Аб карціне Аб мастаку Матэрыялы Галерэя

Вітольд Каэтанавіч Бялыніцкі-Біруля
(17(29).02.1872–18.06.1957)

“У кожнага чалавека ёсць радзіма. Яна жыве ў сэрцы, у думках. Можна разлюбіць нявесту, жонку, але разлюбіць радзіму – жахліва, немагчыма… Была вясна. Я хадзіў па роднай беларускай зямлі. Я быў шчаслівы…”
В.К. Бялыніцкі-Біруля
Сапраўдны гонар беларускага народа складае творчасць вядомага пейзажыста, народнага мастака БССР (1944) і РСФС (1947), правадзейнага члена Акадэміі мастацтваў СССР (1947) Вітольда Каэтанавіча Бялыніцкага-Бірулі.
Нарадзіўся Вітольд Каэтанавіч у маёнтку Крынкі (каля в. Цяхцін, Бялыніцкі раёна) у сям’і дробнага арандатара. Сям’і часта даводзілася мяняць месца жыхарства, дзякуючы чаму будучы мастак пабачыў свет і спазнаў прыроду ледзь не ўсёй Беларусі. Пачатковыя ўрокі жывапісу Бялыніцкі-Біруля атрымаў у Кіеве, у шырока вядомай у той час малявальнай школе М. Мурашкі. Затым было Маскоўскае вучылішча жывапісу, ваяння і дойлідства (1889–1896), у якім будучы пейзажыст прайшоў грунтоўную школу рэалістычнага майстэрства. Настаўнікамі Бялыніцкага-Бірулі былі С. Каровін, М. Неўраў, В. Паленаў, І. Пранішнікаў. Тады ж Біруля пазнаёміўся і з І. Левітанам.

Вялікага майстэрства мастак дасягнуў ужо ў маладыя гады, калі яго карціны пачалі экспанавацца на рускіх і замежных выстаўках. Пачынаючы з 1897 г. ён сістэматычна выстаўляе свае карціны на выстаўках Маскоўскага аб’яднання аматараў мастацтваў і Маскоўскага таварыства мастакоў. 3 1899 г. імя мастака з’яўляецца ў каталогах перасоўных выставак. У 1904 г. ён быў абраны ў члены Таварыства перасоўных мастацкіх выстаў.
У 1901 г. на Каўказкай юбілейнай выставе мастак атрымлівае залаты медаль за карціну “Вечныя снягі”, за жывапісны твор “Час цішыні” ў 1911 г. – залаты медаль на Міжнароднай выставе ў Мюнхене, за карціну “Зімовы сон” – бронзавы медаль у Барселоне. У 1908 г. В.К. Бялыніцкі-Біруля атрымлівае званне акадэміка жывапісу Імператарскай Акадэміі мастацтваў. Творы В.К. Бялыніцкага-Бірулі набываюцца музеем Акадэміі мастацтваў (“Вясенні дзень”, 1904 г.), Траццякоўскай галерэяй (“У канцы зімы”, 1908 г.), музеем імператара Аляксандра ІІІ (Рускім музеем; “Змоўклыя палі”, 1911 г.).
Далейшая творчасць Бірулі цесна звязана 3 “Чайкай” – дачай, якую ён збудаваў у 1912 г. паблізу мясцін, дзе часта працаваў з І. Левітанам. Возера Удомля і яго наваколле сталі невычэрпнай крыніцай матываў для эцюдаў мастака.
Асабліва шырокую вядомасць прынеслі мастаку палотны, у якіх ён стварае незабыўныя вобразы вясны, прасочвае паступовае абуджэнне прыроды, пераход на зломе зімы і вясны ад холаду да цеплыні, спрадвечнае імкненне да жыцця, ачышчэння, цвіцення. Гэта добра бачна на палотнах: “Апошні снег”, “Вясенні лес”, “Красавік”, “Малады лес вясной”.
Бялыніцкі-Біруля вельмі любіў жыццё, ніколі не быў абыякавым да лёсу краіны. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, мастак гнеўна выступіў супраць смерці і разбурэння, якое прынёс фашызм. У гэты час ён напісаў карціны “Па слядах фашысцкіх варвараў”, “Чырвоная армія ў лясах Карэліі”.
У першыя пасляваенныя гады ён стварыў палатно “Беларусь. Зноў зацвіла вясна”.
Наогул пасляваенныя гады прыкметныя і плённыя ў творчасці мастака тым, што ў гэты час ён надзвычай многа працуе на Беларусі. Ім створаны такія палотны, як “3азелянелі беларускія бярозкі”, “Беларусь. Пачатак лета”, “Старая беларуская вёска”, “Беларусь. Яблыні ў квецені”, невялікія краявіды “Мінскія аколіцы. Белая дача. Квітнеючыя яблыні”, ”Мінскія аколіцы. Сенніцкая царква”.
У 1947 г. В.К. Бялыніцкі-Біруля атрымаў ганаровае званне народнага мастака РСФСР, таксама быў абраны правадзейным членам Акадэміі мастацтваў СССР.
У 1970 г. на радзіме мастака ў Бялынічах быў адкрыты раённы музей імя В.К. Бялыніцкага-Бірулі, у якім экспануюцца 26 твораў вядомага пейзажыста (“Лёд прайшоў”, “Лес зазелянеў”, “Апошні снег” і інш.). У Магілёве з 1982 г. працуе філіял Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь – Музей В.К. Бялыніцкага-Бірулі, які 1 верасня 2018 г. пасля пяцігадовай рэканструкцыі зноў адкрыўся для наведвальнікаў. У калекцыі музея прадстаўлены як асабістыя рэчы, дакументы, кнігі, так і больш за 100 яго твораў, у якіх адлюстроўваецца творчы шлях В.К. Бялыніцкага-Бірулі – ад маладосці (канец XIX ст.) да сталых гадоў (сярэдзіна XX ст.).
Творчая спадчына В.К. Бялыніцкага-Бірулі вялікая: ім створана каля 2000 твораў, многія з якіх знаходзяцца ў розных музеях і прыватных калекцыях свету. У Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь захоўваецца самая значная яго калекцыя – 460 карцін і эцюдаў, якімі і сёння мы не перастаём ганарыцца і захапляцца.