Выбярыце раздзел:

Пазнякоў Міхась Паўлавіч

Беларускі паэт, празаік, перакладчык, крытык, мовазнавец Міхаіл Паўлавіч Пазнякоў нарадзіўся 24 студзеня 1951 г. у вёсцы Заброддзе Быхаўскага раёна.
Вучыўся спачатку ў Забродскай пачатковай школе. Вучыўся старанна, з вялікім хваляваннем і адказнасцю, а з пятага класа быў пераведзены ў Глухскую сярэднюю школу дзе актыўна ўдзельнічаў у грамадскім жыцці, займаўся ў гуртках і спартыўных секцыях. Асабліва захапляўся гісторыяй, геаграфіяй і матэматыкай. Змалку кніга вабіла, чаравала будучага паэта. Трапляючы ў захапляючы свет цудоўнай кнігі, ён забываў пра ўсё, нібы сам станавіўся яе героем.
Адна з першых прачыганых кніжак – зборнік успамінаў дзяцей вайны "Ніколі не забудзем". Большай трывогі, больш моцнага перажывання ён не адчуваў ніколі. Гэта падштурхнула яго перачытаць усё, што было ў бібліятэцы аб партызанах, падпольшчыках, франтавіках.
Першы свой верш Міхась Пазнякоў напісаў у шостым класе, а штуршком да творчасці з'явілася настаўніца рускай мовы і літаратуры Роза Сямёнаўна Нікіфарава, якая дала заданне напісаць верш. 3 таго часу вершаплёцтва захапіла будучага паэта.
У 9 класе Міхась Пазнякоў быў абраны рэдактарам "Камсамольскага пражэктара" – насценнай газеты камсамольскай арганізацыі школы.
Першы яго верш быў надрукаваны ў 1966 г. у газеце "Браслаўская звязда" (г. Браслаў), дзе Міхась Пазнякоў вучыўся некалькі месяцаў у санаторнай школе. Заўважыў і падтрымаў яго кіраўнік літаратурнага аб'яднання, вядомы пісьменнік Павел Пруднікаў. У 1968 г. адбылася першая сустрэча Міхася з жывым пісьменнікам – чараўніком мастацкага слова Адамам Русаком. Яго словы аб прыгажосці і багацці роднай мовы назаўсёды прараслі ў сэрцы будучага паэта і паўплывалі на выбар будучай прафесіі. Пасля заканчэння школы працаваў на Мінскім заводзе шасцерняў. Быў ударнікам камуністычнай працы, план выконваў на 170-180 %. Вольны час аддаваў тэатру, кнігам, кіно, падрыхтоўцы ва універсітэт.
У 1971 годзе Міхась Пазнякоў стаў студэнтам філалагічнага факультэта знакамітай вышэйшай навучальнай установы Беларусі – Белдзяржуніверсітэта. Гады вучобы былі напружаныя, але вельмі цікавыя. Сярод выкладчыкаў былі Ніл Гілевіч, Алег Лойка, Вячаслаў Рагойша, Павел Ткачоў, Маргарыта Яфімава, Ірына Шаблоўская, Вольга Казлова... Пасля трэцяга курса перавёўся на завочнае аддзяленне і з верасня 1974 г. ён стаў працаваць настаўнікам роднай мовы і літаратуры, а таксама нямецкай мовы і этыкі ў Ягадскай васьмігадовай школе Бярэзінскага раёна. Пасля закрыцця гэтай школы працаваў у Кукараўскай васьмігодцы гэтага ж раёна.
У 1976 г. у газеце "Беларускі універсітэт" быў надрукаваны першы верш Міхася Пазнякова на беларускай мове.
Пасля заканчэння універсітэта (1977 г.) вярнуўся ў Мінск і выкладаў родную мову і літаратуру ў СШ № 26.
У 1978 г. залічаны на працу ў Інстытут мовазнаўства, дзе прымаў удзел у распрацоўцы двухтомных "Русско-белорусского словаря" і "Беларуска-рускага слоўніка", а таксама з'яўляўся памочнікам навуковага рэдактара гэтых выданняў. Навуковым жа рэдактарам быў Кандрат Крапіва – у той час віцэ-прэзідэнт АН Беларусі. Мовазнаўчая школа славутага пісьменніка, вучонага і цікавага чалавека дапамагла Пазнякову глыбей пранікнуць у бясконцае нацыянальнае багацце – моўны скарб, заняцца навуковай працай, напісаць шэраг навуковых артыкулаў, а пасля распрацаваць і выдаць вялікі "Слоўнік эпітэтаў беларускай літаратурнай мовы" (1988).
