Біяграфiя Творы Літаратурна-крытычныя матэрыялы Вершы, байкі Памяці Уладзіміра Караткевіча Галерэя

 

Памяці Уладзіміра Караткевіча

 

 

Мікола Аўрамчык

***

Уладзіміру Караткевічу

Ты ж знаеш,
як паэзію –
у прозе
I прозу –
у паэзіі знайсці...
Трагічнае з камічным,
смех і слёзы
Суседнічаюць побач у жыцці.
Калі прыгадваю,
як нас
стварэнні
3 аўчаркамі,
пад гергетанне:
«Іоз!»
Ганяюць
з аўтаматамі
на Рэйне,
Дык мне цяпер не моташна да слёз;

Але,
калі ўяўлю,
як цэлы статак
Такіх ваякаў,
нібыта авец,
У гэты ж самы час
без аўтамата
Адзін цыбаты малады хлапец,
Узброены вучэбнаю вінтоўкай,
Вядзе па стромкім беразе Дняпра,
Дык мімаволі рассмяюся зноўку...
Няма на свеце ліха без дабра!

 

Рыгор Барадулін

ВАЛУН КАРАТКЕВІЧА

Сізіфава табе вядома праца.
Ты колькі жыў, варочаў валуны, –
Каб пачалі сыны
За розум брацца,
Каб апрытомнелі твае сыны.

Няўдзячнасці глухімі валунамі
Табе плацілі добрыя дзядзькі
За тыя, што даверліва луналі
За хмарамі вякоў,
Твае радкі.

I ён,
Валун знямелага ўтрапення
I плачу нашага,
На грудзі лёг
Тваей магіле.
Сосны прарыпелі,
Жагнаючы зеленарука лёх.

Як возьме
Бог
Сваіх даўгоў папірус,
Згадае і аб нашай старане:
Там Беларусь,
Дзе Караткевіч вырас.
I адпачне
На гэтым валуне.

 

Рыгор Барадулін

Партрэт Уладзімера Караткевіча
ў унтах з двума сабакамі

Каралішчавічы, 1965 год

Прысмірэлі дзве калматыя гурбіны
на нагах
Пабурэлі, як запыленыя фаліянты.
Брэху вольна ў прасторах,
Рэху мякка ў снягах,
Перасіплі вятры на таргах,
Перазяблі паляны...

Зюзя – як цезка паганскага бога –
Мароз
Лічыць сваім
I вітае хвастом адпаведна.
У зборніках рыфму
Правярае на зуб усур'ёз.
А за сталом сам паэта –
Унты на нагах –
Усе, як сабака, ведае.

Зюзя смакуе цукеркі, выцягвае зубы з іх,
Як з гнездаў штэпселі некалі
тэлефаністкі.

А ў паэта ў напамінальніцах запісных
Нумар тэлефона Музы і адрас унізе.
Рэкс з паважнасцю царскай
Сняжынкі есць на ляту,
Аб шарпак апякае, як аб вуголле, лапы.
Так непасрэдна радуецца свайму ж хвасту,
Аж бялюткія хмаркі бягуць
3 ягонай разяўленай ляпы.
Зюзя і Рэкс з недаверам
Абнюхваюць унты,
Калі іх з прагулянкі лясной
Прыводзіць вяльможны паэта.
Гэтаксама снег даганялі
калісьці браты,
А цяпер на нагах дзень пры дні
Шукаюць сюжэты.

Зноў паэта,
Наведаўшы сцішаныя лясы,
Над аблогай паперы
3 ночы ў ноч уздымае паходні.
I ў азёрах вачэй
Пад сярпом схіляюцца каласы,
I Хрыстос наважваецца
Прызямліцца ў Гародні....

 

Серафіма Бестава

Ёсць нам у каго вучыцца

Светлай памяці У. С. Караткевіча

Землякі, з адной крыніцы
Нам свае імгненні піць.
Ёсць нам у каго вучыцца
Мову родную любіць.

Манкурты і палахліўцы,
Вы не множце сваю раць.
Ёсць нам у каго вучыцца
Памяць продкаў шанаваць.

Светлым марам хай бы збыцца,
Каб трывог нам больш не знаць.
Ёсць нам у каго вучыцца
Край, Айчыну паважаць.

