ВИРТУАЛЬНЫЕ ВЫСТАВКИ - ПЕРСОНАЛЬНЫЕ

Святло яго душы
Біяграфiя Літаратурная спадчынаЛітаратурна-крытычныя і метадычныя матэрыялы

Міхась Лынькоў (1899-1975) - пісьменнік, літаратуразнавец, грамадскі дзеяч

Нарадзіўся 30 лістапада ў вёсцы Зазыбы Лёзненскага раёна ў сям'і чыгуначніка. Скончыў Рагачсўскую настаўніцкую семінарыю, настаўнічаў у Буда-Кашалёўскім і Рагачоўскім раёнах. У 1919-1922 гг. служыў у Чырвонай Арміі, удзельнічаў у савецка-польскай вайне. Пасля дэмабілізацыі працаваў намеснікам рэдактара і рэдактарам бабруйскай акруговай газеты "Камуніст". У 1930 г. пераехаў на сталае жыхарства ў Мінск, працаваў у Дзяржауным выдавецтве БССР, галоўным рэдактарам часопіса "Полымя рэвалюцыі", старшынёй праўлення Союза пісьменнікаў Беларусі. У 1939 г. удзельнічаў у паходзе ў Заходнюю Беларусь (рэдагаваў газету "Беларуская звязда"). У гады Вялікай Айчыннай вайны з'яўляўся рэдактарам франтавай газеты "За Савецкую Беларусь", з 1943 г. — дырэктарам Інстытута літаратуры, мовы і мастацтва Акадэміі навук Беларусі.
Першы твор надрукаваў у 1919 г. у смаленскай газеце "Борьба". Аўтар зборнікаў прозы "Апавяданні" (1927), "Гой" (1929), "Андрэй Лятун" (1930), "Саўка-агіцірнік" (1933), "На вялікай хвалі" (1934), "Баян" (1935), "Сустрэчы" (1940), "Астап" (1944), "За акіянам" (1962), аповесцей "Апошні зверыядавец" (1930), "Міколка-паравоз" (1937), раманаў "На чырвоных лядах" (1934), "Векапомныя дні" (1958), шматлікіх твораў для дзяцей, літаратуразнаўчых і публіцыстычных прац, перакладаў. У 1962 г. прысуджана званне народнага пісьменніка Беларусі. Памёр 21 верасня 1975 г., пахаваны на Ўсходніх могілках у г. Мінску.

