадрукі

Аляксей Зарыцкі
Саперніцы

Бывае, што захмараную даль
Стагоддзяў расхінаюць нашы мыслі.
Так я раптоўна ўбачыў, як, амаль
Пяцьсот гадоў назад, на бераг Віслы, —
Там, дзе над Кракавым старым узнёс
Славуты Вавель залатыя вежы, —
Студэнт Скарына паўз вячэрні плёс
Шыбуе адзінока па ўзбярэжжы.
Увесь ва ўладзе ён юнацкіх дум,
Рыторыка і логіка забыты.
Усё мацней сціскае грудзі сум:
Чаму няма так доўга Маргарыты?
Але ў сутонні ціхім вечарка
З ім не каханая загаварыла панна,
Спыняе над абрывам юнака
Прафесар пасівелы нечакана:
— Навуцы прысвяці сябе спаўна,
Калі цябе з ёй доля заручыла.
Запомні, што не прызнае яна
Саперніц аніякіх, як жанчына.
Свой скарб збірай упарта пакрысе,
Так мудрасць прыйдзе й шчасце прынясе.
Пайшоў далей прафесар самавіта.
Юнак збянтэжаны. Гусцее змрок…
Ды вось Скарына чуе лёгкі крок.
Ідзе. Ідзе нарэшце Маргарыта!
І я, выведнік, затаіўшы дых,
Зайздросна паглядаю на Скарыну.
За ўсіх ён шчаслівейшы ў гэты міг,
За ўсіх мудрэйшы ў гэтую хвіліну.

Анатоль Іверс
Скарына

Ён бачыў: кінулі на горад
Магнаты цемру, цень-крыжы.
На радасць нам, а ім на гора
Ён працаваў і ўпарта жыў.

Першадрукар тварыў, прарочыў.
I час дарэмна не мінуў:
Аззяла кніга людзям вочы,
Адкрыўшы праўду і ману.

Ён першы кнігу даў славянам,
На простай мове ўзорны ліст.
Ён знаў: з-за хмараў валавяных
Праб'ецца сонца да зямлі.

Нішто народ наш не скарыла —
Працуе, творыць, будзе жыць.
Шкада, не бачыць наш Скарына:
Якія сёння тыражы.

Уладзімір Караткевіч
Скарына пакідае Радзіму

У сялянскіх крывулях-хатах
Зноў сушылі кару.
— Знову конік пузаты
Месіць нагамі бруд.
У доктарскай шапцы дзіўнай —
Адзінай на гэтай зямлі —
Коннік мокне пад ліўнем,
Што зноў як з сіта паліў.
Выгнанне. Выгнанне. Выгнанне.
Па волі зямных багоў
Спалілі браты-хрысціяне
Кнігі пра бога свайго.
3 адчаем упартым, пахмурым
Людзі ў жорсткіх баях
За цемру сваю і дурасць
Знішчаюць друзі свая,
Зрабілі з Сіная малпоўню,
Й не хочуць бачыць яны,
Што справу іхнюю кроўную
Хаўтурна аплачуць званы.
Яны не даждуць, што Скарына
Зямлю сваю пракляне:
Страціў не я Афіны,
Хутчэй Афіны — мяне.
I горш за пакуты крывавыя,
Што будуць думаць рабы,
Нібыта ў шчасці і ў славе
Я разам з моцнымі быў.

Міхась Пазнякоў
Скарына

Асветнік, вучоны
I першадрукар,
Наш гонар —
Францішак Скарына.
Запомні ўсім сэрцам
Як велічны дар
Радзімы
Славутага сына.

Праклаў ён дарогу
Да Слова, Святла,
За Матчыну Мову
Паклікаў змагацца,
Каб вольнай заўсёды
Між вольных магла
Дзяржаваю
Белая Русь
Называцца.

Пятро Прыходзька
Францыск Скарына ў цэлым свеце...

Скарынаўскаму цэнтру

Францыск Скарына! Пры любой пагодзе
Цяплей на свеце ад ягоных слоў.
Ад родных ніў амаль праз пяць стагоддзяў
У Злату Прагу ён вярнуўся зноў.

Спыніўся не на сцежцы заімшарнай, —
На той жа плошчы, дзе даўно бываў
У родным Полацку яго з пашанай
Вядомы скульптар з бронзы адліваў.

Хоць межы і ахоўваюцца строга,
Свет дзе-нідзе ўцяняецца смугой, —
Была не вельмі доўгаю дарога
Яму з адной краіны да другой.

Яго вяртанне ў Прагу стала святам
Для ўсёй славянскай дарагой зямлі.
Мы за яе ў далёкім сорак пятым
3 фашысцкаю чумою бой вялі.

I на Вацлаўскую ўступалі плошчу —
На тую, па якой і ён хадзіў,
I гутарыў пад ціхі дрэваў пошчак
3 прыродаю — прыгожаю наўздзіў.

