Выбярыце раздзел:


Ад родных ніў, ад роднай хаты
У панскі двор дзеля красы
Яны, бяздольные, узяты
Ткаць залатые паясы.
М. Багдановіч

У вянок М. Багдановічу

На выставе прадстаўлены вершы, цытаты беларускіх паэтаў і празаікаў, прысвечаныя Максіму Багдановічу
з фонда УК "Магілёўская абласная бібліятэка імя У.І. Леніна".

 

Аляксей Пысін

***

Ўкраіне светлай, дзе я ўміраю...
Максім Багдановіч

Кіпарысы. Смуга. Павалока.
Hi дубоў, ні світальных зязюль.
Так няблізка і так недалёка
I лясы, і зязюлі адсюль.

Свет пясчынак сугучным паўторам
Данясе родны гук, родны след
Аж да камня твайго, на каторым
Каласуе няўсохлы санет.

I не смутак — жыццёвую сілу
Падымаюць над часам кругі.
Растаюць і сцякаюць са схілу
Цені дня з павалокай смугі.

 

Іван Мележ

БАГДАНОВІЧ

Сціхае горад. Стукне крок
I змоўкне, недарэчны, гулкі.
Васковы, месяцавы рог
Застыў у змроку над правулкам.

Гняце ў пакоі цішыня.
Журботу адзінокасць будзіць.
Лажыся, спі! Даволі дня!
Спачні! — Хрыпяць нядобра грудзі.

Ён лямпу ўзяў. Гары, святло!
Няхай сухоты душаць грудзі,
Насуперак хваробе злой
Ён ноч ўсю жыць і дзеяць будзе!

...Дзень надышоў, і сон здалеў,
Глыбокі, моцны. Ноч не сцерці.
Гарэў у сшытку на стале
Нядаўні верш. Жыццё. Бяссмерце.

 

Леанід Дранько-Майсюк

* * *

Багдановіч, ратуй,
Ад знікнення ратуй, ад нямоты.
Пачуццём тым гаючым ратуй,
Праз якое ты быў не самотны.

Багдановіч, даруй,
Што ў цябе мы вучыліся мала —
Мы да Коласа йшлі чарадой,
Нас выводзіў у людзі Купала.

Багдановіч, пачуй,
Як знясіленым лебедзем слова —
Беларускае слова! —
Над магілаю кружыць Стральцова.

Багдановіч, вартуй
Кожны крок наш і рух недарэчны...
Хай загадка твая
Застаецца загадкаю вечнай.

 

Рыгор Барадулін

ДЗЯКУЙ ТАБЕ, САКОЛЬНІКУ

Успырхнула роднае слова падлёткам
з цёплых далоняў матчынай песні —
з самага ўтульнага ў свеце гнязда.
Падлётка прыціхлага і нясмелага
стуліў за пазухай хлопчык Максімка.
Вучыў яго вышыні не баяцца,
крылы свае давяраць
хмарам, вятрам сустрэчным,
да яснага сонца сягаць з арламі,
а не раўняцца на вераб'ёў.
Падлётак смялеў і лётаў
у вырай, у край сінявокі,
што зваўся Белаю Руссю.
Вяртаўся ў горад над Волгай —
і пахлі ўздужалыя крылы
самлелым аерам Наддзвіння,
трывожнай зарой Наднямоння,
і косамі свіцязянак.
Як здзіўлены быў блакіт,
калі з пляча Сакольніка —
юнака Максіма —
вольны птах узляцеў,
з якім было цяжка сагнацца
уладарам захмар'я.
Дык дзякуй табе, Сакольніку
роднага нашага слова,
Беларускага вечнага слова,
за тое,
што ты заручыў яго з небам, —
дзякуй табе,
Максім Багдановіч.

 

Уладзімір Караткевіч

БАГДАНОВІЧУ

Сцюжны час, бязмежна-суровы.
Спіць народ, нібы зерне ў раллі.

Ты прыйшоў
I гарачым словам
Рунь узняў на роднай зямлі.
Ты сказаў нам:
"Унукі Скарыны,
Дзе ваш гонар, моц і краса?
Ёсць ў вас, як у іншых, святыня.
Не давайце святыні псам!
Не давайце з яе глуміцца,
Бо праспіць яна ясну зару,
Бо святы ізумруд заімгліцца
У пярсцёнку тваім, Беларусь".
Ты устаў на лютую сечу,
Бітву вечную сонца і хмар,
Узваліўшы на юныя плечы
Святагораў народны цяжар.
I не вынеслі жылы напругі:
Знік ты, лебедзь, у хвалях сівых,
Сплыў крывёю, загінуў "за другі",
За мяне, за вас і за ўсіх.
I застаўся ты ў нашых душах,
Хоць навекі знік у палях,
Вечна светлы і вечна дужы,
Вечна юны, як наша зямля.
Мы табой ганарымся - і плачам.
Мы нясём цябе ў сэрцы праз дым.

Нізка голаў схіляю, юнача,
Перад вечным глаголам тваім.
Смела крочу цяпер у пяскі я
Перад светлай заветнай гарой,
Бо як ёсць у народа такія —
Не загіне давеку народ.

 

Ніл Гілевіч

АПОШНЯЕ СПАТКАННЕ 3 ВЕРАНІКАЙ

Нават сціплая надзея памерці ў
роднай зямлі і тая была адабрана.
3 успамінаў бацькі паэта –
Адама Ягоравіча Багдановіча
Далёка ад роднага краю,
Чый вобраз па кроплі збіраў,
У трызненні белага маю
Самотны паэт паміраў.
Ен ведаў, што болей не ўстане,
Апошнія злічаны дні.
Чаму ж аніхто не загляне
3 вялікай і мілай радні?
Няшчасная доля – памерці
У смутку-тузе аднаму.
Дзвярыма на першым паверсе
Хтось грукнуў, здалося яму.
Во – крочыць па ўсходках рыпучых,
Во – клямкаю бразгае ўжо.
І стала ад шчасця балюча:
Няўжо гэта праўда? Няўжо?
0 божа! Сама Вераніка!
Яго Вераніка стаіць!
Галоўкаю русай панікла,
Журботна, тужліва глядзіць.
Букет васількоў і рамонкаў
Сціскае ля сэрца рукой...
Праклятая богам старонка
Зайшла да паэта ў пакой!
– Ну, што ж ты стаіш, Вераніка?
Не бойся! Бліжэй падыдзі!
Я столькі гадоў цябе клікаў –
І ўсё заставаўся адзін.
Я зведаў хвіліну адчаю
У гэтай чужой старане.
Цяпер адзінота, я знаю,
Навечна пакіне мяне...
За вокнамі пеніўся буйна
Захмелены ялцінскі май.
За вокнамі ўсплёснула бухта:
– Не плач, Вераніка! БывайІ
Яшчэ ты паспееш самотна
Наплакацца ў горкай журбе.
Яшчэ ты адчуеш, як моцна
Яго не хапацьме табе.

 

Янка Сіпакоў

ЯЛТА, МАКСІМ, КІПАРЫСЫ

Ён навучыў, здаецца, гаварыць
Па-беларуску нават кіпарысы,
Барвінак на магільніку гарыстым
Ён навучыў, здаецца, гаварыць.
Паўднёва сонца плавіцца ўгары,
Зямля гарачая, нібыта прысак...
ЁН навучыў, здаецца, гаварыць
Па-беларуску нават кіпарысы.

 
 

Міхась Пазнякоў

ТРЫЯЛЕТЫ
Максіму Багдановічу
1

Ты перамог сляпую смерць
I вучыш нас спяваць і верыць.
Жыцця закрыўшы сціпла дзверы,
Ты перамог сляпую смерць.
Нічым любоў к табе не змераць,
Бо здолеў свет сабой сагрэць.
Ты перамог сляпую смерць
I вучыш нас спяваць і верыць.

2

Ты клікаў светлую зару,
У край бацькоўскі закаханы.
Хоць смерць была наканавана —
Ты клікаў светлую зару.
I хоць пайшоў ад нас зарана,
Твае памкненні не памруць —
Ты клікаў светлую зару,
У край бацькоўскі закаханы.

 

Сяргей Законнікаў

ВОЧЫ МАКСІМА

Стагоддзе прайшло, як у грэшны наш свет,
У край зрабаваны, гаротны, сірочы,
Зляцеў, як анёл, апантаны паэт,
Глядзелі трывожна ягоныя вочы.
Ён мовіў: "Адрынь, беларус, вечны страх,
Нарэшце, сумленне свае ты паслухай!"
Кіпела ў сухотных, збалелых грудзях,
Як грозны вулкан, сіла вольнага духу.
Стагоддзе прайшло, мы ж дасюль на крыжы,
А воля, а слава ўсё міма і міма...
I болем, якому няма ўжо мяжы,
Цямнеюць журботныя вочы Максіма.
Стагоддзе прайшло, а па нашай зямлі
Лятуць і лятуць неўтаймоўныя коні...
Ды тыя, што зноў Беларусь прадалі,
Дагэтуль не бачаць, не чуюць Пагоні.
Пад небам сваім, без чарнобыльскіх хмар,
На грунце дзядоў, што паўсталі за намі,
Спадарыня мілая, мужны спадар,
Калі ж назаўжды станем мы спадарамі!
"Народ, Беларускі Народ!
Ты — цёмны, сляпы, быццам крот..." —
I сёння праўдзівыя гэтыя словы.
Няўжо так і сыдзем ганебна на звод
Без веры ў наступнасць, без роднае мовы?..
Спакою і страху сваім не гадзі,
Бо з імі нам звацца людзьмі немагчыма...
Глядзі, беларус, каб не згінуць, глядзі
У строгія чыстыя вочы Максіма.

 

Леанід Дранько-Майсюк

* * *

Ці гэта памяць узвышае нас?
Ці водгулле, што вечнасцю здаецца?
"Над хвалямі...", — прамоўлю, і ў адказ:
"...сінеючага Ніла...", — адгукнецца,

Ды не заўсёды, і знікае сон.
Радзіма — жвір, і гэты жвір сплывае.
"Ад прадзедаў спакон..." — а што спакон?
Я — ведаю, а мой сусед не знае.

 

Мікола Аўрамчык

НА МАГІЛЕ
МАКСІМА БАГДАНОВІЧА

Ты ратунку сабе
Не знайшоў і ў гарах
Ля зямнога прыморскага раю...
А змарнеў у журбе
Па сасновых барах,
Па гаротнаму роднаму краю.

I, знямогшы ў жыцці,
Тут навекі заснуў
Сярод зелені цёплага мая,
Калі кветкам — цвісці
Ды ўпрыгожваць вясну,
Калі ўсё пасля сну ажывае.

Сны прыемныя сні
Аб радзіме, пясняр,
Спі спакойна на гэтым пагосце,
Дзе, куды ні зірні, —
Кіпарысы да хмар —
Абеліскі зямной прыгажосці.

Узняло касачы
Над табою жыццё,
Над тваім незгараючым сэрцам,
Узняло, як мячы,
Каб працяць небыццё
I ахоўваць паэта бяссмерце.

 

Максім Танк

НАД МАГІЛАЙ БАГДАНОВІЧА

Прагучыць сірэна ў порце часам.
Кіпарысаў дрэмле ціхі сад.
Дрэмле Ялта, па крутых тэрасах
Льецца вішань белы вадапад.

Тут вясна асыпала ўсе цветам
I цяжэй знайсці ўчарашні след.
Хоць над раннім курганом паэта
Напісалі імя і санет.

Мне шкада, што спозніліся годы,
А твае так рана адцвілі —
Сёння разам выйшлі б мы да ўсходу
Прывітаць радзімы караблі.

Рокат мора, збуджанага ветрам,
Воблакаў ключ сіні і зару,
Што з вяршынь аснежаных Ай-Петры
Кожны дзень плыве на Беларусь.

Курганоў прадвечнага спакою
Кіпарысы вартай сцерагуць.
Але, пэўна, калі гром прыбою
Змоўкне і растае ў пене гул, -

Чуеш ты, як звоняць сосны ціха,
Як, палі вітаючы свае,
Недзе ўнучка слуцкае ткачыхі
Пра вясну, шчаслівая, пяе.

 

Васіль Вітка

МАКСІМУ БАГДАНОВІЧУ
Споведзь

Столькі пакут, слёз, і болю, і нерваў
У чаканні жаданага мігу.
Пасля смерці паэта шэдэўрам
Назавуць яго кнігу.

Так адвеку было і так будзе,
Ад калыскі да на той свет перавозчыка.
Геніямі не бываюць жывыя людзі,
Геній — прызванне нябожчыка.

 

Васіль Вітка

ВЯНОК

Мова дадзена — не маўчаць.
Мова дадзена — мовіць.
Не кладзіце нябыту пячаць
На паэтаву споведзь.
Не на глум, не на злом,
Не для немачы ў горле,
Ён радзіўся арлом
3 крыллем орлім,
А дзе тыя арлы
У нас, на Белае Русі? —
запытаеце вы.
Адказаць ён сам мусіў,
Як глытаў з крымскіх гор
Горкі пах палыновы,
Бачыў родны прастор
І вянок свой цярновы.

 

Рыгор Барадулін

ВЯРТАННЕ МАКСІМА

Якраз гулянку справіў пан Падвей,
Дадому дачакаўшыся Максіма.
Не суровей, сцюдзёны суравей,
Зірні на свет ягонымі вачыма.
Праз дзевяноста год,
Бы ў забыцці,
Ідзе паэт па змененаму Менску,
Між камяніцаў хочацца знайсці
Драўляны дом,
Як той дубок на ўзлеску.
Яму паабяцаў Сяргей Вакар,
Які змушае камень засмяяцца,
Што дом свой
Знойдзе блізка гаспадар,
Ды некуды надоўга знік дарадца.
Не рада Свіслач ледзяным плытам,
Нахмурыўся брывамі голля шэрас
Падацца б на Захар'еўскую —
Там чакае маладая Зоська Верас...
Так і стаяў,
Пакуль яго ўначы
Не ўбранзавела вопратка ад стыні.
Снег не растаў і ўранні на плячы,
Як і належыць снегу на вяршыні.

Максім Багдановіч рэдкасна спалучыў у сабе, у сваёй творчасці і асобе хрэстаматыйнасць і вечную свежасць для чытацкага сэрца. Колькі разоў ні чытаеш яго, колькі перачытваеш, ён заўсёды адкрываецца нейкай новай гранню, нейкай раней незаўважанай рысай.

Р. Барадулін

Значэнне Багдановіча ў гісторыі нашае літаратуры найбольшае ў тым, што сярод нашаніўцаў гэта быў паэт — інтэлігент і чалавек з вялікай адукацыяй. Дзеля гэтага ён ведаў у працэсе творчасці тое, чаго не маглі зусім сведама адчуць песняры-самавучкі, і ўсходзіў на такі кірунак творчасці, на каторы пры адной здольнасці ад прыроды, без яе развіцця не заўсёды можа ўзысці самы вялікі талент.

М. Гарэцкі

Ён не толькі наш настаўнік, але і нібыта святло сэрца нашага, улюбёны сын, з нараджэннем якога мы пачалі новае жыццё, які зрабіў нас мудрэйшымі і дабрэйшымі, адкрыў нам вочы на нас саміх, прымусіў па заслугах ганарыцца сабой.

У.Караткевіч

Жыццёвы і творчы подзвіг Максіма Багдановіча сёння з'яўляецца гонарам і славай беларускай літаратуры, яе прамяністай зоркай, святло якой незгасальнае. Колькі б ні прайшло гадоў, з імем М. Багдановіча заўсёды будзе паўставаць вобраз паэта магутнай сілы. І магутнасць яго ўвасобілася ў любві да роднай зямлі, да роднага слова, у светлым лірызме, філасофскім асэнсаванні жыцця, у стойкасці як асобы, смеласці публіцыста, неўтаймаванасці жыццялюба, геніі мастака. Яго імя і творчасць выпрабаваліся часам і набылі неўміручасць.

Г. Каханоўскі

Максім Багдановіч быў перакананым і палымяным інтэрнацыяналістам. Сведчанне таму — не толькі яго дасканалыя майстэрскія пераклады паэзіі з розных моў свету (а перакладаў ён з арыгінала), але і яго выдатныя артыкулы аб паэтах іншых народаў, прасякнутыя шчырай братэрскай любоўю і павагай. Разам з Купалам, Коласам і Цёткай ён стаў заснавальнікам адной з самых выдатных традыцый беларускай літаратуры — традыцыі інтэрнацыяналізму, братэрскай дружбы, узаемапавагі — традыцыі, якой неабходна асабліва даражыць і якую няспынна трэба развіваць.
3 "Настаўніцкай газеты" “Вянок” М. Багдановіча можна назваць сэрцам яго паэзіі, узорам самараскрыцця ў ім чалавека — шукальніка сацыяльнага разняволення, палітычнай свабоды, гармоніі прыгожага і добрага — чалавека, якім быў сам М. Багдановіч.

А. Лойка

Ёсць паэты, якія пішуць творы, каб потым з іх выдаць выбранае, але ёсць паэты, што пішуць толькі выбранае. Да такіх належыць Максім Багдановіч.

М. Танк

Ён любіў свой народ і сваю родную зямлю. Шчасце свайго народа ён бачыў у выхадзе яго на шырокую арэну агульначалавечай гісторыі. Як роўны з роўным, беларускі народ мысліўся ім сярод усіх іншых народаў. І ў гэтым галоўныя матывы яго творчасці. Адсюль ідзе і яго замілаванне да чалавека, як да асобы, перад якой павінны быць адкрыты ўсе дары жыцця, шчаслівага і радаснага.

К. Чорны