Міхасю Лынькову, як ён сам казаў, "давялося захапіць крыху мінулага стагоддзя", — пісьменнік нарадзіўся ў лістападзе 1899 года. Яго бацькі тады жылі на Віцебшчыне, у вёсцы Зазыбы. Жыццё было нялёгкае — зямлі Ціхан Лынькоў меў небагата, а сваёй хаты і зусім не было. Праз некалькі гадоў пасля нараджэння сына Ціхан Васільевіч пакінуў братам свой зямельны надзел, а сам пайшоў шукаць шчасця і хлеба. Ен уладкаваўся рамонтным рабочым на чыгунцы. 3 роднай вёскай Зазыбы калі і падтрымлівалася якая сувязь, дык пераважна праз не вельмі частыя летнія паездкі да сваякоў.
На чыгунцы, спачатку пад Магілёвам, а потым недалёка ад Рагачова, у асноўным і прайшлі дзіцячыя і юнацкія гады Міхася Лынькова. Асабліва запомнілася яму будка на 230-ай вярсце (паміж 16-м раз'ездам і станцыяй Рагачоў), якая надоўга зрабілася сталым прытулкам сям'і Лыньковых. Увогуле жылі беднавата. Затое радавала прыгожае наваколле. Увосень можна было паласавацца грушамі-дзічкамі, схадзіць у дуброву па жалуды і ў любую пару года знайсці шмат цікавага і прывабнага на самой чыгунцы і ў лясах, багатых грыбамі, ягадамі і іншымі дарункамі прыроды, якая так многа ўмее сказаць чуламу сэрцу, адкрыць уважліваму воку.
Як дарагі скарб дзіцячых і юнацкіх гадоў прыгадваў пісьменнік тую вялікую радасць, што нараджалі ў яго зачараванай душы наш добры зялёны друг, наша лясное царства: "Сонечныя зайчыкі гуляюць па верасе, па папараці. Ягады касцянкі гараць пад сонцам чырвоным агеньчыкам. Як залатыя, стаяць бярозы, арабіны. Чырвоны кляновы ліст апускаецца на зямлю, і калі ступіш на яго, дык, здаецца, адчуваеш яго халадок. Адцвітаюць верасы. Падасінавік у сваёй чырвонай шапцы важна выглядае з травы, не раўнуючы, як той начальнік станцыі. А колькі радасці ад баравікоў, і пах ад іх ядраны. Выхваляюцца сваімі ўборамі мухаморы, але нікога не ашукаюць сваёй прыгажосцю. Непатрэбны, шкодны грыб. А па імшарыне, дзе пахне багульнікам і лазой, чырванеюць россыпы журавін. Па ўзгорках пабліскваюць гронкі пераспелых брусніц..." Варта перачытаць гэтыя поўныя сардэчнага хвалявання радкі — і стане зразумела, адкуль бралася жыватворная, цудадзейная сіла, што давала магчымасць пісьменніку перадаваць непаўторнае ў сваёй сціплай адметнасці і самабытнасці хараство беларускіх краявідаў, якое вабіць і хвалюе ў шматлікіх творах Міхася Ціханавіча...
Першапачатковую адукацыю Міхась Лынькоў атрымаў у народным вучылішчы (так называлася пачатковая школа). Яно знаходзілася ў вёсцы Старое Сяло, недалёка ад Міхасёвай будкі. Затым вучыўся ў Рагачове — у падрыхтоўчай двухкласнай школе і ў настаўніцкай семінарыі, якую юнак скончыў у лютым 1917 года. Гэтым і вычэрпваецца ўся дакументальна засведчаная адукацыя Міхася Лынькова. Галоўны запас ведаў пісьменнік, які стаў пасля акадэмікам Акадэміі навук БССР, набываў самастойна, праходзячы вялікую жыццёвую школу. А гэтая школа была сур'ёзнай і рознабаковай: настаўніцкая праца ў Буда-Кашалёўскім і Рагачоўскім раёнах, барацьба з войскамі кайзера Вільгельма, белапольскімі ўланамі і бандамі Булак-Булаховіча, нарыхтоўка хлеба і фуражу на Чарнігаўшчыне, у Заходняй Сібіры і Пермскай вобласці, на Урале, работа на пасадзе адказнага сакратара, а затым рэдактара газеты "Камуніст".
Вакол "Камуніста" і такіх бабруйскіх выданняў, як "Вясна" і "Уздым", што былі звязаны з гэтай газетай і пачалі выходзіць па ініцыятыве Міхася Лынькова, тады гуртавалася вялікая група пісьменнікаў і паэтаў. Сярод іх можна назваць і Янку Журбу, які выступаў з вершамі яшчэ да Кастрычніка, і зусім маладых у тыя часы пачынаючых літаратараў — Хвядоса Шынклера, Алеся Жаўрука, Барыса Мікуліча, Васіля Вітку, Аляксея Зарыцкага, Сяргея Грахоўскага. Амаль усіх іх "увёў" у літаратуру Міхась Лынькоў, які стараўся дапамагчы сваім маладзейшым сябрам і добрай парадай, і практычнай падтрымкай.
Сам Лынькоў у тыя гады быў вядомы не толькі як рэдактар, але і як арыгінальны празаік. Лепшыя рысы яго мастацкага таленту і грамадская сталасць даволі выразна і моцна выявіліся ўжо ў ранніх апавяданнях, што друкаваліся ў бабруйскіх і мінскіх перыядычных выданнях, а ў 1927 годзе выйшлі асобнай кніжкай "Апавяданні", у якой змешчаны творы пераважна аб грамадзянскай вайне.
Не менш замілавана і дакладна, чым побыт чырвонаармейцаў, адлюстроўвае пісьменнік умовы жыцця і працы рабочых, перш за ўсё чыгуначнікаў. Своеасаблівая і не кожнаму адразу бачная прыгажосць чыгункі, яе адметны каларыт з дзяцінства жылі ў душы Міхася Лынькова. Гэта выразна адчуваеш, чытаючы апавяданне "Андрэй Лятун"— адзін з самых паэтычных твораў пісьменніка. Тут з асаблівай сілай выявілася ўменне аўтара паказаць высакародства і духоўную веліч простага чалавека, паэтызаваць яго працоўную дзейнасць, яго канкрэтную, няхай сабе і сціплую, справу.
Тэма працы хвалюе Міхася Лынькова і ў трыццатыя гады, калі аўтар падкрэслівае, што ў савецкім грамадстве праца набывае якасна новы, сацыялістычны характар. Гэтая думка збліжае апавяданні "Баян", "На вялікай хвалі", "Салавей-разбойнік", "Талісман" і іншыя, напісаныя на розным жыццёвым матэрыяле. У большасці з іх пісьменнік пераканаўча паказвае, як людзі са скалечаным мінулым ці проста з тымі або іншымі заганамі ў сваім характары перавыхоўваліся ва ўмовах калектыўнай працы, пад уплывам чулых, гуманных адносін да іх з боку грамадства.
Важным этапам у мастацкім развіцці пісьменніка з'явіліся яго творы пра дзяцей, перш за ўсё аповесці "Міколка-паравоз", "Пра смелага ваяку Мішку і яго слаўных таварышаў". Гэтыя аповесці хвалююць усё новыя і новыя пакаленні дзяцей суровай і велічнай героікай рэвалюцыі і грамадзянскай вайны, уменнем аўтара весці надзвычай цікавае, займальнае апавяданне, падсвечанае мяккім, добразычліва-ўсмешыстым гумарам і шчырым, неяк па-асабліваму сардэчным, даверлівым лірызмам, што наогул вельмі характэрна для мастацкай манеры Міхася Лынькова.
Прыкметнае месца ў нашай літаратуры займаюць творы Міхася Лынькова, прысвечаныя ўз'яднанню беларускага народа ў адзінай Савецкай дзяржаве. Міхась Лынькоў асабіста ўдзельнічаў у вызваленчым паходзе ў Заходнюю Беларусь і ў кнізе "Сустрэчы" (1940) перадаў асобныя эпізоды гэтага паходу ("Восеньскай ноччу", "Пра хлопчыка Яську", "Дай звёздачку..."), расказаў пра тыя парадкі, што існавалі пры панах ("Тры злоты", "Тонкая сітуацыя").
У грозныя дні Вялікяй Айчыннай вайны Міхась Лынькоў паставіў на службу народу сваё пяро мастака і публіцыста. Ен быў рэдактарам франтавой газеты "За Савецкую Беларусь", актыўна і плённа працаваў у розных літаратурных жанрах: пісаў публіцыстычныя творы, выступаў з сатырычнымі артыкуламі і фельетонамі. З'едліва высмейваючы Гітлера і яго памагатых — фашысцкіх ваякаў і іх паслугачоў, — пісьменнік славіў мужнасць народа, які вёў бязлітаснае змаганне з акупантамі.
