А. Зэкаў

Скарынава слова

У ім – і плач хаўтурны,
у ім – і шэпт таемны,
у ім – і гнеў, і буры
пажарышчаў ваенных.

Скарынавай душою
узлашчанае слова
крыляла над мяжою,
бруілася вяснова.

З ім сеялі і жалі,
грыбы збіралі ў лесе.
Яно – у песнях жалю,
яно – ў жартоўных песнях.

Ляцела над планетай
і клікала дадому...
Не знішчыць слова гэта,
не вытруціць нікому.

З Радзімаю адзінай
жыве яно асновай.
Пакуль жыве Радзіма –
датуль жыве і слова.

Праграма канферэнцыі “У небе і кнізе – сонца” VII Пысінскіх чытанняў прысвячалася 500-годдзю беларускага кнігадрукавання, 750-гадоваму юбілею г. Магілёва, творчасці беларускіх і магілёўскіх пісьменнікаў Аляксея Пысіна, Алеся Адамовіча, Алеся Пісьмянкова, а таксама славутым дзеячам – ураджэнцам Магілёўшчыны.

Канферэнцыя адкрылася вершам “Скарынава слова” з кнігі Анатоля Зэкава “Лічба з літарай сябруюць”.
Дырэктар бібліятэкі І.У. Сарокіна ў прывітальным слове да ўдзельнікаў канферэнцыі ўзгадала знакавыя юбілейныя даты бягучага года, падкрэсліла значнасць асобы беларускага першадрукара, які роўна 500 гадоў таму, у 1517 года выдаў першую друкаваную беларускую кнігу – “Псалтыр”, а таксама значнасць гэтай падзеі для ўсяго ўсходне-славянскага кнігадрукавання.
Значэнне гэтай падзеі пацвярджаецца ініцыятывай правядзення сёлета абласнога конкурсу “Скарынавай душою узлашчанае слова…” на лепшы літаратурны твор, прысвечаны жыццю і дзейнасці Ф. Скарыны, які названы першым радком верша А. Зэкава.

Супрацоўнік аддзела маркетынгу і бібліятэказнаўчай работы – вядучы рэдактар Ю.А. Касцюк у фармаце мультымедыйнай прэзентацыі “Сучаснае і вечнае: слова пра Аляксея Пысіна” прадставіла своеасаблівую справаздачу пра дзейнасць абласной бібліятэкі па папулярызацыі творчасці і ўвекавечванні памяці А.В. Пысіна. Гэта праца бібліятэкі за восем гадоў з таго моманту, калі на канферэнцыі да 75-годдзя заснавання Магілёўскай абласной бібліятэкі (2010), было прынята рашэнне аб правядзенні штогадовых Пысінскіх чытанняў.

Кожны год нязменным удзельнікам Пысінскіх чытанняў з’яўляецца сябра А.В. Пысіна, старэйшы краязнаўца і пісьменнік, ветэран працы, былы супрацоўнік абласной бібліятэкі В.І. Арцем’еў.
У сваім выступленні “Мая Пысініяна. Майстар прыгожага беларускага пісьменства” Віктар Іванавіч расказаў пра свае 6 кніг, якія напісаў як даследчык жыцця і творчасці А.В. Пысіна.

Госць канферэнцыі – беларускі пісьменнік, ураджэнец Чэрыкаўскага раёна Магілёўскай вобласці Віктар Карамазаў, які таксама сябраваў з А.В. Пысіным, расказаў пра сваю першую сустрэчу з паэтам, пра яго каштоўныя чалавечыя, маральныя і прафесійныя якасці.
Віктар Філімонавіч адзначыў, што “…Аляксей Пысін стварыў рэгенерацыю пісьменнікаў Магілёўшчыны”: А. Сербантовіча, А. Пісьмянкова, С. Гаўрусёва, А. Кудраўца, М. Стральцова. А таксама пажадаў моладзі “лепш учытвацца ў творы паэта, а не ў тое, што пра яго пішуць…”.

Прыемна, што ўжо другі год у праграму Пысінскіх чытанняў заяўляюць даклады прадстаўнікі студэнцкай моладзі.
Студэнтка 5 курса гісторыка-філалагічнага факультэта МДУ імя А.А. Куляшова Анастасія Нікалаева ў літаратурным эцюдзе “Рукі бацькі” выказала сваё меркаванне аб актуальнасці вершаў А. Пысіна і прачытала некаторыя з іх.

