СТРУКТУРА - МУЗЕЙНЫ ПАКОЙ ГІСТОРЫІ КНІГІ І БІБЛІЯТЭКІ

+375 222 628763

market@library.mogilev.by

14 верасня 2011 года, напярэдадні Дня бібліятэк Беларусі, адбылося ўрачыстае адкрыццё Музейнага пакоя гісторыі кнігі і бібліятэкі.
Музейны пакой – аднаўленне гісторыі Магілёўскай абласной бібліятэкі і захаванне для будучых пакаленняў супрацоўнікаў і чытачоў не толькі інфармацыі пра бібліятэку, але і прадстаўленне матэрыяльнага ўвасаблення – кніг, перыядычных выданняў, бібліятэчнай тэхнікі.

У працы над Музейным пакоем выкарыстоўваліся кнiгi загадаў бібліятэкі, пачынаючы з 5 студзеня 1935 года, асабістыя справы яе супрацоўнікаў, матэрыялы Нацыянальнага архіва Беларусі, Дзяржаўнага архіва Магілёўскай вобласці, Дзяржаўнага архіва грамадскіх аб'яднанняў Магілёўскай вобласці, успаміны ветэранаў бібліятэкі. У аснову паказу пакладзены тэматыка-храналагічны прынцып, экспазіцыі адлюстроўваюць гісторыю бібліятэкі з 1935 года па цяперашні час.

Пакой прадстаўлены тэматычнымі блокамі: "Бібліятэка з моманту заснавання", "Кіраўнікі бібліятэкі", "Рэдкія кнігі і перыядычныя выданні", "Краязнаўчыя выданні", "Бібліятэка ў гады Вялікай Айчыннай вайны", "Новы будынак – новае жыццё", "Бібліятэчная тэхніка мінулага", "Спецфонд: забароненая літаратура", "Метадычная дзейнасць: мінулае і сучаснасць".

Дакументны фонд Музейнага пакоя дапоўнены бібліятэчнай тэхнікай, якая ў розныя гады выкарыстоўвалася чытачамі і супрацоўнікамі: апарат для чытання мікрафіш і мікрафільмаў, радыёла, рататар для друкавання каталожных картак, арыфмометр.
"Падзея, якая ўпісала ў вечную гісторыю імёны супрацоўнікаў бібліятэкі..." – такую ацэнку стварэння Музейнага пакоя даў Анатоль Анатольевіч Сінкавец, былы начальнік упраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама.