Выбярыце раздзел:


Ой, чаму я стаў паэтам
Ў нашай беднай старане?
Грудзі ныюць, цела вяне,
А спачыць ня можна мне:
Думкі з розуму ліюцца,
Пачуцьцё з душы бяжыць...
Мо за імі кроў палыне,
І тады ўжо досі жыць!
М. Багдановіч

Вершы М. Багдановіча

На выставе прадстаўлены вершы Максіма Багдановіча з кніжных фондаў УК "Магілёўская абласная бібліятэка імя У.І. Леніна".

Краю мой родны! Як выкляты Богам

Краю мой родны! Як выкляты Богам –
Столькі ты зносіш нядолі.
Хмары, балоты... Над збожжам убогім
Вецер гуляе на волі.

Поруч раскідалісь родныя вёскі.
Жалем сьціскаюцца грудзі! –
Бедныя хаткі, таполі, бярозкі,
Ўсюды панурыя людзі...

Шмат што зрабілі іх чорныя рукі,
Вынесьлі моцныя сьпіны;
Шмат іх прымусілі выцерпець мукі
Пушчы, разлогі, нізіны.

Кінь толькі вокам да гэтага люду –
Сьцісьнецца сэрца ад болю:
Столькі пабачыш ты гора усюды,
Столькі нуды без патолі.

Песьня пяе, як удовіна сына,
Янку, каханьне згубіла;
Там, дзе панура схілілась каліна,
Беднага хлопца магіла.

Ў гутарках-казках аб шчасьці, аб згодзе
Сэрца навін не пачуе.
Сьціснула гора дыханьне ў народзе,
Гора усюды пануе.

Хваляй шырокай разьлілась, як мора,
Родны наш край затапіла...
Брацьця! Ці зможам грамадзкае гора?!
Брацьця! Ці хваце нам сілы?!

1909 г.

 

Зімовая дарога

Шпарка коні імчацца у полі,
Сумна бомы гудзяць пад дугой,
Запяваюць аб долі і волі,
Навяваюць у сэрцы спакой.

Ўюцца змейкай срабрыстай дарожкі,
Брызгі золата ў небе блішчаць,
І маркотныя месяца рожкі
Праз марозную мглу зіхацяць.

Поле нікне у срэбным тумане,
Снег блішчыць, як халодная сталь,
І лятуць мае лёгкія сані,
Унашуся я ў сінюю даль.

1910 г.

Зімой

Здароў, марозны, звонкі вечар!
Здароў, скрыпучы, мяккі снег!
Мяцель не вее, сціхнуў вецер,
І волен лёгкіх санак бег.

Як мары, белыя бярозы
Пад сінявой начной стаяць.
У небе зоркі ад марозу
Пахаладзеўшыя дрыжаць.

Вільготны месяц стуль на поле
Празрысты, светлы стоўп спусціў
І рызай срэбнаю раздолле
Снягоў сінеючых пакрыў.

Ўзрывайце ж іх санямі, коні!
звіні, вясёлых бомбаў медзь!
Вакол лятуць бары і гоні,
Ў грудзях пачала кроў кіпець.

1910 г.

***

Цёплы вечар, ціхі вецер, свежы стог
Улажылі спаць мяне вы на зямлі.
Не ўстае стаўпом пыл светлы ўздоўж дарог,
Ў небе месяца праглянуў бледны рог,
Ў небе ціха зоркі расцвілі.

Заварожаны вячэрняй цішынёй
Я не цямлю, дзе рука, дзе галава;
Бачу я, з прыродай зліўшыся душой,
Як дрыжаць ад ветру зоркі нада мной,
Чую ў цішы, як расце трава.

1910 г.

 

***

De la musique avant toute chose.  
P. Verlaine

Па-над белым пухам вішняў,
Быццам сіні аганёк,
Б’ецца, ўецца шпаркі, лёгкі
Сінякрылы матылёк.

Навакол усё паветра
Ў струнах сонца залатых, –
Ён дрыжачымі крыламі
Звоніць ледзьве чутна ў іх.

І ліецца хваляй песьня, –
Ціхі, ясны гімн вясьне.
Ці ня сэрца напявае,
Навявае яго мне?

Ці ня вецер гэта звонкі
Ў тонкіх зёлках шапаціць?
Або мо сухі, высокі
Ля ракі чарот шуміць?

Не паняць таго ніколі,
Не разьведаць, не спазнаць:
Не даюць мне думаць зыкі,
Што ляцяць, дрыжаць, зьвіняць.

Песьня врецца і ліецца
На раздольны, вольны сьвет.
Але хто яе пачуе?
Можа, толькі сам паэт.