Адзін з блокаў праграмы прысвячаўся значнай асобе ў беларускай літаратуры, літаратуразнаўстве і кінематаграфіі – пісьменніку, сцэнарысту Алесю Міхайлавічу Адамовіч. Да 90-годдзя пісьменніка з паведамленнем “Імя гэтай зорцы – Алесь Адамовіч” выступіла карэспандэнт газеты “Вестник Могилева” А.В. Максімава.
Пра супрацоўніцтва грамадства і ўлады па стварэнні музея Алеся Адамовіча ў пасёлку Глуша Бабруйскага раёна Магілёўскай вобласці расказала карэспандэнт газеты “Звязда” Н.М. Зігуля.

Кандыдат гістарычных навук, дацэнт кафедры археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін МДУ імя Куляшова А.Р. Агееў паведаміў наогул пра грамадскія ініцыятывы ў г. Магілёве і ў прыватнасці пра стварэнне музея Алеся Адамовіча. Аляксандр Рыгоравіч параіў бібліятэцы выступіць з ініцыятывай выдання кніг А.В. Пысіна і іншых магілёўскіх пісьменнікаў.

У 2016 годзе пачалося супрацоўніцтва абласной бібліятэкі з бібліятэкай Смаленскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Адбылося два сумесных мерапрыемства, адно з якіх – прэзентацыя фотавыставы Мікалая Гнісюка “Белорусские актеры в российском кино, российские актеры в белорусских фильмах”. На значнай частцы фатаграфій – пісьменнік А. Адамовіч на кіназдымках мастацкіх фільмаў па сваіх творах і творам В. Быкава.
Ініцыятар і арганізатар выставы – загадчык аддзела электронных рэсурсаў бібліятэкі Смаленскага дзяржаўнага ўніверсітэта, супрацоўнік навукова-адукацыйнага цэнтра “Расія і Беларусь: гісторыя і культура ў мінулым і сучаснасці”, кандыдыт педагагічных навук Т.М. Ладожына пазнаёміла прысутных з дзейнасцю па папулярызацыі выставы сярод насельніцтва г. Смаленска. Падрабязна спынілася на мастацкай кінастужцы “Ідзі і глядзі” рэжысёра Э. Клімава, знятай у жанры ваеннай драмы па сцэнарыю Алеся Адамовіча.
Па заканчэнні выступу, з дазволу ўдавы фотамастака М. Гнісюка Н.М. Майданскай, некалькі фатаграфій з фотаэкспазіцыі Таццяна Мікалаеўна падарыла для музея Алеся Адамовіча ў Глушы.

Бібліятэка Смаленскага дзяржаўнага ўніверсітэта з’яўляецца ініцыятарам міжнароднага карпаратыўнага праекта па стварэнні рэфератыўнай базы даных “Беларускія смаляне, смаленскія беларусы”. Бібліяграфічныя запісы публікацый аб выхадцах з Беларусі, вядомых сваёй дзейнасцю на Смаленшчыне, і пра смалян, якія ўнеслі ўклад у развіццё беларускай культуры, адукацыі і навукі, збіраюць таксама Нацыянальная бібліятэка Беларусі, Магілёўская і Віцебская абласныя бібліятэкі.
Адзін з актыўных удзельнікаў фарміравання базы даных – дацэнт кафедры прыродазнаўства МДУ імя А.А. Куляшова У.Г. Хамякоў. У дакладзе “Персоналагічны падыход у вывучэнні літаратурных сувязяў смаленска-магілёўскага памежжа” Уладзімір Георгіевіч паведаміў, што для базы даных ужо выяўлена больш за 700 дзеячаў і прадставіў імёны беларускіх літаратараў, якія папоўнілі базу даных.

25 лютага ўсе неабыякавыя да творчасці Алеся Уладзіміравіча Пісьмянкова адзначылі 60-годдзе з дня нараджэння паэта.
У праграме канферэнцыі аб папулярызацыі творчасці земляка ў бібліятэках Касцюковіцкага раёна расказала Л.У. Лобарава, кіраўнік народнага аматарскага аб’яднання “Літаратурная гасцёўня “Крынічка” пры ДУК “Касцюковіцкая бібліятэчная сетка”.

