Выбярыце раздзел:

Тэксты вершаў М. П. Пазнякова

На выставе прадстаўлены вершы Міхася Паўлавіча Пазнякова з кніжных фондаў УК "Магілёўская абласная бібліятэка імя У.І. Леніна".

Беларусі

Узіраюся ў сонечны дзень
Працавітай маёй Беларусі
І штораз, як нічым і нідзе,
Светлым імем яе ганаруся.
Бачу мудрасць далёкіх вякоў,
Чую славу нязгасную ў свеце.
Беларусь! Беларусь!
Сэрца ўспыхвае зноў, –
Хай табе сонца велічы свеціць.
Кожны рух твой і нават уздых –
У турбоце, ды толькі не ў скрусе.
І штодня на дарогах тваіх
Я, твой сын, за цябе ўсё малюся.
Ты – матуля мая, Беларусь.
Мая хата ніколі не з краю,
Узрастае клапот тваіх груз,
Я таксам плячо падстаўляю.
І люблю цябе ўсё гарачэй,
Гэтак, што прамаўчаць немагчыма,
Ты прабач, не магу я цішэй,
Калі ў сэрцы святое – Радзіма.

 

Добры дзень, Радзіма!

Выйду ранкам з хаты
I пакрочу ў гай,
Дзе з-за ціхіх шатаў
Ззяе небакрай.

Расхіну ў лагчыне
Туманоў кудзель
I адчую сініх
Незабудак хмель.

Чуйны, летуценны,
Між бяроз густых
Новы дзень сустрэну —
Звонкі, залаты.

3 сонцам за плячыма
Павярну назад.
Добры дзень, радзіма!
Як табе я рад!

Зрошаны па грудзі,
Звонкі ўвесь ад рос,
Клікну светла: людзі,
Сонца вам прынёс!

 

У родных мясцінах

А дразды ў кустах спявалі слаўна...
Зноў іду іх слухаць галасы.
Край маленства! Свежа так і траўна,
Ціха, што пачуеш звон расы.

Высеклі алешнікі на дровы.
Што й казаць – іх сек калісьці сам...
I не ведаў, што губіў я спеў драздовы,
Гнёзды разбураючы драздам.

Не пяюць. Параніў толькі сэрца,
Будзе боль сачыцца ўсе гады.
I не росы ў травах тут, здаецца,—
Слёзы, што пакінулі дразды.

 

Зніклая вёска

Я крочыў сумнаю сцяжынай,
Дзе колісь вёсачка была.
Шчымліва-светлым успамінам
На полі бульба ўсцяж цвіла.

Балючай скаргай паднябессю
За неаплатныя даўгі
Глдядзелі могілкі на ўзлессі
Крыжамі вечнае тугі.

Hi хаты ў квецені язміну,
Hi сцежкі да мядовых траў,
Дзе самым светлым, незабыўным
Мой дзень вясновы расцвітаў.

I толькі ля малога ўзгорка
Адзнакай зніклага жытла
Старая ліпа адзінока
Аб вёсцы памяць сцерагла,

Дзе ўжо не рыпнуць болей дзверы,
Дзе не пачую галасоў...
Ды ў гэта бусел не паверыў
I пасяліўся тут ізноў.

 

Афганская вестка

– Я  цябе разбуджу на світанні
Хмельным водарам свежага сена.
Цёплым, сонечным зайчыкам стану
Лашчыць вусны і твар задуменны.

Незвычайнаю радасцю ўспыхну
Чысцінёй ахіну наваколле,
Васільковай пяшчотаю клікну
На жытнёвае светлае поле

I на луг павяду аксамітны,
Цалаваць буду ногі расою,
Незабудак паглядам блакітным
Любавацца маўкліва табою.

Буду сніцца табе я начамі
– Малады, без трывогі і болю.
Ты даруй, што дарог паміж намі
Не адолець ужо мне ніколі,

Што блукае ў гарах Кандагара
Шэпт апошні мой – боль нечуваны:
 «Ах, якая бяздушная кара –
Паміраць на чужыне так рана...»

Хоць вайна тэта вамі праклята,
У далёкай гаротнай краіне
Я не здрадзіў сумленню салдата,
Не забіты я тут... а загінуў.

                 

У лесе пад Шкловам

Лес аж звініць ад чысціні...
Траве балюча пад нагамі,
У ёй бясконцасць дабрыні,
Што назапашана вякамі.

Бярозка чуйна шамаціць,
Святлом праменіцца бяроста.
Яліна ўдумліва шуміць...
Навокал мудра так і проста.

Нырае сцежка ў верасы,
Сплываюць стома і гаркота.
I звонкіх птушак галасы
Душу агучваюць пяшчотай.

Ажно трымціць лясны настой,
Густы, бальзамісты, духмяны.
Блакіту гмах над галавой,
Суцешна, гойна, як у мамы.

 

Водар шклоўскіх лугоў

Рангам у фортку дыхнула
Мёдам пакошаных траў,
Быццам бы песняй прачулай
Хтосьці мяне усхваляў.

Гэта з лугоў шматгалосых,
Казачных мрояў і сноў
Хмельны настой сенакосу
Свет працінае ізноў.

Травы ў душы абудзілі
Toe, што змалку люблю.
Водар гаючы радзімы
Светла і радасна п'ю.

Музыкі светлыя гамы
Чуйна агучылі кроў —
Быццам у міг гэты самы
Я нарадзіўся ізноў.

 
 

Матуля

Трыпцiх
1
Самыя добрыя вочы — матчыны.
Самыя дбайныя рукi — матчыны.
Самае чуйнае сэрца — матчына.
Самая шчырая песня — матчына.
Самая светлая радасць — матчына.
Самая цiхая крыўда — матчына.
Самая цяжкая стома — матчына.
Самая вострая скруха — матчына.
Самыя горкiя слёзы — матчыны.
Самы пакутлiвы час — без яе...

2
Самы салодкi сон,
Самы святочны настрой,
Самы святлiсты ўспамiн,
Самы празрысты сум —
Дома, у мамы.
Самы трывожны сон,
Самы тужлiвы настрой,
Самы балючы ўспамiн,
Самы гнятлiвы сум —
Дома, без мамы...

3
Цалуйце рукi любыя матуль,
Прапахлыя калоссямі i сонцам.
З душой, прачуленай да донца,
Цалуйце рукi любыя матуль.
Не забывайце,
                   што для iх бясконца
Цяжэе вечных клопатаў хатуль.
Цалуйце рукi любыя матуль,
Прапахлыя калоссямі i сонцам.

 

9 мая

Стаю ля хаты дзядзькі Мішы.
Каторы год ужо ізноў
Цвітуць ля сумных вокнаў вішні,
А дзядзька так даўно пайшоў...
Асілак першы нашай вёскі,
Ён добрым быў працаўніком.
Мяне паважна клікаў цёзкам,
Як сябра, запрашаў у дом.
У сад раскошны свой заводзіў,
Як толькі выспяваў наліў.
За цягавітасць пры народзе
Мяне, малога, ён хваліў.
Успамінаў сяброў адданых,
Што не прыйшлі з цяжкой вайны.
А сам вярнуўся капітанам,
Хоць прызываўся радавым.
Хадзіў на могілкі лясныя,
Як дзень святочны наставаў,
З ружжа заўсёды халастымі
Сябрам сваім салютаваў.
...Пунсовы Май! Настрой –
шчымлівы.
Вазьму ружжо – даўно маўчыць.
Салют на дзядзькавай магіле
Аб бессмяроцці прагучыць.

 

Скарына

Асветнік, вучоны
I першадрукар,
Наш гонар —
Францішак Скарына.
Запомні ўсім сэрцам
Як велічны дар
Радзімы
Славутага сына.
Праклаў ён дарогу
Да Слова, Святла,
За Матчыну Мову
Паклікаў змагацца,
Каб вольнай заўсёды
Між вольных магла
Дзяржаваю
Белая Русь
Называцца.

 

Удовы

Аж праз хату жылі ў нас удовы
(Падкасіў час ваенны мужчын),
Помню лёс іх цяжкі вечаровы:
Засамоціцца – сотні прычын.
А яны дзень пры дні шчыравалі,
Ані скаргаў, ніякай нуды.
Толькі ў снах іх мужы сагравалі,
Завітаўшы з пякельнай жуды...
І дзяцей узрасцілі, і ўнукам
Іх любові хапіла спаўна.
Не ўдалося іх схібіць пакутам,
Што прынесла пачвара-вайна.

 

***

Дагарае вогнішча на ўзлеску,
Дым віецца смуткам між галін,
Падары мне, сонейка, усмешку,
У задумным лесе я адзін.

Горасны, маркотны, мабыць, самы
Я прыехаў загаіць душу,
Бо няма ужо роднай, любай мамы,
I твайго цяпла таму прашу.

Тыдзень пад дажджамі я бядую,
Згадваю маленства светлы край.
Не заменіш, ведаю, матулю,
Ды хаця б крыху паспачувай.

I раптоўна хмары расхінула,
Асвяціла сонца мой куток,
Быццам мама ласкава зірнула
I шапнула; «Не бядуй, сынок!»

 

Летні дождж

Хто пяшчотны і рахманы
Разбудзіў мяне так рана?
Па аконцы мяккай лапкай
Циха-ціхенька падрапкаў.
Прашаптаў:
— Прачніся, Галька,
Бо цябе чакае лялька.
Ноч сядзіць на лаўцы,
Вельмі сумна ляльцы.
Больш яе не забывай,
Ляльку ў хату забірай.
Да акна я:
— Хто там? Хто ж? —
Гэта цёплы летні дождж.

 

Ля Дняпра

Сонца згасла паволі за гаем,
Юны месяц павіс угары.
Мы агонь раскладаем,
Стому змыўшы ў гаючым Дняпры.

Высяваючы росы,
Выпаўзае з палян
На кусты і пракосы
Шапатлівы туман.

