Магілёўшчына ў гады Першай сусветнай вайны

Аддзел беларускай і краязнаўчай літаратуры  прапануе віртуальную выставу "Магілёўшчына ў гады Першай  сусветнай  вайны". Гэта вайна, якую называлі Вялікай, пакінула глыбокі след у гісторыі і лёсе людзей нашай краіны. Заходні фронт стаў своеасаблівым шчытом Расійскай імперыі. Дзесякі тысяч героеў у генеральскіх, афіцэрскіх і салдацкіх пагонах  сумленна і мужна выконвалі свой абавязак, многія з іх знайшлі вечны спакой у беларускай зямлі.

2 жніўня 1914 г. Магілёўская губерня аб’яўлена на ваенным становішчы. Тысячы магілёўцаў былі мабілізаваныя ў войска. Каля трэці ўсіх гаспадарак засталіся пад апекай жанчын. З лета 1915 г. у губерні пачаўся масавы рух бежанцаў.  Праз яе тэрыторыю прайшло каля 1 млн. уцекачоў.

У 1915—1918 гг. Магілёў апынуўся ў цэнтры гістарычных падзей еўрапейскага і сусветнага значэння: тут размясцілася Стаўка Вярхоўнага Галоўнакамандуючага рускай арміі, абавязкі якога  прыняў на сябе імператар Мікалай ІІ; тут абмяркоўваліся стратэгічныя задумы, планаваліся і распрацоўваліся  ваенныя аперацыі; адсюль ажыццяўляліся аператыўнае кіраванне вайсковымі злучэннямі і службамі матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння арміі; узгадняліся дыпламатычныя і ваенныя дзеянні саюзных дзяржаў. Важную ролю іграў Магілёў і ў рэвалюцыйным 1917 г.: у жніўні стаў цэнтрам "карнілаўшчыны", у дні Кастрычніцкага перавароту вакол Стаўкі групаваліся антыбальшавіцкія сілы.

Але да нашага часу Першая міравая вайна застаецца для многіх невядомай, не гледзячы на тое, што яе падзеі шмат у чым вызначаюць сучаснае жыццё. Нашы дзяды і прадзяды былі сапраўднымі патрыётамі сваёй Айчыны і заслугоўваюць павагу і ўшанаванне.

На віртуальнай выставе прадстаўлены асобныя выданні, артыкулы са зборнікаў, часопісаў, газет з фонду Магілёўскай абласной бібліятэкі, інтэрнэт-рэсурсы. Сярод іх: рэдкія выданні, архіўныя і фотадакументы, мемуарная літаратура, працы сучасных гісторыкаў і краязнаўцаў, мастацкая літаратура.

Выстава адрасавана шырокаму колу карыстальнікаў, зацікаўленых у вывучэнні гісторыі сваёй Радзімы.