ВИРТУАЛЬНЫЕ ВЫСТАВКИ - ПЕРСОНАЛЬНЫЕ

"Я праўду сэрца адкрываю свету"
Біяграфiя ТворыВершы Галерэя

Яго творы

Гілевіч, Н. Выбранае [Гуказапіс] : аўдыякніга / Ніл Гілевіч. — Мінск : БелТонМедыа, [2013]. — 1 гукавы дыск (1 гадз. 35 хв.). — (Серыя "Голас паэта").

Аудыякніга серыі "Голас паэта", прысвечаная народнаму паэту Беларусі Нілу Гілевічу, змяшчае вершы, якія чытае сам аўтар.

Гілевіч, Н. С. Збор твораў : у 23 т. / Ніл Гілевіч ; мастак В. Корзун. — Мінск : Пантограф, 2010. — Т. 2 : Паэзія. Вершы, 1991–2010. — 496 c.

Што ж цяпер?
Пра душу успомнілі, панове?
Што вы хочаце зь яе спытаць –
Вамі ж, вамі, душ уладарамі,
Безьліч раз цынічна згвалтаванай,
Збэшчанай, растурзанай, зьнявечанай,
Змучанай, прыбітай, здратаванай,
Між хлусьнёй і праўдаю раздвоенай,
А нарэшце і расчвартаванай
На крыжы... О, так, на тым жа самым...
Што ж цяпер вам трэба ад яе,
Што нарэшце ўспомнілі?
Панове?
Том 1. Паэзія. Вершы. 1946—1990.

Гілевіч, Н. Збор твораў : у 6 т. / Ніл Гілевіч ; прадмова У. Конана. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1996. — Т. 1 : Вершы, паэмы. — 350 с. : іл.

У першы том Збору твораў народнага паэта Беларусі Ніла Гілевіча ўвайшлі вершы, паэмы "Сто вузлой памяці", "Гарыць, гарыць мая Лагойшчына", "А дзе ж тая крынічанька?" і інш.
***
І я стаяў над прорвай роспачы,
I ноч мне цемрыла душу,
I думаў, лiст слязою росячы:
Нiчога больш не напiшу.
Але вяртаўся промень страчаны,
У сэрцы плавiўся лядзень,
I зноўку вера ў слова матчына
Свяцiла мне, як белы дзень!

 

Гілевіч, Н. Выбраныя творы / Ніл Гілевіч; уклад., камент. Н. Гілевіча; прадм. У. Конана. — Мінск: Кнігазбор, 2009. — 600 с. : [8] с. іл. — ("Беларускі кнігазбор": Серыя 1. Мастацкая літаратура).

Кнігу выбраных твораў народнага паэта Беларусі Ніла Гілевіча cклалі найбольш значныя творы розных жанраў — вершы, паэмы, раман у вершах "Родныя дзеці", празаічная аповесць "Перажыўшы вайну", эсэ пра славутых дзеячаў літаратуры, публіцыстыка.

Гілевіч, Н. С. Выбраныя творы : у 2 т. / Ніл Гілевіч. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1991.  — Т. 1 : Вершы, паэмы, п’есы. — 478 с. : [1] л. партр.

У двухтомнік выбраных твораў народнага паэта Беларусі ўключаны лепшыя творы, напісаныя на працягу сарака гадоў яго творчай дзейнасці. У першы том увайшлі вершы, паэмы і п’есы.
Вясна
Аж глушыць
Птушы грай прылётны!
Па жаўруковаму званку
Вясна кужэльныя палотны
Скачала ў трубы — I ў раку.
Дыміцца, томячыся, поле.
Свіціцца зелень першых траў.
Ізноў вачам уцехі болей,
Рукам і сэрцу— Болей спраў!

Гилевич, Н. Избранное : стихотворения, поэмы / Н. Гилевич; вступительная статья Д. Павлычко ; перевод с белорусского. — Москва : Художественная литература, 1987. — 414 с.

В настоящее издание стихов Нила Гилевича вошли стихотворения и поэмы, написанные в 1947—1986 гг.

