Могилевская областная библиотека
им. В.И.Ленина
Русская версия Беларуская версія Версия сайта для слабовидящих

ВИРТУАЛЬНЫЕ ВЫСТАВКИ - ПЕРСОНАЛЬНЫЕ

Беларускі байкапісец Кандрат Крапіва
Біяграфiя ТворыВершы Галерэя

Вершы

Першая клятва
(Родная мова)

Як ты дорага мне, мая родная мова!
Мілагучнае, звонкае, спеўнае слова!

Ты калісьці з калыскі мяне падымала
I вучыла ў бацькоў на руках гаварыць.
У жыцці маім слова найпершае "мама"
I цяпер для мяне сама міла гучыць.

Я па літарах родных вучыўся чытаць,
I буквар для мяне быў жыцця палавінай.
Быў шчаслівы я роднаю мовай сказаць
Першы раз: "Беларусь, мая сонца-краіна!"

I цяпер для мяне ты з усіх прыгажэй,
Хоць, я ведаю, моваў на свеце нямала,
I з усіх песняроў мне мілей і бліжэй
Роднай мовы пясняр — неўміручы Купала,

А задумае вораг з далёкага краю
Апляваць, адабраць, знішчыць мову маю —
He дазволю.
He дам.
He прадам.
He змяняю.
I да смерці за волю тваю пастаю!
1947 г.

 

У бацькоўскім кутку

У бацькоўскім кутку —
Краі слынных бароў —
Помню ўсмешку тваю,
Позірк, ясны без слоў.

Выйду ўранку зару
Сустракаць за сяло —
Тваіх рук, мілых рук
Прыгадаю цяпло.

Салаўі запяюць
На аселіцы дзесь, —
Чую песню тваю,
Заварожаны ўвесь.

Зажурчыць ручаёк —
Аж у сэрца кальне,
Быццам гэта тваё
Слова ласкі ка мне.

У бацькоўскім кутку
Водар зёлак лясных
Я ўдыхаю, я п’ю,
Нібы з вуснаў тваіх.

Ціхі ветрыка лёт,
Што галубіць зямлю,
Як дыханне тваё,
Пераймаю, лаўлю.

Прыйдзе зорная ноч,
Цішай дол ахіне —
Сваіх воч, карых воч
Не адводзь ад мяне.

І праз далечаў даль,
І скрозь морак начны —
Я змагу разгадаць,
Што мне скажуць яны.
1956 г.

 

А ў полі вярба

Рыгору Раманавічу Шырму

Пякло нясцерпна. Млела ўсё навокал,
Нібы зямлю хто варам абварыў.
Як з рупараў, з паадчыняных вокан
Плыў голас: дыктар штосьці гаварыў.

Пасля раздольна песня загучала.
Здалося, лівень хлынуў з вышыні!
Яе мне маці некалі спявала,
Спрадаючы кужэльнай ніткай дні.

Ах, песня маці! Я забыў на стому,
Забыў на млявасць, што ўсяго звяла.
Мяне сцяжынка ўжо вяла дадому,
У бацькаў двор аселіцай вяла,

Дзе на траве бялеюць ранкам росы,
Дзе кладкі выгнутыя над вадой,
Дзе й я калісьці — загарэлы, босы —
Каня паіў з дзяўчынай маладой...

Дыхнула свежасцю — і лёгка стала,
Пачуўся лесу пошум, плёскат рэк...
Мой родны край, мая зямля спявала,
Мая любоў, адзіная навек!

А я... здалося, піў, прыпаўшы ніцма
Да ручая з крынічнаю вадой...
Мы часта ў спёку ходзім паўз крыніцу,
Але ці часта п’ём з крыніцы той?
1959 г.

 

Мара Скарыны

Марыў калісьці славуты Скарына,
"Ціснучы" кнігі на мове бацькоў:
Простаму люду ў роднай краіне
Зробіць даступнай ён мудрасць вякоў.
Толькі радзіму сваю ў ліхалецці
Мара яго абляцець не магла:
Білася роспачна птушкай у клетцы,
Вочы ж бядоты сляпіла імгла.
Думалі, згіне, як статак, нямое
Племя пакорнае ў вечным ярме.
Колькі іх мужных, што матчынай мове
Шлях пракладалі і змёрлі ў турме!..
Ды разгулялася плынь веснавая —
Змыла пакутнай няволі сляды,
І ўстрапянулася мара жывая,
І абляцела ўвесь край малады!
Сталі даступнымі простаму люду
Мудрасці скарбы са свету ўсяго —
Каб ні ярма, ні імглы, ні аблуды
Болей не зведала доля яго!
1962 г.