Апавяданні Міхася Лынькова перыяду Вялікай Айчыннай вайны (зборнік "Астап", 1944) прысвечаны адлюстраванню народнай героікі, услаўленню самаахвярнай барацьбы людзей, якія ў час суровых выпрабаванняў узняліся на абарону сваёй бацькаўшчыны. У адпаведнасці з гістарычнай праўдай пісьменнік паказваў, што за зброю браліся нават мірныя людзі — старыя, жанчыны, дзеці...
Пра знявечанае фашысцкай акупацыяй дзяцінства расказвае Міхась Лынькоў у апавяданнях "Дзіцячы башмачок", "Васількі", "Недапетыя песні", "Пацалунак". Чытаючы іх, нельга не адчуць асабістай трагедыі аўтара, перажытай у гады вайны: гітлераўцы расстралялі яго жонку і малога сына. На вайне загінуў і брат пісьменніка Рыгор, які ў беларускай літаратуры выступаў пад псеўданімам Р. Суніца.
Яшчэ ў ваенны час Міхась Лынькоў пачаў збіраць матэрыялы для буйнога празаічнага твора, які потым вырас у раман "Векапомныя дні", выдадзены ў 1958 годзе ў чатырох тамах. Праз дзесяць гадоў пісьменнік стварыў новую рэдакцыю кнігі, адзначаную ў 1968 годзе Дзяржаўнай прэміяй БССР імя Якуба Коласа.
Ствараючы новую рэдакцыю "Векапомных дзён", аўтар галоўную ўвагу звяртаў на тое, каб зрабіць твор больш кампактным, зладжаным, вызваліць яго ад перагрузкі неабавязковым матэрыялам. Раман і ў новай рэдакцыі, пасля значных скарачэнняў, застаецца найбольш маштабным, прынамсі па ахопу матэрыялу, падзейнаму развароту, творам беларускай мастацкай прозы аб подзвігу нашага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Услаўленне велічы народа, які перамог грозную фашысцкую навалу, і складае галоўны клопат аўтара рамана. Празаіка ў першую чаргу цікавяць найбольш яркія падзеі партызанскай вайны ў Беларусі, тыя эпізоды, якія як бы самі просяцца ў гераічную легенду ці ўжо зрабіліся легендарнымі. Так у раман прыходзіць Канстанцін Заслонаў, які выведзены пад сваім уласным прозвішчам. Гераічная дзейнасць В. I. Казлова, М. П. Шмырова, I. Д. Варвашэні і многіх іншых славутых арганізатараў і кіраўнікоў партызанскага руху на Беларусі дала магчымасць аўтару стварыць глыбокія па псіхалагічнай распрацоўцы вобразы Васіля Іванавіча Саколіча, бацькі Мірона, Слышэні. Да прыкметных удач Міхася Лынькова ў "Векапомных днях" належаць таксама створаныя ім вобразы многіх радавых удзельнікаў барацьбы з фашызмам. Тут і ляснік Астап Канапелька, і Сілівон Лагуцька, і "ліпавы" стараста Сымон Базылёў, і яго жонка Ганна, і трохі дзівакаваты Саўка Лявонавіч Чмаруцька, адзін з найбольш яркіх гумарыстычных характараў ва ўсёй беларускай прозе.
Акрамя рамана "Векапомныя дні" Міхась Лынькоў у пасляваенныя гады выдаў кнігу "За акіянам" (1962), якую склалі апавяданні, нарысы, нататкі і замалёўкі, напісаныя на аснове канкрэтных фактаў. Гэтыя факты былі добра вядомы пісьменніку па яго паездках у розныя зарубежныя краіны, у прыватнасці па ўдзелу ў рабоце Арганізацыі Аб'яднаных Нацый — Міхась Лынькоў некалькі разоў быў членам урадавай дэлегацыі Беларускай ССР на сесіях Генеральнай Асамблеі ААН.
Міхась Лынькоў вёў вялікую грамадскую і навуковую работу. У 1962 годзе ўрад Беларускай ССР надаў яму годнасць народнага пісьменніка. Да апошніх дзён свайго жыцця, якое спынілася 21 верасня 1975 года, Міхась Лынькоў, нягледзячы на свой вельмі дрэнны фізічны стан, заставаўся сардэчным, добразычлівым і надзвычай спагадлівым чалавекам. Пісьменнікі ў сваіх успамінах згадваюць яго прынцыповасць, сумленнасць, праўдзівасць і адкрытасць, самакрытычнасць і сціпласць, душэўную дабрыню, патрабавальнасць да сябе і ўменне своечасова паклапаціцца пра іншых.

