21 сакавіка, напярэдадні 103-годдзя магілёўскага паэта і журналіста Аляксея Васільевіча Пысіна (22.03.1920-27.08.1981) у абласной бібліятэцы адбыліся XIІ Пысінскія чытанні “У сяброўстве з зямлёй і зорамі”. На гэты раз навукова-практычная канферэнцыя была прымеркавана да 85-годдзя Магілёўскай вобласці і праз гістарычны аспект у літаратурным краязнаўстве пазнаёміла ўдзельнікаў з літаратурнымі традыцыямі Прыдняпроўскага краю.
У рабоце канферэнцыі прынялі ўдзел члены Магілёўскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”, члены гарадскога літаратурнага аб’яднання “Ветэран”, выкладчыкі і навучэнцы Сацыяльна-гуманітарнага каледжа ўстановы адукацыі “Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.А. Куляшова”, установы адукацыі “Магілёўскі дзяржаўны палітэхнічны каледж”.
Так супала, што творчае станаўленне Аляксея Пысіна як паэта адбывалася адначасова з росквітам магілёўскай зямлі. Малады, поўны творчых сіл паэт Пысін, перадаваў у сваіх вершах той рашучы запал і добры настрой, з якім магіляўчане-сучаснікі будавалі новае жыццё.
Гісторыка-паэтычны нарыс “Летапісец зямлі магілёўскай” дапамог гасцям і ўдзельнікам чытанняў яскрава ўявіць, якой Магілёўская вобласць была раней, як бачыў яе Аляксей Васільевіч Пысін, а самае галоўнае – дазволіў атрымаць асалоду ад яго вершаў-шэдэўраў, прысвечаных Прыдняпроўскаму краю.

У тым, што пысінскае слова – ідзе, што яно – хвалюе, што яно – на вуснах нашчадкаў, упэўнена перакананы нястомны даследчык і папулярызатар творчасці Аляксея Пысіна – Віктар Іванавіч Арцем’еў, сябра паэта, старэйшы член Саюза пісьменнікаў Беларусі, нязменны ўдзельнік Пысінскіх чытанняў. Нягледзячы на свой шаноўны ўзрост, ужо колькі год Віктар Іванавіч не змяняе традыцыі ўшанавання майстэрства пысінскага слова. На гэты раз ён прымусіў аўдыторыю па-новаму адчуць творчасць паэта, пазнаёміў з пысінскімі залацінкамі і мудраслоўямі, вострай сатырай і тонкім гумарам.

Зямлячка Аляксея Пысіна, Алена Міхайлаўна Раманенка, дырэктар дзяржаўнай установы культуры "Цэнтралізаваная бібліятэчная сетка Краснапольскага раёна" расказала аб адраджэнні літаратурных традыцый у салаўіным, глыбінным Краснапольскім раёне, распавяла аб папулярызацыі творчай спадчыны Аляксея Пысіна на яго малой радзіме, дзе ўжо ў чацвёрты раз адбылося рэгіянальнае свята паэзіі "Вянок Аляксею Пысіну", якое заслужана заняла сваё месца сярод брэндавых мерапрыемстваў раёна.
Па сутнасці, каму ж, як не бібліятэцы, быць цэнтрам усёй літаратурнай дзейнайсці рэгіёна? У Дрыбінскім раёне гэты напрамак вось ужо на працягу дваццаці пяці гадоў рэалізуецца праз дзейнасць клуба творчых сустрэч “Вянок Дрыбіншчыны”. З амаль штоддзённай карпатлівай сумеснай работай з мясцовымі паэтамі: Віктарам Кудлачовым, Святланай Цмыгуновай, Уладзімірам Бутрамеевым, пазнаёміла Святлана Ігараўна Верам’ёва, дырэктар дзяржаўнай установы культуры “Дрыбінская бібліятэчная сетка”.
Яшчэ адзін куточак нашай вобласці, вельмі багаты на творчыя таленты, гэта – клімавіцкая зямля. Яна стала радзімай цэлай плеяды пісьменнікаў і паэтаў, якія пакінулі важкі след у творчай біяграфіі Магілёўшчыны. Сярод іх – аж чатыры Івана: Новікаў, Скарынкін, Пехцераў і Бурсаў. Як папулярызіруюцца моўныя скарбы роднага краю ў бібліятэках Клімаўшчыны, дзякуючы чаму клімаўчане не губляюць сувязь з гістарычным мінулым сваёй радзімы, расказала Таццяна Пятроўна Даменікан, дырэктар дзяржаўнай установы культуры "Клімавіцкая бібліятэчная сетка".

Так склалася, што бібліятэкі памежных рэгіёнаў Беларусі і Расіі ўжо даўно сталі цэнтрамі дыялогу нацыянальных культур. Адным з важных напрамкаў іх дзейнасці з’яўляецца культурнае ўзаемадзеянне паміж пісьменнікамі саюзнай дзяржавы. На працягу многіх гадоў Магілёўская абласная бібліятэка і члены Магілёўскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі плённа супрацоўнічаюць з Бранскай абласной навуковай бібліятэкай імя Фёдара Цютчава і літаратарамі Бранскай абласной арганізацыі Саюза пісьменнікаў Расіі. Гэта творчая сувязь двух гарадоў-пабрацімаў непарушная і трывалая, бо заснавана на гістарычнай, культурнай і духоўнай супольнасці двух брацкіх народаў. Анлайн-удзел у рабоце канферэнцыі прыняла Вольга Мікалаеўна Гарэлая, намеснік дырэктара па навуковай і метадычнай рабоце Бранскай абласной бібліятэкі, якая пазнаёміла з творчасцю мясцовага паэта Аляксандра Малахава, лаўрэата прэміі “Сярэбраная ліра” імя Аляксея Талстога.

Напрыканцы мерапрыемства слова ўзяла магілёўская пісьменніца, член рады Магілёўскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Жанна Віктараўна Усцінава (Міус). Жанна Віктараўна – аўтар кніг для дзяцей і не толькі, арганізуе сустрэчы з чытачамі ў бібліятэках Магілёва і Чавус, выступае ў навучальных установах, прывівае любоў да чытання і кнігі ў дзяцей з самага ранняга ўзросту. Яна з задавальненнем падзялілася сваімі сакрэтамі заваявання дзіцячых сэрцаў і адзначыла, што расціць юныя таленты неабходна з абавязковым укараненнем ў іх душы і сэрцы сапраўдных чалавечых каштоўнасцей, выхоўваць у іх пачуццё патрыятызму і любові да Радзімы. На добрую памяць аўтар падарыла бібліятэцы сваё новае выданне для дзяцей “Казачныя ночы Барвулі”.

Бессмяротнымі радкамі свайго верша Аляксей Пысін развітаўся з маладымі:
Бяру з сабой нялёгкія дарогі,
Сляды пакут, што не датлелі там,
Бяру з сабой бяссонныя трывогі,
А юны свет – я юным перадам.
Гэтым наказам маладому пакаленню на далейшае жыццё завяршылася работа канферэнцыі, але работа па літаратурнаму краязнаўству будзе, безумоўна, працягвацца.

Выказваем шчырую падзяку навучэнцам Сацыяльна-гуманітарнага каледжа ўстановы адукацыі “Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.А. Куляшова”, установы адукацыі “Магілёўскі дзяржаўны палітэхнічны каледж” за пранікнёнае чытанне вершаў Аляксея Пысіна.