Выбярыце раздзел: 

У рамках праграмы "Чытаем па-беларуску" аддзел інфармацыйных рэсурсаў падрыхтаваў віртуальную выставу "Мысліцель і летуценнік", прысвечаную 130-годдзю з дня нараджэння Янкі Маўра (сапр. Іван Міхайлавіч Федараў) — аднаго з заснавальнікаў беларускай дзіцячай літаратуры, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі і заслужанага дзеяча культуры Беларусі.

Янка Маўр (Іван Міхайлавіч Фёдараў)
10 мая 1883 — 3 жніўня 1971

Янка Маўр быў пісьменнікам-першапраходцам, адкрывальнікам. Ён асвоіў невядомыя раней нашай дзіцячай літаратуры тэмы і жанры, спрыяў яе інтэлектуальнаму ўзвышэнню і мастацкай дасканаласці. У сваёй творчасці арыентаваўся на ўзроставыя асаблівасці юных чытачоў, умеў задаволіць іх цікаўнасць, узбагаціць іх веды, актывізаваць фантазію, станоўча ўплываць на фарміраванне характару. Пісьменнік быў упэўнены, што дзіцячая кніга павінна быць толькі добрай, цікавай і карыснай. I ён падарыў юным чытачам такія творы, якія і сёння ў актыве нашай дзіцячай літаратуры.
Янка Маўр (Іван Міхайлавіч Фёдараў) нарадзіўся 10 мая 1883 года, па старым стылі — 28 красавіка (метрычнае пасведчанне Рыжскай духоўнай кансісторыі ад 30 кастрычніка 1908 года № 8221) у г. Лібава (Ліепая, Латвія). Сюды яго бацька, беззямельны беларус, прыехаў у пошуках шчасця.
Івану Фёдараву ішоў пяты год, калі памёр бацька, маці з сынам пераехалі ў яе родную вёску Лебянішкі, што знаходзілася на мяжы Беларусі і Латвіі. Маці Я. Маўра, удава-падзёншчыца, якой даводзілася часам нават жабраваць, вельмі хацела бачыць сына "вучоным", матэрыяльна забяспечаным чалавекам. Шмат у чым дзякуючы менавіта ёй, Янка выбіўся з цемры невуцтва (пра ўсё гэта пісьменнік хвалююча, уражліва расказаў у аўтабіяграфічнай аповесці "Шлях з цемры" (1948—1958).
У 1892 годзе I. Фёдараў стаў вучнем пачатковай школы, паспяхова скончыўшы яе, у 1895 годзе паступіў у Ковенскае рамеснае вучылішча. Тут яму адкрыўся дзівосны свет літаратуры. Асабліва ўсхвалявалі, уразілі I. Фёдарава кнігі замежных майстроў прыгодніцкага жанру: Д. Дэфо, Ж. Верна, М. Рыда, Ф. Купера, Дж. Лондана і інш. Іх творы глыбока запалі ў сэрца падлетка на ўсё жыццё.


Я. Маўр - семінарыст.
1899 г.

Пасля заканчэння рамеснага вучылішча ён атрымаў званне падмайстра па слясарнай справе. Аднак сталай працы па спецыяльнасці не знайшоў, ды і вельмі хацела маці, каб сын прадоўжыў вучобу. Яна даведалася, што яе сын як сірата можа паступіць у настаўніцкую семінарыю на казённы кошт. Пасля некалькіх прашэнняў, якія маці даслала ў розныя інстанцыі, I. Фёдараў у 1899 годзе стаў студэнтам Панявежскай настаўніцкай семінарыі. Сярод студэнтаў вылучаўся начытанасцю, самастойнасцю і сталасцю думак, агульнай эрудыцыяй. Ён адкрыта выказваў свае сумненні наконт існавання Бога, несправядлівасцей тагачасных сацыяльных парадкаў. За бунтарскія настроі студэнт выпускнога курса I. Фёдараў быў выключаны з семінарыі, аднак вучобы не кінуў: даваў прыватныя ўрокі, падрыхтаваўся і ў 1903 годзе экстэрнам здаў экзамены за курс семінарыі, атрымаўшы званне настаўніка.


Я. Маўр і Я. Колас у час сяброўскай бяседы. 1950 г.

Настаўнічаў Фёдараў спачатку пад Панявежам, потым у Бытчанскім народным вучылішчы на Барысаўшчыне (цяпер там знаходзіцца школа, якая носіць імя Янкі Маўра; дарэчы, пры ёй шмат гадоў працуе музей Янкі Маўра).

У 1906 годзе I. М. Фёдараў прыняў удзел у нелегальным з'ездзе настаўнікаў, што адбыўся на радзіме Я. Коласа ў вёсцы Мікалаеўшчьша, на ім пазнаёміліся і пасябравалі на ўсё жыццё Я. Маўр і Я. Колас. Той з'езд быў выкрыты паліцыяй, і шэсць найбольш актыўных яго ўдзельнікаў, у тым ліку Я. Маўр і Я. Колас, былі звольнены з настаўніцкіх пасад, ім забаранілі выкладаць у дзяржаўнай школе. Аж пяць гадоў настаўнік Фёдараў не мог знайсці сталай працы па сваёй прафесіі, і толькі ў 1911 годзе яму ўдалося ўладкавацца выкладчыкам геаграфіі ў прыватную Мінскую гандлёвую школу, аднак у спісе настаўнікаў гэтай установы у мэтах канспірацыі ён значыўся пад іншым прозвішчам.
Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі I. М. Фёдараў стаў актыўным дзеячам народнай асветы: працаваў у Рэспубліканскім саюзе работнікаў асветы, потым выкладаў гісторыю і геаграфію ў 25-й чыгуначнай школе-дзесяцігодцы горада Мінска.
Творчасць Я. Маўра звязана з яго педагагічнай дзейнасцю, ён стаў пісьменнікам, маючы больш як дваццацігадовы стаж працы ў школе.
I. Фёдараў быў заўсёды тактоўны, не павышаў на вучняў голасу, не ператвараў адзнаку ў "бізун", выклікаў цікавасць да сваіх прадметаў уключэннем новага матэрыялу, выкарыстаннем на ўроках элементаў гульні. Захапляла вучняў эмацыянальнасць, зрокавая выразнасць таго, пра што апавядаў настаўнік.
Спецыяльна для вучняў Іван Міхайлавіч напісаў навукова-фантастычныя нататкі пра эвалюцыю і жыццё першабытнага чалавека, у аснову іх паклаў матэрыялістычную гіпотэзу. Ён выкарыстаў навуковыя звесткі аб клімаце, раслінным і жывёльным свеце той далёкай эпохі, узбагаціў, акрыліў гэты матэрыял сваёй шчодрай фантазіяй, уключыў у яго запамінальныя прыгоды, вострыя сюжэтныя калізіі, элементы загадкавасці, казачнасці.
Тымі нататкамі настаўніка Фёдарава вельмі зацікавіўся А. Якімовіч, які ў той час быў рэдактарам часопіса "Беларускі піянер" і шукаў тых, хто можа пісаць для дзяцей. Ён выказаў жаданне пазнаёміцца з гэтым матэрыялам, а калі азнаёміўся — пераканаўся, што перад ім таленавітая аповесць. Дапрацаваўшы рукапіс з улікам парад больш вопытнага ў той час у літаратурнай справе А. Якімовіча, Фёдараў прынёс яго ў рэдакцыю. 3 канца 1926 года гэты твор пад прыгожай і шматзначнай назвай "Чалавек ідзе" пачаў з працягам друкавацца ў часопісе "Беларускі піянер". А. Якімовічу падабалася і назва аповесці "Чалавек ідзе", і псеўданім, які выбраў настаўнік, — Янка Маўр. Спачатку аўтар меркаваў падпісаць гэты твор сваім прозвішчам — Фёдараў, аднак не зрабіў гэтага, каб не дубліраваць імя і прозвішча вядомага рускага першадрукара I. Фёдарава.

У 1927 годзе аповесць "Чалавек ідзе" выйшла асобным выданнем і мела вялікі поспех. У тым жа годзе Я. Маўру прапанавалі падпісаць дамову на новую кнігу. Дырэктар Беларускага дзяржаўнага выдавецтва Ц. Гартны зазначыў, што ў Беларусі не шмат прыгодніцкіх кніг беларускіх аўтараў, а дзецям яны патрэбны; ён падказаў таксама, што гэта магла б быць кніга падарожжаў.
У 1928 годзе ў свет выйшла першая прыгодніцкая аповесць Я. Маўра "У краіне райскай птушкі", у тым жа годзе ўбачыла свет аповесць "Сын вады", а ў 1929 годзе — раман з загадкавай назвай "Амок". Адначасова друкаваліся апавяданні Маўра аб далёкіх краінах: "Слёзы Тубі", "Лацароні", "Незвычайная прынада", "Звяры на караблі" (цяперашняя назва "Бунт звяроў") і інш. Так з'явіўся цыкл шырокавядомых таленавітых твораў Я. Маўра пра далёкія краіны. Яны назаўсёды замацавалі за ім славу выдатнага майстра прыгодніцкага жанру. 3 павагай называем мы яго нашым беларускім Жулем Вернам.
Матэрыялу па тэме жыцця ў іншых краінах у пісьменніка было дастаткова, бо заўсёды цікавіла яго тое, што адбывалася не толькі ў Беларусі, a і ва ўсім свеце. Невыпадкова яшчэ ў 1903 годзе ён дасканала авалодаў штучнай міжнароднай мовай эсперанта. На яго імя ў 20-30-я гады, а потым і пазней, прыходзіла карэспандэнцыя ледзь не з паўсвету: з Новай Зеландыі, Інданезіі, Амерыкі, Румыніі, Галандыі, Італіі, Новай Гвінеі, Явы і інш. Сам Я. Маўр выпісваў перыёдыку і іншую літаратуру на мове эсперанта. Гэты матэрыял, а таксама энцыклапедычная, навуковая, мастацкая літаратура з асабістай бібліятэкі (да Вялікай Айчыннай вайны Я. Маўр меў адну з самых багатых у Мінску хатніх-бібліятэк) далі яму магчымасць шырэй убачыць свет, даведацца шмат новага пра іншыя краіны, што вельмі спатрэбілася Я. Маўру як настаўніку, а потым і пісьменніку.
Неўзабаве пасля выхаду ў свет раман "Амок" быў перакладзены на іншыя мовы, у тым ліку і на англійскую. Я. Маўр атрымаў водгукі з Інданезіі і непасрэдна з вострава Ява, дзе твор гэты, дарэчы, у вялікай пашане. Варта прыгадаць адну з сустрэч, якую з задавальненнем успамінаў і сам Я. Маўр. Адбылася яна ў 1960 годзе. У час сваёй паездкі ў Маскву супрацоўнік замежных спраў Рэспублікі Інданезія Кхо Куатліят спецыяльна прыехаў у Мінск, каб убачьщь беларускага пісьменніка, аўтара рамана "Амок". Сустрэча адбылася на кватэры Я. Maўpa. Вельмі быў уражаны пасланец Інданезіі, калі даведаўся, што аўтар рамана "Амок" ніколі на Яве не быў. А Кхо Куатліят не сумняваўся, што гэты беларускі пісьменнік не толькі доўга жыў на Яве, а нават быў удзельнікам тых рэвалюцыйных падзей 1926 года. Тут мела значэнне багацейшая фантазія Я. Маўра — бездакорнае веданне ім матэрыялу і ўменне жывапісаць словам.
3 канца 1920-х гадоў асноўнай у творчасці Я. Маўра стала тэма роднай Беларусі, жыцця і спраў беларускіх дзяцей. У 1930 годзе выйшла з друку вострасюжэтная прыгодніцкая аповесць Я. Маўра "Палескія рабінзоны". У ёй чытач адпраўляецца ў незабыўнае падарожжа па беларускім Палессі. У сюжэт аповесці "Палескія рабінзоны" ўключаны элементы дэтэктыва, тут шмат прыгод, шырока выкарыстаны прыёмы загадкавасці, таямнічасці, нечаканага ўскладнення і абрыву дзеяння.
I сёння з цікавасцю чытаецца аповесць Я. Маўра "ТВТ" — Таварыства Ваяўнічых Тэхнікаў (1934 год). У ёй няма незвычайных прыгод, бо напісана яна пра самае будзённае, у якім знайсці што-небудзь рамантычнае няпроста. Як лепшы твор беларускай дзіцячай літаратуры аповесць "ТВТ" у 1934 годзе была адзначана першай прэміяй на Усебеларускім конкурсе. На Усесаюзным з'ездзе пісьменнікаў у тым жа 1934 годзе Самуіл Маршак назваў яе лепшым творам усёй савецкай дзіцячай літаратуры.

У 1948 годзе выйшла першая кніга яго вядомай аўтабіяграфічнай трылогіі "Шлях з цемры". Усе тры кнігі ўключаны ў чатырохтомны Збор твораў Я. Маўра (1975—1976), планаваў ён напісаць і чацвёртую кнігу, але, на жаль, паспеў закончыць толькі адну старонку.

У час Вялікай Айчыннай вайны пісьменнік жыў у Алма-Аце, потым у Маскве, моцна хварэў. Пасля вызвалення вярнуўся ў зруйнаваны Мінск. 3 хваляваннем прыняў Янка Маўр прапанову стаць галоўным рэдактарам кнігі пісем-успамінаў дзяцей — удзельнікаў і сведак Вялікай Айчыннай вайны — "Ніколі не забудзем" (1948). Кніга гэтая неаднойчы перавыдавалася. Яна перакладзена на многія мрвы свету, таму шырока вядома і за мяжой.
Тэме Вялікай Айчыннай вайны прысвечаны таксама нарысы Я. Маўра ("Нашы дзеці", "Невядомы герой" і інш.), апавяданні "Завошта?", "Запіска", "Дом пры дарозе", "Максімка" і інш. У іх пісьменнік ішоў ад канкрэтных лёсаў і падзей.