Мой белы дзень

І я стаяў над прорвай роспачы,
І ноч мне цемрыла душу,
І думаў, ліст слязою росячы:
Нічога больш не напішу.
Але вяртаўся промень страчаны,
У сэрцы плавіўся лядзень,
І зноўку вера ў слова матчына
Свяціла мне, як белы дзень!
1975 г.

 

Лёс і песня

Я аглядаў чужыя гарады,
Не нашы помнікі не нашай славы —
І быў ад крыўды зрок слязой засланы,
І біў у скроні думкі ток круты:

Нелітасцівы быў наш лёс, браты:
Красу, што продкі з любасцю стваралі,
Чужынцы з лютасцю агнём сціралі,
Каб не ўцалелі нават і сляды.

Але сціхаў няўчуты крык бяды —
І паўставала з небыцця нанова
Краса ў абліччы каменя і слова,
Каб зноў зрабіцца прахам праз гады.

І зноў клаліся прадзеды-дзяды:
"Сто раз памром, а не пакінем верыць
У нашу заўтрашнюю славу-веліч,
У нашы заўтрашнія гарады!.."

І зноў нам свеціць ранак малады,
Свой новы лёс народ упарта творыць.
Адкуль жа ў песні праступае горыч?
З глыбінь вякоў... Там — бездань гаркаты.
1983 г.

 

* * *

О, Беларусь!
Мой лёс,
Мой вечны боль,
Мая невыспеваная давеку
Песня!
Зноў чую;
Сэрца поўніцца табой
Разломна —
Як рака парой прадвесня.
1986 г.


Скора, скора

Каму вас, песні ?..
Янка Купала


Скора, скора я, выкляўшы касту,
Што загнала народ у бяду,
Набяру сваіх песень у кайстру
І з кавенькай па краі пайду.
Я іх пеў і бадзёра і сумна,
На людзях і ў самотнай глушы.
Можа, часам не вельмі і ўдумна,
Ды заўсёды — ад шчырай душы.

Дзесь на плошчы, наўпроць рэстарана,
Выму з торбы іх, раб хараства,
Дый звярнуся да тлустага пана:
"Можа, купіце — з ласкі Хрыста?"

І пазнаю яго, і з агіды
Скалануся і сплюну да ног:
Гэта ж той графаман прагавіты,
Што нядаўна ад зайздрасці дох...

Пераксціўшыся, сцісну кавеньку
Дый падамся паціху далей.
І ні стогну, ні плачу, ні енку
Крыўда-роспач не вырве з грудзей.

Пра адно буду думаць са страхам,
Каб не ўбачыла тая, крый Бог,
Што сказала мне колісь: "Ты графам
Будзеш жыць без бяды і турбот".
1992 г.

 

Санет Адаму Міцкевічу

Ты нарадзіўся ў сэрцы Беларусі.
Тваёю першай нянькаю былі
Яе паданні, што наўкол жылі,
Яе напеў, якім звінелі гуслі.

Суровы краю лёс цябе прымусіў
Пець не на мове роднае зямлі,
Бо нашых прадзедаў у зман звялі,
Бо душы іх нячысцік збаламуціў.

І ўсё-ткі лёс аддзячыў нам, няйначай:
Так, волатам ты ўзрос на ніве нашай,
Каб славе Польшчы паслужыць пяром,
Але, вялікі і ў любві і ў скрусе,
Ты стаў і вечнай славай Беларусі —
Яе красы чароўнай песняром.
1992 г.

 

* * *

Родная, мілая, любая!
Свет заімгліўся журбой.
Непагадзь страшная, лютая
Нас не мінула з табой.
З яснае пэўнасці выбіла.
Згасла вясёлка-дуга.
Вочы праменныя выпіла
Чорная скруха-туга.

Мілая, любая, родная!
Як ты далёка была!
Як, непрытульна-халодная,
Вечнасць марудна плыла!
Днямі пустынна-вятрыстымі
Стыла ў самоце душа,
Покуль, як лодка да прыстані,
Радасць да сэрца ішла.

Любая, родная, мілая!
Зноў я адчуў, што жыву.
Ясніцца далеч імглівая.
Свет разганяе журбу.
Холад далоняў не выстудзіў.
Сівер не выдзьмуў цяпла.
Д’ябал у Бога не высудзіў
Тое, што ты мне дала.
22 мая 1994 г.

* * *

Івану Мележу

Як чараўніца на нябачных кроснах,
Ноч тчэ над лесам цёмны полаг свой.
Во — чуцен шоргат панажоў марозных,
Во — зарыпеў прастуджана навой. У край маленства памяць адбягае.
І тчэ і тчэ старую казку ноч,
І ў мутных хмарках месячык мільгае,
Як паміж ніцяў срэбраны чаўнок.
1970 г.

Першы вясновы лівень

Яго чакалі мы на кожным дні,
І ўсё ж уразіў ён, як нечаканасць:
Густы і цёплы, хлынуў з вышыні —
Змываць пазім’е, разганяць заспанасць.

І ты, пад музыку мільёнаў струн,
Шчаслівы, шэпчаш: "Верце, людзі, верце —
У дружны рост усходаў і задум,
У добры плён на ніве і на сэрцы!"
1973 г.

 

* * *

Пімену Панчанку

Вясковы ранак на пачатку чэрвеня,
З пары маленства выкліканы памяццю:
Каровы пасвяцца па роснай шэрані,
З сяліб дымкамі цягне — печы паляцца,

А росы колкія — аж бегчы хочацца,
А неба сіняе — аж перасінена...
Вясковы ранак — як маленства, сонечны,
І беларускі — як усмешка Пімена.
1973 г.

 

* * *

Памяці Максіма Гарэцкага

Дзе вы, дбайныя рупліўцы гоняў родных?
Мы сягоння ў працы побач быць маглі б.
Маладых яшчэ скасілі вас нягоды,
Адарваўшы ад бацькоўскіх гнёзд-сяліб.

Але вера, што калісьці вас натхняла
У вялікаснай сяўбе і на жніве, —
Тая вера не памерла, не сканала:
Тая вера, тая вера ў нас жыве!
1974 г.

 

* * *

Не дачакаўшыся сыноў адтуль —
З вайны вялікай, з прорвы апраметнай,
Сышлі ў магілу тысячы матуль —
Марыль, Парасак, Кацярын, Настуль —
Сышлі звычайна, ціха, непрыкметна,
Як і жылі пад зоркай пракаветнай...
Што ў міг апошні думалі яны?
Што іх дзяцей не будзе ля труны.
1974 г.

 

У вянок Мікалаю Мікалаевічу Улашчыку

Калі б з нас кожны гэтак жыў, як ён,
І роднай мовай даражыў, як ён,
І гэтак жа, як ён, знаў свой народ
І шанаваў свой беларускі род,
І годнасць гэтак жа высока нёс,
І гэтак мужна ўсе змагаў нягоды, —
О як бы сёння наш свяціўся лёс!
Які б прыгожы ў нас быў плён Свабоды!
1995 г.

 

Янішчыц Жэні томік...

Янішчыц Жэні томік разгарну
З аўтографам удзячнасці сардэчнай —
І зноў і зноў ад болю застагну,
Бы ад пакутнай раны невылечнай.

Як токам памяць б’е — даткнуся ледзь.
Нібы за іншых больш быў я ў адказе.
Яе адчай так слепа праглядзець
Не мелі права мы ні ў якім разе.

Яна любоў дарыла нам штодня
У родным слове, роўным самацвету,
І ўсё ж была адна — кругом адна:
На ўсю паэзію! На ўсю планету!

Ах, мітусня, праклятая стакроць!
І ў тысячны ты будзеш раз праклята!
Ды што з таго? Ці многіх нас, Гасподзь,
Бліжэй к Табе прыўзнесла гэта страта?
1996 г.

 

* * *

Мілая мая! Той верш, якога
Ты чакаеш цягам доўгіх дзён:
Ну калі ж, калі ўжо блісне ён? —
Не складу я: страціў ласку ў Бога.

Перш, нібы і ў згодзе з творчым крэда,
Радасць хлынула — каб прагучаць.
Атрымалася ж — не прачытаць:
Як па белай кафлі белай крэйдай.

Потым, волю зацугляўшы цуглямі,
Выйсце смутку даў, якім прасяк...
Зноўку выйшла невыразна так,
Як па чорнай дошцы чорным вугалем.
Снежань 1996 г.

 

Дух Бацькаўшчыны

Адкуль бярэцца ён? З травы і зёлак,
З лясоў, што засланяюць небасхіл,
З крыніц бруістых, з тоняў у азёрах,
З крыжоў збуцьвелых і з саміх магіл.

Куды ні ступіш — скрозь і ўсюды чутна
Яго ўсяіснасць. Так задумаў Бог, —
Каб, як бы ні было табе пакутна,
Свой родны край ты разлюбіць не змог.
2002–2003 г.

Президент Республики Беларусь Министерство культуры Республики Беларусь Могилевский областной исполнительный комитет Национальная библиотека Беларуси Науиональный правовой интернет-портал