ВИРТУАЛЬНЫЕ ВЫСТАВКИ - ПЕРСОНАЛЬНЫЕ

Светлы воблік паэта
Біяграфiя Літаратурная спадчына Вершы Памяці Алеся Пісьмянкова Галерэя

Памяці Алеся Пісьмянкова

Віктар Шніп

Балада Алеся Пісьмянкова

Ведайце: калі мяне не стане —
Я ў сваю дывізію пайшоў.
Аляксей Пысін

Мы ідзём праз спёку і снягі,
Праз надзею, веру і любоў.
Як раку трымаюць берагі,
Мы жывём душою між сяброў.

I ніхто не ведае, хто з нас
Першым скажа вечнае: "Бывай..."
Нібы смерць, ляціць за намі час,
Як жыццё, прад намі родны край.

Ты гаворыш: "Будзем доўга жыць,
Як жывуць надзея і любоў..."
Ды за намі, як трава, крыжы
Прабіваюцца з зямлі сярод крыжоў.

Нечаканасць, як агонь, як стрэл,
Праз цябе — і ўжо цябе няма,
Толькі дождж і кветкі на дварэ,
Холад, бы вярнулася зіма.

На пытанне, што гучыць прыцішана:
"Дзе паэт? Дзе Саша Пісьмянкоў?"
Чуецца з нябёс узвышана:
"Ён да Аляксея Пысіна
У яго дывізію пайшоў..."

* * *

Памяці Алеся Пісьмянкова

Цяпер нябёсы, нібы шкло, між намі,
Дзе зоры — залатыя матылі,
Якія толькі лётаюць начамі,
Як да агню, імкнуцца да зямлі.

I ўжо нікому не сказаць нічога,
I ўжо нічога болей не пачуць,
I Млечны Шлях, нібыта шлях да Бога,
Дзе нашы душы плачуць і пяюць.

I ноч міне, і новы дзень пачнецца,
I будзе ўсё, нібыта як было.
Мая ж душа, як птушка, зноўку б'ецца
Аб неба і самоту як аб шкло...

Іван Карэнда

Запозненыя кветкі

Паэты паміраюць
без пары.
Раптоўна, нечакана
і заўчасна.
Такая доля —
сведчаць дактары —
Іх сэрцы разрываюцца
на часткі.

Свет пакідаюць рана
песняры
Зямной красы, любові
і надзеі,
Трывог, бяды
і гора званары,
Нястомныя рупліўцы-
дабрадзеі.

Бясстрашныя спрадвеку
ваяры
На полі ратным пры любой
уладзе,
Паэты паміраюць
без пары,
Ратуючы планету
ад бязладдзя.

Калі віхураць чорныя віры,
Спраўляе баль нахабная
мярзота,
Паэты не хаваюцца
ў нары,
А першымі кідаюцца
на дзоты.

Не падхалімы
і не гандляры
Сяброўствам, гонарам,
сумленнем...
...Запозненыя кветкі
на жвіры
Не гояць раны, не даюць
збавення..

Паэты паміраюць
без пары.
Яны — святыя вартавыя
часу...
...Шчыруйце на іх ніве,
друкары,
Каб свет засеяць дабрынёй
і шчасцем!

Уладзімір Мазго

Памяці Алеся Пісьмянкова

Ну наплач мне, неба, лужу,
Каб пабегчы басанож!
Алесь Пісьмянкоў

Плача неба...
Плача дождж...
На магіле
мокне глеба.
А душа ўжо
Басанож
Па зямлі бяжыць
на неба.
Столькі слёз
наплакаў дождж,
Што ўсё неба —
быццам лужа,
У якое
басанож
Скачуць шмат
разутых душаў.

Мікола Шабовіч

На развітанне
3 Алесем Пісьмянковым

...I заплакала неба,
як ты адляцеў нібы птах,
У заўчасны свой вырай,
Адкуль немагчыма вярнуцца.
Быў да болю кароткі
твой лесам адмераны шлях.
Ты нібыта заснуў,
толькі сілы не маеш прачнуцца.
Ты сябе не бярог,
быў адданы бацькоўскай зямлі,
Ты радком спавядаў чысціню,
дабрыню, чалавечнасць.
Ты прабач, калі мы цябе не збераглі.
Нам сказаў: "Не знікай..." —
сам жа знічкай знікаеш у Вечнасць.

