ВИРТУАЛЬНЫЕ ВЫСТАВКИ - ПЕРСОНАЛЬНЫЕ

Беларускі байкапісец Кандрат Крапіва
Біяграфiя Творы Матэрыялы аб жыцці і дзейнасці Вершы, байкі Галерэя

Вершы, байкі

Крапіва

Я ў мастацкім агародзе
Толькі марная трава.
А якая? Смех, дый годзе:
Я — пякучка-крапіва.
Я расту вось тут пад плотам
I не так даўно ўзышла,
А ўжо многім абармотам
Рукі-ногі папякла.
Хто палез за агуркамі,
Хай той носіць пухіры —
Мяне голымі рукамі
Асцярожна, брат, бяры.
Хто сустрэўся быў са мною,
Дакрануўся раз ці два,
Дык той ведае ўжо, хто я:
Я — пякучка-крапіва.
1922 г.

 

Вол и авадзень
Байка

Гарачым летнім днём
Вол з ворыва вяртаўся.
Напрацаваўся, аж хістаўся.
За ім жа куча аваднёў
Ляцела роем.
Вядома тут, з якім настроем
Ісці мог Вол:
Глядзеў сярдзіта навакол,
Махаў хвастом, круціў рагамі
I біў па чэраве нагамі.
— А, сябар!.. Добры дзень! —
Сказаў лісліва Авадзень,
Усеўшыся Валу на спіну: —
Як я цябе люблю! Які ты мілы!
Цябе я, сябар, да магілы
Ніколі не пакіну.
Я ўсюды за цябе пайду —
Ў агонь, і ў нетру, і ў ваду.
Цяпер жа вось да стойла давяду.
Але чаму такі ты злосны?
— Адстань, пракляты крывапівец!
I без цябе мне млосна,
Цябе ж я ведаю, паршывец! —
Сказаў сярдзіта Вол ў адказ.
Патом
Хвастом
Па спіне — раз! —
Зваліўся той, як сноп, далоў...
——————————
Нямала ёсць павадыроў,
Якія любяць люд працоўны
За тое толькі, безумоўна,
Што любяць яго кроў.
Прамоў тых здрадніцкі-ўрачыстых
Даволі чулі мы і ад фашыстаў.
Але яны даждуцца дня —
Змахнуць і іх, як Авадня.
1923 г.

 

Дзве кумы

— Ну як жа, кумка, маецца? —
Кума ў кумы пытаецца.
— I не пытайся лепш, кума:
Цяпер жа, ведаеш сама,
Што дзень пражыў, то й дзякуй богу;
Не міла, кумка, нек нічога,
Нічога нек і не на ўме,—
Адказвае кума куме.
— Канчына свету, кажуць, блізка:
Вось, кажуць (чула ж, можа, й ты?), —
Радзіла чорта камуністка;
Ёсць рогі, хвост і капыты...
— Дык як не чуць? Я чула гэта,
Расказвала мне цётка Тэкля;
Казала, што за гэта лета
Чарцей было б тут, як у пекле,
Але таго бог не дапусціць —
Ён кару на людзей напусціць,
Тады народ увесь пагіне,
Мо толькі аднаго пакіне
На свеце бог ці двух, як Ноя...
Каб, здэцца, кумка, нас з табою.
— Хадзем маліцца хіба мы,
Каб бог грахі нам адпусціў,
Каб кары к нам не дапусціў,—
Сказалі разам дзве кумы.
Пайшлі ў царкву маліцца богу,
Таўкуць ілбамі аб падлогу,
Аж лоб трашчыць — лупцуюць цёткі,
Баяцца згінуць без пары.
А гэтым часам плеткары
Майструюць новыя ўжо плёткі —
Айцу "святому" заработкі.
1923 г.