Тематика поэзии Н. Гилевича традиционна для советских поэтов — Родина, любовь, личность и общество, нравственные заповеди. Однако обозначено в его творчестве и то, что характерно именно для его родного народа, богатейшее устное поэтическое творчество: боль и печаль народных песен, вековая мудрость, обретенная белорусами в борьбе за право сохранить свой национальный облик.

 

Гілевіч, Н. Вечны матыў : лірыка, паэмы, раман у вершах / Н. Гілевіч ; мастак А. У. Басалыга. — Мінск : Юнацтва, 1994. — 271 с. — (Школьная бібліятэка).

У гэтае выданне ўвайшлі лепшыя вершы і паэмы, а таксама раман у вершах "Родныя дзеці" народнага паэта Беларусі Ніла Гілевіча.

Гілевіч, Н. Выбар / Н. Гілевіч. — Мінск : Беларусь, 1993. —248 с. — (Плошча Свабоды).

У кнізе публіцыстыкі народнага паэта Берарусі Ніла Гілевіча змешчаны найбольш значныя артыкулы, прамовы, інтэрв'ю за апошнія некалькі гадоў, а таксама тыя з іх, якія ў свой час па цэнзурных меркаваннях у друк не трапілі. Асноўныя тэмы зборніка — лёс беларускай зямлі, адраджэнне гістарычнай памяці народа, яго нацыянальнай самасвядомасці, мовы, культуры.

Гілевіч, Н. Вяртанне і працяг: з публіцыстычнага дзённіка / Ніл Гілевіч. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1990. — 342 с.

Кніга публіцыстыкі Ніла Гілевіча прысвечана вострым праблемам нашага дня. Аўтар выяўляе ўнутраны неспакой, клопат, трывогу за народ і яго культуру, экалагічную абстаноўку, эканамічнае становішча рэспублікі.

Чытач адчуе боль пісьменніка за руйнаванне, ператварэнне ў стайні старажытных храмаў, за страчанае чалавекам самаадчуванне гаспадара сваёй зямлі, за занядбаную айчынную гісторыю, нацыянальную памяць. Галоўны ж клопат аўтара — родная мова.

Гілевіч, Н. Годнасць, сумленнасць, мужнасць : публіцыстыка / Н. Гілевіч. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1988.— 319 с.

У кнігу вядомага беларускага паэта Ніла Гілевіча ўвайшлі артыкулы і выступленні сярэдзіны 80-х, прысвечаныя надзённым праблемам сацыяльна-маральнага і духоўнага развіцця грамадства.

Гілевіч, Н. Запаветнае : лірыка / Ніл Гілевіч. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1975. — 192 с.

Зборнік выбранай лірыкі ўключае ў сябе вершы, напісаныя аўтарам з часоў юнацтва да 1975 г.

Гэта шчырае, сардэчнае прызнанне ў любві да роднага краю, яго цудоўнай прыроды, гераічных і працавітых людзей, роздум над сучасным жыццём.

Гілевіч, Н. Кантора : сатыра і гумар / Н. Гілевіч. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1989. — 166 с.

З пазіцый здаровага народнага погляду на жыццё аўтар высмейвае розныя негатыўныя з'явы нашай рэчаіснасці, малюе запамінальныя тыпы прайдох ад навукі, культуры, літаратуры, хапуг, кар'ерыстаў, бюракратаў, пустазвонаў.

Напісаныя ў фальклорных традыцыях сатырычныя і гумарыстычныя творы Ніла Гілевіча чытаюцца з цікавасцю, запамінаюцца.

Гілевіч, Н. Лесам песня ішла : вершы / Н. Гілевіч ; мастак Г. Грак. — Мінск : Кніга, 2001. — 324 с. — (Скарбы беларускай літаратуры і фальклору).

У кнігу "Лесам песня ішла..." паэта Ніла Гілевіча ўвайшлі яго лепшыя лірычныя творы напісаныя за 50 гадоў, у тым ліку вершы ў аблюбаваных ім формах васьмірадкоўя (раздзел другі) і сямірадкоўя (раздзел трэці).

Гілевіч, Н. Любоў прасветлая : роздумы ў вершах і прозе аб роднай мове. Лірыка-публіцыстычная хроніка : 1947–1995 / Н. Гілевіч. — Мінск : Навука і тэхніка, 1996. — 544 с.

