Імя магілёўскага паэта і журналіста Аляксея Пысіна, які сказаў пра вайну так, як ні адзін іншы магілёўскі паэт і пра якога не без падстаў літаратурныя крытыкі кажуць, што ён як Быкаў у прозе, цесна звязана з Магілёўскай абласной бібліятэкай ужо больш за паўстагоддзя. Яшчэ пры жыцці, з'яўляючыся старшынёй Магілёўскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, Аляксей Пысін быў частым госцем нашай бібліятэкі, неаднаразова браў удзел у літаратурных канферэнцыях і вечарах, сустрэчах з чытачамі.
Шмат гадоў, з таго часу, як Аляксея Васільевіча не стала, Магілёўская абласная бібліятэка аддае даніну павагі знакамітаму паэту-земляку, праводзячы ў гонар яго рознага роду мерапрыемствы, арганізуючы выставы-прагляды, знаёмячы такім чынам новыя пакаленні чытачоў з асобай А.В. Пысіна і яго творчасцю.
Пачынаючы з 2011 года, з мэтай больш глыбокага вывучэння дзейнасці паэта, а таксама асвятлення літаратурнага жыцця рэгіёна ў цэлым, у бібліятэцы штогод праходзіць абласная навукова-практычная канферэнцыя "Пысінскія чытанні".
За апошнія дзесяць гадоў спецыялістамі бібліятэкі праведзена каласальная работа па папулярызацыі творчай спадчыны Аляксея Пысіна, а самыя значныя і маштабныя праекты мелі шырокі рэзананс у сацыякультурным асяроддзі не толькі нашай вобласці, але і рэспублікі ў цэлым.

На гэты раз праграма Пысінскіх чытанняў пад назвай "З будучым мінулае сшываю…" была прымеркавана да аб'яўленага ў Беларусі Года гістарычнай памяці. Праз гістарычны аспект у літаратурным краязнаўстве, творчыя ўзаемасувязі пісьменнікаў-землякоў з пісьменнікамі брацкіх народаў удзельнікі навукова-практычнай канферэнцыі больш шырэй пазнаёміліся з літаратурнымі традыцыямі Магілёўскай вобласці. У рабоце канферэнцыі прынялі ўдзел члены Магілёўскага абласнога аддзялення ГА "Саюз пісьменнікаў Беларусі", члены гарадскога літаратурнага аб'яднання "Ветэран", выкладчыкі і студэнты Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А. Куляшова, чытачы бібліятэкі.
Першая частка Чытанняў, традыцыйна прысвечаная літаратурнай спадчыне Аляксея Пысіна, распачалася дакладам вучонага сакратара абласной бібліятэкі Юліі Касцюк "У меня – миллион адресов" аб шматгадовай пошукава-даследчай дзейнасці абласной бібліятэкі па вывучэнні творчасці магілёўскага паэта і журналіста. Была адкрыта новая старонка ў летапісе жыцця Аляксея Пысіна, якая датычыцца яго сяброўскіх стасункаў з вядомым калмыцкім пісьменнікам Міхаілам Ванкаевічам Ханінавым.

Яркім пацвярджэннем творчых сувязей двух паэтаў-франтавікоў, двух роднасных душ стаў відэадаклад Рымы Ханінавай "Калмыцко-белорусские литературные связи ХХ–ХХI вв. в аспекте краеведения". Сама Рыма Міхайлаўна, будучы паэтам, літаратуразнаўцам, доктарам філалагічных навук, кіраўніком аддзела фальклору і літаратуры Калмыцкага навуковага цэнтра Расійскай Акадэміі навук (г. Эліста, Рэспубліка Калмыкія, Расійская Федэрацыя), актыўна займаецца папулярызацыяй літаратурнай спадчыны свайго бацькі Міхаіла Ханінава. Пра плённыя вынікі сваёй дзейнасці яна падзялілася ў выступленні і выказала словы падзякі абласной бібліятэцы за папулярызацыю творчасці Міхаіла Ханінава на Магілёўшчыне.

Фёдар Аляксеевіч Свінціцкі, падпалкоўнік у адстаўцы, удзельнік вайны ў Афганістане, ваенны гісторык, які даўно займаецца тэмай Вялікай Айчыннай вайны, засяродзіў увагу на некаторых момантах ваеннай біяграфіі Аляксея Пысіна, пра якія даведаўся, працуючы ў ваенных архівах. Ён падкрэсліў той факт, што імя паэта-франтавіка, які прайшоў усю вайну сувязістам пад бесперапынным агнём ворага, зараз увасабляе сувязь часоў і пакаленняў.
Пра дзейнасць Магілёўскага абласнога аддзялення ГА "Саюз пісьменнікаў Беларусі" па падтрымцы і выхаванні маладых літаратурных талентаў на Магілёўшчыне расказаў яго старшыня Алесь Казека. Ён спыніўся на асноўных момантах шматбаковай работы з моладдзю рэгіёна і адзначыў, што расціць юныя таленты неабходна з абавязковым укараненнем ў іх душы і сэрцы сапраўдных чалавечых каштоўнасцей, выхоўваць у іх пачуццё патрыятызму і любові да Радзімы.
Не абышлося і без знаёмства з новымі беларускімі выданнямі. Адбылася прэзентацыя кнігі для дзяцей "Камп'ютарныя коткі" з серыі "Беларускія пісьменнікі – дзецям" выдавецтва "Беларусь". Напісала яе Маргарыта Прохар – празаік, радыёжурналіст, спецыяльны карэспандэнт Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё. З'яўляючыся аўтарам праграмы "Літаратурны калейдаскоп", дзе асвятляюцца значныя падзеі літаратурнага жыцця нашай краіны, яна завітала на мерапрыемства, каб з першых вуснаў падзяліцца гэтай навіной с радыёслухачамі.

Другая частка канферэнцыі мела віншавальны характар. Разам з усімі прысутнымі гасцямі бібліятэка ўшаноўвала двух магілёўскіх пісьменнікаў, двух Віктараў Іванавічаў – Арцем'ева і Кунцэвіча, аднаго з 95-годдзем, другога – з 65-годдзем. Нягледзячы на тое, што праводзім Пысінскія чытанні мы звычайна ў дзень нараджэння самога Аляксея Пысіна, 22 сакавіка, сёлета было зроблена выключэнне, і Чытанні адбыліся 21 сакавіка, у дзень нараджэння гэтых двух выдатных юбіляраў. Тым больш, што адзін з іх – Віктар Іванавіч Арцем'еў – быў блізкім сябрам Аляксея Васільевіча, а другі – Віктар Іванавіч Кунцэвіч – прайшоў пысінскую школу прыгожага пісьменства.
Павіншаваць юбіляраў завіталі Вольга Уладзіміраўна Целяпнёва, галоўны спецыяліст галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама, Зінаіда Васільеўна Пянькова, старшыня Магілёўскай гарадской арганізацыі Беларускага грамадскага аб'яднання ветэранаў, сябры і калегі па пяру. Словы ўдзячнасці за плённую працу на літаратурнай ніве і цеснае шматгадовае супрацоўніцтва з абласной бібліятэкай выказала дырэктар установы Ілона Уладзіміраўна Сарокіна.

У якасці персанальных падарункаў юбілярам – прызнаным літаратарам зямлі магілёўскай – супрацоўнікі бібліятэкі падрыхтавалі змястоўныя і цікавыя літаратурныя паведамленні.
"Зваротныя масты Віктара Кунцэвіча" – пад такой назвай, якую даў першы зборнік вершаў паэта, прагучала літаратурная імпрэза ў адрас аднаго з юбіляраў дня, падрыхтаваная загадчыкам аддзела краязнаўства Сняжанай Шаўцовай. Нарадзіўшыся ў Сусветны дзень паэзіі, Віктар Іванавіч пачаў пісаць вершы яшчэ ў дзяцінстве і зараз з'яўляецца аўтарам дзясятка кніг не толькі паэзіі, але і прозы. Яго творчасць – шматгранная. Гэта і вершы аб каханні, чалавечых перажываннях і болю, сэнсе жыцця, прыродзе, роднай Магілёўшчыне, якой клянецца ў вечнай вернасці і хараство якой прагне захаваць на стагоддзі. У сваіх творах аўтар вельмі шчыры, даверлівы і адкрыты, за што і падабаецца чытачам. А яшчэ паэзія Віктара Кунцэвіча прываблівае шырынёй і актуальнасцю тэм, пошукам свежых мастацкіх вобразаў і дэталяў, тонкай назіральнасцю аўтара, а таксама лёгкай іроніяй і добрым гумарам.

Галоўны бібліятэкар Галіна Дзятлава свой даклад "Наўзбоч дарог яго жыцця" прысвяціла найстарэйшаму магілёўскаму пісьменніку і краязнаўцу Віктару Іванавічу Арцем'еву, галоўнаму біёграфу, даследчыку і прапагандысту літаратурнай спадчыны Аляксея Васільевіча Пысіна, нязменнаму ўдзельніку Пысінскіх чытанняў. Іх знаёмства адбылося ў 1955 годзе і амаль адразу перарасло ў моцнае сяброўства, якое доўжылася чвэрць стагоддзя. Да той пары, пакуль А.В. Пысін не пайшоў з жыцця. На сённяшні дзень В.І. Арцем'еў напісаў больш за 30 кніг і брашур, большая палова з якіх прысвечана Аляксею Пысіну. Але ж галоўнай кнігай свайго жыцця Віктар Іванавіч лічыць зборнік "Пісьменнікі і кнігі" – ладны пласт летапісу літаратурнага краязнаўства, культурнай і гістарычнай спадчыны Магілёўшчыны. У ім змешчаны ўспаміны пра вядомых беларускіх пісьменнікаў, літаратурныя нататкі, уласныя рэцэнзіі на кнігі пісьменнікаў-землякоў.

Словы, сказаныя Віктарам Іванавічам напрыканцы выступлення, прагучалі як наказ маладым на далейшае жыццё: "Я шчыра зычу шчасця маладым! Паверце, калі нечым займаешся з захапленнем, то жыццё становіцца цікавым, змястоўным, лепшым і даўжэйшым. Любіце сваіх бацькоў, родных, малую радзіму, матчыну мову і Айчыну. Будзьце патрыётамі сваёй краіны!"
Хто ведае, можа ў гэтым і ёсць сакрэт даўгалецця і плённай працы нястомнага прапагандыста пысінскага слова…