 

Дзед і Баба
Байка

Ехаў Дзедка на кірмаш,
3 ім на возе — Баба.
Конік з выгляду — дарма,
Ды цягнуў ён слаба:
Меў не болей двух гадоў,
Як суседзі кажуць.
Баба ж тая — сем пудоў,
Сама меней, важыць.
Пад узгорак або ў гразь —
Конь насілу возьме.
Стала Баба памагаць...
Седзячы на возе.
Што ж, каню другі гадок.
Дык яна — за білы
Ды нагамі у перадок
Пхне, як мае сілы.
— Кінь, дурная, бо зганю! —
Дзед тут Бабе кажа. —
Ты паможаш так каню,
Як хваробе кашаль.
— Ах ты, ёлупень стары! —
Баба Дзеда лае. —
Стой жа тут, хоць ты згары!
Мне бяда малая.
Потым — гоп яна з калёс,
Селалядарогі,
Аканяякчортпанёс, —
Дзеўзялісяйногі!
Ва ўстановах часам ёсць
Вось такія ж "бабы":
Здэцца, й робяць яны штось,
Але справы — слабы.
Ды такая не ўцячэ!
Скажам ёй нарэшце: —
Мо без вас было б лягчэй?
Паспрабуйце злезці!
1925 г.

 

Мандат
Байка

Аслу раз выдалі мандат,—
Няйначай, памылкова.
(Такія і ў людзей памылкі — не наўда,
Але аб іх пасля размова).
Ад шчасця гэтага ў Асла
Аж галава кругом пайшла,
I вылецеў з яе апошні розум —
Як п’яны стаў Асёл, хоць быў цвярозым:
Такога ўраз задаў разумнік тону,
Такога шуму нарабіў, такога звону,
Што не спрачаліся жывёлы ані крышку
I палічылі ўсе Асла за шышку.
— Ну й розум! Вось дык галава! —
Не раз гучалі хвалы словы.
Другі дык ледзь не цалаваў
Капыцікі асловы.
А "галава" з мандатам у паўметра
Стаіць над яслямі ў хляве:
Ніводнай думкі ў галаве —
Жуе сабе авёс, псуе сабе паветра.
Пры гэтым бедныя жывёлы
I чхнуць баяцца без дазволу.
Адзін вось толькі Лыска,
Калі Асла пабачыць блізка,
Заўсёды брэша: "Гаў-гуў-гуў!
Цярпець я дурня не магу!"
Ды Лыска той сядзеў на ланцугу.
Бывае іншы раз і з нашым братам,
Што галаву заменьваюць мандатам,
Ды мы справаджваем такіх аслоў
Без лішніх слоў.
1925 г.

 

Сука ў збане
Байка

Сцяпан і брат яго Васіль
Шнурок надоечы касілі.
А пацягаць касу да полудня ад ранку —
Не то што выпіць кавы шклянку
Ды павадзіць пяром па гэтай вось паперы,—
Змарыліся касцы без меры,
Аднак жа не даюць спакою косам —
Пракос праходзяць за пракосам.
А Фінця-сука ў халадку
Ляжыць, як пані, на баку
Пад вербалозавым кустом,
Памахвае сабе хвастом:
То пазяхне, то дрэмле зноў,
То ловіць мух, то скакуноў.
Ужо спаўдня, і ўжо касцу
Аж гоніць з голаду асцу.
Паклаўшы косы пад пракос
I ўцёршы лоб і потны нос,
Касцы падселі к кусту,
Дасталі з торбы хлеба лусту,
Збан малака ды кожны сваю лыжку
I пачалі сярбаць пакрышку.
А Фінця ім глядзела ў рот
(I ёй падцягвала жывот)
Ды прагавітымі вачыма
За лыжкаю сачыла,
Хвастом віляла і прасіла,
Але як не касіла,
То не пазвалі й да збана —
Апаражнілі ўдвух да дна.
Скурыўшы дзве "сабачых ножкі",
Васіль прылёг на трошкі;
Сцяпана зноў жа сон змарыў
(Хоць ён, здаецца, не курыў),
А Фіцця гэтым часам
Даўно ў збане ўжо з мордай ласай,
Ды толькі ёй лізаць няміла,
Бо галаву ўшчаміла.
Яна й сюды, яна й туды,—
Ніяк не збыць ліхой бяды,
Хоць адракайся галавы,—
I стала выць.
Пакуль касцы праз сон пачулі тыя гукі,
Пакуль дасталі з гладыша,
Дык чуць не вылезла душа
У беднай сукі.
I, як агню, з тых дат яна
Баіцца кожнага збана.
——————————
Цераз мяжу і фабрыкант, і пан
Так сквапна шчэрацца на наш савецкі збан:
Гатовы праглынуць, не толькі палізаць,—
Так точаць іх пражэрства мукі,
Не ўпэўнены адно драпежніцкія сукі,
Ці з галавою вернуцца назад.
1925 г.

 

Тварам да вёскі

Поп Мацей, падлізнік боскі,
Павярнуць рашыў да вёскі
Тварам.
I ўжо месяц, як і сёння,
Сыпле казані з амбоні
З жарам.
Дзе памінкі ці радзінкі,
Ён, не трацячы гадзінкі,
Пеша,
Ўзяўшы ўсё сваё "начынне",
Падаткнуўшы "аблачэнне",
Чэша.
I на вёсцы ўжо ў Мацея
Аж лабэціна пацее
Часта:
Ён працуе шчыра й многа,
Не забылася каб бога
"Паства".
Пацяшае "верных" раем,
А "няверных" ён карае
"Адом".
Але чуць не ў кожнай хаце
Адварочваюцца к баці
Задам.
1925 г.

Далiкатныя парасяты
Байка

Няхай не слухае, каму не міла,
А я тут расказаць хачу,
Што ад людзей нядаўна чуў:
Як Цётка парасят карміла.
Не ведаю — у будні дзень ці ў свята,
Пусціла ў сенцы Цётка Парасяты,
Ім замяшала есці
Ды на хвілінку выйшла дзесьці.
Вярнулася яна і стала ля парога спужана:
Памыяў на падлозе лужына,
I цеста ўсё парыта,
I бруд кругом каля карыта.
Тут, раззлаваўшыся без меры,
Кабета адчыніла дзверы
Ды аблавухіх панічоў
Давай шалёстаць скарачом.
Калі ж наробяць яны піску!
Ну — рэжуць іх, няйначай.
На піск на той здалёк і зблізку
Набегла шмат радні свінячай,
I парасячы піск не чуцен у свінячым гудзе:
Наставіўшы хібы і папусціўшы пену,
На дзверы лезуць і на сцену.
Іх ледзьве адагналі людзі.
——————————
Дык вось, браткі,
Калі такія свінюкі
(А свінюкоў нямала ёсць па свеце)
Ды завядуцца ў сельсавеце
Ці ў кааператыве ў вас,—
Ганіце вон, на мой адказ.
1926 г.

 

Дыпламаваны баран
Байка

Ў адным сяле (не важна — дзе)
Хадзіў Баран у чарадзе.
Разумных бараноў наогул жа нямнога,
А гэты дык дурней дурнога —
Не пазнае сваіх варот:
Відаць, што галава слабая,
А лоб дык вось наадварот —
Такога не страчаў ніколі лба я:
Калі няма разумніка другога,
Пабіцца каб удвух,
Дык ён разгоніцца ды ў сцену — бух!
У іншага дык выскачыў бы й дух,
А ён — нічога,
І вось за дурасьць гэту
Яго вучоным раз празвалі нейк на сьмех,
А каб двара не перабег,
На шыю прывязалі мету:
— Вось, — кажуць, — і дыплом табе.
Што гэта за "дыплом ",
Баран — ні "мя ", ні "бэ ",
Аднак жа перад Кошкаю пачаў ён ганарыцца:
— А што ж ты думала, сястрыца!
Хіба мне пахваліцца няма чым?
Дыплом я заслужыў, здаецца ж, галавою,
І не раўняйся ты са мною.
Аб гэтым лепей памаўчы,
— Сказала яму Кошка.
— Каб ты быў разумнейшы трошка
Ды розумам раскінуць мог авечым,
То ўбачыў бы, што ганарыцца нечым,
Бо заслужыў ты свой дыплом
Не галавой, а лбом.
——————————
Другі баран — ні "бэ ", ні "мя ",
А любіць гучнае імя.
1926 г.

 

Мода
Байка

Якімсьці чынам, невядома,
З вар’яцкага шпіталя ці то дома
Ды збегла раз няшчасная кабета,
Якая з малых год
Была паклонніцаю мод
I розум страціла праз гэта.
Было, між іншым, лета.
Яна тут зараз цераз плот
I скокнула ў гарод
Ды, завязаўшы нек па-свойму хустку,
Давай тут прыбіраць старанна галаву:
Лісцё ўтыкае морквы і капусту,
I кроп, і іншую траву.
Пасля па вуліцы прайшла, як быццам каралева,
Хоць грудзі голыя і цела ўсё свіціцца,
Аж сэрца, гледзячы, сціскаецца ад жалю.
Аднак жа паабапал — справа, злева —
За ёю бегла разявак мо з трыццаць,
Галёкалі, іржалі.
I нават нейкія два франты,
Згубіўшы свой "шляхетны" сорам,
Таксама любаваліся уборам,
Хвалілі, што "пікантны".
А колькі модніцам-кабетам
Іх пахвала абыдзецца і грошай і турбот,
Няшчасныя не думалі аб гэтым.
Назаўтра ўжо ва ўсіх паклонніц мод,
Якія пераймаць заўсёды рады,
Дык не адзін заўважан быў распорак,
А ззаду й спераду — па сорак.
На галаве ж у іх не грады
I нават не гарод,
А проста — цэлае шматполле:
Бульбянік тут развесіў голле,
Там далей — іншы кораньплод;
На самай макаўцы ячмень
Пад вецярком сабе шумеў,
А далей сырадэля
Так міла белым тварыкам глядзела,
I роем навакол гулі
Двухногія чмялі.
——————————
Якія ж выведу я тут маралі?
Каб на галовах не аралі,
Заводзячы севазварот шматпольны?
Ды не, браткі, зусім
Яклапачусянеабгэтым,
Iбайкупрысвячаюўсім,
Хтослепамодзепакланіццаздольны:
Дзяўчатам ды кабетам,
А больш за ўсіх дык маладым паэтам.

 

Сава, асёл ды сонца
Байка

Сава лятала паначы,
З сабою птушкам смерць насіла,
Хаўтурны спеў ім пеючы,—
Сама там драла іх, сама ж і галасіла,
Ды так не ўбачыла, як нахапіўся дзень,
I Сонца яркага прамень
Да рэшты асляпіў ёй вочы.
Сава ўцячы тут хоча,
Ды толькі вось ляцець не можа,
А поблізу няма дупла нідзе.
Заплакала Сава ў бядзе —
Ну, хто ж Саве паможа?
На шчасце ёй тут лёс паслаў
Знаёмага Асла.
I кажа ён: — Не плач, сястрыца,
Ды надта не бядуй,—
З бяды мы вырабімся самі,
I Сонцу нам не прыйдзецца скарыцца:
Я вушы доўгія на Сонца навяду
I засланю яго вушамі.
Як цемра ўсю пакрые галу,
Як згіне прыкрае святло,
Дык ты й ляці сабе ў дупло
Тады памалу.
I наш Асёл за працу ўзяўся шчыра:
Як можна вушы свае шырай
Ён растапырыў, распрастаў
Iпроці Сонца стаў.
Калі ж налева глянуў коса —
Святла там яркая палоса.
Ён — гоп у левы бок.
Пасля глядзіць — святло і справа;
Тады назад ён — скок.
Нарэшцо бачыць — дрэнна справа:
Скакаў, скакаў і ўжо насілу ходзіць,
А Сонцу ўсё ніяк не шкодзіць,—
Ні каплі не памог Саве,
А вочы пасляпіў сабе.
I вось Аслу нарэшцо ясна стала:
Каб Сонца засланіць — вушэй асліных мала.
——————————
Вось гэту праўду едкіх слоў
Нясу, абураны, я на фашысцкіх соў
I іх заступнікаў-аслоў.
1927 г.

 

Ганарысты парсюк
Байка

Бывае праўда ў вочы коле...
Раз гнаў пастух свіней у поле.
АдзінвялізарныПарсюк,
Якіабегаўвёскуўсю,
Зараніцуабшнырыўзавуголле,
Цяпертакімеўвыглядважны,
Штоносанедастацьісажнем—
Вышэйзаўсіхёнсамсябелічыў,
Аштоўсамоганалычы,
Небачыўгэтага, аднак.
ІвосьадзінтутПадсвінак,
Якізаўважыўбрудраней,
Ікажа: —Дзядзечка, твойлычубрудзе!
Нязграбнагэтайміжсвіней,
Аштож, калізаўважацьлюдзі?
Парсюкнаставіўхіб, Парсюкраз’юшан:
—Церазцябеячырванецьпрымушан!
Такое мне сказаць асмеляцца ня многія,
Дык гэта ж — дэмагогія! —
Парсюк наш лаецца, не дараваць клянецца:
— І месца мокрага,— крычыць,— не застанецца!
Ты мой свінячы гонар закрануў!—
ІтакёнПадсвінакагрызянуў,
Штотойзасажняўпяцьадскочыў.
Парсюкненадтабыўахвочы
Глядзеццапраўдзеўвочы.
1927 г.

 

Мядзведзі
Байка

Паслухай вось, суседзе,
Што бацька мой расказваў мне.
Калісьці ў нашай старане
Вялося шмат мядзведзяў.
Цяпер-то рэдка тут яны,—
Згубілі войны ды аблавы,—
Тады ж па вёсках цыганы
Вадзілі іх дзеля забавы.
"Міхалка, дагары ляжы!
Міхалка, паскачы нам Юрку!
Міхалка, зараз пакажы,
Як баба крэхча на прымурку!"
Мядзведзь пакажа. Чаму не — уга!
Без меры жвавы наш Міхалка,
Бо ў носе кольца ланцуга,
А ў цыгана ж якая палка!
"Міхалка, казака танцуй!"
Панёс Міхась (бо давядзецца рэбрам).
Сапе Мядзведзь, звініць ланцуг,
Цыган паважна звоніць срэбрам.
Міхалка скача — пот ліе,
А Цыгану даход дае.
Хто тут — Мядзведзь, а хто — Цыган,
Што заграбае чыстаган,
Не цяжка дагадацца:
Вы гляньце цераз акіян —
На іх "свабоднае" мастацтва.
1927 г.

 

Жаба ў каляіне
Байка

Пагода — проста нібы дым,
У вёсцы рух, у вёсцы ўздым:
Упарта кліча сенажаць.
I ні старым, ні маладым
Тут некалі ляжаць.
Грабель мільганнем, звонам кос
Трымцяць лілёвыя прасторы,
I вось, нібы ў зялёным моры,
Плыве бухматы воз.
Далонню ўцёршы потны лоб,
Як паміж рыфаў, паміж коп
Лахматы капітан яго вядзе.
Ён важнасць твару надае
I, каб не стала, загадзе
Сваёй адзінай "конскай сіле",
Якая й так напружвае ўсё жылле,
Ён пугай пары паддае.
Яно хоць "сілы" троха й шкода,
Ды некалі — стаіць пагода,
Аж смагне, ныючы, асірацелы куст.
А Жабе гэта не пад густ;
I сонца горш цяпер пячэ,
Скарэй і бусел напаткае,
I як яна тут ні ўцякае,
Як ні скача,
У цень нікуды не ўцячэ.
Ад крыўды Жаба ледзь не плача.
А ўсё двухногі гэты госць
З сваім вялізным возам!
Апанавала Жабу злосць,
I падказаў ёй жабін розум:
"Ага, ну-ну!
Ты пажыві яшчэ хвіліну,—
Вось толькі сяду ў каляіну,
Плячом пад кола таркану
I к чорту воз перавярну.
Тады — капут, і ты мяне не зловіш,
Бо галаву, напэўна, зломіш".
I — скок Жабоцька смела
Ды ў каляіну села.
Тут колам — хрась!..
I кроў і гразь...
——————————
Пад кола, жаба, не падлазь.
——————————
Ці не такі ж і кожнай жабы лёс,
Што пнецца на хаду кульнуць савецкі воз?
1927 г.

Чорт
Байка

Кажух ляжыць, а дурань дрыжыць.
(Народная прыказка)
На свеце жыў Янук-сынок
У нейкіх Мамы й Таты;
Гадкоў яму было мо пяць.
Вось раз, калі куткі ахутаў змрок,
Бацькі уклалі хлопца спаць,
А самі выйшлі з хаты:
Каровы Матка падаіць,
А Бацька коні напаіць.
Але малому Януку
Вачэй ніяк не зводзіць сон,
Бо нешта чорнае ў кутку
На лаве ля красён
Убачыў раптам ён:
Касматае, з зялёнымі вачыма,
Дым чорны ў страха верне з ляпы
I з кіпцюрамі лапы.
Шавеліцца і крэкча страх, нібы падняцца цяжка.
Абмёр пад коўдраю хлапчына,
Пабеглі па плячах мурашкі,
I сталі валасы дубка
У небаракі Янука,
Аж зуб на зуб не пападзе.
Чуць не памёр наш блазан у бядзе,
Пакуль не ўчуў, што Бацька йдзе.
Тады з пасцелі — скок ды сам бягом адтуль.
— А татачка, вунь чорт! А міленькі, ратуй!
— Дзе чорт? Вось гэта? Ха-ха-ха!
Ну й дурань жа ты, Янка!
Свайго спужаўся кажуха.
А Янку трэсла ліхаманка.
——————————
Чытач чакае звыклае маралі?
Дык я ж пра тых — "у футарале",
Што ў промнях сонца яснага
Баяцца ценю ўласнага.
1927 г.

 

Махальнік Іваноў
Байка

Таму ўжо будзе, мусіць, з год,
Вучэбную стральбу праходзіла пяхота.
Дык вось страляў аднойчы ўзвод
Ці, можа, нават рота.
А тут раптоўна Шэф вярхом аднекуль — шасць:
Цікава паглядзець, а як страляе часць?
Ці вока вернае, ці цвёрдая рука
Ў чырвонага стралка?
Зайгралі "пападзі",
Гарыць чырвоны флаг.
Стралкі — на лінію. Ляглі ўсе па упорах.
Вось выстраліў адзін,
Вось разам — пах-пах-пах!
I лезе ў нос, і дражніць востры пах
(Калісьці Шэф таксама нюхаў порах).
Вось скончылі. Адбой.
Начальнікі здаволены стральбой:
Той тры папаў, той пяць.
Ахвота тут і Шэфу пастраляць.
Ён пяць патронаў у кішэнь,
Нагледзеў лепшую мішэнь,
Прылёгшы на упор,
I стрэльбу да пляча прыпёр.
Зажмурыў вока — бах! Пад носам землю ўзрыла.
Другі раз. Гэта ўбок завыла.
Яшчэ за імі тры,—
Усе "за малаком".
— Ах, чорт вас пабяры! —
Злуецца Шэф цішком.—
Хоць бы адну-папаў, а то скандал страшэнны!
Але махальнікі падходзяць да мішэні,
Давай яму махаць
(У іх быў добры нюх):
Дзве, тры, чатыры, пяць!
У самы, значыць, круг.
Шэф хоча вынікі другім праверыць разам,—
Махальнікаў назначыў зноў жа тых
I ўзяў патронаў... халастых.
Дык што ж вы думалі? — ніводнай не прамазаў.
Як далажыў махальнік Іваноў:
"У цэнтру самую ўсе пяць загналі зноў".
I дзіва дзіўнае было там цэлай часці,
Што можна з халастых ды "ўсе пяць куль" папасці.
А ваенком дык Іванова нават пахваліў:
— Ты, кажа, Іваноў, сапраўдны падхалім.
——————————
У падхалімаў так вядзецца век-вяком!
Ці б’е начальства ў цэль, ці шле "за малаком",
Ды знойдуцца заўсёды Івановы,
Што памахаць яму гатовы.
1928 г.

