О картине О художнике Материалы Галерея

Адольф Самойлавіч Гугель
(3 чэрвеня 1915–1 ліпеня 1999)

 

Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР Адольф Самойлавіч Гугель належыць да пакалення жывапісцаў, творчы шлях якіх пачаўся ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Яго дзейнасць, як аднаго з вядомых майстроў, з'яўляецца састаўной часткай беларускай мастацкай культуры некалькіх пасляваенных дзесяцігоддзяў.
Нарадзіўся мастак у 1915 г. у сям’і рабочага ў Вене. Дзяцінства і юнацтва былі нялёгкімі. Да 1924 г. Адольф Гугель выхоўваўся ў дзіцячым доме, дзе навучыўся маляваць. У 1936 г. паступіў у Віцебскае мастацкае вучылішча. Адным з яго непасрэдных настаўнікаў быў вядомы тады жывапісец і педагог I. В. Ахрэмчык. Менавіта ён аказаў плённы ўплыў на творчае станаўленне будучага мастака. Самае галоўнае, што было ўспрынята ў гады вучобы, — уменне ўважліва назіраць жыццё, адбіраць у ім самае характэрнае, тыповае, быць шчырым. Пасля вучылішча працаваў ва Упраўленні па справах мастацтваў БССР.
Самастойная творчая праца толькі пачыналася, калі грымнула Вялікая Айчынная вайна. З першых дзён вайны Адольф Гугель — у радах Чырвонай Арміі. Цяжкі гэта быў час: адступленне, хвароба, шпіталь, адпраўка ў Кемерава. Працаваў начальнікам будаўнічай калоны. У Кемераве ён становіцца адным з арганізатараў Кемераўскага аддзялення Саюза мастакоў РСФСР. У 1943 г. тут была арганізавана выстава "Кузбас — фронту", на якой экспанаваліся яго карціны.
Пасля вызвалення Беларусі Гугель вяртаеца ў Мінск. Пачынаецца актыўная творчая дзейнасць. Суровая школа вайны ўзброіла мастака ўспамінамі на доўгія гады. У 1956 г. з'яўляецца псіхалагічна насычаны і драматычны партрэт-карціна "Мікалай Астроўскі", які палажыў пачатак плённаму творчаму супрацоўніцтву з Раісай Уладзіміраўнай Кудрэвіч. Мастака з цягам часу прывабліваюць лёсы канкрэтных асоб, якія займаюць значнае месца ў гісторыі Беларусі. Цікавасць выклікала карціна "Кастусь Каліноўскі" (1958, сумесна з Р. Кудрэвіч ). Асаблівае месца ў творчасці мастака займае работа над вобразам У. I. Леніна. Першы вопыт Ленініяны Адольфа Гугеля — серыя эцюдаў да карціны "Ленін сярод сялян" (1954).
Значную ролю Адольф Гугель надаваў пейзажу: "Зялёны шум" (1972), "Залатое ўбранне" (1974), "Лета прайшло" (1977). Іх па свайму настрою нельга аддзяліць і ад жанру нацюрморта, у якім так пераканаўча праяўляецца талент мастака-каларыста. У рабоце з нацюрмортам мастак глыбей спасцігае законы каляровых суадносін, пластычнае багацце рэчаў.
Мастака заўсёды хвалявалі героіка грамадзянскай вайны, мужнасць народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Для твораў падобнай тэматыкі ўласцівы свой эмацыянальны вобразны лад. Прыкметным становіцца пераход ад адлюстравання розных канкрэтных фактаў да ўмоўнасці, іх спалучэння. Ускладняецца мастацкае мысленне, выкарыстоўваюцца разнастайныя прыёмы выразнасці. У карцінах "Грэнада" (1970), "Партызанская балада" (1971), "Вечная слава" (1977) мастака хвалююць, як і раней, не батальныя сцэны, а псіхалагічны стан герояў, вялікае значэнне іх подзвігу для будучых пакаленняў. "Грэнада" (сумесна з Р. Кудрэвіч) прасякнута ўсхваляванасцю. Аўтары змаглі перадаць сваё паэтычнае светаўспрыманне. Эмацыянальная прыўзнятасць, "адкрытасць" усёй вобразнай сістэмы пераканаўча прасочваюцца праз своеасаблівую песенную інтэрпрэтацыю героікі грамадзянскай вайны.
Творчасць Адольфа Самойлавіча Гугеля — гэта свет разнастайных, складаных, драматычных чалавечых характараў, свет строгай логікі, дакладных ведаў і напружанай вастрыні душэўнага хвалявання, свет інтэлектуальнага роздуму і дабраты да людзей. За паўстагоддзя свайго творчага жыцця ён стварыў мастацтва, якое працягвае мяняцца па сённяшні дзень, але заўсёды застаецца разумным, рэалістычным, напоўненым вялікім унутраным сацыяльным сэнсам. Мастацтва А. Гугеля ўвабрала ў сябе найважнейшыя думкі і пачуцці часу. Ужо зараз некаторыя яго работы ўспрымаюцца класічнымі, заняўшымі сваё шаноўнае месца ў скарбніцы пасляваеннага беларускага савецкага жывапісу.
Памёр Адольф Самойлавіч 1 ліпеня 1999 г. Творы мастака захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, фондах Беларускага саюза мастакоў, музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску, Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя П. Масленікава.