Аксана Камінская

* * *

Крыж — нібы маўклівы
некралог
Кветкі — на грудок
незатравелы.
Нават красавік тады не мог
Заглушыць сваю бяду залевай.

Строфы недапісаных радкоў
Хай буслы над Бесяддзю
завершаць,
А святой Кальварыі спакой
Хай не перашкодзіць
думаць вершы.

Эдуард Акулін

Думаеш вершы...

Я не памру, пакуль люблю...
Алесь Пісьмянкоў

Я не веру, што адлюбіў
Я не веру што ты памёр...
Белым камнем у сіні вір
тваё сэрца ляціць да зор.

Толькі ты іх умеў чытаць
і Планіду пісаў як мог...
Буду ў госці цябе чакаць
у Нямках — як адпусціць Бог.

Ты ж казаў мне заўжды:
— Браток,
у нас рэчка з табой адна.
Мы — радзімічы,
наш выток —
ад радзінных крыніц святла.

А на Бесядзі — ой, разліў!
Не было шчэ такіх, Алесь.
Я не веру, што адлюбіў, —
проста думаеш вершы дзесь...

Павел Саковіч

* * *

Алесю Пісьмянкову.
Яшчэ жывому.
Заўжды жывому

Крылатыя вершы
і думкі твае,
А голас на плошчу
на волю імкнецца.
Хоць ён да аблокаў
нябёс дастае,
Пачуйце, як сэрца
паэтава б'ецца!

Ад шчасця і прагі
любіць і тварыць
На сцэне, здаецца,
якраз разарвецца.
Ажно мікрафон
захлынуўся — фаніць..
I вось ва ўнісон
б'ецца тысяча сэрцаў!

Як быццам ударылі
храмы ў званы,
Якія то радасць,
то сум навяваюць...
А там, на радзіме,
салоўкі з вясны
На вершы Алесевы
песні спяваюць.

Самотны верш

Светлой памяці
Алеся Пісьмянкова

Не пацячэ назад рачулка,
Ды раптам запаволіць плынь.
I гай працяглым стогнам гулкім
Сустрэне горшую з навін.

Асірацела рэчка Бесядзь,
I родны край знямеў, прыціх.
Блукае толькі рэха дзесьці
Алесева ў лясах грыбных.

Прысуд заўчасны і суровы —
Плыць Стыксам, мёртваю ракой,
Але душа яго і слова
Зліліся з Бесяддзю жывой.

Што сэрцу міла, ім апета
3 любоўю шчырай назаўжды.
А песня ўсё ж яго не спета,
Пакуль яна з таго Сусвету
Гучыць праз межы нематы.

Васіль Зуёнак

* * *

Алесю Пісьмянкову

А было такое:
Лета ў звон гуло,
Бесяддзю-ракою
Да Сажа плыло.

Спрыту не хавалі —
Пад узмах рукі
"На сажонкі" хвалю
Бралі хлапчукі.

Сох пракос сажнёвы,—
Водар мурагоў
Аж да Магілёва
Далятаў з лугоў.

Зверху ж, у нябёсах,
Клопаты свае:
Дождж перапялёсы
Сыпануць ці не?

Колераў сем столак
Гром у пас звязаў —
Беседна вясёлак
Арэлі разгайдаў...

Сожна і мурожна,
Мёдна, як з вулля,
I травінкай кожнай
Цешыла зямля...

Заблукаўся ў леце
Пісьмянкова спеў
Ды і не прыкмеціў
Як зіму сустрэў.

Бесядзь не ў бяседзе,
I, нібы ў бярлог,
Гром старым мядзведзем
У сумёт залёг.

Ды малюнак строгі —
Не сваяк нудзе,
I марозік ногі
Легка ў лес вядзе.

Ранкам заінелым
Аж звініць лядок!..
Рытмы чорна-бела
Просяцца ў радок...

Не ляцяць арэлі,
Чуйна спяць грамы.
Лета акварэлі...
Графіка зімы...
23.10.2001

Леанід Дранько-Майсюк

* * *

Мы з Пісьмянковым Алесем
Неяк сышліся на тым,
Што золата шлюбу жалезам
Робіцца не залатым.

Не залатое жалеза —
Сімвал шчаслівай тугі,
Тваёй і маёй паэзіі...
Ах, мой Алесь дарагі!