Прад ім сягоння сцеляцца абрусам
Планеты ўсёй палеткі і лугі.
Адсюль да ўсіх даносіў беларусаў
Ён скарб духоўны — самы дарагі —

Прароцтва кнігу ў маладой абнове,
Першадрукар наш — сын купца Лукі.
I праз вякі яго на роднай мове
Усе чытаюць, дзеці і бацькі.

Пятро Прыходзька
Францыск Скарына ў Празе

Адаму Мальдзісу

Францыск Скарына! Цэлы свет у згодзе
Заўсёды быў з яго прароцтвам слоў.
I з Полацка амаль праз пяць стагоддзяў
У Злату Прагу ён вярнуўся зноў.

Спыніўся не на сцежцы тут імшарнай —
На той жа плошчы, дзе даўно бываў:
Каб тут стаяў заўжды — яго з пашанай
Вядомы скульптар з бронзы адліваў.

Хоць межы і захоўваюцца строга —
Не сталі палачаніну смугой.
Была не вельмі доўгаю дарога
Яму з адной краіны да другой.

Скарыніна вяртанне стала святам
Для нас, для ўсёй славянскае сям'і.
Мы па яго слядах у сорак пятым
За вызваленне Прагі бой вялі.

Хадзілі ў парку ля Вацлаўскай плошчы,
Па тых алеях, дзе і ён хадзіў,
Гаворку вёў пад ціхі дрэваў пошчак
3 прыродаю, прыгожаю на здзіў.

Прад ім сягоння сцеляцца абрусам
Краіны братняй нівы і лугі.
Адсюль усім прыносіў беларусам
Ён на радзіму скарб свой дарагі.

Чыталі кнігі ў маладой абнове
Усе землякі сынка купца Лукі.
I праз вякі яго на роднай мове
Чытацьма будуць дзеці і бацькі.

Падзякаваць трэба тым ад сэрца людзям,
Што цэнтр Скарынінскі стварыць змаглі.
Адсюль жа прашчур наш вялікі будзе
Ад краю ў край ісці па ўсёй зямлі.

Яго імя ўжо ў зорцы той Сусвету,
Што свеціць толькі шчасцю — не бядзе.
I з новаю далёкаю планетай
Францыск Скарына гутарку вядзе.
20 лютага 1997

Максім Танк
Гравюры Скарыны

Ён выразаў іх
На спаконвечным
Дрэве гісторыі
Свайго народа,
Хоць мог бы падабраць
І больш падатлівы,
І больш удзячны
Матэрыял.

І выразаў ён іх
Не штыхелем-разцом,
А промнем сонца.
Промнем сваёй веры
І любові да народа.

Таму штрых кожны
Быў такі глыбокі,
Што ні агонь,
Ні забыццё,
Ні ворагі,
Ні час
Гравюраў гэтых
Знішчыць
Не змаглі.

І сёння
Нейкая чароўная
Жыве ў іх сіла,
Якая сляпым
Вяртае зрок,
Глухім — іх слых,
Няпомнячым —
іх памяць,
А без’языкім — мову.

Мікола Федзюковіч
Споведзь

3 глыбокай старажытнасці — спрадвеку,
каб з плеч сагнутых скінуць гнёту груз.
Каб мову мець, каб звацца Чалавекам,
цягнуўся да асветы беларус.
Яго ж у воз галечы запрагалі
служыцель боскі, шляхціч-багацей...
Маёнткі аддавалі за пергамент.
А просты люд гібеў у цемнаце.
А бедны люд
гарачымі вачамі маліў збавення...
Свет загаманіў, нарэшце,
што з'явіўся палачанін
першадрукар Скарына, гуманіст...
Успомні час той, залатая Прага,
калі ў аздобе срэбраных бяроз
глядзела на цябе любоўна, прагна
Скарынава Радзіма — Беларусь.
Як ля станка друкарскага карпеў ён,
нібыта апантаны, — успомні ты...
На мове роднай, велічнай і спеўнай,
ён здзіўленаму свету даў "Псалтыр".
Мой суайчыннік, продак мой Скарына!
Прымі за тое ад мяне паклон,
што езуітам хіжым не скарыўся, што кінуў
ў твар святым айцам праклён...
Я ўчора кляўся
I клянуся сёння...
Славуты доктар лекарскіх навук!
Твой герб — злучэнне Месяца і Сонца —
ні перад кім не выраню я з рук.

Кастусь Цвірка
Францыск, Скарынін сын

Блукаў па свеце пілігрым —
Развеяў столькі лет і зім!
Цяпер ад тых чужых дымоў
Спяшыць Скарынін сын дамоў.
Па балатах, па чаратах
Ляціць кібітка, нібы птах.
Як плешча возера ў лазе!
Як блешча сонца ў палазе!
Як пахнуць вязелем лугі,
Дзе кнігаўчыныя кругі!
А там што — нейкія крукі?
Ды гэта ж полюць лён жанкі,
Сагнуўшы спіны. Стаўбуном
Цівун над імі з бізуном!..
Ляціць кібітка. Паўз бакі
Мільгаюць хаткі-катушкі,
Дзе вечны чад, дзе вечны бруд,
Дзе слепне ў цемры родны люд…
Ляціць кібітка ўдаль, ляціць,
Спяшае доктар Русь лячыць —
Ад нематы, ад глухаты,
Ад пракавечнай цемнаты.