 

Партызанская ноч

Золь асенняя, туман.
Шэпчуць жоўклыя лісты.
Ноч — сяброўка партызан,
Друг іх верны — лес густы.
Ціхі посвіст, лёгкі шорах,—
Цемра ночы ажыла...
Хай дрыжыць ад страху вораг,
Гэта смерць яго прыйшла.
1941 г.

 

Янка і Карла

Янка і Карла суседзі былі,
Ды розныя сцежкі іх змалку вялі:
Янка вучыўся жыццё будаваць,
Карла вучыўся людзей забіваць;
Янка насіў на руках мазалі,
Ў Карлы яны не ў пашане былі;
Янка асушваў абшары балот,
Карла, як сыч, паглядаў цераз плот;
У Янкі на багне пшаніца расла,
У Карлы ад прагнасці слінка цякла;
У Янкі ад працы дом поўны дабра,
I Карла тут рушыў, сказаўшы: "Пара".
У двор ён да Янкі ідзе напралом,
Зрывае замкі ўсе, ўрываецца ў дом.
Тут Янка насустрач: "Што робіш?! Пастой!"
А Карла адказвае: "Дом гэты мой".
Янка пярэчыць, а Карла сваё:
"I статак, і свіран, і збожжа — маё".
Тут Янка да жонкі: "Мо сплю гэта я?"
А Карла за жонку: "I баба мая".
Янка абураны: "Гэта ж разбой!"
А Карла за Янку: "I сам жа ты мой.
Горы варочаць ты ўмееш гарбом,
Будзеш нядрэнным нямецкім рабом".
А Янка: "Ніколі, ва векі вякоў!"
А Карла як суне у твар кулаком:
"На тое парадак у нас і прымус.
На тое я — немец, а ты — беларус.
За гонар яшчэ палічы для сябе,
Што буду сядзець я ў цябе на гарбе".
Ад слоў гэтых Янку аж кінула ў жар.
Уцёр рукавом ён скрываўлены твар,—
Ад крыўды і гневу нутро ўсё гарыць,
I болей ён з Карлам не стаў гаварыць,—
Як скінуў Янук апранаху з плячэй,
Як спляжыў ён Карлу між прагных вачэй:
"Мяне захацеў ты? Дык на ж вось, бандыт!"
I вылезлі вочы ў фашыста з арбіт,
I бразнуўся Карла, сказаўшы: "Капут!"
Вось гэтак наш Янка пазбыўся пакут.
1944 г.

 

Лётчык i Блыха
Байка

Збіраўся Лётчык у палёт
Цяжкі і небяспечны —
Па-пад тайгой адвечнай
З Масквы аж на Далёкі Ўсход
Хацеў рэкорд выдатны ён паставіць,
Каб авіяцыю савецкую праславіць.
Вось зборы, клопаты ды вывучэнне карт:
Пракласці трасу як,
калі прызначыць старт,
На колькі ўзяць харчоў, як лепей апрануцца
(Зімовы быў сезон).
I трэба ж тут Блысе паблізу апынуцца!
Не ўспеў наш Лётчык аглянуцца,
Як — скок Блыха ў яго камбінезон!
(Блыху занёс сюды не вецер,
А нейкі пёс — бульдог ці сетэр.)
Праз пару дзён,
Уранні,
На світанні,
Пад воплескі ды пажаданні
Узняўся ў неба наш Пiлот
З цяжкім, адказным грузам,
I вестку радыё панесла над Саюзам:
Герой адправіўся ў палёт!
Ляціць герой, а на працягу трасы
З ім думкамі заводы і калгасы:
Якая тоўшча хмар і сіла тых вятроў?
I сам ён ці здароў?
Мо пагражае хлопцу небяспека?
(Нам дораг лёс такога чалавека.)
А што ж рабіла там Блыха?
З героем і яна ляцела,
Ды толькі знаць аб гэтым не хацела.
Блысе палёт той — чапуха.
Ёй выбрацца хутчэй бы з кажуха,
Дарвацца да жывога цела.
З трывогаю заўважвае Пілот
На крылах лёд, —
Напружвае ўсе сілы ля штурвала,
Блысе ж і гора мала:
Яна ўжо за кашуляй, на спіне
То тут, то там, нібы жыгала,
Балюча тне.
Ах ты, плюгавае стварэнне!
Ды некалі Блыху ганяць:
Хутчэй бы самалёт узняць,
Пазбавіцца абледзянення.
Вышэй! Яшчэ вышэй!
Няма ў Пілота іншай мары,
Як вырвацца з праклятай хмары.
Вышэй! А кроў і з носа, і з вушэй,
I цела ўсё нібыта
Якімсьці волавам наліта,—
Патрэбен кісларод.
Прыкрыўшы маскай смаглы рот,
Герой працягвае палёт
I прабіваецца да сонца.
А дзесьці ўнізе там хвалюецца народ,
Узбуджаны бясконца:
Прыйшлі героя прывітаць,
Ды нешта доўга не відаць…
Ура! Ляціць! Абдымкі, музыка, прамовы,
Гарачыя, ад сэрца, словы,—
Народ героем горд:
Адолеўшы і ост, і норд,
Наперакор марозу, ветру,
Пакрыўшы тысячы суровых кіламетраў,
Паставіў новы ён рэкорд,
— Што, што? Мне гэта слухаць дзіўна! —
Затрапяталася Блыха. —
Які рэкорд? Вар’яты! Ха-ха-ха!
Я ж суткі цэлыя была з ім неадрыўна
На той жа ўсё спіне,
Дык пра палёт ляпей вядома мне:
Я, праўда, насмакталася ў ахвоту,
Але ж не бачыла ніякага палёту.
Дык што ж іх гэтак узняло?
Дзе гонару таго крыніцы?
Ўсяго ж маршруту ў нас было —
Ад каўняра да паясніцы.
——————————
Сям-там у нас такія блохі ёсць,
Што нашых поспехаў стараюцца не бачыць
I ўсё навыварат тлумачаць.
Такі мне ў крытыцы сустрэўся ягамосць.
Няздольны ахапіць савецкіх спраў вышыні,
Ён мераў нас на свой аршын блышыны.
Кузурак гэтых подленькая злосць,
Агідны іх смяшок слінявы Не апаганяць нашай славы,
Не зменшаць нашых перамог,
Ды ўсё ж ляпей пазбавіцца ад блох.
1949 г.

Президент Республики Беларусь Министерство культуры Республики Беларусь Могилевский областной исполнительный комитет Национальная библиотека Беларуси Науиональный правовой интернет-портал