З 1981 г. Міхась Пазнякоў – дырэктар Літаратурнага музея М. Багдановіча. 3 1984 г. па 2000 г. працаваў у дзяржаўным выдавецтве "Юнацтва", прайшоўшы шлях да галоўнага рэдактара. Потым два гады ўзначальваў часопіс "Вожык". 3 2003 г. працуе ў часопісе "Неман": да мая 2008 г. – намеснікам галоўнага рэдактара, а цяпер – галоўным рэдактарам.
Першая кніжка Міхася Пазнякова была адрасавана дзецям – "Дзіўныя "блізняты" (1987), якую склалі загадкі на беларуска-рускія амонімы. Затым з'явіліся "Побач з татам" (1988), "Тры чарадзеі" (1991), "Ехаў поўны воз дзівос" (1994), "Шые вожык кажушок", "Дзівосны свет" (1996) і інш.
Выйшлі кніжкі вершаў для дарослых: "Колер радасці" (1988), "Час надзеі" (1991), "Крутит время свои жернова" (2004), "Любі і помні" (2006), "Святое правіла..." (2008)… Сягоння Міхась Пазнякоў – аўтар каля 30 кніг паэзіі і прозы.
Міхась Пазнякоў пераклаў на беларускую мову кніжкі "Дапаможаш ты – табе дапамогуць" (афганскія народныя казкі), "Залатая ракавінка" (кітайскія народныя казкі), "Дванаццаць месяцаў" С. Маршака, "У заапарку" М. Гелера, раманы: С. Лагерлёф "Пярсцёнак Лёвеншольдаў", В. Скот "Квенцін Дорвард", М. Сервантэс "Дон Кіхот", некаторыя творы В. Біянкі, Я. Пермяка, Л. Махмудава, X. К. Андэрсена, братоў Грым і іншых.
Міхась Пазнякоў з'яўляецца Лаўрэатам Літаратурнай прэміі імя Пятруся Броўкі ў галіне дзіцячай літаратуры (1996 г.), трох Рэспубліканскіх літаратурных прэмій "Лепшая кніга года", лаўрэатам прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі і іншых.
У апошнія гады перакладае нашых вядомых творцаў на рускую мову: Янку Сіпакова, Івана Пташнікава, Васіля Ткачова, Уладзіміра Гніламёдава, Паўла Саковіча, Казіміра Камейшу...
Вершы Міхася Пазнякова для дзяцей уключаны ў падручнікі, хрэстаматыі, чытанкі, навучальныя дапаможнікі. На словы паэта напісана шмат песень, асабліва для дзяцей. З ім супрацоўнічаюць кампазітары Леанід Захлеўны, Пятро Яроменка, Георгій Ермачэнкаў, Уладзімір Карызна-малодшы, Мікалай Літвін, Вячаслаў Кузняцоў і інш.

Дадатковыя матэрыялы аб жыцці і дзейнасці:

  1. Алейнік, Л. Жыццё - не казка. Але ў казцы - падказка... : [пра кнігу Міхася Пазнякова "Вавёрчына хатка"] / Лада Алейнік // Полымя. – 2008. - № 8. – С. 101-105.
  2. Весялуха, М. Пад гербам Мінска і сцягам маладосці : [пра Міхася Пазнякова, пісьменніка, сакратара СПБ] / Марына Весялуха // ЛіМ. – 2010. - 1 кастрычніка. – С. 3.
  3. Гніламёдаў, У Прырода, радзіма, жыццё... : [лад паэзіі Міхася Пазнякова] / Уладзімір Гніламёдаў // ЛіМ. – 2010. - 22 кастрычніка. – С. 6.
  4. Кавалёў, В. Дарыць святло і цішыню : [аб прэзентацыі кнігі бел. пісьменніка Міхася Пазнякова, ураджэнца Быхаўскага раёна] / Віктар Кавалёў // ЛіМ. – 2008. - 14 лістапада. – С. 3.
  5. Кавалёў, М. "Калыска мая залатая..." : [пра кнігу вершаў Міхася Пазнякова] / Міхась Кавалёў // ЛіМ. – 2010. - 22 студзеня. – С. 14.
  6. Коласаў, М. Творчая сустрэча паэта Міхася Пазнякова / М. Коласаў // Маяк Прыдняпроўя (Быхаў). – 2010. - 7 чэрвеня.
  7. Кузьміч, П. Свята на Быхаўшчыне : [літаратучная вечарына Міхася Пазнякова, паэта, ураджэнца в. Заброддзе Быхаўскага раёна] / Міхась Кавалёў // ЛіМ. – 2010. - 22 студзеня. – С. 14.