Васіль Макарэвіч

3 любоўю i жалем

Светлай памяці
Алеся Пісьмянкова

Ды не! Ён не быў
Салаўём з салаўёў,
Хоць чулі яго пад Браслаўем і Копысем.
Ён паруснік з музай ўпэўнена вёў
Між зорных каралаў, без лоцый
I компаса.

Стаяў рулявым
Ля стырна ён штодня,
Сабой каранасты, падобны да шкіпера.
I бачыў як бёрнамі цяжка са дна
Каціліся хвалі стагоддзя
У кіпені.

Не згледзеў і сам,
Як узбор'ем нябёс
Прайшоўся пярун і загрукаў парубшчыкам,
Каб чыркнуць па сэрцы маланкай наўскос,
Ды потым адкласціся тоненькім
Рубчыкам.

Калі ж метэораў
Сплывалі дажджы
I ноччу каметы з пагрозаю зіркалі,
Было хоць у джунглі ад болю збяжы,
Што вочы сляпіў бліскавіцаю
Зыркаю.

Ды што гэты боль!
Для яго — трын-трава!
Ускормлены з бедаў ён вострага кончыка.
Адно толькі сэрца прасіў: патрывай!
Магчыма, пакуты да раніцы
Скончацца!

Быў рады,
Што скарб наш ніхто не размёў
Хаця і пабыў ён не раз пад паразаю.
I шчырай любові славянскім вязьмом
Стаяў ён на ржышчы вякоў
Падперазаны!

Прыносіў дамоў
Ён радок, як трафей,
Апераны сілай і жывасцю птахавай.
Ды водгалас чуўся і ў жытняй страфе
Журлівай, бы кнігаўкі плач,
Эпітафіі.

Насіў пахвалу,
Як чужую скулу.
I з жалем глядзеў на прарокаў і скептыкаў.
I раптам аб зоркую — з лёту! — скалу!
I паруснік з музай — на друзкі
3 аскепкамі…

Аб века
Грукочаць зямлі камякі —
Для родных чуць грукат
Не дай жа ты, Божачка! —
Бы ў дзверы малоцяць яго сваякі,—
Ды толькі наўрад ці разбудзяць
Нябожчыка...

Браніслаў Спрыпчан

* * *

Дзе лукавіна, як падкова,
Звініць і весніцца бруя...
Хаджу і зноў за словам
слова,
Смакую я.

Гамонім, як з жывым,
з паэтам,
Знікае вечнасці мяжа,
А азараецца пры гэтым
Яго душы святлом
адметным
Мая душа.

Калёраў лёгкія адценні,
Штрых першародны,
трапяткі,
I вабяць тайнай
летуценняў,
Нібыта зорнае мігценне,
Яго радкі.

Быў росквіт яркі
ў паўналецці!
I час, што здолеў ён спыніць
Сваім пяром, не згіне
ў Леце,
I між людзей на белым свеце
Ён будзе жыць.

Пераклаў з рускай мовы Васіль Зуёнак

Уладзімір Скарынкін

Крынца святла і любові

Няма Алеся Пісьмянкова...
Не скажа ён ужо ні слова
I не напіша ні радка...
Няма ў мяне больш сябрука,
Якога я любіў, як брата.
Нібы прычасце,
быццам свята,
Як быццам дотык да святла
Сустрэча кожная была
Маёй душы з яго душой...
Да пабачэння, сябар мой!

Навум Гальпяровіч

Страціў брата

Мне не пашчасціла ў жыцці мець роднага брата. Апошнія шэсць гадоў я знайшоў яго ў асобе Алеся Пісьмянкова — сапраўднага брата ва ўсім. I вось яго не стала. Што тут скажаш? Вядома, мне яго не заменіць ніхто. Але трэба жыць, жыць з яго вершамі, з памяццю пра яго голас, з памяццю пра адданага сябра, брата Алеся Пісьмянкова.

Яўген Хвалей

"Чытаю зоры..."

Памяці Алеся Пісьмянкова

Падаюць паэты, быццам зоры, —
Прачытай, зямля мая, іх лес.
I табе праясняцца прасторы
Ад паводкі весняй да нябёс.
Нехта знічкаю
ўпадзе над полем,
Нехта ўзыдзе
ў жытняй паласе...
ЁН мільгнуў —
хутчэй згарэў ад болю
3 папярэджаннем:
цаніце час усе...

Президент Республики Беларусь Министерство культуры Республики Беларусь Могилевский областной исполнительный комитет Национальная библиотека Беларуси Науиональный правовой интернет-портал