Аб карціне Аб мастаку Матэрыялы Галерэя

Май Вольфавіч Данцыг
(27.04.1930-26.03.2017)

"Мастак, які не адчуў па-сапраўднаму тую ці іншую падзею або з'яву, не мае права ўвасабляць яе ў жывапісе. Ён можа пісаць толькі тады, калі адчувае, што не напісаць аб гэтым не можа. Праўда жыцця, глыбокая думка, эмацыянальная выразнасць – усяго гэтага дасягае мастак менавіта тады, калі піша карціны не столькі фарбамі, колькі, вобразна гаворачы, крывёю свайго сэрца…".
Май Данцыг

Май Вольфавіч Данцыг – беларускі жывапісец-манументаліст, лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола БССР (1968), заслужаны дзеяч мастацтваў БССР (1973), народны мастак Рэспублікі Беларусі (1995), кавалер Ордэна Францыска Скарыны (2005), член Саюза мастакоў СССР з 1960 г.
Мастак Май Вольфавіч Данцыг прыйшоў у беларускае мастацтва на мяжы 50–60-х гг. мінулага стагоддзя ў час нараджэння так званага "суровага стылю". У гэты перыяд выяўленчае мастацтва зрабіла рэзкі скачок наперад, што было абумоўлена з'яўленнем маладога пакалення таленавітых творцаў, якія вызначаліся абвостраным эмацыянальным успрыманнем жыцця, імкненнем знайсці новыя тэмы і новую мастацкую форму. Да іх належаў і Май Данцыг. Ён ужо з першых крокаў сваёй творчасці заявіў аб сабе як жывапісец буйных сацыяльна-важных тэм.
Нарадзіўся мастак 27 красавіка ў Мінску. Яго бацька, выкладчык фізкультуры, у вольны ад працы час маляваў і выхоўваў у хлопчыка любоў да мастацтва. Ён бачыў свайго сына музыкантам і аддаў яго вучыцца ў музычную школу па класу скрыпкі. За тры гады вучобы Май добра авалодаў інструментам. Ён мог стаць славутым скрыпачом, але ўсе планы пераблытала вайна. Разам з іншымі бежанцамі сям'я апынулася на Волзе ў г. Ульянаўску, які запомніўся хлопчыку голадам, холадам, цяжкай працай. Пасля вызвалення Мінска Данцыгі вярнуліся ў родны горад. У 1947 г. тут адкрылася мастацкае вучылішча, студэнтам якога стаў Май. Потым ён паступіў у Маскоўскі дзяржаўны мастацкі інстытут імя В.І. Сурыкава. Дыпломная работа Данцыга "Насустрач жыццю" атрымала адзнаку "выдатна". Зараз яна захоўваецца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь. Пасля заканчэння ў 1958 г. з залатым медалём Сурыкаўскага інстытута Мая Данцыга запрасіў на кафедру жывапісу рэктар Мінскага тэатральна-мастацкага інстытута В. Цвірка.
Першыя работы мастака ўзвышана-эмацыянальныя. Нават назвы адпавядаюць іх сэнсу: "Я ведаю, горад будзе" (1961), "Гудзе зямля салігорская". Данцыг заўжды працаваў з "натуры". Ён з эцюднікам абышоў увесь Мінск, малюючы родны горад у розныя гады. Пісаў з дахаў дамоў, з балконаў, з расчыненых вокнаў… Пісаў новыя мікрараёны, старажытныя закуткі. Сярод работ, прысвечаных гораду, – "Растуць новыя кварталы", "Новы Мінск", "Мой горад старажытны і малады". Многія мастакі прызнаюцца, што пасля Данцыга сказаць што-небудзь новае пра Мінск на мове жывапісу вельмі цяжка. Яго карціны сталі сапраўднай візітнай карткай беларускай сталіцы.
Ёсць яшчэ адна тэма ў творчасці мастака, дзе ён сказаў сваё асабістае важкае слова, – гэта тэма вайны. У творах Данцыга яна адлюстравалася ярка, выразна, натхнёна. І, нягледзячы на тое, што вайна – гэта заўсёды гора, смерць, насілле, жорсткасць, яго работы "Аб Вялікай Айчыннай…", "Партызанская балада", "І памятае свет уратаваны…", "Партызанскае вяселле", "Беларусь – маці партызанская" прасякнуты жыццесцвярджальным пачаткам, невынішчальнай прагай жыцця.
Май Данцыг па сутнасці свайго характару, па стану душы так і застаўся прадстаўніком "суровага стылю", трыбунам і публіцыстам, які ўсёй сваёй творчасцю сумяшчаў ідэалы і рэальнасць. Па словах мастака, "карцінкі для кватэр і офісаў – зусім не ганебна. Але для мяне вялікае палатно – арганічная неабходнасць, частка мастацкага вобраза". Нават партрэты Май Данцыг пісаў у вялікіх памерах, падбіраючы для іх людзей неардынарных, высакародных: А. Адамовіча, В. Быкава, А. Анікейчыка, Б. Акуджаву, Д. Граніна, Э. Клімава, Г. Таўстаногава. Кожная эпоха нараджае мастакоў, творчасць якіх можна лічыць біяграфіяй часу. Да такіх творцаў належыць і Май Данцыг.
Памёр Май Вольфавіч 26 сакавіка 2017 г. Па словах самога Мая Вольфавіча, за гады творчасці ім створана больш за 100 жывапісных палотнаў, 100 эцюдаў і 100 графічных работ, пераважная частка з якіх увайшла ў залаты фонд беларускага мастацтва. Да ліку сваіх любімых мастак адносіць такія творы, як "Партрэт ветэрана" (1965), "Рабочы" (1970), "Цішыня" (1976), "Партрэт Г.А. Таўстаногава, народнага артыста СССР" (1976), "Палітра новабудоўлі" (1979), "Партрэт В. Авілава" (1985). Творы мастака захоўваюцца ў Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі (Масква), у зборах Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі, у Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, музейных калекцыях Расіі, Нідэрландаў, Германіі, Бельгіі, Італіі, ЗША і іншых краін свету.