Выказванні аб Кандрате Крапіве

"Кандрат Крапіва заўсёды ва ўсёй сваёй творчасці вылучаўся і вылучаецца выключнай шчырасцю, праўдзівасцю, высшай патрабавальнасцю. У гэтым ён сапраўдны прыклад для ўсіх нашых пісьменнікаў, якія па-сапраўднаму бяруцца за нялёгкую справу стварэння мастацкіх твораў. Ён ніколі не спяшаецца, доўга працуе, але затое кожны радок яго дасканала апрацаваны".

Пятрусь Броўка

"Ёсць людзі, якія маюць як быццам не адно жыццё, не адну біяграфію, – жыццё іх упрыгожвае многія тысячы жыццяў, біяграфій! Дзелячыся з мноствам людзей багаццем сваёй душы чалавек тады не бяднее, а наадварот – узбагачаецца сілай народа, яго ўдзячнасцю і любоўю. Такім чалавекам–сапраўдным сынам народа – мы называем і Кандрата Крапіву".

Янка Брыль

"Уся творчасць К. Крапівы трывала сваімі карэннямі звязана з лёсам народа, вырасла з самага жыцця, шчодра, шаноўна і ўмела ўвабрала ў сябе невычарпальнае багацце жывой народнай мовы, сілы і мудрасці народнай".

Антон Бялявіч

"Шырокая, разнастайная і складаная грамадская дзейнасць гэтага выдатнага сына беларускага народа. Кандрат Крапіва – пісьменнік не толькі Беларусі..." Антанас Венцлава, літоўскі пісьменнік

"Крапіва, безумоўна, вялікі майстар байкі і камедыі, але ён і добры лірычны паэт, і цудоўны бытапісец. Дыяпазон яго творчасці вельмі шырокі, таму што пісьменнік шырока глядзіць на жыццё і глыбока пранікае ў яго тайнікі, ён бачыць у ім і гераічнае, і трагічнае, і смешнае".

Пятрусь Глебка

"Для першых гумарэсак К. Крапівы характэрны незласлівыя, жартоўныя інтанацыі".

Янка Казека

"Супраць адсталасці, цемры і забабоннасці вёскі накіраваў гнеўную сатыру Кандрат Крапіва".

Іван Кудраўцаў

"Ён – майстра. Больш таго, ён – чараўнік, якому прырода адкрыла запаветнае слова, здольнае тварыць цуды: рабіць волатам кволага, вяртаць упэўненасць зняверанаму, адкрываць вочы на праўду і крыўду".

Сцяпан Лаўшук

"Яго кожная новая байка была радаснайпадзеяй і для чытачоў, і для ўсіх нас, пачынаючых пісьменнікаў".

Міхась Лынькоў

"Калі б не было Кандрата Кандратавіча, то і мяне не было б, а, можа і ўсіх нас…"

Андрэй Макаёнак

"Ён кожнаму з нас падарыў "акуляры", якія дапамагалі бачыць свет смешным".

Мікалай Матукоўскі

"Байкі і сатырычныя творы Крапівы адразу атрымалі ў літаратуры сталую "прапіску", сталі творамі хрэстаматыйнымі, па якіх вучыцца глядзець на жыццё ўжо каторае пакаленне школьнікаў".

Іван Навуменка

"Стыхія камічнага, якая выбухнула ў крапівінскім таленце, была такой напорыстай, магутнай, што адразу забяспечыла паэту-сатырыку самую шырокую і ўдзячную аўдыторыю. Рагатала ўся Беларусь: байкі, вершы Кандрата Крапівы чыталі, атрымаўшы свежую газету і пасеўшы на прызбе, вясковыя дзядзькі, без іх не абыходзіліся самадзейныя спектаклі, сходкі, з крапівінскімі прыпеўкамі ішлі ў наступ за новы быт рашучыя камсамольцы дваццатых і трыццатых гадоў".

Іван Навуменка

"Можна зайздросціць пісьменніцкаму шчасцю Кандрата Крапівы, але разумней будзе вучыцца ў яго. А вучыцца ёсць чаму, бо Крапіва Кандрат Кандратавіч з тых старэйшых пісьменнікаў, у якіх ёсць чаму вучыцца – гэта школа літаратурная, школа навуковая, школа чалавечая".

Алесь Петрашкевіч

"Цяжка пераацаніць плён сустрэчы тэатра з драматургіяй Кандрата Крапівы. Яна мела найвялікшае значэнне для станаўлення ў тэатры перш за ўсё грамадзянскай тэмы. Праблемы, якія ўзнімаюцца ў п'есах Крапівы, маюць агульначалавечае значэнне. Я як акцёр быў вельмі рады сустракацца з тыповымі, дасканага адшліфаванымі вобразамі".

Барыс Платонаў

"Мы, купалаўцы старэйшага пакалення, з вялікай удзячнасцю і пашанай ставімся да Кандрата Крапівы – мага, чараўніка, які ўзбагаціў нашы думы, веды, абудзіў у нас жаданне ствараць дабро, служыць людзям".

Здзіслаў Стома

"Усё, што створана Кандратам Крапівой у галіне паэзіі, прозы, драматургіі, пад сілу толькі вялікаму арыгінальнаму таленту пісьменніка-наватара, які ўвасобіў у сабе адзінства жыцця і літаратуры".

Вольга Чэрнікава

"Яго творам уласцівы сплаў рэалізму, рамантыкі, гумару, непасрэднасці і філасофскай глыбіні. Яны сугучныя часу і зразумелыя народу".

Вольга Чэрнікава

"Можа, менш, чым пра што, пісалася пра навуковую дзейнасць Кандрата Крапівы.А яна гэткая ж шматабдымная, шматгранная,змястоўная, глыбокая, як і яго творчасць. Акадэмік, шматгадовы віцэ-прэзідэнт АН БССР Кандрат Кандратавіч Астраховіч(Крапіва) зрабіў надзвычай многа не толькі ў развіцці беларускай мовы і навуковага мовазнаўства, у развіцці тэарэтычных праблем літаратуры, але сваёй нястомнай арганізатарскай працай, сваёй вялікай грамадска-партыйнай зацікаўленасцю памог станаўленню і плённаму росту тых галін навукі, пра якія тры дзесяцігодзі назад мы і не марылі. Пры яго ўдзеле Акадэмія навук БССР ператварылася ў вельмі сур'ёзны і вялікі цэнтр тэарэтычнай думкі і практычнага ўвасаблення многіх выдатных ідэй, адкрыццяў, вынаходстваў, якія рухаюць навукова-тэхнічны прагрэс".

Іван Шамякін

"Байкам Кандрата Крапівы суджаны доўгі век не толькі таму, што пісьменнік падгледзеў сюжэты і характары для іх у жыцці, але і таму, што яны створаны на высокім мастацкім узроўні".

Раман Шкраба

"Пад уражаннем прачытанага ён яшчэ ў Койданаўскім гарадскім вучылішчы спрабаваў пісаць сам. Гэта былі вершы з налётам "сусветнай тугі".

Раман Шкраба