Алесь Шпыркоў
Вяртанне Георгія Скарыны
Балада

Дарогай апошняю стала рака:
На беразе ўжо дагарала друкарня.
А ў Полацку недзе ссівелы
Лука
Чакаў свайго сына штодзённа
і марна.
3 якімі сябрамі адправіўся
ў шлях,
I дзе ты прытулак знайшоў
пасля Вільні?
Чатыры стагоддзі, як лодка пайшла.
Чатыры стагоддзі ніводнай навіны.
А лодка плыла, рассякала
вяслом
I хвалі крутыя, і белыя крыгі...
Так доўга шукаў таямнічых высноў
Для самай найлепшай,
нязробленай кнігі!
За Полацкам знікла чатырыста зім.
Чатырыста раз выспявалі
ажыны.
Не думаў ты, пэўна,
што стрэнешся з ім —
3 радзімай сваёй — нечакана
у жніўні.
Зноў, як і ў маленстве,
на дзвінскі мурог
Ты выбег і стаў на вялізнейшы
камень.
Ды так і застыў пасля дальніх
дарог.
Сустрэчы ты рад з землякамі.

Станіслаў Шушкевіч
Скарына у Празе

Скарына расціраў камяк зямлі
У шурпатых пальцах,
Карэнне зелля разглядаў,
Што, нібы ніткі, звіты.
Хоць лекавых раслін аддаўна
Быў вядомым знаўцам,
Расліну ж распазнаць не мог
Вучоны самавіты.

Нарэшце асвятліла твар
Уміг здагадка.
Нібы пасля цямна
Убачыў ён заранкі.
Батанік на калена стаў
Ля самай градкі:
— Ды гэта ж з тых раслін,
Што ў нас растуць ля Абалянкі!..

Радзіма,
я пакінуў сам твае лясы,
Палі, і гарады, і сёлы,
Пайшоў у свет шукаць я для цябе
Святло навукі...
У Празе прыязнай не знаю
Адзіноты невясёлай.
А сэрца неспакойна ўсё ж бывае,
Б'ецца ад нязнанай мукі.

Хай не крыўдуюць чэхі
(Кожнага лічу з іх братам),
Што па радзіме тут, бывае,
Іншы раз сумую.
Я ж травы гэтыя і дрэвы —
Сад багаты! —
Для нашай еднасці і прыязні
Душой гадую.

I тут, каля крыніцы, што бруіцца
3-пад заімшэлай камяністай кручы
I вільгаццю няспынна поіць
I дубы, і травы,
Я зелле-кветкі вырасціў,
Што маюць сок гаючы
Для нашых ран,
I лаўры пасадзіў
Для вашай і для нашай славы.

Станіслаў Шушкевіч
I справы добрыя — ізноў жывыя

Скарына кніжнай мудрасці сабраў багаты плен,
Блішчэла слова золатам, іскрылася, свяціла,
Наперад рвалася за шчасцем наўздагон,
Ад цемры векавечнай і глухой будзіла.

У кнігах важкіх, непаўторнае, яно
Пайшло у гарады і сёлы Беларусі,
У свет шырокі сталася акном,
I цемрашальскі гурт па-д'ябальску здрыгнуўся:

— Судзіць!.. Судзіць! Публічна пакараць!..
У інквізітараў няўмольныя законы.
I кнігі на кастры палаюць і гараць,
I тупае духоўнікаў натоўп шалёны.

— Без кніг чаго ён варт? Хіба ён зможа
Руку падняць на нас і нашай сіле смець
Працівіцца? О, ясны божа,
Няхай на гэты раз адступіць смерць...

Друкар маўчыць. I новыя мясціны
Упарта клічуць, вабяць да сябе.
Ён торбу цераз плечы перакінуў
I не ішоў — ступаў, здавалася, пабег.
"Хай паспалітае дабро памножана бывае...
Хай сеецца зярня людской асветы..."
I каганец на століку да раніцы міргае,
I рукапіс гатоў, яго душой сагрэты.

Зноў здольная рука разец бліскучы точыць.
Зноў літары сабраліся у шафу-касу.
Зноў пільна прыглядаюцца ў набор пярэсты вочы,
Зноў думка неўгамонная ляціць насустрач часу.

Зноў ажывае сказ у кнізе новай,
Яго не спаліш, не сатрэш, не змыеш...
Зноў беларускае у свет ірвецца слова,
I справы добрыя — ізноў жывыя.

Президент Республики Беларусь Министерство культуры Республики Беларусь Могилевский областной исполнительный комитет Национальная библиотека Беларуси Науиональный правовой интернет-портал