О картине О художнике Материалы Галерея

“Паўстанне рыбакоў на возеры Нарач”
(1957)

“Былі ў нас азёры, – быў хлеб і соль.
Паны ў нас азёры ўзялі,
Толькі нам кінулі чорствы падзол,
Голад, бяду, мазалі.
Калышуцца і гнуцца трыснікі,
Як бура наляцеўшая ударыць.
Ніколі цябе, Нарач,
Не кінуць рыбакі…”
Максім Танк

Спакон веку нарачанскае возера было сродкам існавання для тысяч рыбакоў. Усё змянілася са з’яўленнем закона 1932 г. аб нацыяналізацыі рэк і азёр, які забараняў рыбны промысел. Беларускі паэт Максім Танк так засведчыў гэтую падзею: “Зімой 1934 г., пехатою вяртаючыся дадому з віленскага астрогу, з “Лукішак”, на адной з рыбацкіх хат, я пабачыў загад польскага ўрада, які забараняў рыбакам лавіць рыбу ў Нарачы і ва ўсіх іншых азёрах, права на якія перадавалася арандатарам. Вясной і летам 1935 г., калі ўрад пачаў рэалізаваць свае планы, — на Нарачы падняўся бунт рыбакоў, які галосным рэхам пракаціўся па ўсіх азёрах Віленшчыны, Палесся і нават польскага Памор’я”. Праз некаторы час М. Танк амаль дакументальна асвяціў усе падзеі бунту ў сваёй паэме “Нарач”.
Зацікаўлены гэтай тэмай В. Цвірка прыехаў у Заходнюю Беларусь, на возера Нарач, каб на свае вочы ўбачыць месцы, некалі насычаныя духам вызваленчай барацьбы. Тут ён стварае цэлую серыю эцюдаў, якія дзякуючы свайму маляўнічаму гучанню становяцца самастойнымі творамі.
Пасля паездкі на возера Нарач мастак прыступае да грунтоўнай працы над карцінай. Ён надае асаблівую ўвагу вырашэнню задач, звязаных з выяўленнем праўдзівых і пераканаўчых вобразаў. Па словах Б. Крэпака мастак “…старанна вывучаў дакументы, сустракаўся з відавочцамі і ўдзельнікамі паўстанцкіх падзей”. Вядома, што апанаваныя роспаччу нарачанскія рыбакі неаднаразова звярталіся да польскіх улад, каб падцвердзіць сваё права на карыстанне возерам. Але ў тых заўсёды знаходзіліся прычыны адмовіць рыбакам ва ўласнасці. “І спакойныя нарачанцы не вытрымалі. Хтосьці адважны кінуў кліч: “Калі ўрад не дазваляе лавіць рыбу нам, дык мы не дазволім лавіць яе ўраду”. Менавіта пачатак бунту становіцца галоўнай падзеяй, якую ўвасабляе мастак.

“З Нарачы выплыла сонца.
Лодкі да сонца плылі.
Біліся хвалі аб вёслы,
Пеніліся і гулі.
Дзеці, жанчыны, старыя
Сёння на бераг прыйшлі
З віламі, з пешнямі.
Сталі, чакаюць,
калі
Новыя выплывуць лодкі.”
Маладыя хлопцы, мужчыны сабраліся бараніць свае правы. Яны рыхтуюцца да рыбнай лоўлі, нягледзячы на забарону, якую агучвае афіцэр. Стаўленне В. Цвіркі да гэтай падзеі адразу прачытваецца праз яркі кампазіцыйны кантраст: асноўную частку палатна займаюць паўстаўшыя рыбакі, а паліцэйскім мастак свядома надае вельмі мала месца.У рухах рыбакоў адчуваецца смеласць і рашучасць. Ва ўнісон іх бунтарскаму, мяцежнаму настрою, у бясконцым асяроддзі воднай прасторы развіваюцца беласнежныя ветразі — сімвалы свабоды і барацьбы.
Яркія і індывідуальныя вобразы нарачанцаў аб’яднаны агульнай мэтай вызвалення свайго адзінага сродку існавання ад вераломнага захопу. Сярод паўстанцкага натоўпу асабліва вылучаецца фігура рыбака ў чырвонай кашулі. Гэты вобраз канцэнтруе ў сабе асноўны змест карціны. У яго загарэлым мускулістым целе адчуваецца фізічная моц, якая ўвасабляе магутнасць з’яднанага народа. Але яшчэ больш вялікая для яго сіла — справядлівасць. Парушаная польскімі ўладамі, яна павінна перамагчы, і ў яго ўпэўненым рэзкім павароце фігуры адчуваецца беспярэчная вера ў гэтую перамогу.
У выданні 1960 г., прысвечаным В. Цвіркі, мастацтвазнаўца В. Заслаўская распавядае пра творчыя пошукі мастака і прыводзіць першапачатковыя эскізы да будучага “Паўстання…”. На вялікі жаль, эскізы надрукаваныя ў чорна-белым варыянце, таму паўнавартаснае параўнанне праводзіць даволі складана. У прыватнасці, пра колеравае вызначэнне можна даведацца толькі з цытаты В. Заслаўскай: “Мастак доўга працаваў над вобразам рыбака. Знайшоўшы неабходны тып натуршчыка, ён шмат разоў пісаў яго, доўга шукаў месца ў агульнай кампазіцыі. У першапачатковых эскізах рыбак выяўлены ў белай кашулі. Ён стаіць на беразе і трымае ў руках ланцуг ад лодкі, збіраючыся прывязаць яе да прычала”.
У канчатковым варыянце твору белы колер кашулі, якая відавочна злівалася з белымі ветразямі, мастак замяняе на шматзначны чырвоны. Жывапісец вельмі сур’ёзна ставіўся да расстаноўкі колеравых акцэнтаў, дэталяў. Гэта падцвярджае і сучаснік мастака Б. Прахарэнка, які ў сваім паэтычным артыкуле адзначыў: “В. Цвірка здзіўляе сваім уменнем працаваць з дэталямі, рэжысіраваць іх. Яго палотны, напісаныя шырока, лакальнымі каляровымі плямамі, іншы раз маглі б падацца нават сухаватымі, залішне лапідарнымі, калі б не трапная, вывераная і дакладна знойдзеная дэталь, якая бы ўдыхае ў карціну жыццё, “прымушае” яе жыць, гаварыць на поўны голас. У колеры кашулі прасочваецца сувязь з беларускай традыцыйнай духоўнай культурай, згодна з якой, чырвоны сімвалізуе супраціў прыгнёту, жыццевую моц”.
Дзякуючы апублікаваным эскізам, бачна як трансфармавалася кампазіцыйная задума В. Цвіркі. Спачатку галоўны герой знаходзіўся наводдаль ад астатніх рыбакоў, але ў выніку мастак ставіць яго ў лодку, набліжаючы да паўстанцаў. Прыкметна зменшылася адлегласць паміж паліцэйскімі і рыбакамі. Цяпер іх супрацьстаянне ўспрымаецца з відавочнай перавагай апошніх.Суцэльная група бунтароў ўшчыльную набліжана да афіцэра, што сведчыць пра іх адвагу і непахіснасць рашэння змагацца.
Сваё асаблівае месца ў “Паўстанні…” займае выява жанчыны з дзіцём. Па словах В. Заслаўскай, “…мастак меркаваў паказаць у карціне цэлую групу жанчын і дзяцей, але паступова, удакладняючы і канкрэтызуючы вобраз, жывапісец прыбраў астатнія фігуры, якія надавалі кампазіцыі залішнюю шматслоўнасць”. Мастак адлюстроўвае жанчыну з вялікай жыццёвай праўдзівасцю. Ён выразна перадае трапяткія пачуцці маці, з якімі яна абдымае дзіця, клапоцячыся пра яго будучыню. Жанчына з непрыязнасцю назірае за набліжэннем атраду.
Трэба адзначыць, што В. Цвірка вельмі старанна перадаў эпоху паўстанцаў. Яе рысы ярка праявіліся ў адзенні жанчын. Даматканыя кашулі, андаракі, хусткі – усё праўдзіва адлюстроўвае быт беларусаў 1930-х гг.
Па эскізах бачна, што В. Цвірка напачатку планаваў паказаць цэлую шарэнгу польскіх салдат. Аднак у самім “Паўстанні…” ён толькі робіць намёк на іх прысутнасць, уводзячы з левага краю палатна салдата з вінтоўкай. У гэтым прыёме выяўляецца ўменне жывапісца творча пераасэнсаваць рэчаіснасць і адысці ад залішняй ілюстрацыйнасці.
Палатно “Паўстанне рыбакоў на возеры Нарач” вылучаецца каларытам. Акрамя насычаных каляровых плям, мастак расстаўляе акцэнты з дапамогай святла і цені. Тут яму значна дапамагла доўгая праца з натуры на Нарачы. Дзякуючы працяглым назіранням за светлавымі зменамі, В. Цвірка прыйшоў да больш поўнага раскрыцця сваёй тэмы з дапамогай светлавога кантрасту паміж групамі паліцэйскіх і рыбакоў. Цікавую думку наконт гэтага эфекту выказаў А. Дабравольскі: “Па складзенаму гадамі стэрэатыпу мы гаворым пра актуальнасць тэмы ці ідэі. А для мастака любая тэма – экран для праецыравання чыста жывапіснага пошуку.
У выяўленні персанажаў адчуваецца сапраўднае, неабыякавае стаўленне мастака да мінулага. Жывапісец раскрывае складаны ўнутраны свет рыбакоў, лёс якіх напоўнены пакутамі і расчараваннямі. Разам з тым ў іх тварах няма засмучэння і разгубленасці: толькі ўпэўненасць у справядлівасці сваёй барацьбы.
Канчатковы варыянт твору В. Цвіркі, у якім ён апеў барацьбу простага народа, быў завершаны ў 1957 г. Гэта быў перыяд сацыялістычнага рэалізму, які дыктаваў мастакам тэмы і сюжэты для ўвасаблення іх на палотнах. В. Цвірка здолеў злучыць у сваёй карціне запатрабаванні афіцыйных заказчыкаў і ўласныя жыццёвыя прыярытэты. Свабоду і незалежнасць духу мастак цаніў вышэй за ўсё, таму і прысвяціў свой твор тым, у кім была прыніжана чалавечая годнасць. Менавіта за гэтую праўдзівасць і высокае мастацкае майстэрства “Паўстанне рыбакоў на возеры Нарач” з’яўляецца каштоўным творам беларускага выяўленчага мастацтва 1950-х гг.

Падрыхтавала Ганна Быкава, студэнтка 5-га курса Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.