 

Анатоль Жук

***

Памяці Уладзіміра Караткевіча

Гордае Слова Памяці нашай,
Песня кахання над сіняй зямлёй,
Голас крыштальны любові і часу,
Музыка слёз над малітвай святой.

Сонечны дар і грымотная просінь,
Вянок васільковы на вечным крыжы...
Госпадзі, толькі адно ў цябе просім:
МАРУ яго ты для нас зберажы!

 

***

Памяці Уладзіміра Караткевіча

Зноў жалобных званоў ускалых,
Як пятлёю, сціскае горла.
Усё меней сяброў жывых.
Усё болей сяброў памёрлых.

Асядае ўспамінаў дым.
Не сустрэнемся, не пагаворым...
Давярайце ж сябрам жывым.
А тым болей – сябрам памёрлым.

Беражыце іх кожны міг,
Разумейце, маўклівых і гордых...
Не мяняйце сяброў жывых.
А тым болей – сяброў памёрлых.

I калі на шляхах крыжавых
Раптам вочы засцеле морак,
Успамінайце сяброў жывых,
Памінайце сяброў памёрлых...

 

Уладзімір Немізанскі

УЛАДЗІМІР КАРАТКЕВІЧ.
НАД ДНЯПРОМ

Тут спазналіся бацькі
ў маладосці.
Тут гулялі ля ракі
ў маладосці.
Маладыя снілі сны
ў маладосці.
Тут пабраліся яны
ў маладосці.

Рагачоў тут і Збароў
Спалучаліся –
Бацька з маці тут Валодзіны
Вянчаліся.

Ён бацькоўскія мясціны
Паважае
I сюды ўжо многа год
Наязджае,
Не адно пражыў тут творчае
Лета,
Не адна тут песня–скарга
Прапета.

Ох, як добра тут, ля вогнішча,
пяецца.
"Ой, ты, коніку, мой коню"... –
Песня льецца.
А пад юшку –
Шклянку вадкасці
Пякучай,
Шклянку вадкасці
Атрутнай,
Ды гаючай.

I размова ля Дняпра
Да світання
Пра жыццё ды пра быццё,
Пра паданні.
Не адно правёў тут творчае
Лета...
Колькі знойдзена ў размовах тых
Сюжэтаў!
У аповесцях – размоў тых адгалоссе...

Толькі болей
У блакнотах
Засталося...

Быў бы талентам я крышачку
Памечаны,
Помнік ставіў бы яму я
Па–над рэчкаю,
Каб ад вогнішча на Днепр
Паглядаў бы
Ды каб "коніку, мой коню"
Напяваў бы
Ці мо думаў пра гаротны лёс Радзімы
Сын Радзімы
Караткевіч Уладзімір,

Не забылі каб і ўсе мы –
Да адзінага –
Рагачоўскія сцяжыны
Уладзіміра.

 

Віктар Шніп

Балада Уладзіміра Караткевіча

Ён паехаў на Прыпяць памерці.
Там у чоўне, як ліст у канверце,
Што напісаны Богам для Бога,
Ён па Прыпяці плыў, як па Леце,
I была яго боскай дарога.
Трапятаў за ім восеньскі вецер,
Нібы сцяг, што над вежай узняты,
Нібы дым, што над комінам хаты,
Дзе ніхто ўжо даўно не бывае,
Куды смерць нават не зазірае.
Ён паехаў на Прыпяць памерці,
Нібы слёзы п’яныя расцерці,
I сказаць, што жыццё, як вадзіца,
У якой рана-позна ўтапіцца
Давядзецца ўсім, хто ў свет з'явіўся,
Хто маліўся і хто не маліўся.
Човен плыў, і глядзелі ўслед людзі,
I знікалі, як крыгі вясною,
А ён быў, а ён ёсць, а ён будзе,
Быццам неба над белай зямлёю,
Дзе ёсць Прыпяць, дзе можна памерці,
Каб у чоўне, як ліст у канверце,
Што напісаны Богам для Бога,
Плыць спакойна і думаць пра многа,
Пра цябе і мяне маладога,
Што яшчэ анічога не знае,
Але ўжо, як паэт, выпівае
I гаворыць, што можна памерці,
Быццам бы малако з вуснаў сцерці,
I памерці ў любую хвіліну,
Ды па п'янцы, а не за Айчыну...
Ён паехаў на Прыпяць, каб жыць,
Каб мяне з табой не разлюбіць,
Быццам неба над белай зямлёю,
Быццам сцяг па-над вежай старою...

