Выбярыце раздзел:

Я гэту мову ўзяў сабе таму, што
Зашмат у ёй было гаротных песень,
І мне хацелася прынесці болей
Ёй чалавечай радасці і сонца.

М. Танк

Кнігі М. Танка

На выставе прадстаўлены выданні Максіма Танка
з фонда УК "Магілёўская абласная бібліятэка імя У.І. Леніна".

 

Танк, М. Збор твораў : у 13 т. Т. 1. Вершы (1930—1939) / Максім Танк ; Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Інстытут літаратуры імя Янкі Купалы ; рэдактар тома А. Л. Верабей ; прадмова В. В. Зуёнка. — Мінск : Беларуская навука, 2006. — 374 с.

Збор твораў народнага паэта Беларусі Максіма Танка ў 13 тамах падрыхтаваны ў Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы HAH Беларусі ў адпаведнасці з распараджэннем Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, якое вызначае паважлівае стаўленне да творчай спадчыны выдатнага сына беларускага народа, паэта еўрапейскага ўзроўню і маштабу. Максім Танк надзвычай складаны, а таму цікавы для гісторыі літаратуры і нацыянальнай культуры ў цэлым як аўтар, які бесперапынна працаваў над удасканаленнем уласных твораў, як аўтар свайго часу, які эвалюцыяніраваў разам з грамадствам, народам, гісторыяй.
Збор твораў Максіма Танка здзяйсняецца пры адсутнасці папярэдніх навукова-каменціраваных выданняў. У 13 тамах ахоплены ўсе вядомыя (апублікаваныя і выяўленыя ў архівах і прыватных зборах) вершы, паэмы, літаратурна-крытычныя артыкулы, нарысы, пераклады, лісты.
У аснову гэтага выдання быў пакладзены шасцітомны Збор твораў Максіма Танка, апошняе прыжыццёвае выданне творчага набытку паэта, а таксама ўсе прыжыццёвыя зборнікі, якія выйшлі пасля 1980 года.


 

Танк, М. Вершы / Максім Танк ; прадмова Івана Ралько ; мастак А. К. Лісічнікаў. — Мінск : Народная асвета, 1967. — 228 с.

Жыццё і барацьба працоўных Заходняй Беларусі ва ўмовах буржуазнай Польшчы, нацыянальна-вызваленчы рух і ўз’яднанне беларускага народа ў адзінай Савецкай дзяржаве, Вялікая Айчынная вайна і адбудова краіны, сённяшні дзень знайшлі адлюстраванне ў паэзіі Максіма Танка.

У кнігу "Вершы" ўвайшлі лепшыя творы со зборнікаў "На этапах", "Пад мачтай", "Каб ведалі", "След бліскавіцы", "Мой хлеб надзённы".
Вершы, уключаныя ў зборнік, дадуць вучням пэўнае ўяўленне аб творчасці выдатнага беларускага паэта, яе тэматыцы і асаблівасцях.


 

Танк, М. Выбранае : вершы / Максім Танк ; прадмова Васіля Зуёнка. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1993. — 335 с.

Паэзія Максіма Танка — уся ад зямлі, ад лёсу людскога. Яго вершы адлюстроўваюць уласцівую народу самабытнасць, здзіўляюць багаццем тэм, вобразаў, разнастайнасцю мастацкіх форм, імкненнем ахапіць усю складанасць жыцця. Паэт заўсёды жыве ў самай гушчы падзей, шырока бачыць свет, піша пра тое, што больш хвалюе нашага сучасніка.


 

Танк, М. Збор калосся : вершы (1983—1988) / Максім Танк. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1989. — 302 с. : іл.

Чыстае фальклорнае гучанне, зварот да вытокаў народнай мудрасці, стылёвая дасканаласць з’яднаны ў творчасці народнага паэта Беларусі, лаўрэата Ленінскай прэміі, Героя Сацыялістычнай Працы Максіма Танка з разуменнем паэзіі як найвышэйшай праявы грамадзянскасці.

Завушніцы
О, колькі раз прасіў я
Назначыць мне спатканьне;
О, колькі раз хацеў я
Прызнацца ёй у каханьні!
Ды ўсё перашкаджалі,
Калі дзяўчыне верыць,
То павадак вясновы,
То прымаразак-шэрань...


 

Танк, М. Дарога і хлеб : лірыка : для дзяцей старэйшага школьнага ўзросту / Максім Танк ; прадмова У. Гниламёдава ; мастак А. И. Аблажэй. — Мінск : Юнацтва, 1988. — 111 с. : іл. — (Паэтычная бібліятэка).

Сярод вышэйшых дасягненняў беларускай савецкай літаратуры адметнае месца займае паэзія Максіма Танка. Паэтычны зборнік склалі лепшыя творы паэта, адрасаваныя моладзі. Гэта вершы пра мір і шчасце людзей, яны адкрываюць узнёсла-рамантычную, гераічную прыроду таленту Максіма Танка.

 

Танк, М. Каб ведалі : вершы / Максім Танк ; пераплёт мастака Е. Тараса. — Мінск : Дзяржаўнае выдавецтва БССР ; Рэдакцыя мастацкай літаратуры, 1948. — 179 с. : іл.

Першы пасляваенны зборнік Максіма Танка "Каб ведалі" з’яўляецца творчым дасягненнем паэта, даўно і слушна прызнаны за адну з самых цікавых з’яў беларускай паэзіі першых мірных гадоў і заслужана адзначаны Дзяржаўнай прэміяй СССР. У зборнік увайшлі вершы, напісаныя Максімам Танкам у перыяд 1945-1948 гг.  Сваiм зместам i пафасам ён цалкам звернуты ў нядаўняе мiнулае, лiрычны герой кнiгі засяродзiўся на асэнсаваннi драматычных i трагічных старонак другой сусветнай вайны.

Каб ведалі
Расьце на высокім кургане сасна,
Каб ведалі;
Дол апляла каранямі да дна,
Каб ведалі;
Вяршыняю зоры кранае яна,
Каб ведалі;
Зь ветрам зьвініць, як тугая струна,

 
Каб ведалі
Маткі,
Дзе сьпяць дзеці-сокалы сном;
Вятры,
Дзе іграць галасістым смыком;
Зоры,
Дзе ім асыпацца дажджом;
Птушкі у выраі –
Родны свой дом.

 

Танк, М. Ключ журавіны : лірыка / Максім Танк. — Мінск : Беларусь, 1972. — 494 с. : іл.

У аднатомнік народнага паэта Беларусі Максіма Танка ўвайшлі лепшыя лірычныя творы со шматлікіх яго паэтычных зборнікаў: "На этапах", "Журавінавы цвет", "Нарач", "У дарозе", "Глыток вады"...

Рукі маці
Іх цалавала зямля
Сваімі пясчанымі вуснамі
I каласамі;
Неба сьпякотай, вятрамі, дажджамі
Іх цалавала.
Пража нямала
Зь іх выпіла ў ночы бяссонныя
Сьвежасьці раньняй.
Колькі яны запалілі сьвітаньняў,
Зораў над намі...


 

Танк, М. Листки календаря : дневниковые записи / Максим Танк ; авторизованный перевод с белорусского С. Григорьевой ; стихи перевел Я. Хелемский ; художник А. И. Кретов—Даждь. — Москва : Советский писатель, 1974. — 302 с.

"Листки календаря" - первая прозаическая книга известного белорусского поэта Максима Танка. Это дневник, который охватывает 1935-1939 годы, период, когда Западная Белоруссия находилась под игом панской Польши. Писатель рассказывает о том, что ему самому довелось увидеть и пережить. Легальная работа журналиста и подполье, участие в революционно-освободительном движении, арест и пребывание в тюрьме, встречи со многими людьми - все это положено в основу книги.


 

Танк, М. Мне пару крыл дало юнацтва… : выбраная лірыка / Максім Танк ; укладанне Вячаслава Рагойшы ; мастак А. І. Цароў. — Мінск : Мастацкая літаратура, 2003. — 479 с. — (Беларуская паэзія ХХ стагоддзя).

У кнігу народнага паэта Беларусі Максіма Танка ўвайшлі ўзоры яго інтымнай, грамадзянская, пейзажнай і філасофскай лірыкі, а таксама асобныя сатырычныя вершы. Творы згрупаваны ў асобныя раздзелы паводле іх жанравай прынадлежнасці, што, апрача ўсяго, дазваляе не толькі лепш задаволіць разнастайны густ шырокага чытача, але і зручней карыстацца кнігай пры вывучэні "праграмных" твораў паэта ў сярэдніх і вышэйшых навучальных установах нашай краіны.


 

Танк, М. На этапах : вершы / Максім Танк. — факсімільнае выданне. — Вільня : [б.в.], 1936. — 127 с. : партрэт. — Змест: Чорныя скібы ; Акварэлі ; На этапах.

"На этапах" — першы зборнік Максіма Танка. Выдадзены ён у 1936 годзе з дапамогай КПЗБ у Вільні выданнем Васіля Труцькі ў друкарні I. Баеўскага.
Максіма Танка як паэта ведаюць сёння ва ўciм свеце. Яго творчая праца адзначана у нас у краіне самымі высокімі адзнакамі, у тым ліку Ленінскай прэміяй. Ён — народны паэт Беларусі, Герой Сацыялістычнай Працы, дэпутат Вярхоўнага Савета СССР.
Перш чым стаць славутым майстрам слова i выдатным грамадскім дзеячам, Макciм Танк прайшоў шматлікія нялёгкія этапы жыцця. Ён быў камсамольцам-падпольшчыкам у тагачаснай Заходняй Беларусі інструктарам ЦК КСМЗБ, вёў рэвалюцыйную дзейнасць на Віленшчыне i Наваградчыне, неаднаразова пераходзіў мяжу ў Савецкую Беларусь, каб, вярнуўшыся да cвaix землякоў, зноў клікаць іх на барацьбу за ўз'яднанне ў адзінай сям’і савецкіх народаў.
Кнігу "На этапах" склалі лепшыя вершы маладога паэта, а таксама ўрыўкі з ненадрукаванай яшчэ паэмы "Нарач". Амаль увесь тыраж зборніка "На этапах" быў канфіскаваны, засталіся лічаныя экзэмпляры.
Гэта факсімільнае выданне дае магчымасць сучаснаму чытачу нібы зноў атрымаць кніжку ў яе першанараджэнні, удыхнуць таго пераднавальнічнага паветра, разам з аўтарам i яго лірычным героем ступіць на адзін з этапаў барацьбы i змагання.


 

Танк, М. Паслухайце, вясна ідзе! : вершы, балады, паэмы / Максім Танк ; укладанне і прадмова Вячаслава Рагойшы. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1990. — 333 с., [1] л. партр. — (Школьная бібліятэка).

Адрасаваны юнаму чытачу зборнік лаўрэата Ленінскай і Дзяржаўнай прэміі СССР і БССР, Герой Сацыялістычнай Працы Максіма Танка змяшчае вершы розных гадоў і дае яскравае ўяўленне пра творчасць народнага паэта Беларусі. Гуманістычны погляд на чалавека, разуменне ўсіх складанасцей жыцця, разнастайная гама адчуванняў ад высокага трагізму да светлага гумару — усё гэта знайшло сваё выяўленне ў непаўторным стылі, у арыгінальнасці верша.


 

Танк, М. Прайсці праз вернасць : вершы і паэма / Максім Танк. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1979. — 159 с.

Я спытаў чалавека,
Які прайшоў праз агонь,
І воду,
І медныя трубы:
– Што самае цяжкое
На гэтым свеце?
І ён адказаў:
– Прайсці праз вернасць.
31.1.76

Усхваляваная паэзія Максіма Танка знаходзіць водгук у шырокага кола чытачоў. Яе адметныя рысы — высокая грамадзянскасць, шчырая лірычнасць, надзённасць. Зборнік "Прайсці праз вернасць" — пацверджанне гэтаму. У кнігу ўключана паэма "Мікалай Дворнікаў" — пра слаўнага сына нашага народа.


 

Танк, М. Янук Сяліба : паэма / Максім Танк. — [Б. м.] : Выдавецтва ЦК КП(б)Б : Савецкая Беларусь, 1943. — 95 с.

Выконваючы высокую мiсiю гераiчнага змагання за свабоду i незалежнасць роднай Бацькаўшчыны, Максім Танк годна прайшоў дарогамi ахвярнага ваеннага лiхалецця, якое з'явiлася своеасаблiвым працягам заходнебеларускага перыяду жыцця i творчасцi паэта. Сваі ўражанні аб гэтым перыядзе ён увасобіў у паэме "Янук Сялiба" (1943).

 

Танк, М. Errata : вершы, пераклады / Максім Танк ; мастак Г. Р. Малышаў. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1996. — 143 с.

Адну з апошніх сваіх кніг Максім Танк назваў Errata. Гэтаму лацінскаму слову ў нашай мове адпавядае выраз — заўважаныя памылкі. Сімволіка назвы мае перш за ўсё творчае прачытанне — паэт хоча "дапісаць эрату", выявіць і ў памылках знакі паэзіі.
У раздзеле "Дарожныя сустрэчы" змешчаны пераклады.

Errata
Гартаючы
Жыцця свайго старонкі
Шмат бачу
Дат, падзей, імён,
То выкрасленых
Некалі цэнзурай,
То спаленых

  Агнём выратавальным...
Таму хацелася б
Да эпілога -
Калі паспею -
Дапісаць эрату
І вены перарваныя
Злучыць.

