Праграма VIII Пысінскіх чытанняў прысвячалася Году малой радзімы і 80-годдзю Магілёўскай вобласці.
Ураджэнцы Магілёўскай вобласці ўнеслі значны ўклад ва ўмацаванне беларускай дзяржаўнасці, развіццё прамысловасці і сацыяльнай сферы, гарадоў і невялікіх населеных пунктаў. Абласная бібліятэка, праз шматлікія тэматычныя мерапрыемствы з удзелам беларускіх і магілёўскіх пісьменнікаў, імкнецца садзейнічаць выхаванню гонару за сваю краіну, вобласць, горад, вёску. Літаратурнае краязнайства і папулярызацыя творчасці выбітных магілёўскіх аўтараў, якія ў сваіх творах адлюстравалі жыццё на Магілёўшчыне і ўславілі сваю малую радзіму – асноўны напрамак бібліятэчнай дзейнасці ў гэтым годзе.

Таму і праграма VIIІ Пысінскіх чытанняў была вызначана тэмай: "Літаратурныя постаці Магілёўшчыны". Пра літаратараў Магілёўшчыны, сучасную літаратуру і дзейнасць Магілёўскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі расказаў старшыня Магілёўскага абласнога аддзялення ГА "Саюз пісьменнікаў Беларусі" Алесь Мікалаевіч Казека.

У гэтым годзе першую частку Чытанняў, традыцыйна прысвечаную жыццю і творчасці Аляксея Васільевіча Пысіна, склалі даклады: "Тэма малой радзімы ў творчасці А.В. Пысіна" дырэктара бібліятэкі Ілоны Уладзіміраўны Сарокінай, "Памяць як аснова лірыка-філасофскіх разважанняў у паэзіі Аляксея Пысіна" Борбат Таццяны Іванаўны, кандыдата філалагічных навук, дацэнта кафедры літаратуры і міжкультурных камунікацый МГУ імя А.А. Куляшова, "Згадка пра Аляксея Пысіна: маё знаёмства з творчасцю паэта" педагога вышэйшай катэгорыі Тамары Пятроўны Аўсянікавай.

У студзені 2018 года адзначыла 100-гадовы юбілей газета "Магілёўская праўда". Журналіст, загадчык аддзела КВУП "Інфармацыйнае агенства "Могилевские ведомости" Аляксандр Пятровіч Булай асвятліў асноўныя вехі ў гісторыі развіцця перыядычнага друку ў г. Магілёве і станаўлення газеты "Магілёўская праўда". Прысутных зацікавіла інфармацыя пра А.В. Пысіна – журналіста, які працаваў у газеце з 1958 па 1973 год. А супрацоўнікаў бібліятэкі зацікавілі некаторыя дакументы з архіва газеты, якія датычацца пісьменніка.

Выступленне ветэрана працы, сябра А.В. Пысіна Віктара Іванавіча Арцем’ева было прасякнута пачуццём недастатковай увагі да асобы пісьменніка Пысіна і выказаны пажаданні выйсці з ініцыятывай перад мясцовымі ўладамі і выдавецтвамі аб перавыданні яго твораў, якія не выдаваліся з 1980-х гадоў.

Пра цікавыя факты з жыцця і дзейнасці свяціцеля Георгія Каніскага, 300-годдзе якога грамадскасць адзначыла ў мінулым годзе, удзельнікі Чытанняў даведаліся з паведамлення Сяргея Эдуардавіча Сомава – кандыдата філалагічных навук, дацэнта, загадчыка кафедры літаратуры і міжкультурных камунікацый МДУ імя А.А. Куляшова. З літаратурнага пункту гледжання, Георгій Каніскі не вельмі значная асоба, аднак у гістарычным плане больш буйной асобы на Магілёўшчыне не было. Жыццё і дзейнасці Георгія Каніскага, які нарадзіўся ў Чарнігаве, – неацэнны ўклад у захаванне і выратаванне праваслаўнай веры магілёўцаў, што, вядома, гістарычна паўплывала на развіццё Магілёўскага краю.

Сяргей Эдуардавіч лаканічна, але змястоўна і захапляльна прадставіў драматургічныя здольнасці Георгія Каніскага – толькі малой часткі дзейнасці гэтай рознабаковай асобы. Цікава, што матэрыялы па гэтай тэмэ адсутнічаюць на тэрыторыі Беларусі, а былі знойдзены Сяргеем Эдуардавічам толькі ў фондах Расійскай нацыянальнай бібліятэкі.

Магістрант гісторыка-філалагічнага факультэта МДУ імя А.А. Куляшова Марыя Аляксандраўна Самусенка і кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры літаратуры і міжкультурных камунікацый МДУ імя А.А. Куляшова Аксана Анатольеўна Лаўшук прадставілі цікавы даклад ("Компоненты научного образа мира в творчестве Надежды Дробышевской") па творчасці члена Саюза пісьменнікаў Расіі, члена Саюза журналістаў Расіі, лаўрэата прэміі імя К. Сіманава Надзеі Драбышэўскай.
Надзея Мікалаеўна пражывае ў Маскве, але шматлікія творы яе прасякнуты любоўю да малой радзімы – вёскі Чычэвічі, дзе яна нарадзілася.

Другую частку Пысінскіх чытанняў склалі даклады бібліятэкараў, якія прысвячаліся творчасці пісьменнікаў-землякоў.

125-годдзю з дня нараджэння Максіма Гарэцкага вядучы рэдактар аддзела маркетынгу і бібліятэказнаўчай работы УК "Магілёўская абласная бібліятэка імя У.І.Леніна" Юлія Аляксандраўна Касцюк прадствіла даклад з мультымедыйнай прэзентацыяй "Праз сто гадоў і лінію фронту. Першая сусветная вайна ў творчасці Максіма Гарэцкага".

Да 210-годдзя В. Дуніна-Марцінкевіча – "Дунін-Марцінкевіч. Слова пра земляка" прадставіла загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі ЦГБ імя М. Горкага УК "ЦБС г. Бабруйска" Валянціна Васільеўна Нікіціна.

Пра першага пісьменніка Хоцімшчыны Якуба Брайцава і першы беларускі раман расказала загадчык аддзела беларускай і краязнаўчай літаратуры УК "Магілёўская абласная бібліятэка імя У.І.Леніна" Наталля Мікалаеўна Багданава.

Вельмі цікавым для удзельнікаў Чытанняў – бібліятэкараў, выкладчыкаў і студэнтаў МДУ імя А.А.Куляшова было паведамленне кандыдата гістарычных навук, старшага навуковага супрацоўніка УК "Магілёўскі абласны краязнаўчы музей імя Е.Р. Раманава" Аляксандры Сяргееўны Бураковай "Франтавыя дзённікі Пятра Прыходзькі". Яна расказала і паказала новыя ўнікальныя матэрыялы, якія атрымаў музей ў 2017 годзе для сваіх фондаў ад родных пісьменніка. Падрабязна, пры дапамозе мультымедыя, спынілася на змесце франтавых дзённікаў і ваенным перыядзе жыцця Пятра Прыходзькі.

Яшчэ адным яркім выступам было онлайн-паведамленне намесніка дырэктара ДУК "Гродзенская абласная бібліятэка імя Я.Ф. Карскага" Марыны Эдвардаўны Ігнатовіч. Пра пісьменніцу і грамадскага дзеяча Элізу Ажэшка, малой радзімай для якой з'яўляецца горад Гродна, цікава было паслухаць навучэнцам бібліятэчнай спецыяльнасці УА "Магілёўскі дзяржаўны каледж мастацтваў". Навучэнцы атрымалі своеасаблівы майстар-клас па папулярызацыі творчасці пісьменніка ў бібліятэцы, якая знаходзіцца ў памяшканні дома-музея Э. Ажэшка.

Яркая стваральная гісторыя нашай вобласці – добры прыклад і стымул для кожнага яе ўраджэнца праявіць ініцыятыву і ўпісаць сваё імя ў гісторыю роднага горада, вёскі, вуліцы.
Пра адзін з такіх прыкладаў паведаміла бібліятэкар Ржаўскай сельскай бібліятэкі Слаўгарадскай бібліятэчнай сеткі Вольга Васільеўна Варэнікава.
Ржаўская сельская бібліятэка вядзе сваю гісторыю з 1967 года, калі генерал-маёр у адстаўцы Якаў Драйчук, які нарадзіўся ў гэтай вёсцы, ахвяраваў разам са сваёй жонкай грошы на будаўніцтва бібліятэкі і набыцця кніг.
Вольга Васільеўна расказала пра ўнікальныя кнігі з фонда бібліятэкі з аўтографамі вядомых пісьменнікаў, навукоўцаў, касманаўтаў і пра тое, як працуе сучасная бібліятэка ў складзе аграгарадка.

Па выніках VIIІ Пысінскіх чытанняў прынята рашэнне: выдаць зборнік матэрыялаў VIIІ Пысінскіх чытанняў (красавік); хадайнічаць аб перавыданні твораў А.В. Пысіна да яго 100-гадовага юбілею ў 2020 годзе; правесці сумесныя мерапрыемствы па ўшанаванні 100-гадовага юбілею А.В. Пысіна з Магілёўскім абласным аддзяленнем Саюза пісьменнікаў Беларусі; дамовіцца з адміністрацыяй КВУП "Інфармацыйнае агенства "Могилевские ведомости" па абмене матэрыяламі, якія датычацца А.В. Пысіна ; правесці сумесныя мерапрыемствы па ўшанаванні 100-гадовага юбілею П. Прыходзькі з УК "Магілёўскі абласны краязнаўчы музей імя Е.Р. Раманава".