Аб карціне Аб мастаку Матэрыялы Галерэя

“Маю карціну “Беларусь. Зноў зацвіла вясна (Па слядах разбітага ворага)” я ўбачыў у натуры, хоць яна напісана на падставе эцюдаў. Гэта было вясной, я праязджаў па Слуцкай шашы. На краі над абрывам дарогі, блізу квітнеючых яблынь ляжаў падбіты танк; удалечыні рассцілаліся нашы беларускія палі. Вядома, веданне роднай прыроды дапамагло мне стварыць яе пейзажны вобраз. Але матыў цалкам спісаны з натуры”.
В.К. Бялыніцкі-Біруля

Пасля выгнання Савецкай Арміяй фашысцкіх захопнікаў з тэрыторыі Беларусі В.К. Бялыніцкі-Біруля, ажыццяўляючы самае запаведнае жаданне, наведвае дарагія і родныя яму мясціны. “Я не быў сорак з лішнім год у Беларусі, – расказваў мастак. – Але да гэтай пары не мог забыць яе лясы, рэкі, азёры, бясконца родныя і блізкія майму сэрцу. Цяпер, калі я зноў убачыў родныя мясціны, якія столькі пацярпелі ад нашэсця ворага, мне з яшчэ большай палымянасцю хочацца перанесці на палотна цудоўнае аблічча зямлі, што адраджаецца”.
Больш дваццаці эцюдаў і эскізаў для сваіх будучых карцін стварыў мастак за час прабывання на радзіме. Тут ён пачаў працаваць і над сваімі шырока вядомымі карцінамі “Беларусь. Зноў зацвіла вясна. (Па слядах разбітага ворага)”, “Зялёны май”, “Беларусь. Пачатак лета” і інш.
Асаблівае месца ў творчасці Бялыніцкага-Бірулі займае пейзаж-карціна “Зноў зацвіла вясна. (Па слядах разбітага ворага)”, прысвечаныя Вялікай Айчыннай вайне, пра зараджэнне задумы якой Бялыніцкі-Біруля расказваў так: “Мы праязджалі па Слуцкай шашы. Непадалёку ляжаў раскарэжаны снарадам савецкай гарматы фашысцкі танк. Ён заіржавеў, стаў грудай металічнага лому, але ў мяне – мастака, які мысліць вобразна, танк увасабляецца з апафеозам разбурэння ўсяе гітлераўскай машыны, якую кінуў ашалелы фюрэр з вар’яцкай думкай знішчыць жалезнымі пачварамі мірную дзяржаву. І вось вынік – іржавеючая груда металічнага лому. Тое, што мне давялося ўбачыць, можа іншаму нічога не даць. Але я вырашыў выкарыстаць гэта, каб даць абагульняючую карціну”. Вынікам гэтых назіранняў з’явілася глыбокае і паэтычнае палатно “Зноў зацвіла вясна. (Па слядах разбітага ворага)” (1947 г.). Мастак паказвае мясціны, дзе, кідаючы тэхніку, у паніцы беглі астаткі гітлераўскай разбітай арміі. У лагчыне ляжыць знявечаны нямецкі танк, на палях, сярод зеляніны, валяюцца рэшткі разбітай тэхнікі ворага. Савецкія людзі, якія вярнуліся сюды, узяліся нанава апрацоўваць зямлю. Тут і там мільгаюць чырвоныя касынкі жанчын. У поле выйшлі калгаснікі. Уся карціна прасякнута радасным пачуццём адраджэння, абнаўлення, пачатку новага жыцця. Гэтае пачуццё разліта нават у паветры, надзвычай празрыстым і чыстым. Зеляніна, маладая, буйная, усё пакрыла сваімі парасткамі. Напісаная дробнымі мазкамі, яна нібы хвалюецца пад цёплым веснавым ветрыкам. З надзвычайным майстэрствам перадае мастак бясконцае мноства яе адценняў – ад светла-зялёнага да ізумруднага.
Асаблівую ролю ў раскрыцці ідэйнага зместу, у стварэнні эмацыянальнага вобраза адыгрываюць у карціне цвітучыя яблыні. Апранутыя ў бела-ружовы ўбор, яны нібы сімвалізуюць сабой нанава адроджанае жыццё.
Напісаныя ў радаснай, мажорнай гаме, карціна сцвярджае неадольную сілу жыцця, радасць перамогі і шчасце працы. У абуджанай прыродзе мастак увасабляе значна большае, чым простае фізічнае яе абнаўленне. Гэта – сімвал адраджэння творчых сіл народа, перамога стварэння над разбурэннем, жыцця – над смерцю.
Зараз карціна “Беларусь. Зноў зацвіла вясна” захоўваецца ў Траццякоўскай галерэі ў Маскве.