  8. Леўчанка, М. "Святое правіла..." душы : [новы зборнік Міхася Пазнякова] / Мікола Леўчанка // Маяк Прыдняпроўя (Быхаў). – 2010. - 17 красавіка.
  9. Марозаў, А. Каштоўны прыз : [Міхась Пазнякоў] / Аляксандр Марозаў // ЛіМ. – 2010. - 30 красавіка. – С. 2.
  10. Марціновіч, А. Прамоўлена светла і чыста : [кніга Міхася Пазнякова "Святое правіла", ураджэнца Быхаўскага раёна] / Алесь Марціновіч // Маяк Прыдняпроўя (Быхаў). – 2009. - 9 снежня.
  11. Марціновіч, А. Зямны рай - родны край : [кніга "У родным краі" Міхася Пазнякова] / Алесь Марціновіч // ЛіМ. – 2009. - 9 кастрычніка. - С. 6.
  12. Мікалаеў, І. "Прылятаю птушкаю высной..." : [аб сустрэчы з беларускім пісьменнікам М. Пазняковым у Глухскай СШ] / І. Мікалаеў // Маяк Прыдняпроўя (Быхаў). – 2008. - 24 мая.
  13. Міхась Пазнякоў : "Ты чакай мяне, Заброддзе, райскі кут на Беларусі" : [гутарка з паэтам, пісьменнікам] / М. Пазнякоз ; гутарыла Таццяна Ускова // Белорусская нива. – 2009. - 5 сентября. - С. 11.
  14. Пазнякоў, М. Абуджанасць у чалавеку Чалавека : [размова з Міхасём Пазняковым, сакратаром Саюза пісьменнікаў Беларусі, ураджэнцам Быхаўскага раёна] / М. Пазнякоз ; гутарыла Алена Мінчукова // ЛіМ. – 2008. - 19 снежня. – С. 5.
  15. Пазнякоў, М. За пісьменніка гаворыць рукапіс : [гутарка з беларускім празаікам, паэтам Міхасём Пазняковым] / М. Пазнякоз ; гутарыла Жанна Капуста // ЛіМ. – 2009. - 24 ліпеня. – С. 5.
  16. Пазнякоў Міхаіл Паўлавіч : беларускі паэт, празаік, перакладчык, мовазнавец [Электронны рэсурс] // Мой край Магілёўшчына [Электронны рэсурс]. - Магілёў : Магілёўская абласная бібліятэка імя У. І. Леніна, 2003. - Рэжым доступа : https://libmogilev.by/kray/Znak_new/bihov/r3p16_13.htm. - Дата доступа : 20.01.2011.
  17. Пазнякоў Міхась Паўлавіч : [беларускі пісьменнік] // З росных сцяжын : аўтабіяграфіі пісьменнікаў / укладальнік Мікола Мінзер. - Мінск, 2009. - С. 297-302.
  18. Поздняков Михаил Павлович : [писатель] // Кто есть Кто в Республике Беларусь. 2009 / под редакцией И. В. Чекалова. - Минск, 2009. - С. 183.
  19. Поздняков Михась : [бел. писатель] // Республика Беларусь : энциклопедия. В 6 т. Т. 6. / под редакцией Г. П. Пашков. - Минск, 2008. - С. 135.
  20. Поздняков, М. И нет ничего дороже : [воспоминания белоруского писателя Михаила Позднякова // Советская Белоруссия. – 2009. - 21 ноября. – С. 23.
  21. Поздняков, М. П. Течение "Немана" : [беседа с главным редактором журнала "Неман" Михаилом Павловичем Поздняковым] / М. П. Поздняков ; беседовал Н. Колосов // Маяк Прыдняпроўя (Быхаў). – 2008. - 18 чэрвеня.
  22. Ткачоў, В. Нізкі паклон роднаму, свайму : [зборнік прозы "Паміж радасцю і болем" Міхася Пазнякова] / Васіль Ткачоў // ЛіМ. – 2010. - 5 лістапада. – С. 7.
  23. Ткачоў, В. Паклон : [творчасць Міхася Пазнякова] / Васіль Ткачоў // Маяк Прыдняпроўя (Быхаў). – 2010. - 20 кастрычніка.
  24. Шырко, В. У краіне загадак : [пра кнігу Міхася Пазнякова "Падарожжа ў краіну загадак"] / Васіль Шырко // ЛіМ. – 2009. - 17 красавіка. - С. 7.