Іван Чыгрынаў - "Не зарастае памяць забыццём"

Аддзел інфармацыйных рэсурсаў прапануе віртуальную выставу "Не зарастае памяць забыццём", прысвечаную 80-годдзю з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі, празаіка, драматурга, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР, лаўрэата літаратурнай прэміі імя А.А. Фадзеева Івана Чыгрынава.

Народны пісьменнік Беларусі Іван Чыгрынаў працягнуў справу Кузьмы Чорнага, Iвана Мележа, Васіля Быкава ў стварэнні народнага эпасу, які дакладна выяўляе нацыянальную душу беларусаў, іх менталітэт. Таленавіты, самаадданы, неардынарны мастак слова – аўтар шматлікіх апавяданняў, раманаў, п'ес, кінасцэнарыяў, крытычных і публіцыстычных артыкулаў – грунтоўна выпісаў Беларусь і беларусаў у віры розных падзей: у часы сівой даўніны, у гады ваеннага ліхалецця, у часы пасляваеннай галечы і ў 80-90-я гады XX стагоддзя.

Імя класіка беларускай літаратуры шырока знаёма шматлікай аўдыторыі чытачоў дзякуючы такім яго творам, як "Плач перапёлкі", "Апраўданне крыві", "Свае і чужынцы", "Вяртанне да віны", "Не ўсе мы згінем". У іх аўтар незвычайна драматычна апісвае Вялікую Айчынную вайну і глыбока даследуе характары герояў, паказвае іх змаганне і непахісную веру ў перамогу над ворагамі. Яго героі адначасова звычайныя і незвычайныя людзі, якіх мы сустракаем у паўсядзённым жыцці, з якімі мы жывём побач – дарослыя і дзеці, сяляне і гарадскія жыхары.

Віртуальная выстава складаецца з трох раздзелаў і змяшчае шэрг матэрыялаў (кнігі, артыкулы з часопісаў і зборнікаў, фотаздымкі розных гадоў) аб жыцці і творчасці таленавітага беларускага пісьменніка, празаіка і драматурга.

Прадстаўленыя на выставе звесткі прызначаны як для спецыялістаў у навуковай, педагагічнай і культуралагічнай сферы, студэнтаў, навучэнцаў гімназій, каледжаў, школ, так і для шырокага кола аматараў творчасці І. Чыгрынава.