1910 г.

 

***

Вечар на захадзе ў попеле тушыць
Кучу чырвоных кавалкаў вугля;
Ціха ўсё; вецер лістка не зварушыць,
Не скалыхнуцца ні траўкай паля;
Цёмныя цені даўжэй у лагчыне,
Птушкі прыстаўшай марудней палёт;
Сумна плыве маладзік бледна-сіні
Ў небе вячэрнім, зялёным, як лёд;
Іскрацца зорак сьняжынкі маркотна,
Збожжа пакрылася шызай расой...
Кіньма жа думкі аб долі гаротнай,
Хоць бы на момант спачынем душой!

1910 г.

 

***

Оглянись – и мир вседневный
Многоцветен и чудесен.
А. Фет

Прывет табе, жыцьцё на волі!
Над галавой – дубоў павець,
Віднеюць неба, горы, поле
            Празь лісьцяў сець.
Лахмоцьці ценяў на палянах,
Схаваўшы золата, ляжаць;
Яго слаі з-пад дзір парваных
            Аж зіхацяць.
А к ночы свой чырвоны веер
У небе сонца разьвярне,
І разварушаны ім вецер
            У даль памкне.
Калі жа пабляднее золак
І цёмнай зробіцца вада,
Зазьзяе сэрабром іголак
            Зор грамада.
І роўна мілымі зрабіцца
Здалеюць яркі блеск і цень,
Той дзень, што мае нарадзіцца,
            І зьнікшы дзень.

1909-1912 г.

 

***

Чуеш гул? – Гэта сумны, маркотны лясун
Пачынае няголасна граць:
Пад рукамі яго, навяваючы сум,
Быццам тысячы, крэпка нацягнутых, струн,
Тонкаствольныя сосны зьвіняць.

Ці казаць, ад чаго пацямнела рака,
Зашамрэлі мацьней каласы
І аб чым шэпча ім галасок вецярка,
Што зіяе-дрыжыць на лісьцёх лазьняка:
Кроплі сьлёз ці халоднай расы?

1910 г.

Летапісец

Душой стаміўшыся ў жыцьцёвых цяжкіх бурах,
Свой век канчаю я ў манастырскіх мурах
І пільна летапіс другі ўжо год пішу:
Старанна літары малыя вываджу
І сьпісваю усё ад слова і да слова
З даўнейшых граматак пра долю Магілёва.
І добрыя яго, і кепскія дзяла
Апавядаю тут. Так рупная пчала
Умее ў соты мёд сабраць і з горкіх кветак,
І бачанаму мной – я годны веры сьведак.
Хай тыя ведаюць, што зьявяцца па нас,
Ўсю праўду пра жыцьцё у наш і пройшлы час,
Пра войтаў, лаўнікаў, і райцаў, і паспольства,
Пра розных каралёў, і бітвы, і пасольсва,
Што тут чынілася у даўнія гады,
Што думалі, чаго жадалі мы тады,
За што змагаліся, як баранілі веру, –
Хай зьведаюць усё патомкі праз паперу!
Яно забудзецца, умрэ, з вадой сплыве, –
І вось у спомінах устане, ажыве,
Калі знайдуць маё няхітрае пісаньне
Пра гэтае жыцьцё, надзеі, справаваньне...
Так мора – ў Гданску я чуваў – прымчыць вадой
Бутэльку к берагу, аблітую смалой,
Ўсю ў дробных ракаўках і ў ціне. Не замала
Яна была ў вадзе і шмат чаго спаткала.
Рыбалкі вылавяць бутэльку, разаб’юць
I, як трапляецца, быць мо у ёй знайдуць
Ліста. За звычаю марскога гэтак весьці
Нам, утапаючы, шлюць людзі. Ў моры дзесьці
Загінулі яны, і, можа, соткі год
З тых часоў працяклі, і згінуў іх народ,
І ўсё зьмянілася, і ўжо пра іх забылі.
Вы, літары, цяпер нанова ўсё збудзілі!
І людзі зьведаюць аб прадзедах сваіх,
Аб горы, радасьцях і аб прыгодах іх,
Каму маліліся, чаго яны шукалі,
Дзе на глыбокім дне іх крыюць мора хвалі.

1912 г.

 

***

Вы, хто любіце натрапіць
Між страніц старых, пажоўклых
Кнігі, ўжо даўно забытай,
Блеклы, высахшы лісток, —
Праглядзіце гэты томік:
Засушыў я на паперы
Краскі, свежые калісьці,
Думак шчырых і чуцця.

 

***

Ў краіне сьветлай, дзе я ўміраю
У белым доме ля сіняй бухты
Я не самотны, я кнігу маю
З друкарні пана Марціна Кухты.

1917 г.

 

Санэт
(Ахвярую А. Пагодзіну)  

Un sonnet sans d?faut         
vaut seul un long po?me.     
Boileau.

Паміж пяскоў Егіпецкай зямлі,
Над хвалямі сінеючаго Ніла,
Ўжо колькі тысяч год стаіць магіла:
Ў гаршчку насеньня жменю там знайшлі.
Хоць зернейкі засохшымі былі,
Усё ж такі жыцьцёвая іх сіла
Збудзілася і буйна ўскаласіла
Парой вясеньняй збожжа на ральлі.

Вось сымбаль твой, забыты краю родны!
Зварушаны нарэшце дух народны,
Я верую, бясплодна не засьне,
А ўперад рынецца, маўляў крыніца,
Каторая магутна, гучна мкне,
Здалеўшы з глебы на прастор прабіцца.

1911 г.

Раманс

Quand luira cette йtoile, un jour,
La plus belle et la plus lointaine,
Dites-lui qu'elle eut mon amour,
O derniers de la race humaine.
Sully-Prudhomme.

Зорка Венера ўзышла над зямлёю,
Светлыя згадкі з сабой прывяла...
Помніш, калі я спаткаўся з табою,
Зорка Венера ўзышла.
З гэтай пары я пачаў углядацца
Ў неба начное і зорку шукаў.
Ціхім каханнем к табе разгарацца
З гэтай пары я пачаў.
Але расстацца нам час наступае;
Пэўна, ўжо доля такая у нас.
Моцна кахаў я цябе, дарагая,
Але расстацца нам час.
Буду ў далёкім краю я нудзіцца
Ў сэрцы любоў затаіўшы сваю;
кожную ночку на зорку дзівіцца
Буду ў далёкім краю.
Глянь іншы раз на яе, - у расстанні
Там з ёй зліём мы пагляды свае...
Каб хоць на міг уваскрэсла каханне,
Глянь іншы раз на яе...

1912 г.

 

Кніга

Псалтыр, пакрытую няжорсткай, бурай кожай
Я ўзяў і срэбныя засцёжкі адамкнуў,
Перачытаў радкі кірыліцы прыгожай,
І воску з ладанам прыемны пах пачуў.

Вось псальма слічная: "Як той алень шукае
Крыніцы чыстай, так шукаю Бога я".
Як все свежасцю яе краса жывая!
Як радасна ўсё далей спяшыць душа мая!

І бачу я ў канцы няхітраю прыпіску,
Што "кнігу гэтую, раб Божы, дзяк Гапон
Дзеля душы спісаў у месце Ваўкавыску
У рок сем тысяч сто васьмы з пачатку дзён".

1912 г.

Слуцкія ткачыхі

Ад родных ніў, ад роднай хаты
У панскі двор дзеля красы
Яны, бяздольныя, узяты
Ткаць залатыя паясы.
І цягам доўгія часіны,
Дзявочыя забыўшы сны,
Свае шырокія тканіны
На лад персідскі ткуць яны.
А за сцяной смяецца поле,
Зіяе неба з-за акна, —
І думкі мкнуцца мімаволі
Туды, дзе расцвіла весна;
Дзе блішча збожжа ў яснай далі,
Сінеюць міла васількі,
Халодным срэбрам ззяюць хвалі
Між гор ліючайся ракі.
Цямнее край зубчаты бора...
І тчэ, забыўшыся, рука,
Заміж персідскаго узора
Цвяток радзімы васілька.

1912 г.

 

***

Ой, чаму я стаў паэтам
Ў нашай беднай старане?
Грудзі ныюць, цела вяне,
А спачыць ня можна мне:
Думкі з розуму ліюцца,
Пачуцьцё з душы бяжыць...
Мо за імі кроў палыне,
І тады ўжо досі жыць!

1912 г.

***

Народ, Беларускі Народ!
Ты – цёмны, сьляпы, быццам крот.
Табою ўсягды пагарджалі,
Цябе не пушчалі зь ярма
I душу тваю абакралі, –
У ёй нават мовы няма.
Збудзіўшысь ад грознай бяды,
Ўвесь поўны сьмяротнай жуды,
Ты крыкнуць ня вольны «Ратуйце!»,
I мусіш ты «Дзякуй» крычаць.
Пачуйце жа гэта, пачуйце,
Хто ўмее з вас сэрцам чуваць!

1913 г.

 

***

Ізноў пабачыў я сялібы,
Дзе леты першыя прайшлі:
Там сьцены мохам парасьлі,
Вясёлкай адлівалі шыбы.
Усе ў пылу. I стала мне
Так сумна, сумна ў цішыне.
Я ў сад пайшоў... Ўсё глуха, дзіка,
Усё травою зарасло.
Няма таго, што раньш было,
I толькі надпіс «Вэраніка»,
Па ліпе ўрэзаны ў кары,
Казаў вачам аб тэй пары.
Расьці, ўзмацовывайся, дрэва,
Як манумэнт жывы, ўставай
I к небу надпіс падымай.
Хай нерухомы словы сьпева:
Чым болі сходзіць дзён, начэй,
Тым імя мілае вышэй.

1913 г.

Мяжы

Кінь вокам на увесь абшар зямлі:
Вось хату шчыльна абышлі
Парканы з гострымі цьвікамі,
Пасыпаныя бітым шклом,
Глядзі – ў прасторах за сялом
Мяжамі
Падзелены на нівах каласы,
Ідуць канаўкі празь лясы,
I стопудовыя гранічныя каменьні
Сярод лугоў бяскрайных заляглі.
Шнуры штыкоў па ўсёй зямлі
Гараць, як дзікае хаценьне,
На гасударстваў рубяжы.
Глядзі: паўсюль мяжы.

Нязьмерны вольныя прасторы
Сьвятой зямлі, – а чалавек
Мяжы, ірвы, тыны рабіў за векам век,
Хаваўся ў іх, як ліс у норы,
I жыў пужліва сам – адзін,
Дрыжачы, як лісьцё асін;
Зласьлівы, бессардэчны, хцівы,
Такі здрадлівы,
Для ўсіх чужы, зусім чужы.
Вакол яго – платы, мяжы.
Пабач, што робіцца за гэтымі платамі!
Ў надмернай працы гіне тут
Галодны і абдзёрты люд,
Каторы моцнымі рукамі
Стварыў усе багатствы на зямлі:
Правёў ён скібы на ральлі,
Ён рэйкі пралажыў чыгунак,
Заводаў коміны падняў у выш нябёс,
А сам даўно сьляпы ад сьлёз
I ўжо забыўся аб ратунак.
Глядзі: па ўсёй зямлі сьвятой
Шырокай хваляй залатой
Бяз краю блішча збожжа мора,
Цьвітуць лугі, шумяць лясы...
Так многа ёсьць паўсюль багацтва і красы,
А людзі нішчацца у голадзе, у зморы
Ад беднаты, ад цемнаты,
Бо скрозь – мяжы, бо скрозь – платы.

1914 г.

 

***

Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы
У ціхую сінюю ноч
I сказаць:
"Бачыце гэтыя буйныя зоркі,
Ясныя зоркі Геркулеса?
Да іх ляціць нашае сонца,
I нясецца за сонцам зямля.
Хто мы такія?
Толькі падарожныя, – папутнікі сярод нябёс.
Нашто ж на зямлі
Сваркі і звадкі, боль і горыч,
Калі ўсе мы разам ляцім
Да зор?".

1915 г.

 

Пагоня

Толькі ў сэрцы трывожным пачую
За краіну радзімую жах, –
Ўспомню Вострую Браму сьвятую
I ваякаў па грозных канях.

Ў белай пене праносяцца коні, –
Рвуцца, мкнуцца і цяжка хрыпяць...
Старадаўняй Літоўскай Пагоні
Не разьбіць, не спыніць, не стрымаць.

У бязьмерную даль вы ляціце,
А за вамі, прад вамі – гады.
Вы за кім у пагоню сьпяшыце?
Дзе шляхі вашы йдуць і куды?

Мо яны, Беларусь, панясьліся
За тваімі дзяцьмі уздагон,
Што забылі цябе, адракліся,
Прадалі і аддалі ў палон?

Бійце ў сэрцы іх – бійце мячамі,
Не давайце чужынцамі быць!
Хай пачуюць, як сэрца начамі
Аб радзімай старонцы баліць...

Маці родная, Маці-Краіна!
Не усьцішыцца гэтакі боль...
Ты прабач, Ты прымі свайго сына,
За Цябе яму ўмерці дазволь!..

Ўсё лятуць і лятуць тыя коні,
Срэбнай збруяй далёка грымяць...
Старадаўняй Літоўскай Пагоні
Не разьбіць, не спыніць, не стрымаць.

1916 г.

На выставе прадстаўлены вершы Максіма Багдановіча з фонда УК "Магілёўская абласная бібліятэка імя У.І. Леніна".