 

Раіса Уладзіміраўна Кудрэвіч
(1 красавіка 1919—18 мая 2000)

Кудрэвіч Раіса Уладзіміраўна — беларускі савецкі жывапісец і графік. Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР (1968). Нарадзілася ў 1919 г. у Мінску, у сям’і вядомага беларускага пейзажыста, заслужанага дзеяча мастацтваў БССР, Уладзіміра Мікалаевіча Кудрэвіча. Захапленне маляваннем праявілася ў будучай мастачкі рана. У 1937 г. Раіса Уладзіміраўна паступіла ў Віцебскае мастацкае вучылішча (скончыла ў 1941 г.). У гады Вялікай Айчыннай вайны Раіса Кудрэвіч была ў Кузбасе, дзе працавала над палотнамі, якія экспанаваліся на мастацкіх выстаўках. У 1945 г. Раіса Кудрэвіч вярнулася ў Мінск. З таго часу яна з’яўлялася ўдзельніцай усіх беларускіх і многіх усесаюзных выставак.
У 1950-70-я гг. у Раісы Кудрэвіч склаўся круг асноўных тэм, вобразаў, прыёмаў. У гэты перыяд было напісана шмат твораў, адметных лірычнай паэтызацыяй штодзённасці, эмацыянальнай напоўненасцю, прысвечаных моладзі: "У родны калгас" (1948), "Сяброўкі" (1952), "Гарманіст ідзе" (1957), "Беларускія прыпеўкі" (1960), "Перад канцэртам" (1967), "Вясна 1945 года" і "Майскі дожджык" (1970), "Дочкам Айчыны прысвячаецца" (1975), "Калі цвітуць сады" (1978). Даволі значнае месца ў творчасці Р. Кудрэвіч займаў партрэт. Яна старалася падкрэсліць у характарах сваіх герояў жыццярадаснасць, валявыя, актыўныя якасці, паглыбіць псіхалагічную характарыстыку вобразаў. Аўтар партрэтаў: "Студэнтка" (1960), "Наташа" (1973), "Партрэт студэнта кансерваторыі" (1976), "У майстэрні" (1979). Супрацоўнічала ў беларускіх часопісах "Бярозка" і "Вясёлка".
Мастачка памёрла 18 мая 2000 г. Творы Р. Кудрэвіч знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, фондах Беларускага саюза мастакоў, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску, Магілёўскім абласным музеі імя П. Масленікава і шэрагу рэгіянальных музеяў.