 
 

Рыгор Барадулін

АКАФІСТ УЛАДЗІМІРУ

Ён нарадзіўся –
I зрабілася болей на адну зорку
У сузор'і славутых імёнаў Беларушчыны.
Уладзімір Караткевіч прыйшоў,
Каб сцвердзіць жывучасць
I трываласць духу беларускага,
Усёабдымнасць крывіцкага розуму.
Ён быў дойлідам,
Які ўзводзіў светлы гмах,
Цвярды мур для беларускай душы,
Выгнанай з дому свайго чужынцамі.
Ён быў майстрам цяжкой
I няўдзячнай справы –
Лучыў ланцуг часін парваных.
Шчырэў адзін за ўсіх.
Ён быў майстрам
I чаляднікам у сябе ж самога,
Бо памагатых не меў.
Небяспечнай была справа,
Якой аддаў гады свае
Беларускі геній.
Ён быў аратаем,
Які араў дзірваны
Бяспамяцця й знявагі,
Крыўды й абразы.
Ён быў сейбітам,
Які сеяў зерне любові
Да ўсяго роднага, наскага,
Крывіцкага,
Ён сеяў зерне думкі,
А такое зерне дае
Рунь надзеі,
Звышнім пасланы быў нам
Уладзімір, сын Сямёнаў,
Каб не забыліся,
Што мы беларусы,
Што мы народ,
Варты ўвагі сусветнага людства.
Гісторыю твораць асобы.
Уладзімір Караткевіч
Тварыў нашую гісторыю.
Ён зрабіў свой вольны пераказ
Аповесці старавеччыны.
I пераказ гэты быў дакладны,
Бо пераказаны сэрцам,
Закаханым у беларускасць
Сэрцам аднаго
3 найлюбімейшых сыноў Беларусі.
Зямны й даступны ў штодзённым бытаванні,
Уладзімір Караткевіч быў недаступны
Падчас размоваў сваіх з вечнасцю,
Калі адкрываліся яму
Вяршыні горныя ісціны й сэнсу.
Ён падставіў сваё інтэлігенцкае плячо
Пад непамерную ношку,
Якую неслі Кастусь Каліноўскі
I Янка Купала.
Ён нёс і не гнуўся.
Ён нёс свой крыж,
Ён нёс крыж і за нас.
Будзьма любіць Беларусь
I быць ёй адданымі,
Як Уладзімір Караткевіч,
Каб вярнулася святло
У душы нашыя,
Каб цемра ад нас адвярнулася.
На развітанне нястомны працаўнік,
Як трохзор'е,
Як трохзярняцце,
Абраніў трохслоўе:
Быў. Ёсць. Буду.
Гукнем жа услед глыбіннадумцу,
Гукнем яму ў вячніну:
Быў! Ёсць! Будзеш!
Будзеш!
Будзеш!

1995 г.

 

Святлана Басуматрава

Блізкая далячынь

Памяці Уладзіміра Караткевіча

На каляным
Калінавым вецці
Палымяныя гронкі
Гараць.
Ладзіць гуслі нябачныя
Вецер –
Старажытную
Песню зайграць.

Цёплы шалік
Накіну на плечы,
Сяду моўчкі
Бліжэй да агню.
Успаміны
Аб даўняй сустрэчы
Ад сябе я
Дарэмна ганю.

Зноў душа,
Нібы плотачка ў нерат,
У шчымлівы трапляе
Палон.
Каб жыццё сваё
Ведаць наперад...
Ды нікому
Той шлях не відзён.

Не бушуюць
Раўнінныя рэкі,
Ды пад вербамі
Кружаць віры...
Адышоў ты
На вечныя векі.
Ці пайшоў на плытах
Па Дняпры?..
Толькі знік
За крутым паваротам,
Наўздагон
За нязбытнай вясной.
...За балотам,
За чуйным чаротам
Лес цямнее
Зубчастай сцяной.

Нібы замак той чорны
З падання.
Ходзяць здані
Сівых аблачын.
Гэта – родная,
Аж да рыдання,
Сэрцу блізкая
Далячынь.

 

Данута Бічэль

У Гародні вясною
з Валодзем Караткевічам

А прывёз самалёт Валодзю
у Гародню, нібы ў санаторый.
I мы сустракаліся з ім,
дзе прачынаўся Баторый.