Кніга народнага паэта Беларусі Н. С. Гілевіча пісалася амаль паўстагоддзя. Яна не толькі ярка выяўляе яго сыноўнюю любоў да роднай мовы, яго грамадзянскую заклапочанасць яе лесам. У кнізе — назіранні, думкі і высновы аўтара па такіх праблемах, як мова і дзяржава, мова і гістарычны лёс народа, мова і асоба чалавека, мова і нацыяльная культура, мова і школа, мова гутарковая і літаратурная, мова як рабочы інструмент пісьменніка і інш.

Разлічана на шырокае кола чытачоў.

Гілевіч, Н. Мой белы дзень : кніга пра фальклор і мову нашай Бацькаўшчыны / Н. Гілевіч ; мастак I. I. Бокій. — Мінск : Юнацтва, 1992. — 334 с.

У кнізе дадзены лаканічныя характарыстыкі ўсіх жанраў вуснай народнай творчасці, яе ўзоры, а таксама творы паэта, у якіх выказваюцца яго думкі і пачуцці, трывога і клопат пра будучае роднай мовы.

16. Гілевіч, Н. На высокім алтары : новая кніга паэзіі / Н. Гілевіч. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1994. — 142 с.

Свае думкі і адчуванні, народжаныя складаным жыццём сучаснага грамадства, прыносіць Ніл Гілевіч на высокі алтар паэзіі. Боль і гнеў, вера і надзея, каханне і захапленне, пяшчота і замілаванне, туга і расчараванне — увесь спектр абвостраных пачуццяў адбіваецца ў лірычных, філасофскіх і публіцыстычных вершах, уключаных у гэту кнігу.

Гілевіч, Н. С. Паэтыка беларускіх загадак / Н. С. Гілевіч. — Мінск : Вышэйшая школа, 1976. — 128 с.

Работа з'яўляецца першым у беларускай фалькларыстыцы спецыяльным даследаваннем паэтыкі беларускіх загадак. Асвятляюцца такія пытанні, як працоўная аснова загадак, грамадскія іх функцыі ў розныя гістарычныя эпохі, паходжанне загадак і сувязь з розными жанрамі фальклору, мастацкая спецыфіка загадак, спосабы і сродкі вобразатворчасці ў іх, рытмічная і гукавая арганізацыя, мова загадкавай паэзіі.

Кніга адрасуецца фалькларыстам і літаратураведам, студэнтам-філолагам, настаўнікам сярэдніх школ і ўсім, хто цікавіцца праблемамі паэтычнага майстэрства, народнага слоўнага мастацтва.

Гілевіч, Н. Перажыўшы вайну : аповесць у абразках памяці / Ніл Гілевіч ; мастак В. П. Масцераў. — Мінск : Юнацтва, 1988. — 222 с.

Кніга прозы вядомага беларускага паэта — пра пасляваеннае юнацтва, з роздумамі пра дзень сённяшні.
I ўсё, што напісана аўтарам "пра час і пра сябе", успрымаецца як вобраз пакалення, тых юнакоў і дзяўчат, якім, перажыўшы вайну, давялося яшчэ перажыць цяжкасці і нягоды пасляваенных гадоў.

Кніга аўтабіяграфічная, толькі некаторыя імёны, па зразумелых прычынах, заменены.

Гілевіч, Н. Покліч жыцця і часу : публіцыстычныя выступленні і артыкулы / Н. Гілевіч. — Мінск : Беларусь, 1983. — 239 с.

Зборнік публіцыстычных выступленняў і артыкулаў асвятляе актуальныя пытанні сягонняшняга жыцця беларускай савецкай літаратуры, развіцця культуры і мастацтва, а таксама праблемы ўзаемапранікнення братніх літаратур, творчай садружнасці. Ідзе гаворка аб творчым шляху некаторых пісьменнікаў нашай рэспублікі, рэспублік-сясцёр, краін сацыялістычнай садружнасці.

Аўтара глыбока хвалюе грамадзянская пазіцыя не толькі пісьменніка, але ўвогуле кожнага чалавека.

Гілевіч, Н. Родныя дзеці : паэмы / Ніл Гілевіч. — Мінск : Кніга, 2001. — 448 с. : іл. — (Народная бібліятэка).