У 2016 годзе адбылася значная падзея для Магілёўшчыны – у выдавецтвы Беларускай Энцыклапедыі імя П. Броўкі выйшла кніга “Спірыдон Собаль і вытокі магілёўскага кнігадруку”, падрыхтаваная Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі.
Выданне прадстаўляе багатую спадчыну магілёўскага кнігадрукара Спірыдона Собаля і яго паслядоўнікаў XVII-XVIII стст. Народжаны ў Магілёве, ён стаў найбольш вядомым праваслаўным выдаўцом і друкаром Беларусі першай паловы XVII ст., распачаўшы кнігавыданне ў Куцейне, Буйнічах і ў самім Магілёве. С. Собаль выдаў першы на землях сучаснай Беларусі “Буквар”.
Прэзентацыю выдання правяла загадчык юнацкага аддзела абласной бібліятэкі М.У. Елісеева. Вельмі цікава гасцям бібліятэкі было выступленне гісторыка і краязнаўца Магілёва, кандыдата гістарычных навук, дацэнта кафедры гуманітарных дысцыплін Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта харчавання І.А. Пушкіна, які напісаў для кнігі артыкул “Гістарычныя адметнасці горада Магілёва”.

2017 год у Беларусі праходзіць пад знакам навукі. Таму даклады ў другой частцы канферэнцыі прысвячаліся тэмам садзейнічання навуковай дзейнасці і славутым дзеячам – ураджэнцам Магілёўшчыны.

Госць канферэнцыі – намеснік загадчыка бібліятэкі імя Д.Р. Новікава УА “Беларуская дзяржаўная ордэнаў Кастрычніцкай Рэвалюцыі і Працоўнага Чырвонага Сцяга сельскагаспадарчая акадэмія” Г.Я. Мядведзева паведаміла пра інфармацыйна-бібліятэчную дзейнасць у дапамогу навукоўцам Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі.
Прысутныя на канферэнцыі, асабліва бібліятэчныя работнікі, адзначылі, што найбуйнейшая бібліятэка рэспублікі з самым значным фондам дакументаў па профілю сельскай гаспадаркі з’яўляецца сучасным інфармацыйным цэнтрам, актыўна запатрабавана і садзейнічае інавацыйнаму развіццю галіны.

У 2017 годзе спаўняецца 150 гадоў з дня заснавання ўстановы, якая з’яўляецца не проста галоўным сховішчам помнікаў гісторыі, матэрыяльнай і духоўнай культуры, але займаецца культурна-асветніцкай дзейнасцю.
Старшы навуковы супрацоўнік Магілёўскага абласнога краязнаўчага музея імя Е.Р. Раманава, кандыдат гістарычных навук А.С. Буракова расказала пра ўклад музея ў захаванне літаратурнай спадчыны Магілёўшчыны.
Удзельнікі даведаліся пра шляхі камплектавання фондаў музея матэрыяламі пра літаратараў, першым з якіх у 1952 годзе быў А. Куляшоў. Затым былі аформленыя матэрыялы пісьменнікаў К. Кірээнкі, А. Пысіна, І. Чыгрынава, П. Прыходзькі.
Аляксандра Сяргееўна зрабіла акцэнт на кнігах А. Пысіна, падораных ў фонд музея з аўтографамі, а таксама на матэрыялах, якія паступілі ў 1992 годзе ад сябра Аляксея Васільевіча – фатографа А. Борчыка.

Пра цікавыя факты з жыцця і дзейнасці вядомых магілёўцаў – друкара І.Труцэвіча (“Кнігавыдавецкая дзейнасць Іаіля Труцэвіча) і выдаўцоў братоў Гранат (“На карысць народу. Асветніцкая дзейнасць братоў Гранат”), доктара медыцыны Л.І. Галынца (“Магілёў у жыцці і навуковай дзейнасці доктара медыцыны Лявонція Іванавіча Галынца), ўдзельнікі канферэнцыі даведаліся з змястоўных дакладаў супрацоўнікаў бібліятэкі: галоўнага бібліятэкара аддзела беларускай і краязнаўчай літаратуры В.М. Бязмен, вядучага бібліятэкара аддзела маркетынгу і бібліятэказнаўчай работы А.Ю. Ніедра, загадчыка аддзела беларускай і краязнаўчай літаратуры Т.М. Калінінай.