О картине О художнике Материалы Галерея

"1941 год. Над Прыпяццю"
(1970)

У 1970 г. завершана самая лепшая карціна Віктара Грамыкі — "1941 год. Над Прыпяццю".
Мастак звяртаецца да традыцыйнага ў ваеннай тэматыцы сюжэта — пахавання героя, — але як нечакана, па-філасофску вырашае ён тэму.
Сюжэт карціны: трое — смяртэльна паранены салдат, старая жанчына, дзяўчо — на пустым трывожным беразе ваеннай Прыпяці. Знешняе дзеянне простае. Салдат ляжыць на шынялі, не выпускаючы вінтоўку. Старая сядзіць ля яго, склаўшы спрацаваныя рукі. Яна — у светлым адзенні і цёмнай хустцы. Глядзіць на воіна, і ва ўсім яе абліччы — смутак, і тая высакародная мудрасць, якая бывае толькі ў мацярок, што аддаюць сыноў на вайну. І сухія вочы маці — не ад спакою! У знешне спакойным абліччы маці, у яе спрацаваных руках, спакойна, здавалася б, складзеных, — столькі найскладанейшых пачуццяў! Ваенная завіруха, побач дзяўчо крычыць, кліча на дапамогу. Яе крык як заклік да барацьбы нясецца ў далячынь лясоў, нясецца да будучых пакаленняў, яна сама як сімвал гэтай будучыні. А бясконца мужнае і мудрае сэрца мацярынскае камянее ад гора і трывогі за лёс і гэтага хлопца, і гэтай дзяўчынкі, і ўсіх такіх, як яны.
Праз трагічнае мастак сцвярджае жыццё, нязломнасць савецкага чалавека ў самых цяжкіх выпрабаваннях, перамогу над ворагам. Уся сімволіка, увесь асацыятыўны лад палатна скіраваны на сцвярджэнне мужнасці і нязломнасці савецкага чалавека.
Праз знешне простую, але ўнутрана напоўненую трагічнасцю сцэнку на Прыпяці столькі выказана! Праз трагічнае мастак сцвярджае жыццё, незгінальнасць савецкага чалавека ў самых цяжкіх выпрабаваннях, перамогу над ворагамі. Перамогу, якая пачынаецца тут, на гэтым беразе ракі, дзе смяртэльна паранены не растаецца з вінтоўкай, дзе маці і дзяўчынка – бы ўвасабленне яднання ўсіх духоўных сіл народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Істотна зазначыць: крык дзяўчынкі не проста адчайны, гэта крык — бы трывожны сігнал, бы перадумова рашучага дзеяння! У гады Вялікай Айчыннай вайны героямі станавіліся не толькі тыя, хто са зброяй у руках адстойваў свабоду сваёй зямлі, але і звычайныя людзі. Хто лячыў і выходжваў, хто хаваў і карміў… У гістарычнай памяці беларускага народа ўсе яны — удзельнікі вайны і яны ж усе — пераможцы.
Кожны вобраз у карціне — і дастаткова канкрэтны, і ў той жа час у неабходнай меры па-мастакоўску абагулены, здольны быць рэалістычным сімвалам, багатым на асацыяцыі. Уся сімволіка, увесь асацыятыўны лад палатна скіраваны на сцвярджэнне мужнасці і нязломнасці савецкага чалавека. І словы тут — бяссільныя. Карціну трэба глядзець. Такую карціну не перакажаш. Карціну вызначаюць кантрасты: белыя, чорныя, чырвоныя колеры, маўчанне смерці і крык.
Мастак прыгадвае: "Да гэтай карціны я ішоў доўга — больш за тры гады. Штуршок адбыўся нечакана: мы з прыяцелем плылі на маторцы па Прыпяці, і ў раёне Петрыкава, на адным з тых знакамітых агромністых жоўта-белых пляжаў, я заўважыў адзінокую фігуру жанчыны. Яна сядзела на пяску, побач ляжалі веласіпед і вялікі мех, праз радно якога праступалі рэбры боханаў фармовага чорнага хлеба. Чымсьці гэты вобраз так узрушыў мяне, што я даў знак таварышу павярнуць лодку і мы яшчэ раз прыплылі міма той адзінокай жанчыны. Твар яе быў напружаны і журботны — яна, напэўна, чакала перавозу — і ніхто па яе з таго боку не прыязджаў. Ёй жа трэба было перабірацца спачатку на лодцы, а потым на калёсах ехаць некалькі кіламетраў, бо супрацьлеглы бераг Прыпяці быў заліўны і вёскі ад яго стаялі далёка.
Усё гэта неяк імгненна і востра адгукнулася ў душы, ажно сэрца сціснулася. Закруціліся ў галаве неакрэсленыя ідэі, звязаныя з вобразам гэтай жанчыны. Той хлеб у мяху арыентаваў быццам бы на сацыяльна-бытавую тэматыку, калі гаварыць пра жанр, — але з якім ухілам? Як вырашыць гэтую тэму? Я доўга круціў так і гэтак, з’яўлялася фігура дзяўчынкі, і тое, і сеё… Потым адкладваў: не мая мова, не мая тэма. Але аднойчы, пасля творчых пакутаў, прыйшло тое, што мастакі называюць азарэннем. Я ўбачыў яе, сваю карціну, але — зусім іншую. Гэта праца, што так доўга хавалася ад мяне ў тайніках падсвядомасці, раптам паўстала перад унутраным зрокам так дакладна, быццам я разглядаў рэпрадукцыю. Я ўбачыў, што падзея адбываецца ў сорак першым годзе. Я ўбачыў, што на пяску ляжыць смяротна паранены салдат, укрыты шынялём з пятліцамі памежніка. Ляжыць ён на посцілцы, нібы ў чоўне, які плыве ўжо ў нябыт ці, наадварот, у неўміручасць. Я ўбачыў і чорнае сярод белага дня неба, і крывава-чырвоную Прыпяць. І жоўта-белы пясок, і вербы, сагнутыя пад ветрам і жанчыну з тварам, поўным смутку, і кволую дзяўчынку, якая кліча на дапамогу. Прычым азарэнне было імгненнае. Не паверыце, але карціна напісалася ўсяго за тры сеансы — за тры працоўныя дні. Вераснёўскай раніцай — у пятніцу — я пачаў пісаць карціну. У нядзелю амаль завяршыў працу, у панядзелак толькі перапісаў светлую кофту жанчыны. У тыя далёкія часы я працаваў вельмі хутка, але ўсё роўна тэрмін выканання такой вялікай і досыць складанай карціны быў фантастычна кароткі. Пры гэтым лічу яе адной з тых, што найбольш цяжка даліся, і — адной з самых удалых. У ёй праз вобразныя сродкі — не праз кроў! — сказана пра вайну вельмі многае".
Лаканічны сюжэт карціны так перададзены праз малюнак, праз колер, праз узаемадзеянне нешматлікіх дэталяў і цэлага, што ніхто не застаецца раўнадушны да твора.
Творчасць Віктара Грамыкі вызначаецца адметнай асаблівасцю — вялікую падзею прапускаць праз асабістае пачуццё. І ў гэтым эмацыянальным напале заўсёды нота болю за парушанае шчасце людзей, парушаную гармонію жыцця і гэта нота гучыць усё мацней і мацней.
Увогуле, ад карціны "1941 год. Над Прыпяццю" цягнуцца ніці да ўсіх лепшых твораў Віктара Грамыкі, як папярэдніх, так і наступных. І гэта добра адчуў Уладзімір Мінаеў, заслужаны мастак РСФСР, які так "чытае" карціну: "Вялікі ахвярны сэнс трагедыі даносіць да нас мастак. Таму смутак яго светлы, таму трагічнае не прыгнятае, а ўзнімае душу. І што яшчэ важней — гэта мужная трагедыя. Нельга зламаць горам мужнасць жанчыны, якая быццам заціснула адчай у самкнутых вуснах. Цёмная, як трывога, як невядомасць, прастора пейзажу. І раптам светлая, трапяткая фігурка дзяўчынкі-жыцця, якая ўся ў будучым, з яе растаючым у неабсяжнай чорнай далечыні галаском. Прачытанне і гучанне гэтай карціны невычарпальныя. У гэтым творы выявілася прыцягальная для мяне сутнасць характару мастака Віктара Грамыкі. Яна непазбежна прабіваецца на паверхню і ў іншых яго работах".
Народны мастак СССР і БССР Міхаіл Савіцкі вось што гаварыў пра гэту карціну: "Я веру, нашчадкі нашы, як і сённяшняя моладзь, спыняцца перад вобразам загінуўшага ў баі воіна, вобразам сімвалічна ёмістым і ў той жа час гістарычна канкрэтным. Пачуюць голас дзяўчынкі, які пранізвае гады і дзесяцігоддзі… Нашчадкі схіляць галовы перад высокай самаахвярнасцю жанчыны, для якой абарона Айчыны стала сэнсам жыцця".
Карціна таксама карысталася поспехам на ўсесаюзнай выстаўцы 1970 г., экспанавалася за межамі нашай Радзімы, дзе таксама закранула сэрцы гледачоў. Адзін італьянскі рабочы так гаварыў пра гэтую карціну: "Я ніколі не быў у Беларусі і не памятаю мінулую вайну, бо я — малады. Але гляджу на гэтую простую карціну і разумею, як цяжка давялося савецкім людзям змагацца з ворагам, якую мужнасць праявілі савецкія людзі. Тут усё зразумела, не патрабуе перакладу, моцна хвалюе мяне і маіх сяброў".
Карціна Віктара Грамыкі "1941 год. Над Прыпяццю" настройвае гледача на роздум. Гэта вельмі добра — значыць, яна мае не адно вымярэнне.
За гэту карціну, прысвечаную Вялікай Айчыннай вайне, Віктар Грамыка быў узнагароджаны Сярэбраным медалём імя М.Б. Грэкава, якім адзначаліся найбольш выдатныя творы батальнага жывапісу.
Карціна Віктара Грамыкі "1941 год. Над Прыпяццю" найбольш поўна ўвасобіла філасофска-маральны і эстэтычны ідэал мастака. Любоў да Радзімы, якая ідзе з сардэчнай глыбіні і злучаецца з жывой памяццю аб народным подзвігу.