Выбярыце раздзел:

Чалавек – гэта вір...
Мы бачым толькі паверхню,
а ўглыб зазірнуць, пранікнуць туды...
О, каб пранікнуць туды!
Каб разгарнуць гэты вір і ўбачыць усё,
усё чыста, да самага дна...

Міхась Зарэцкі

Кнігі М. Зарэцкага

На выставе прадстаўлены выданні Міхася Зарэцкага
з фонда УК "Магілёўская абласная бібліятэка імя У.І. Леніна".

 

Зарэцкі, М. Збор твораў : у 4 т. / Міхась Зарэцкі. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1989.
Т. 1. Апавяданні / Прадмова Міхася Мушынскага. – Мінск, 1989. – 526 с., [1] л. партр.

Даваенная беларуская літаратура, асабліва ў 30-я гады, развівалася ва ўмовах таталітарнага ўціску. Мала хто з беларускіх пісьменнікаў адчуваў сябе спакойна і незалежна. Многія жылі прадчуваннем арышту, рэпрэсій. Што датычыць творчасці Міхася Зарэцкага, то яго творы, як мы бачым, сёння патрабуюць новага прачытання, а іх ранейшыя ацэнкі, якія трывала замацаваліся ў савецкі перыяд, – рашучага перагляду, бо яны няпоўна раскрываюць ідэйна-мастацкае багацце гэтых твораў, не даюць аб'ектыўнага ўяўлення аб тым рэальным укладзе, які ўнёс пісьменнік у беларускую літаратуру, у развіццё нацыянальнай культуры. А уклад надзвычай вялікі.
Першы том Збору твораў вядомага беларускага пісьменніка, аднаго з зачынальнікаў беларускай савецкай літаратуры Міхася Зарэцкага, склалі апавяданні розных год.


 

Зарэцкі, М. Вязьмо : раман / Міхась Зарэцкі. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2006. – 301 с.

У 1932 годзе выйшаў у свет раман Міхася Зарэцкага "Вязьмо", філасофскі і вострадраматычны твор, які прынёс яму шырокую вядомасць. Прайшло нямала гадоў, але маральныя праблемы, узнятыя ў ім, не састарэлі, а нечакана зноў набылі сугучнасць з сучасным жыццём.
Цэнтральную для літаратуры канца 20-х – пачатку 30-х гадоў XX стагоддзя тэму калектывізацыі М. Зарэцкі спрабуе вырашыць праз раскрыццё чалавечых характараў, праз іх драматычнае сутыкненне.
Вострая праблемнасць, паглыбленне ў сацыяльную псіхалогію людзей характарызуюць гэты твор.


 

Зарэцкі, М. Сцежкі-дарожкі : апавяданні, аповесць / Міхась Зарэцкі. – Мінск : Дзяржаўнае выдавецтва БССР : Рэдакцыя мастацкай літаратуры, 1959. – 359 с.

Усім сваім жыццём М. Зарэцкі сцвердзіў высокую годнасць пісьменніка-грамадзяніна, сэнс дзейнасці якога ў беззапаветным служэнні маці-радзіме, у нястомнай барацьбе за духоўнае абнаўленне чалавека, у сцвярджэнні высокіх гуманістычных ідэалаў і прымнажэнні багаццяў роднай культуры.
Кніга Міхася Зарэцкага "Сцежкі-дарожкі" аўтабіяграфічна. Аўтар быў захоплены агульным пафасам ломкі, пераробкі жыцця і чалавечай псіхалогіі, таму дадзены твор вострадраматычны ў сюжэтных сітуацыях. У ім востра адлюстравана імкненне пісьменніка паглыбляцца ў псіхалогію чалавека, уцягнутага ў вір вострых класавых канфліктаў. Аўтар "па-маладнякоўску" рамантызуе той выбух чалавечых страсцей, канфліктаў, жаданняў, якімі суправаджаўся рэвалюцыйны разлом у жыцці…


 

Зарэцкі, М. Кветка пажоўклая : апавяданні, аповесць / Міхась Зарэцкі ; укладальнік Н. Семашкевіч. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2010. – 478 с. – (Школьная бібліятэка).

Вядомы беларускі пісьменнік Міхась Зарэцкі (1901–1937) – зачынальнік рамантычнага кірунку ў беларускай літаратуры 20-х гадоў, пісьменнік-наватар, аўтар многіх апавяданняў і раманаў "Сцежкі-дарожкі" і "Вязьмо". М. Зарэцкі належыць да ліку мастакоў з яскрава выяўленым нацыянальным абліччам. Ён паслядоўна змагаўся за народна-самабытную аснову нацыянальнай культуры. У гэтым яго вялікая і як след ацэненая заслуга перад грамадствам.
Апавяданні М. Зарэцкага – адна з найбольш цікавых і змястоўных старонак беларускага прыгожага пісьменства.


