Выбярыце раздзел:

А словы складаць у песні
Легенды, балады, сказы
Я ўзяўся таму, што гэта
Загінутай праца была.
І перад радзімай хацеў я
Выканаць свой абавязак,
Каб слава майго народа
Заўсёды і ў песні жыла...

М. Танк

Літаратура пра М. Танка

На выставе прадстаўлена літаратура аб жыцці і творчасці Максіма Танка
з фонда УК "Магілёўская абласная бібліятэка імя У.І. Леніна".

 

Максім Танк = Максим Танк / [автор текста Вячеслав Петрович Рагойша]. — Мінск : Беларусь, 1985. — 87 с. : іл.

Максім Танк — адзін з самых буйных і арыгінальных прадстаўнікоў беларускай паэзіі ХХ стагоддзя, які надзвычай шмат зрабіў для яе развіцця і ўзбагачэння, пошукаў новых шляхоў паэтычнай творчасці, у тым ліку такіх, што судакраналіся з мадэрнісцкімі напрамкамі мастацкага асэнсавання рачаіснасці.
На долю М. Танка выпала зайздросная місія заўсёды быць у цэнтры літаратурнага працэсу, пракладваць новыя шляхі ў мастацкім развіцці свайго народа. З яго імем звязан той выключна важны этап, калі маладая літаратура прыгнечанага народа заходняй часткі Беларусі гучна заявіла аб сваім існаванні як літаратуры прафесіянальнай.
У кнізе змяшчаны артыкул аб жыцці і дзейнасці Максіма Танка, фотаздымкі з афіцыйных мерапрыемстваў, з літаратурных сустрэч, сустрэч з сябрамі-мастрамі слова.


 

Арочка, М. М. Максім Танк : жыцце ў паэзіі / Мікалай Мікалаевіч Арочка ; Акадэмія навук Беларускай ССР, Ордэна Дружбы народаў Інстытут літаратуры імя Я. Купалы ; рэдактар П. К. Дзюбайла. — Мінск : Навука і тэхніка, 1984. — 272 с.

У кнізе даследуюцца жыццёвы і творчы шлях Максіма Танка, аднаго з буйнейшых талентаў у свеце сучаснай паэзіі, яго набыткі на ўсіх важнейшых этапах — рэвалюцыйнага падполля, вогненных гадоў вайны, актыўнага грамадзянскага служэння ў наш час. Аўтар спыняецца на эстэтычных каштоўнасцях, створаных на высокім узроўні сучаснай паэтычнай культуры, разглядае майстэрства, паэтыку, багацце жанрава-стылявых пошукаў паэта.

Адрасуецца выкладчыкам, студэнтам, вучням сярэдніх школ, шырокаму колу чытачоў.


 

Бугаеў, Д. Паэзія Максіма Танка / Дзмітрый Бугаеў. — 2-е выд., выпраўленае і дапоўненае. — Мінск : Беларуская навука, 2003. — 311 с.

Кніга прысвечана творчасці Максіма Танка. Яго багатая і разнастайная паэзія — адметная з'ява ў нашай літаратуры. Разам з творамі П. Броўкі, А. Куляшова, П. Панчанкі і іншых майстроў паэтычнага слова яна вызначае магістральныя шляхі развіцця беларускай паэзіі.
У кнізе разглядаецца творчасць Максіма Танка як давераснёўскай пары, так і савецкага часу, акрэсліваецца індывідуальны мастацкі воблік паэта, прасочваецца эвалюцыя яго пісьменніцкага стылю.
Выданне 1964 г. дапоўнена двума артыкуламі: "Выдатны паэт славянскага свету" (1982, 1983) і "Душэўнае высакародства" (1997), у якіх разглядаецца танкаўская творчасць больш позняга перыяду. Таму гэта кніга ахоплівае і глыбока аналізуе практычна ўсю літаратурную спадчыну паэта. Гаворыцца ў кнізе і пра чалавечую абаяльнасць Максіма Танка, згадваюцца асабістыя сустрэчы аўтара з ім.

Прызначана для ўсіх, каго цікавіць творчасць Максіма Танка.


 

Верабей А. Л. Максім Танк і польская літаратура / А. Л. Верабей ; рэдактар М. М. Арочка. — Мінск : Навука і тэхніка, 1984. — 120 с.

У манаграфіі вядзецца размова аб традыцыях польскага рамантызму XIX ст. у паэзіі Максіма Танка, аналізуюцца ўзаемаадносіны творасці беларускага паэта з польскай літаратурай 20—30-х гадоў XX ст. і сучаснай, даследуюцца пераклады Максіма Танка з польскай наэзіі і пераклады яго твораў на польскую мову, даецца ацэнка працам польскіх крытыкаў і літаратуразнаўцаў, прысвечаным творчасці паэта. Разлічана на навуковых супрацоўнікаў, выкладчыкаў, аспірантаў і ўсіх тых, хто цікавіцца пытаннямі літаратурных сувязей і тэорыяй мастацкага перакладу.


 

Калеснік, У. Максім Танк : [нарыс жыцця і творчасці] / Уладзімір Андрэевіч Калеснік ; мастак М. Р. Казлоў. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1981. — 189 с. : 4 л. іл.

Асабістае знаёмства Уладзіміра Калесніка з Максімам Танкам дало магчымасць пазнаць паэта, як чалавека, паназіраць за ім у прыватным жыцці.
У кнізе Уладзіміра Калесніка разглядаецца жыццёвы і творчы шлях народнага паэта Беларусі Максіма Танка (Яўгена Іванавіча Скурко), аналізуюцца многія вершы і паэмы, даследуецца паэтычнае майстэрства. У публікацыі зроблены грунтоўны аналіз творчасці, аналізуюцца многія вершы і паэмы, даследуецца паэтычнае майстэрства. Не адарвана гэта даследаванне і ад гістарычных падзей, на фоне якіх праходзіла жыццё Максіма Танка, і якія ўплывалі на яго творчасць.
Кніга ў першую чаргу адрасуецца выкладчыкам беларускай літаратуры, студэнтам, школьнікам, але будзе цікавая і шырокаму колу чытачоў, асабліва тым, хто цікавіцца беларускай літаратурай і гісторыяй.


 

Мікуліч, М. Максім Танк : На скразняках стагоддзя / Міколай Уладзіміравіч Мікуліч ; рэдактар Г. С. Шупенька ; мастак Л. А. Стрыжак. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1999. — 254 с. : іл.

У кнізе робіцца спроба асэнсаваць феномен Максіма Танка — паэта і чалавека, асобы першай велічыні ў гісторыі беларускай літаратуры XX стагоддзя. Прыводзячы свае гутаркі з Максімам Танкам у апошнія гады яго жыцця, выкарыстоўваючы старонкі эпісталярнай спадчыны народнага паэта, шматлікія архіўныя матэрыялы і іншае, аўтар раскрывае філасофска-патрыятычныя асновы яго жыцця і творчасці, веру ў духоўна-маральныя каштоўнасці чалавека.


 

Мікуліч, М. У. Максім Танк і сучасная беларуская лірыка / Міколай Уладзіміравіч Мікуліч ; навуковы рэдактар У. В. Гніламёдаў ; мастак В. А. Жахавец. — Мінск : Навука і тэхніка, 1994. — 191 с.

У кнізе асэнсоўваюцца працэс станаўлення творчай індывідуальнасці Максіма Танка, багацце сувязей паэта з фальклорнымі і літаратурнымі традыцыямі (Я. Купала, Я. Колас, М. Багдановіч, У. Маякоўскі і інш.), самабытнасць яго мастацка-філасофскага свету, вобразна-асацыятыўнага мыслення і г.д. Прасочваецца ўплыў творчасці Максіма Танка на развіццё сучаснай беларускай лірыкі, выяўляюцца рысы тыпалагічнай агульнасці мастака з іншымі нацыянальнымі паэтамі.

Разлічана на літаратуразнаўцаў, выкладчыкаў, аспірантаў і студэнтаў, настаўнікаў і школьнікаў, усіх, хто цікавіцца паэзіяй.


 

Мікуліч, М. Паэзія рэчаіснасці : [у свеце Максіма Танка] / Мікола Мікуліч ; рэдактар Г. С. Шупенька ; мастак С. Б.Самойлава. — Мінск : Мастацкая літаратура, 2001. — 126 с. : іл.

Кніга з'яўляецца працягам асэнсавання вядомым крытыкам і літаратуразнаўцам асаблівасцей жыцця і творчасці Максіма Танка, яго месца і значэння ў беларускай літаратуры. Шырока выкарыстоўваючы архіўныя, эпісталярныя матэрыялы, аўтар раскрывае вытокі і змест яркага духоўна-мастацкага дару народнага паэта, прачулае слова гаворыць пра яго радзіму — Нарачанскі край.

Адрасуецца літаратуразнаўцам, выкладчыкам і студэнтам, усім, хто цікавіцца беларускай паэзіяй.


 

Міцкевіч, У. А. Максім Танк у школе : дапаможнік для настаўніка / У. А. Міцкевіч ; рэдактар Т. А. Комар. — Мінск : Народная света, 1976. — 160 с. : іл.

Хто не захапляецца творамі Максіма Танка! Яркая вобразнасць і непаўторнасць яго мовы хвалюе чытача, філасофскі змест танкаўскай паэзіі наводзіць на роздум, да глыбіні душы кранае інтымная і пейзажная лірыка…
У гэтым дапаможніку аўтар робіць спробу ў форме навукова-папулярнага нарыса рассказаць пра жыццёвы і творчы шлях пісьменніка, пазнаёміць з яго лепшымі зборнікамі, якія з’явіліся важнай вехай у ідэйна-мастацкім развіцці паэта. На шырокім літаратурна-гістарычным фоне аналізуюцца творы, прадугледжаныя праграмай для вывучэння ў сярэдняй школе.


 

Рагойша, В. Паэтыка Максіма Танка / В. Рагойша ; рэдактар М. Няхай ; мастак Л. Дубавіцкая. — Мінск : Выдавецтва БДУ імя У.І. Леніна, 1968. — 227 с.

У кнізе даследуецца непаўторны свет вобразнасці і рытму паэзіі Максіма Танка. Акцэнтуючы ўвагу на творчасці паэта апошняга дзесяцігоддзя, аўтар імкнецца выявіць сутнасць і прычыны яе эвалюцыі, характар пошукаў аднаго з лепшых майстроў паэтычнага слова ў галіне вершаванай формы. Значнае месца адводзіцца высвятленню некаторых малавывучаных пытанняў тэорыі паэзіі (умоўна-асацыятыўная вобразнасць, верлібр і інш.).

Кніга адрасуецца літаратуразнаўцам, настаўнікам сярэдніх школ, студэнтам філалагічных факультэтаў, усім, хто цікавіцца праблемамі развіцця беларускай літаратуры.



На выставе прадстаўлена літаратура аб жыцці і творчасці Максіма Танка
з фонда УК "Магілёўская абласная бібліятэка імя У.І. Леніна".

Выбярыце раздзел: