Нікалаеў М.В. Павел Восіпавіч Шэйн

Яшчэ адным супрацоўнікам Імператарскага Геаграфічнага таварыства быў Павел Восіпавіч Шэйн (1826—1900), ураджэнец Магілёва, які прыехаў на пастаяннае жыхарства ў Пецярбург у 1881 г., выйшаўшы ў адстаўку са службы ў Міністэрстве народная асветы ўжо будучы вядомым вучоным.

Прынамсі яшчэ ў 1874 г. пецярбургская друкарня Майкава надрукавала яго аб'ёмны (566 старонак) зборнік "Беларускія народныя песні", за які ён праз год атрымаў Увараўскую прэмію. Наперадзе была яшчэ вялікая праца па падрыхтоўцы "Матэрыялаў для вывучэння мовы і побыту насельніцтва Паўночна-Заходняга краю". Першая частка першага тома гэтай фундаментальнай кнігі была прысвечана побыту і сямейнаму жыццю беларусаў. Яна выйшла ў Пецярбургу ў 1887 г. У тым жа годзе Шэйн, якому ішоў 62 год, ажаніўся з маладой пецярбургскай белашвейкай Праскоўяй Вінаградавай, а праз год у іх нарадзілася дзіця.

28 чэрвеня 1891 г. Міністэрства народная асветы паведаміла Шэйну, што за працы па збіранні помнікаў народнай творчасці яму прызначана пенсія ў 750 рублёў на год у дадатак да пенсіі ў 750 руб. за ранейшую настаўніцкую службу. У 1893 г. выйшаў другі том "Матэрыялаў". 26 лютага 1897 г. пасля цяжкай хваробы памерла жонка. Вясной таго ж года ён дамогся прыняцця сваёй адзінай дачкі Лізаветы на выхаванне ў аддзяленне для непаўналетніх Санкт-Пецярбургскага Елізавецінскага інстытута.

Летам 1900 г. Шэйн паехаў на латышскі курорт Дуббельн (Дубулты), дзе нечакана захварэў. Памёр 14 жніўня 1900 г. у рыжскай гарадской бальніцы. Некралог па ім для "Рускага філалагічнага весніка" напісаў зямляк, на той час прафесар Варшаўскага ўніверсітэта, Яўхім Карскі.

Аб грамадскай ініцыятыве пабудаваць помнік на магіле П. Шэйна пісала 23 жніўня 1901 г. газета "Новое время". Апошні том "беларускай трылогіі", з апісаннем жытла, адзення, ежы, заняткаў, гульняў, вераванняў, чарадзейства, знахарства, лячэння, забабонаў і да т. п., з партрэтам і добрым прадметным паказальнікам выйшаў ужо пасля смерці аўтара.

 

Источники информации:
Нікалаеў, М. В. Павел Восіпавіч Шэйн / Мікола Нікалаеў // Нікалаеў, М. В. Беларускі Пецярбург / Мікола Нікалаеў. — Санкт-Пецярбург : "Агентство "ВиТ-принт", 2009. — C.146–147.