 

Зарецкий, М. Начало счастья : рассказы / Михась Зарецкий ; перевод с белорусского А. Борушко. – Минск : Мастацкая літаратура, 1980. – 304 с. : ил.

Михаил Зарецкий – деятельностная личность, вовсе непохожая на других. С самых первых произведений он очаровал людей романтикой и трудолюбием, своим стремлением к возвышенному и прекрасному.

Книгу составили лучшие рассказы одного из зачинателей белорусской советской прозы, в которых нашли отражение острые моральные проблемы, возникшие в первые послереволюционные и последующие годы, когда шла безжалостная ломка старых порядков и обычаев, когда рождались новая мораль, новые взгляды на семью, брак, любовь.

Літаратура пра М. Зарэцкага

 

Абабурка, М. Ад гутарковай мовы да літаратурна-мастацкага тэкста : на матэрыяле твораў М. Зарэцкага / М. В. Абабурка, І. М. Ячмянёва. – Магілёў : Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя. А. А. Куляшова, 2005. – 116 с.

М. Зарэцкі ўвайшоў у беларускую мастацкую літаратуру як самабытны пісьменнік, як мастак з яскравым нацыяналь-ным абліччам, што паслядоўна змагаўся за народную аснову нацыянальнай культуры. Ён быў у ліку празаікаў, якія заклалі першыя цагліны ў падмурак сапраўды нацыянальнай беларус-кай мастацкай літаратуры. М. Зарэцкі ўздымаў беларускую літаратуру на ўзровень сусветнай вартасці, удала карыстаючыся нацыянальнымі моўна-выяўленчымі скарбамі і набыткамі. Яго па праву можна лічыць адным з пачынальнікаў новай беларускай фундаментальнай і шырокамаштабнай прозы, таму што творчая дзейнасць пісьменніка зрабіла дабратворны ўплыў на беларускую літаратуру і спрыяла не толькі развіццю мовы беларускай мастацкай літаратуры, але і ўсёй беларускай літаратурнай мовы.
У выданні даследуюцца элементы вусна-гутарковага маўлення беларусаў і паказваецца іх роля ва ўтварэнні літаратурна-мастацкага выказвання (тэксту).
Прызначаецца студэнтам-філолагам і студэнтам-журналістам, а таксама аспірантам і выкладчыкам філалагічных спецыяльнасцей.


 

Мушынскі, М. Нескароны талент : [праўдзівая гісторыя жыцця і творчасці Міхася Зарэцкага] / Міхась Мушынскі. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1991. – 294 с., [1] л. партр.

Міхась Зарэцкі – таленавіты пачынальнік беларускай савецкай літаратуры, мужнае гераічнае жыццё і шматгранная спадчына якога чакаюць свайго далейшага ўсебаковага вывучэння.
У кнізе М. Мушынскага праўдзіва раскрываецца трагічны лёс пісьменніка, па-новаму прачытваюцца яго творы (раманы, п'есы, нарысы). Наватарскія шуканні празаіка і драматурга разглядаюцца на фоне складанай ідэйнай барацьбы 20-30-х гг., аналізуецца публіцыстычная і літаратурна-крытычная спадчына М. Зарэцкага, які паслядоўна змагаўся за нацыянальна-самабытныя шляхі развіцця беларускай культуры.
Як адбываўся працэс станаўлення Зарэцкага, пісьменніка-грамадзяніна, у чым бачыцца нам ідэйна-эстэтычная вартасць яго змястоўных, наватарскіх апавяданняў, нарысаў, аповесцей, п'ес, раманаў, у якіх складаных грамадска-палітычных умовах давялося яму бараніць свой гонар чалавека і мастака — гэтыя і іншыя аспекты з'яўляюцца прадметам даследавання ў кнізе "Нескароны талент".


 

Майсеенка, А. Ф. Творчасць Міхася Зарэцкага : [cтанаўленне таленту] / А. Ф. Майсеенка. – Мінск : Вышэйшая школа, 1978. – 152 с.

У манаграфіі падрабязна і пераканаўча раскрываюцца вытокі, прасочваецца складаная эвалюцыя ідэйна-мастацкіх прынцыпаў пісьменніка, вызначаюцца галоўныя асаблівасці яго творчай індывідуальнасці ў сувязі з развіццём маладой беларускай савецкай літаратуры 20-х – пачатку 30-х гадоў. Аналізуюцца асноўныя творы М. Зарэцкага ў сувязі з важнейшымі літаратурнымі з'явамі і працэсамі таго часу, раскрываецца роля і значэнне творчасці пісьменніка ў станаўленні беларускай прозы.

Кніга разлічана на студэнтаў філолагаў, выкладчыкаў ВНУ і настаўнікаў сярэдніх школ.

На выставе прадстаўлены выданні Міхася Зарэцкага
з фонда УК "Магілёўская абласная бібліятэка імя У.І. Леніна".

Выбярыце раздзел: