Выбярыце раздзел:


Ад родных ніў, ад роднай хаты
У панскі двор дзеля красы
Яны, бяздольные, узяты
Ткаць залатые паясы.
М. Багдановіч

Літаратура пра М. Багдановіча

На выставе прадстаўлены выданні аб жыцці і творчасці Максіма Багдановіча з фонда УК "Магілёўская абласная бібліятэка імя У.І. Леніна".

 

Я хацеў бы спаткацца з Вамі… : літаратурна-публіцыстычныя артыкулы пра Максіма Багдановіча / укладанне Таццяна Шэлягвіч. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2009. – 182 с. : іл.

У зборнік увайшлі літаратурна-публіцыстычныя артыкулы пра мясціны, звязаныя з жыццём і творчасцю Максіма Багдановіча, класіка беларускай літаратуры, а таксама матэрыялы, прысвечаныя асобам, якія ішлі па жыцці поруч з паэтам.
Артыкулы падрыхтаваны супрацоўнікамі Літаратурнага музея М. Багдановіча і вядомымі даследчыкамі беларускай літаратуры.
Кніга стане карысным навуковым дапаможнікам для настаўнікаў агульнаадукацыйных школ, метадыстаў, студэнтаў-філолагаў, а таксама для ўсіх, хто цікавіцца жыццём і творчасцю аднаго з найпрыгажэйшых беларускіх паэтаў.
Выданне дапоўнена выбранымі вершамі М. Багдановіча, ілюстравана фотаздымкамі з фондаў Літаратурнага музея М. Багдановіча.


 

Бачыла, А. Н. Дарогамі Максіма Багдановіча : для сярэдняга і старэйшага школьнага ўзросту / А. Н. Бачыла. – 2-е выд., перапрацаванае і дапоўненае. – Мінск : Народная асвета, 1983. – 104 с.

У кнізе расказваецца пра жыццёвы шлях выдатнага беларускага паэта. Цікавыя матэрыялы і дакументы дапамагаюць лепш уявіць характар М. Багдановіча, яго рознабаковыя інтарэсы, грамадскую дзейнасць, сямейныя ўзаемаадносіны, жыццёвае асяроддзе.
Рыхтуючы гэта выданне, аўтар дапоўніў кнігу пяццю новымі раздзеламі, дзе расказваецца пра хросную маці паэта В. Сёмаву, яго бацьку Т. Мякота і старэйшага брата Вадзіма, разглядаецца праблема прататыпа вобраза Веранікі з аднайменнай паэмы.
Кніга адрасуецца вучням і ўсім, хто цікавіцца беларускай літаратурай.


 

Бярозкін, Р. Чалавек напрадвесні : расказ пра Максіма Багдановіча : для старэйшага школьнага ўзросту / Рыгор Бярозкін ; пераклад з рускай Ю. М. Канэ ; мастак У. М. Вішнеўскі. – Мінск : Народная асвета, 1986. – 176 с.: іл.

Гэта кніга – нарыс пра складаны і нялёгкі лёс Максіма Багдановіча, таленавітага беларускага паэта. Аўтар знаёміць чытача з творчым шляхам пісьменніка, прасочвае вытокі яго творчасці, спыняецца на духоўнай эвалюціі самабытнага таленту, раскрывае сутнасць яго наватарскіх пошукаў у паэтычным майстэрстве.

Для старэйшага школьнага ўзросту.


 

Зубараў, Л. І. Максім Багдановіч / Леанід Іосіфавіч Зубараў. – Мінск : Універсітэцкае, 1989. – 263 с., [8] л. іл.

Гэта кніга аб жыццёвым і творчым шляху класіка беларускай літаратуры - Максіма Багдановіча. У ёй выкарастаны вядомыя, а таксама недрукаваныя архіўныя дакументы, якія аднаўляюць старонкі жыцця сямейства Багдановічаў, іх сваяцкія адносіны з Пешкавымі.


 

Кабановіч, А. К. Паэзія Максіма Багдановіча : дыялектыка рацыянальнага і эмацыянальнага / А. К. Кабановіч ; рэдактары : Н. С. Перкін, І. Д. Ралько. – Мінск : Навука і тэхніка, 1978. – 136 с.

У манаграфіі даследуецца праблема суадносін рацыянальнага і эмацыянальнага ў паэзіі Максіма Багдановіча, раскрываюцца найбольш характэрныя асаблівасці майстэрства паэта, выяўляюцца асноўныя рысы эвалюцыі беларускай паэзіі ў цэлым на адным з самых складаных і цікавых этапаў яе развіцця. Асаблівае месца займае даследаванне тых элементаў паэтыкі М. Багдановіча, якія традыцыйна ўвайшлі ў практыку сучаснай беларускай паэзіі.

Разлічана на літаратуразнаўцаў, выкладчыкаў і студэнтаў філалагічных факультэтаў ВНУ, настаўнікаў сярэдніх школ і ўсіх, хто цікавіцца беларускай паэзіяй.


 

Каханоўскі, Г. А сэрца ўсё імкне да бацькаўскага краю... : з біяграфіі Максіма Багдановіча / Генадзь Каханоўскі ; мастак Ю. П. Герасіменка-Жызнеўскі. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1991. – 76 с.

Важная падзея ў жыцці Максіма Багданавіча - паездка ў Беларусь летам 1911 года.
Аўтар на аснове архіўных знаходак – а гэта ўспаміны сучаснікаў, лісты нашаніўцаў і бацькі паэта да знаёмых Максіма – уваскрашае адзін з самых значных, так званых ракуцёўшчынскі, перыяд творчасці паэта. Выданне падрыхтавана да 80-годдзя сустрэчы Максіма Багданавіча з Беларуссю і 100-годдзю з дня яго нараджэння.


 

Конан, У. М. Святло паэзіі і цені жыцця : лірыка Максіма Багдановіча / Уладзімір Міхайлавіч. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1991. – 208 с.

У кнізе доктара філасофскіх навук Уладзіміра Конана на аснове цэласнага даследавання жыццёвага лёсу, творчасці і светапогляду Максіма Багдановіча ўзнаўляецца непаўторны воблік паэта, вызначаецца месца яго літаратурнай спадчыны ў духоўнай культуры народа. Аўтар раскрывае нялёгкі шлях паэта да розуму і сэрцаў чытачоў, філасофію і эстэтычныя погляды, адзінства агульначалавечага і нацыянальнага ў яго паэтычных сюжэтах, вобразах і сімвалах.


 

Лойка, А. Максім Багдановіч / Алег Лойка. – Мінск : Навука і тэхніка, 1966. – 334 с.

Усе, хто асабіста ведаў Максіма Багдановіча, успамінаюць яго як надта прыгожага чалавека: высокага юнака з правільнымі рысамі твару, з хвалістай прычоскай буйных каштанавых валос, з адухоўленымі вачыма, якія то здаваліся цёпла-блакітнымі, то загараліся блакітнымі іскаркамі, дробна рассыпанымі па прамяністай рагаўніцы, і тады ўпадалі ў кары колер, становячыся задуменнымі. І кажуць, што ніводная з дайшоўшых да нас фатаграфій нават і блізка на перадае абаяльнасць гэтага чалавека.
На шчасце, слова мае тую найвялікшую сілу, што здольна раскрываць людзей ва ўсёй іх глыбіні і нескажона. Спадчыну Максіма Багдановіча – паэта, перакладчыка, публіцыста і гісторыка роднай літаратуры, – усю яе даследуе ў гэтай кнізе аўтар, імкнучыся паказаць, што за чалавек быў Максім Багдановіч – класік беларускай дарэвалюцыйнай літаратуры, паэт-дэмакрат, натхнёны творца шматлікіх цудаўных вершаў і глыбокіх артыкулаў, якія ён нам пакінуў, хоць і пражыў усяго толькі дваццаць пяць год.


 

Майхровіч, С. К. Максім Багдановіч : жыццё і творчасць / Сцяпан Казіміравіч Майхровіч. - Мінск : Дзяржаўнае выдавецтва БССР, Рэдакцыя мастацкай літаратуры, 1958. - 202 с. : іл.

Сярод беларускіх пісьменнікаў ХІХ і пачатку ХХ стагоддзяў Максім Багдановіч займае адно з пачэсных месц. Пісьменнік-дэмакрат, пясняр народнай нядолі, ён у сваіх творах на грамадска-палітычныя тэмы быў палымяным прапаведнікам вызвалення народа з-пад прыгнёту царызма.
Заўсёды дапытлівы і мэтаімклівы, Максім Багдановіч прайшоў плённы шлях шуканняў. Наватарская дзёнасць паэта, тэарэтыка літаратуры і публіцыста, выходзіць далёка за межы свайго часу, з'яўляючыся каштоўным укладам у духоўную скарбніцу беларускага народа.
Выхаваны на любові і павазе да беларускай народнай творчасці, на лепшых узорах рускай і сусветнай класічнай паэзіі, Максім Багдановіч узбагаціў нацыянальную літаратуру творамі, якімі па праву ганарыцца беларускі народ...


 

Навуменка, І. Я. Максім Багдановіч / Іван Якаўлевіч Навуменка. – Мінск : Беларуская навука, 1997. – 141 с.

У кнізе ў значнай меры па-новаму, з прыцягненнем новых крыніц, фактаў, матэрыялаў разглядаецца творчасць выдатнага беларускага паэта ў яе сувязях з літаратурнымі плынямі пачатку ХХ стагоддзя – сімвалізмам і асабліва імпрэсіянізмам. Значная ўвага надаецца ўздзеянню на паэзію М. Багдановіча класічнай рускай паэзіі, традыцый беларускай паэзіі, фальклору і міфалогіі. М. Багдановіч прадстаўлены як перакладчык, крытык і публіцыст.

Разлічана на шырокае кола чытачоў.


 

Паэт красы і гармоніі [Электронны рэсурс] : да 120-годдзя з дня нараджэння Максіма Багдановіча (1891-1917) / Нацыянальная бібліятэка Беларусі, Літаратурны музей М. Багдановіча. – Мінск: Нацыянальная бібліятэка Беларусі, 2011. – 1 электронны аптычны дыск (DVD-ROM).

Электроннае выданне прысвечана 120-годдзю з дня нараджэння М. Багдановіча – паэта, публіцыста, літаратураведа, перакладчыка, класіка беларускай літаратуры.
Яно ўключае біяграфічны нарыс, бібліяграфію твораў і публікацый пра жыццё і творчую дзейнасць пісьменніка, выяўленчы і фактаграфічны матэрыял, звязаны з імем М. Багдановіча. Прадстаўлены электронныя копіі дакументаў з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, электронная копія першага выдання зборніка вершаў "Вянок" (1913).
Разлічана на шырокае кола карыстальнікаў, якія цікавяцца беларускай гісторыяй, культурай і літаратурай: ад школьнікаў і студэнтаў да бібліятэкараў, выкладчыкаў і літаратуразнаўцаў.


 

Стральцоў, М. Загадка Багдановіча / Міхась Стральцоў ; мастак Б. Забораў. – Мінск : Беларусь, 1969. – 120 с.

У гэтай кнізе Міхась Стральцоў вядзе гаворку пра Максіма Багдановіча, даследуе яго паэтычную, крытычную, асветніцкую дзейнасць.



 

У безмежную даль : кніга пра Максіма Багдановіча : зборнік : для сярэдняга і старэйшага школьнага ўзросту / укладальнік і аўтар прадмовы С. С. Панізнік. – Мінск : Асар, 1996. – 432 с. : іл. – (Школьная бібліятэка).

У гэтай кнізе, акрамя падборкі твораў самога класіка, упершыню чытачу прапануецца анталогія літаратурных тэкстаў — паэтычныя творы, эсэ, літаратура-знаўчыя і літаратурна-крытычныя нарысы, успаміны, выказванні, аўтары якіх натхналіся творчасцю Максіма Багдановіча.

Адрасуецца школьнікам, настаўнікам, студэнтам, усім прыхільнікам Багдановічавай творчасці.


 

Шлях паэта : зборнік успамінаў і біяграфічных матэрыялаў пра Максіма Багдановіча / складальнік Н. Б. Ватацы. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1975. — 315 с.

У зборнік увашлі ўспаміны сучаснікаў М. Багдановіча: яго бацькі, стрыечнай сястры Г. Валасовіч–Гразновай, сяброў па гімназіі – Ц. Годнева, Д. Дзябольскага, тых, хто яго ведаў па літаратурнай і грамадскай працы – Зм. Бядулі, грамадскай дзеячкі З. Верас, малавядомага пісьменніка Л. Зайца і інш.

Тут жа змешчаны пісьмы самога М. Багдановіча, перапіска бацькі аб творчай спадчыне Максіма, лісты яго брата Паўла Адамавіча, у якіх ёсць звесткі пра Максіма. І, нарэшце, у зборніку друкуюцца найбольш цікавыя біяграфічныя матэрыялы апошняга часу, напісаныя на падставе новых архіўных матэрыялаў.


На выставе прадстаўлены выданні Максіма Багдановіча з фонда УК "Магілёўская абласная бібліятэка імя У.І. Леніна".