На 1950-я гады прыпаў вельмі цяжкі перыяд жыцця Я. Маўра: ён пачаў траціць зрок, але быў жыццялюбам, аптымістам, таму не здаваўся. Чакаў аперацыі і верыў, што яна верне яму зрок. Пасля аперацыі ён змог самастойна чытаць і пісаць са спецыяльнымі акулярамі. 3 гадамі хвароб прыбаўлялася, але Я. Маўр не здаваўся, працаваў, казаў: "Інакш не магу". Да канца жыцця пісьменнік не губляў пачуцця гумару, цікавасці да ўсяго, што адбывалася ў роднай Беларусі і ў свеце.


Магіла Я. Маўра на Ўсходніх могілках у Мінску.

Памёр Я. Маўр 3 жніўня 1971 года на 89-м годзе жыцця. Пахаваны ў Мінску. На магіле пісьменніка пастаўлены арыгінальны помнік (скульптар I. Місько): над цёмнай мармуровай плітой нібы трапеча белы ветразь... Гэтую дэталь успрымаеш як увасабленне рамантычнай захопленасці Я. Маўра жыццём, як сімвал таго, што гэты таленавіты пісьменнік сваёй творчасцю вынес беларускую дзіцячую літаратуру далека наперад, актыўна садзейнічаў яе паскоранаму развіццю.

За поспехі ў галіне літаратуры і грамадскай дзейнасці Я. Маўр узнагароджаны трыма ордэнамі, медалямі. У 1968 годзе яму было нададзена ганаровае званне заслужанага дзеяча культуры БССР, а ў 1972 годзе Я. Маўр першы з беларускі дзіцячых пісьменнікаў быў адзначаны (пасмяротна) Дзяржаўнай літаратурнай прэміяй БССР.

Яго імем названы вуліца, бібліятэка ў Мінску, Бытчанская школа на Барысаўшчыне.

Я. Маўр — пісьменнік-класік, ён не толькі ўзбагаціў беларускую дзіцячую літаратуру новымі тэмамі, своеасаблівымі жанрамі, a і пашырыў яе абсягі, далучыў да агульных кантактаў з сусветнай дзіцячай літаратурай.

Неардынарнасць асобы гэтага таленавітага мастака выявілася і ў яго загадкава-прывабным псеўданіме, у якім так суладна загучалі блізкае нам душэўна-светлае беларускае імя Янка і далёкае, экзатычнае, заморскае слова Маўр. У сайім гэтым псеўданіме нібы запраграмавана адметнасць светаадчування пісьменніка: сыноўняя адданасць Беларусі і трывога за ўсё чалавецтва.

Крыніца:

Яфімава, М. "Дзіцячым пісьменнікам трэба нарадзіцца…" : [Янка Маўр] / Маргарыта Яфімава // Полымя. — 2008. – № 5. — С. 160—164.

Інтэрнэт-рэсурсы:



http://yankamavr.ru
 

Сайт популярного белорусского писателя Янки Мавра.
Для писателя главное – это его книги. Ведь только в книгах Янка Мавр по-настоящему четко и открыто выразил то, что у него на душе, его фантазии. Только с помощью книг он передал и поделился со своими читателями своим чудесным и прекрасным внутренним миром.   
Только с помощью книг можно понять и прочитать душу глубокую и интересную, именно ту, которая есть на самом деле, ибо же книги не врут. Они отображают, словно в зеркале, весь духовный мир автора, без какого-либо макияжа и прикрас.
С героями книг родоначальника приключенческого и научно-познавательного жанра в белорусской прозе Янки Мавра всегда интересно и приятно знакомиться. В своих произведениях писатель создал яркий человеческий характер, в котором на первом плане – гуманизм, мужество и  благородство. Не может не заинтересовать школьников приключенческая повесть "ТВТ", где основные действующие лица – члены Общества воинствующих техников. Они объявили войну неумению: все для себя делаем сами и готовы помочь другим. 
На сайте Вы также найдете его повести "Сын воды" и "В стране райской птицы".
В каталоге Вы найдете произведения Янки Мавра, статьи о нем, его жизни и творчестве. Окунитесь в приятный и фантастический мир! 

Янка Маўр на сайце "Беларуская палічка. Беларуская электронная бібліятэка"

Янка Маўр на сайце "Вікіпедыі"

Янка Маўр на сайце "Lib.Ru"

Янка Маўр на сайце "Лаборатория Фантастики "