Кнігі М. Танка для дзяцей

 

Танк, М. Блікі сонца : вершы, казкі : для дзяцей дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту / Максім Танк ; мастак М. Рыжы. — Мінск : Юнацтва, 1997. — 127 с. : іл.

У кнізе беларускія дзеці, іх мамы, таты, бабулі і дзядулі знойдуць вершы, забаўлянкі-прыбабунькі, якія даўно палюбіліся польскай дзятве. Кніжка таксама будзе карысна выхавацелям дзіцячых садкоў, настаўнікам пачатковых класаў.

Галінка і верабей
– Галінка-вярбінка, –
Прасіў верабей, –
Мо пакалыхала б
Маіх ты дзяцей?
Галінка не хоча
Дзяцей калыхаць.
– Ідзіце, казулі,
Галінку ламаць!


 

Танк, М. Быліна пра касмічнае падарожжа Мураша Бадзіні : для дзяцей дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту / Максім Танк ; малюнкі М. Гуціева. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1979. — 13 с.

Прыгнаў аднойчы вецер
Газету, што згубілі
Ля пералеску дзеці,
Калі ў грыбы хадзілі.

Знайшоў яе пад елкай
Неспадзявана вожык.
Адна бяда: газеты
Сам прачытаць не можа.

 

Паклікаў ён лісіцу
3 мядзведзем-дабрадзеем,
Ды і яны не вельмі
Ў чытанні разумеюць.

Звярнуліся да бусла,
Што гнездаваў на школе,
Які, чуваць, кумекаў
У грамаце найболей...



Танк, М. Ехаў казачнік Бай : вершы і казкі : для дзяцей дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту / Максім Танк ; мастак А. Каравай. — Мінск : Юнацтва, 1992. — 32 с.

У кнігу народнага паэта БССР, лаўрэата Ленінскай прэміі, Героя Сацыялістычнай працы Максіма Танка ўвайшлі вершы і казкі: "Журавель і Чапля", "Ірынка", "Бусел", "Жук і слімак", "Конь і леў", "Як вясна прыйшла" і інш.

Ехаў казачнік Бай

— Ехаў казачнік Бай
Цераз сёлы і гай.
Баіць ці не?
— Бай!
— Ён пытаўся ў мяне:
— Што даць дзецям у сне? —
Баіць ці не?
— Бай!..



Танк, М. Журавель і Чапля : казкі : для дзяцей дашкольнага ўзросту / Максім Танк ; мастак В. Славук. — Мінск : Юнацтва, 1998. — 47 с.

Журавель і чапля

На адным канцы балота
Была хата Жураўля,
На другім канцы балота
Чапля шэрая жыла.

Надакучыла сівому
Жыць самотна Жураўлю,
Блукаць каля буралому
Па балотнаму гніллю,

 

Слухаць ноччу жаб бяссонных
Рогат, шум у трысніку,
Перагуды, перазвоны
Камароў у талаку.

В ось задумаў ажаніцца
Ды на Чаплі Журавель
 I пайшоў да маладзіцы
Па імшарах, па дрыгве.



Танк, М. Лемантар : вершы : для дзяцей дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту / Максім Танк ; рэдактар выдавецтва У. Карызна ; мастак Г. Хинка—Янушкевич. — Мінск : Юнацтва, 1993. — 14 с.

Добры дзень, мой браце юны!
Я прынёс табе як дар
Ад Скарыны-бацькі кнігу —
Беларускі лемантар.
Гэта — ключ ад скарбаў нашай
Мовы матчынай, з якой
Ты не станешся самотнай,
Безыменнай сіратой.
Дык раскрый яго з любоўю —
 Літар стройныя рады
Прачытай і паўтары іх
I запомні назаўжды.



Танк, М. Сярод лясоў наднёманскіх : вершы і казкі : для дзяцей дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту / Максім Танк ; мастак В. Шатуноў. — Мінск : Юнацтва, 1987. — 80 с. — (Мая першая кніжка).

Як вясна прыйшла

Як вясна прыйшла ў гаі,
Разбудзіла ручаі
I паклікала ізноў
Птушак з выраю дамоў.
Прыляцелі жаўрукі,
I зязюлі, і шпакі,
Качкі, чэпікі,

 

3 імі ластаўкі.
На лугі, на паплавы
Прыляцелі журавы,
Буслы, кнігаўкі...
Дзе ты тут усіх
Пералічыш іх!
Прыляцелі ў полі селі...


На выставе прадстаўлены выданні Максіма Танка
з фонда УК "Магілёўская абласная бібліятэка імя У.І. Леніна".

Выбярыце раздзел: