О картине О художнике Материалы Галерея

Грамыка Віктар Аляксандравіч
(1923)

Віктар Аляксандравіч Грамыка ўвайшоў у гісторыю жывапісу перш за ўсё як пясняр гераічнага подзвігу народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, і гэты подзвіг ён бліскуча адлюстраваў не толькі ў сімволіка-алегарычных шматфігурных палотнах, але і ў пейзажах-сімфоніях, якія ён вар’іраваў у розных эмацыянальных ключах, звязаных з памяццю пра перажытае ў гады мінулай вайны.
У кожнай карціне заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі В.А. Грамыкі – частка душы мастака, шчырае прызнанне майстра, якому ёсць што сказаць людзям. Як і для многіх творцаў ягонага пакалення, шлях да мастацтва ў В.А. Грамыкі не быў проста юнацкім захапленнем прыгажосцю ці мэтанакіраваным выбарам прафесіі. Лёс чалавека вырашыла вайна. За плячамі ў вядомага беларускага жывапісца складаны шлях.
Віктар Аляксандравіч Грамыка — савецкі і беларускі мастак. Заслужаны дзеяч мастацтва Беларусі (1970). Народны мастак Беларусі (1991) і ганаровы член Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (2000). Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Узнагароджаны баявымі ордэнамі і медалямі за ўдзел у Вялікай Айчыннай вайне і за заслугі ў развіцці выяўленчага мастацтва (3 ордэны, 20 медалёў).
Ён нарадзіўся 1 студзеня 1923 г. у вёсцы Сенькава, Горацкага раёна, Магілёўскай вобласці. Закончыўшы дзесяцігодку, марыў паступіць у авіяцыйны інстытут. Але вайна распарадзілася па-свойму. У акупіраванай Оршы васемнаццацігадовым юнаком стаў у рады змагароў з фашызмам. Ён ваяваў у падпольнай групе брыгады Канстанціна Заслонава, потым у Смаленскім палку асобага прызначэння, быў камісарам партызанскага атрада. Мастацкія здольнасці партызана адкрыліся ў час супрацоўніцтва ў падпольнай газеце "Народны мсцівец". Так пачаўся творчы шлях мастака.
Пасля вайны ён вучыўся ў Мінскім мастацкім вучылішчы, у 1959 г. скончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут (цяпер Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў). Яго выкладчыкамі былі такія знакамітыя мастакі-рэалісты, як Іван Ахрэмчык, Валянцін Волкаў, Віталь Цвірка. Менавіта пад іх уздзеяннем добрасумленнасць, прафесійная адказнасць перадаліся маладому мастаку. Сімвалічная мова пластыкі, рытмаў, колераў, з якіх нараджаецца абагульненнасць вобразаў, выявіліся ў Віктара Грамыкі ўжо ў дыпломнай рабоце "Дарогамі мсціўцаў" (1959).
Пасля заканчэння інстытута Віктар Грамыка застаўся працаваць на кафедры жывапісу, спачатку асістэнтам прафесара Валянціна Волкава, пазней выкладчыкам на кафедры малюнка. У 1980 г. зноў вярнуўся на кафедру жывапісу, ўжо як прафесар. Гэта быў перыяд асабліва актыўнага развіцця ўсяго савецкага мастацтва. Беларускія жывапісцы Міхаіл Савіцкі, Май Данцыг, Уладзімір Стальмашонак і ншыя шукалі адпаведныя патрабаванням часу мастацкія формы: сімвалічнае гучанне колераў, абвостраныя эфекты ліній, свабоду пабудовы кампазіцыі. Яны хацелі стварыць палотны, у якіх, з усёй паўнатой адлюстраваліся б вялікія дасягненні савецкага народа, яго праца, яго святы і будні. У творчасці Віктара Грамыкі з яснасцю і паслядоўнасцю ўвасобіліся новыя імкненні беларускіх мастакоў. Паэтычны склад мыслення дазволіў майстру намаляваць карціны, у якіх адкрыўся шырокі і разнастайны спектр чалавечых пачуццяў і перажыванняў.
Для творчасці Віктара Грамыкі характэрна спалучэнне лірыкі і эпічнасці, якія ўключаюць ў сябе адну цікавую рысу паэтычнага свету мастака. У ім, у гэтым свеце, выяўлена штосьці пастаяннае, устойлівае, нязменнае — свайго роду ўлонне жыцця. Але ў ім бачна бесперапынная плынь паўсядзённасці, адчуваецца ўся складанасць і вастрыня сучаснага светаадчування; бо яно складваееца ў абставінах драматычных канфліктаў. Але пры доўгім паглыбленым знаёмстве з карцінамі становіцца бачным, што рух лірычнага пачуцця пастаянна падпарадкоўваецца тут больш важкім і строгім пачаткам, якія ў рэшце рэшт аказваюцца вырашальнымі і арганізуюць усю сістэму выяўлення. Кожнае палатно Віктара Грамыкі "дыхае" сваёй, асобай "колеравай" ідэяй. Яшчэ важней, што ў большасці карцін майстра заўсёды выяўлены нейкія апорныя моманты: магутны панарамны разварот прасторы, высокі гарызонт, акцэнт на пэўныя эмацыйныя ўдарныя інтанацыі, плаўная музычная колерарытміка.
Творчасць Віктара Грамыкі спавядальная. Мастак углядаецца часта ў мінулае, распавядае аб паўсядзённай мужнасці простых людзей. Аповед пра ваенны час напаўняецца жывымі пачуццямі, яснымі і моцнымі, праз партрэтнасць кожнага персанажа. Кожны твор непаўторны, але адначасова адчуваецца нешта агульнае, што адрознівае менавіта гэтага жывапісца: выбар высокай кропкі агляду, што дазваляе ўбачыць нібыта ўсю зямлю, а таксама рытмічнасць пабудовы, інтэнсіўнасць каларыту, які часам настолькі ярка свеціцца, што, здаецца, карціна напісана асаблівымі фарбамі.
Свае жывапісныя творы Віктар Грамыка нярэдка называе баладамі, песнямі. Бо на яго палотнах не толькі тое, што намалявана майстрам, але і тое, што расказана ім. Бо ў іх ёсць усё — і што было да падзеі, адлюстраванай на карціне, і што будзе потым. Творчасць Віктара Грамыкі нязменна суадносіцца з высокімі ўяўленнямі пра сэнс жыцця, пра патрэбу для кожнага чалавека ў духоўных ідэалах і перакананнях, пра адказнасць мастака перад сваім народам.
У беларускае мастацтва ён увайшоў як майстар гісторыка-гераічнай карціны, буйнамаштабнага эпічнага пейзажа і псіхалагічнага партрэта.
У ранніх работах Віктар Грамыка трымаецца як мага бліжэй да рэалістычнай рэчаіснасці. Пасля паездкі на цаліну ён піша карціны "Юнацтва" (1964) і "Гудуць трактары" (1964). У гэтых работах выяўляюцца істотныя асаблівасці яго таленту: пранікнёнасць у абмалёўцы характараў чалавека, лірычнае ўспрыманне прыроды, але пакуль што ён — толькі шчаслівы назіральнік бурнага, поўнага руху жыцця.
Аднак гады ідуць. Асэнсоўваючы ўсю глыбіню і значнасць перажытага (падзей нядаўняга ваеннага мінулага), разважаючы пра сучаснасць і будучыню, мастак паступова асэнсоўвае грамадскія перамены, якія адбываюцца ў мастацтве. Натуральным становіцца для яго ўзнікненне (напачатку яшчэ ў нетрах агульна прынятых уяўленняў у мастацтве) новай, больш складанай мастацкай мовы, якая адпавядае ідэям часу.
Выяўленне творчых задум новымі сродкамі прыходзіць да мастака не адразу. Так і ў карціне "Салдаты" (1976), якая вызначае няпросты паварот у яго творчасці: тут заўважаецца сутыкненне раней абранай мастаком жанравай асновы трактоўкі сюжэтаў, характэрнай для яго карцін, прысвечаных цаліне, з новымі манументальнымі элементамі ўвасаблення вобразаў. Існуюць у карціне і бытавыя, і сімвалічныя аспекты трактоўкі тэмы жыцця і смерці, тэмы памяці.
Далейшым крокам да ўскладнення сімволікі вобразаў, звязаных з успамінамі пра вайну, становіцца палатно "1941 год. Над Прыпяццю" (1970). Яму адпавядае абагульнёная фрэскавая манера пісьма. Сюжэт, такім чынам, вызваляецца ад абмежаванасці прыкмет і сэнсу вузка-канкрэтнага выпадку, набывае якасць усеагульнасці, калі ўздымаецца да матыву піеты (аплаквання).
Да пачатку 70-х гг. акрэсліваецца характар індывідуальнага вобразнага мыслення мастака, які схільны да выяўлення вялікіх агульначалавечых ідэй. На змену непатрабавальнай жанравасці і наіўнай лірычнай непасрэднасці ранніх твораў прыходзіць імкненне да шматзначнасці вобразаў, да складанай алегарычнасці.
Палотны гэтага перыяду захоўваюць прыкметы творчых пакут жывапісца. Гэтыя творы нераўнацэнныя, у іх далёка не ўсе цікавыя задумы атрымліваюць пераканаўчае ўвасабленне. Гэта датычыць перш за ўсё карціны "Жанчынам Вялікай Айчыннай вайны прысвячаецца" (1972). Супярэчлівыя пачуцці выклікае кампазіцыя палатна: складаны сімвалічны падтэкст месцамі ператвараецца ў вельмі ўжо наглядную ілюстрацыю ідэі несумяшчальнасці пяшчотнай жаноцкасці і жорсткай стыхіі вайны з яе прыладамі смерці.
Віктар Грамыка пераадольвае падобнага роду спалучэнні ілюстрацыйнасці і абстрактнасці, выкарыстоўваючы ўсе "рэзервы" жыццёвага і творчага вопыту. Свайго роду лабараторыяй майстэрства робіцца для мастака пейзаж, дзе складаюцца яго цяперашнія ўстойлівыя канцэпцыі ўзаемазліцця зместу і формы: засвойваючы гарманічныя заканамернасці натуры, ён быццам нанова пазнае для сябе навакольны свет і знаходзіць у ім жывыя адпаведнасці сваім уласным эстэтычным ідэалам і захапленням.
Своеасаблівае бачанне краявідаў роднай зямлі мастак выявіў даўно, ужо ў браслаўскіх пейзажах пачатку 60-х гг. Сталым уяўленням пра сціплае хараство беларускай прыроды Віктар Грамыка і тады супрацьпастаўляў амаль планетарнае адчуванне маштабаў азёрнага краю. Каб зрабіць прадметам мастацтва велічную прыгажосць гэтых мясцін з бясконцым ланцугом азёр, ледавіковых марэн і абветраных соснаў, ён перапрацоўваў натурныя эцюды ў майстэрні, ствараў кампазіцыі, дзе сціплая і амаль будзённая праўда першакрыніцы набывала манументальнае, абагульненае значэнне.
Такое "фарматворчае" засваенне прыроды мастаком адчуваецца ў яго пейзажах-карцінах "Чырвоныя землі Полаччыны" (1970) і "Ільны беларускія" (1969). Кампазіцыю "Чырвоных земляў Полаччыны" ён будуе, падкрэсліваючы канструктыўнасць пейзажу. У "Ільнах беларускіх" мастак дае трактоўку вобраза беларускай зямлі, абмытай блакітам квітнеючага лёну.
Пазнанне гарманічнай суладнасці прыродных формаў і іх эстэтычнай змястоўнасці надаюць пейзажам Віктара Грамыкі асаблівую выразнасць. Гэта відавочна і ў карцінах "Жнівень" (1971), "Полаччына" (1974), "Край Полацкі — край партызанскі" (1975), якія таксама будуюцца на выяўленні структуры прасторы, яе колеравых і пластычных характарыстык. Мастак падпарадкоўвае ўвагу гледача строгай логіцы ўспрымання вобразаў: успрыманне, погляд накіроўваюцца рухам ліній — то плаўных, то пругка выгнутых, якія абмалёўваюць аб’ёмы і ствараюць поле зрокавага напружання ці спакою ў градацыях колеравай перспектывы, у яе бліжэйшых і далёкіх планах. Аўтар нібы перамяшчае пункт агляду, стварае адчуванне дынамікі часу і прасторы. Яго карціны можна параўнаць з кінапанарамай, убачанай у велічным руху, якая нібы разгортваецца пад крылом самалёта і плыве ў бяскрайнюю далячынь. "За кадрам" застаецца расказ пра далёкую і блізкую гісторыю зямлі, дзе ўвасабляецца і наступленне ледавікоў, і сляды тэктанічных зрухаў. На ёй — вокны азёраў, чароды марэнаў, якія зараслі соснамі, і палі, апрацаваныя людзьмі. Пераараныя акопы і невялічкі помнік тым, хто загінуў, абараняючы гэтую зямлю, робяць карціну прыроды прыналежнай да народнага лёсу, напаўняюць вобраз адчуваннем гістарычнай перспектывы.
Партрэты Віктара Грамыкі, удумлівыя і псіхалагічныя, — яшчэ адна грань багатага таленту мастака. У іх залежна ад вобраза мадэлі мяняецца не толькі каларыстычны, эмацыянальны стан, але і тэхніка жывапіснага ўвасаблення. Стварыў партрэты: народнага пісьменніка БССР Янкі Брыля (1963), аўтапартрэт (1965), свайго бацькі (1977), камісара Андрэя Юр’ева (1982), пісьменніка Васіля Быкава (1985), пісьменніка Івана Навуменкі (1984), і інш.
Віктар Грамыка з’яўляецца аўтарам роспісу "Песня пра мой атрад" (2005) у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.
Віктар Грамыка вядомы не толькі як мастак, але як і літаратар, лаўрэат Міжнароднай прэміі імя М. Шолахава (2010). 92-гадовы жывапісец апошнім часам карціны не стварае — зрок не дазваляе. Таму галоўным яго клопатам з’яўляецца падрыхтоўка да друку другой кнігі пад назвай "За аблокамі — сонца" з задуманай трылогіі ўспамінаў (новы том прысвечаны перыяду з 1944 г. да канца 1960-х гг.). Першая кніга пад назвай "Вясёлка над дарогай" выйшла ў 2000 г. і апавядала пра дзіцячыя і юнацкія гады Віктара Грамыкі, якія прайшлі на Аршаншчыне, яго ўдзел у падпольнай і партызанскай барацьбе.
Віктар Грамыка ніколі не збочваў з аднойчы абранага ім шляху, не паддаваўся на якія-небудзь модныя спакусы. Ён строгі і патрабавальны да самога сябе, настойлівы і прынцыповы ў сваім стаўленні да справы, якой служыць.
Філасофскі падыход да спасціжэння чалавека, яго грамадзянскай сутнасці, дыялектычнай вастрыні супярэчнасцяў эпохі — вось што, выяўленае паслядоўна і пераканальна ў лепшых творах Віктара Грамыкі, вывела яго ў лік жывапісцаў, пра чые творы спрачаюцца, чыіх твораў чакаюць.
На ўсесаюзных і рэспубліканскіх выстаўках карыстаюцца вялікім поспехам многія творы Віктара Грамыкі. Яны захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў г. Мінску, Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя П.В. Масленікава, Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі ў г. Маскве, Дзяржаўным музеі Маскоўскага Крэмля і інш.
Творчасць Віктара Грамыкі — з’ява ў нацыянальнай культуры Беларусі, бо яна паўстае панарамай агульных пачуццяў, праўды гісторыі, праўды быцця.
Гэта і ёсць сапраўдная народнасць народнага мастака краіны, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, партызана, выдатнага педагога, прафесара, ганаровага акадэміка Нацыянальнай акадэміі навук, мудрага і інтэлігентнага чалавека, які ідзе па жыцці годна і прыгожа вось ужо 92 гады. І ён шчаслівы ў сваёй творчасці, таму што, па ягоных словах, заўсёды "пісаў, што і як хацеў". У якім бы жанры, у якой бы стылістычнай манеры ён ні працаваў — усюды відавочна яго асабістае стаўленне да таго, што ён піша. Усведамленне ўласнай асобы як часткі вялікага свету, адчуванне непарыўнай сувязі з лёсам народа і прыроды складаюць сутнасць яго мастакоўскага крэда.
Віктар Грамыка сапраўдны талент, які ярка выказаў сябе напрыканцы ХХ стагоддзя.