Крыніцы:
Куляшоў, Ф. І. Міхась Лынькоў : нарыс жыцця і творчасці / Фёдар Куляшоў. Мінск : Народная асвета, 1979. — 191 с. (Народныя пісьменнікі БССР).
Лынькоў, М. Выбраныя творы / Міхась Лынькоў ; [укладанне, прадмова і каментар Дз. Бугаёва]. — Мінск : Беларуская навука, 2013. — 556 с., [4] л. іл. — (Беларускі кнігазбор).
Старычонак, В. Дз. Беларуская літаратура: ад А да Я : у дапамогу абітурыентам і школьнікам / В. Дз. Старычонак. — Мінск : Вышэйшая. школа, 1998. – С. 299–301.

Узнагароды М. Лынькова

  • Ордэн Чырвонай Зоркі,
  • Ордэн Леніна - тройчы,
  • Ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга - тройчы.
  • Народны пісьменнік БССР (1962).
  • Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа (1968) за раман "Векапомныя дні".

 

Ушанаванне памяці

  • Пастановай Савета Міністраў БССР (12.01.1976) Крынкаўскай школе (Лёзненскі раён) было прысвоена імя М. Ц. Лынькова. У школе створаны музей, які налічвае больш за 600 экспанатаў, у тым ліку каля 300 арыгінальных. Сярод іх асабістыя рэчы пісьменніка — кепка, гальштук, значок "Выдатнік народнай асветы БССР", дэпутацкі білет.
  • Імя М. Лынькова носяць вуліцы ў Мінску і Бабруйску.
  • У 1999 годзе была выпушчана юбілейная манета Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь, прысвечаная 100-годдзю з дня нараджэння Міхася Лынькова.

 

Інтэрнэт-рэсурсы




 

Народныя паэты і пісьменнікі Беларусі

Міхаіл Ціханавіч Лынькоў нарадзіўся 30 лістапада 1899 года ў вёсцы Зазыбы Віцебскага павета Віцебскай губерні ў сям’і чыгуначніка. Сям’і Лыньковых даводзілася шмат пераязджаць і часта змяняць месца жыхарства. Дзіцячыя гады правёў у казарме на перагоне між станцыямі Магілёў і Лотва, потым у чыгуначнай будцы на перагоне між станцыямі Тошчыцы і Рагачоў. Але неўзабаве бацька Лынькова атрымаў пасаду пуцявога абходчыка. У школу пайшоў у вёсцы Старое Сяло пад Рагачовам. Скончыў двухкласную школу пры Рагачоўскай настаўніцкай семінарыі, а ў 1917 г. і саму семінарыю. Падзарабляў на чыгунцы, даваў прыватныя ўрокі. Настаўнічаў у Ліпініцкай земскай школе (цяпер Буда-Кашалёўскі раён).

 

 




 

Лыньков Михаил Тихонович на сайте КИНО-ТЕАТР.РУ

Белорусский писатель. Народный писатель Белорусской ССР (1962).
Более известен как Михась Лыньков.

По произведениям Лынькова поставлены фильмы "Дед Евсей и Палашка" (1975) и "Миколка-паравоз" (1956).

 




 

Флибуста. Книжное братство

Лыньков (Лынькоу) Михась (настоящее имя — Михаил Тихонович) (1899—1975) - белорусский писатель, народный писатель БССР (1962), академик АН БССР (1953). Награжден тремя Орденами Ленина, тремя Орденами Трудового Красного Знамени и другими орденами и медалями.
Автор многочисленных рассказов и повестей, в том числе повестей для детей (наиболее известна "Миколка-паровоз", написанная в 1937 году и экранизированная в 1956 году), посвящённых Гражданской войне, борьбе в западной Белоруссии за воссоединение в едином государстве, партизанскому движению белорусского народа во время Великой Отечественной войны.

 

 

Міхась Лынькоў на сайце "Вікіпедыя"

Міхась Лынькоў на сайце "BOBR.BY"

Президент Республики Беларусь Министерство культуры Республики Беларусь Могилевский областной исполнительный комитет Национальная библиотека Беларуси Науиональный правовой интернет-портал