Смажым весела сала,
Пах – аж слінкі цякуць.
Над травою          прывялай
Камары мак таўкуць.

Драч крычыць за ракою,
Hi бы кліча каго.
I цямнеюць наўкола
Гмахі свежых стагоў.

А Дняпро таямніча
Мкне за велічны бор,
I ў нязведанасць кліча
Неба чарамі зор.

 

Вершы М. П. Пазнякова для дзяцей

Беларусь

Усяму вядомы свету
Наш руплівы край здавён.
Тут на сонечных палетках
Спеюць бульба, жыта, лён…

Тут Дняпро бяжыць прывольна,
Сож, Бярэзіна, Дзвіна,
Прыпяць, Шчара, Свіслач, Нёман,
Вілля, Піна, Буг, Дзісна…

Тут крыштальныя азёры –
Нарач, Свіцязь, Снуды, свір…
Полацк – наш найпершы горад,
Віцебск, Тураў, Кобрын, Мір…

Тут умельцы вырабляюць
Слаўны трактар "Беларусь".
Тут ствараюцца БелАЗы –
Трохсоттонны везці груз…

Тут сыны лятуць у космас,
Песні матчыны пяюць…
Гэты край наш найдзівосны
Беларуссю ўсё завуць.

 

Маміны рукі

Слава маміным рукам,
Што работу любяць
І прыносяць снца нам,
Ласкаю галубяць.

Слава маміным рукам.
Хай на ўсёй планеце
Кветкамі для мілых мам
Расцвітаюць дзеці.

 

У родным краі

Грае вечар на цымбалах,
Плаўна музыка цячэ,
Месяц у блакітных далях
Пакруглеў і паярчэў.

Пахне мёдам і укропам
Напаўсоннае сяло,
І малінавым сіропам
Сонца захад абліло.

І плыве з садоў у сэрца
Сакаўны птушыны грай.
Ён Радзімаю завецца –
Не паўторны гэты край.

 

Снег ідзе

Снег ідзе! Снег ідзе!
Радасны, махнаты.
Апранаюся хутчэй,
Выбягаю з хаты.

Стаў у гурбу –
О-го-го! –
Гэтак праваліўся,
Нават хаты не відно,
Ды не разгубіўся.

Снег далонямі лаўлю,
Цёпла мне і ўтульна.
І пра схованку сваю
Не крычу пакуль я.

Выйшла мама: "Дзе Алег?" –
Не відаць наўкола.
- Тут я, мама, мяне снег
Заваліў па голаў.

 

Літары

Цагліну да цагліны –
І будзе новы дом.
А літару да літары –
І слова мы складзем.

Радзіма. Мова. Мама.
Буквар. Кіно. Балет.
Вучы іх і таксама
Адкрыеш дзіўны свет.

 
 

Беларуская мова

Выхаванцам
дзіцячага сада № 421
г. Мінска

Родная мова…
Матчына мова…
Сэрца ад болю зайшлося.
Свету
Дала неўміручае слова,
Дома ж твайму
Спачуваць трэба лёсу.

Не! Аніколі табе не памерці,
Прыйдуць твае залатыя часы –
Нібы да сонца, маленькія дзеці
Цягнуцца сэрцам да роднай красы.

 

Працалюбы

Раз, два, тры, чатыры, пяць,
Выйшлі дзеці працаваць.
Лаўку Глеб пафарбаваў,
Клумбу Ігар ускапаў,
Віця ліпку пасадзіў,
Пеця дом шпакам зрабіў.
Света гусак пакарміла,
Жэня ганачак памыла.
Падмяла дарожкі Оля –
Стала хораша наўкола.

 

Мяцеліца

Разгулялася наўкруг
Юная мяцеліца
Лебядзіны белы пух
Мне пад ногі сцеліцца.

Зіхаціць уся зямля
Радасцю святлістаю,
І таптаць шкадую я
Коўдру серабрыстую.

 

Снегіры

Што за дзіва
На двары? –
Падзівіцеся,
Сябры.

Снег навокал,
Дзень марозны,
А ранеты –
На бярозе.

Вось дык жарты
У зімы!
Нібы ў казцы,
Сёння мы.

Падыходзім,
Каб нарваць, -
Паляцелі,
Не спаймаць.

 

Ластаўка

Дамоў прыляцела
Здалёка яна,
Калі расквітнела
Садамі вясна.

Дзівосная птаха,
Сабе ад відна
Гняздзечка пад дахам
Будуе штодня.

Шчабеча прыветна,
Так рана вясне,
З даверам аб гэтым
Расказвае мне.

І сонечным святам
Напоўнены я,
Сяброўцы крылатай
Удзячны ўдвая.

Шчыруй, дарагая,
Заўжды прылятай.
Хай песняй вітае
Мяне родны край.

 
 

На выставе прадстаўлены вершы Міхася Паўлавіча Пазнякова
з кніжных фондаў УК "Магілёўская абласная бібліятэка імя У.І. Леніна".