Не варухнуліся сфінксы
на варотах Аўгуста Трэцяга.
Сустракаліся і размаўлялі
на руінах муроў, на хрыбеціне.

А з бессмяротных стагоддзяў
зарыкаў не забіты тур.
Ланцуг крыжакоў прыходзіў –
іх у Нёман адкінуў мур.

У касцёле нашым Апосталы
нас прымалі ў святы свой рад.
Да Святога з Вечнаю Кнігай
быў падобны Валодзя, мой Брат.

 

Анатоль Канапелька

Хрыстос прызямліўся ў Гародні

Уладзіміру Караткевічу

Хрыстос прызямліўся ў Гародні.
I, збудзіўшы святыя сны,
запалалі паходні
мужыцкай вайны.

Праведнікі, ліхадзеі,
злодзеі, басякі
раскрыжавалі надзею
вызваліцца на вякі.

Гудуць набатна ў Гародні
разгневаныя званы –
узнімаецца люд гаротны
скінуць з сябе кайданы.

Пакутнікі і святаборцы
на дзіды ідуць і мячы
за месца сваё пад сонцам,
каб душы свае зберагчы,

смагу свабоды спатоліць,
узвысіцца да нябёс...
Іх бласлаўляе на волю
з замкавай вежы
Хрыстос.

 

Сяргей Панізнік

Кругі застыўшага рэха

У. Караткевічу

На прыберагу вогнішчы палілі.
Узнёсла людзі размаўлялі з рэхам
затокаў выгінастае ракі
і парасніка па-над жоўтай стромай.
Але ад воклічаў, неасцярожных рухаў
з абрыву заструменіў жаўтапесак
цяжкім надавам на усплескі вогнішч.
I доўга шчэ курчавілі дымы,
з-пад жвіру завільжалага цурчэў
глыбінны жар на рыхлыя бугры.
I людзі, адыходзячы ў маўчанне,
адзначылі застыглым рэхам круг,
дзе толькі што спявалі свае песні.
Каб некалі шукальнікі ў раскопках
убачылі пад знятымі пластамі
адмеціны ад полымя агнёў,
узнялі несатлелае вуголле...
I выпусцілі з прысыпу жарствы
засмужаныя выгукі узлескаў,
вясновы пах чаромхавай кары
і рэха, ачунелае на сонцы.

 

Вольга Чарнышова

***

На Беларусі Бог жыве...
У. Караткевіч

А дзе ж той Бог, што тут жыве?
А дзе ж яго святая сіла?
Няўжо ж яшчэ і той крыві,
Што пралілася, не хапіла,

Каб зразумець сваю зямлю,
Каб палюбіць? Напэўна мала.
Ну дык няўжо дарма жылі
I Караткевіч, і Купала?

Ды не, пакуль жывуць з табой
Твае паданні, казкі, песні
На мове велічнай тваёй,
Ты не памрэш, ты зноў ўваскрэснеш,
Ты сто разоў яшчэ ўваскрэснеш
3 агню, святая Беларусь!

 

Іван Чыгрын

Без Караткевіча праз Оршу

Балючыя рэкі...
Балючыя рэкі...
Балючая Орша...

Нашто мне вас бачыць?
Нашто мне вас чуць?
А рэйкі гамоняць...
А колы бягуць...

Балючы Валодзя...
Няпросты партрэт!
Высокі, як свет.
Балючы вагон.
Балючы перон.

Бязмежнасць прастору,
Імклівы разбег...
Вясёлы, як снег.
Шчаслівы, як смех.

 

Віктар Ярац

Святло Беларусі

Памяці сейбіта

Цешыцца:
– Не ўстоіш на нагах! –
Гандляроў абложная навала.
Як паходні, асвятляюць шлях
Каліноўскі, Колас і Купала.

Скроні болем апячэ не раз –
і дакор, і роспач ці адгоніш?
Промнямі надзеі ў змрочны час
глянуць Багушэвіч, Багдановіч.

I ўсміхнецца хмурны далягляд,
і ў жыццё, і ў чалавека верыш –
гэта пасылаюць свой пагляд
Караткевіч, Адамовіч, Мележ.

На выставе прадстаўлены вершы, цытаты беларускіх паэтаў і празаікаў, прысвечаныя Уладзіміру Караткевічу з фонда УК "Магілёўская абласная бібліятэка імя У.І. Леніна".