У кнігу серыі "Народная бібліятэка" ўвайшлі буйнажанравыя творы Ніла Гілевіча, у якіх яго шматгранны талент паўстае перш за ўсё ў эпічнай іпастасі.

Гілевіч, Н. Родныя дзеці : раман у вершах / Н. Гілевіч. — Мінск : Мастацкая літаратура, 2010. — 199 с.— (Школьная бібліятэка).

У кнігу ўвайшоў раман у вершах "Родныя дзеці" — адзін з самых папулярных паэтычных твораў, сацыяльна маштабны, па-філасофску заглыблены, лірычна-пяшчотны.

Чытаць раман

Гілевіч, Н. Сказ пра Лысую гару : у апошняй аўтарскай рэдакцыі / Ніл Гілевіч. — Мінск : Белфранс, 2003. — 48 с. : іл.

Паэма народнага паэта Беларусі Ніла Гілевіча "Сказ пра Лысую гару" больш за 30 гадоў існавала як твор Францішка Ведзьмака-Лысагорскага. '

Дзякуючы яркім сатырычным і гратэскавым фарбам яна набыла ў Беларусі незвычайную папулярнасць, стала, бадай, першым паэтычным бэстсэлерам.

Гілевіч, Н. У добрай згодзе : лірыка, гумар, сатыра / Н. Гілевіч. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1979. — 144 с.

У кнізе Ніла Гілевіча аб'яднаны творы лірычныя, гумарыстычныя і сатырычныя. Памяць вайны, шматграннае, духоўна напружанае жыццё сучасніка, дружба народаў-братоў — асноўныя тэмы двух першых раздзелаў. У трэцім і чацвёртым раздзелах гучаць інтанацыі з'едліва-іранічныя і дабрадушна-вясёлыя, разлічаныя на аматараў вострага і дасціпнага слова.
У доктара
— Памажыце, доктар: нешта
З мужам сталася маім.
Захварэў, відаць, нядобра...
— Ну, а што ж такое з ім?

— Ды, бывае, тры гадзіны
Языком я малачу,
А пасля — гляджу і бачу:
Ён ні слова не пачуў!

Гілевіч, Н. У гэта веру : літаратурная крытыка і публіцыстыка / Ніл Гілевіч. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1978. — 288 с.

У кнігу ўключаны крытычныя і публіцыстычныя артыкулы пра паэзію. Гэта кніга назіранняў і роздуму пра паэзію, праблемы, якімі яна жыла, пра паэтычнае майстэрства класікаў і тагачасных аўтараў, кніга публіцыстычных выступленняў пра паэзію і літаратуру.

Асноўны змест кнігі — сцвярджэнне высокай ідэйна-эстэтычнай ролі паэзіі ў духоўным жыцці грамадства.

Гілевіч, Н. Удзячнасць і абавязак : літаратурна-крытычныя артыкулы і нататкі / Н. Гілевіч. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1982. — 302 с.

Кнігу літаратурнай крытыкі Ніла Гілевіча склалі артыкулы, прысвечаныя паэтычнаму майстэрству Купалы, Цёткі, Багдановіча, Куляшова, Панчанкі, Маякоўскага, Ісакоўскага, Вапцарава і іншых славянскіх паэтаў, пытанням мастацкага перакладу, сувязям сучаснай паэзіі з фальклорам.

Кніга аб ім

Сіненка, Г. Д. Ніл Гілевіч : нарыс творчасці / Г. Д. Сіненка. — Мінск : Вышэйшая школа, 1981. — 270 с.

Кніга прысвячаецца творчасці вядомага беларускага паэта Ніла Гілевіча. Асноўная ўвага ўдзяляецца аналізу яго лірыкі, сатырычных і гумарыстычных твораў, паэм, твораў для дзяцей. Характарызуецца таксама дзейнасць Гілевіча як перакладчыка паэзіі славянскіх народаў, фалькларыста, літаратуразнаўца, крытыка і публіцыста.
Прызначаецца крытыкам, літаратуразнаўцам, студэнтам-філолагам, усім аматарам паэзіі.

Президент Республики Беларусь Министерство культуры Республики Беларусь Могилевский областной исполнительный комитет Национальная библиотека Беларуси Науиональный правовой интернет-портал