ВИРТУАЛЬНЫЕ ВЫСТАВКИ - ПЕРСОНАЛЬНЫЕ

Беларускі байкапісец Кандрат Крапіва
Біяграфiя Творы Матэрыялы аб жыцці і дзейнасці Вершы, байкі Галерэя

Біяграфiя

Крапіва Кандрат (сапр. Атраховіч Кандрат Кандратавіч; інш. псеўд. Астапчук, М. Доўгі; 22.02(05.03).1896, в. Нізок Ігуменскага пав. Мінскай губ., цяпер Уздзенскі р-н Мінскай вобл. – 07.01.1991, Мінск; пахаваны на Усходніх могілках), драматург, паэт, празаік, вучоны, грамадскі дзеяч. Народны пісьменнік Беларусі (1956). Акадэмік АН Беларусі (1950, член-карэспандэнт, 1940), доктар філалагічных навук (1953). Герой Сацыялістычнай Працы (1975). Заслужаны дзеяч навукі Беларусі (1978). Член СП Беларусі з 1934. Лаўрэат Дзяржаўных прэмій СССР (за п’есы: "Хто смяецца апошнім", 1941; "Пяюць жаваранкі", 1951; за комплекс работ па беларускай лінгвагеаграфіі, 1971). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Я. Купалы (1974, за камедыю "Брама неўміручасці").

Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Бацькі, Кандрат Міхайлавіч і Пелагея Данілаўна (дзявочае прозвішча Нікановіч) мелі 6 дзесяцін зямлі, нажытых цяжкай працай, хацелі, каб яны засталіся адзінаму сыну Кандрату. Вучыўся К. Крапіва ў царкоўна-прыходскай школе ў в. Нізок, Уздзенскім народным вучылішчы, Стаўбцоўскім і Койданаўскім чатырохкласных гарадскіх вучылішчах. Восенню 1913 экстэрнам здаў у Мінску экзамен на званне народнага настаўніка. Зімой 1914 разам з бацькам працаваў на пабочных заработках, вясной і летам – рознарабочым на цагельні. Восенню 1914 атрымаў месца настаўніка ў земскім народным вучылішчы ў в. Мнішана Пяршайскай вол. Мінскага пав. У жніўні 1915 прызваны ў царскую армію і праз некаторы час накіраваны ў Гатчынскую школу прапаршчыкаў, якую скончыў у сакавіку 1916. Вясну і лета 1916 праслужыў у запасным батальёне ў г. Асташкаве Цвярской губ. (цяпер Калінінская вобл.) у якасці ўзводнага афіцэра. Восенню таго ж года накіраваны з маршавай ротай на Заходні фронт, а потым разам з вайсковай часцю на Румынскі фронт, дзе і атрымаў баявое хрышчэнне. Там жа сустрэў і Кастрычніцкую рэвалюцыю. У пачатку студзеня 1918 як настаўнік быў дэмабілізаваны і ў лютым вярнуўся ў родную в. Нізок. Вясной і летам 1918 працаваў на бацькавай гаспадарцы, з лістапада – настаўнікам пачатковай школы ў в. Каменка Уздзенскай вол. У 1919 ажаніўся з Аленай Канстанцінаўнай Махнач, родам з в. Нізок. Са жніўня 1920 да 1923 служыў у Чырвонай Арміі, камандзір узвода. Восенню 1923 дэмабілізаваўся, год жыў у роднай вёсцы, працаваў на бацькавай гаспадарцы, затым пераехаў з сям’ёй у в. Астравок, куды быў прызначаны настаўнікам пачатковай школы. У маі 1925 пераехаў у Мінск, працаваў інструктарам Цэнтральнага бюро краязнаўства пры Інстытуце беларускай культуры. У 1926 паступіў на літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педфака БДУ, якое скончыў у 1930. Працаваў загадчыкам аддзела рэдакцыі часопіса "Полымя рэвалюцыі" (1932–36). Удзельнічаў ва ўз’яднанні Заходняй Беларусі з БССР (верасень 1939), у савецка-фінляндскай вайне (1939–40). На пачатку Вялікай Айчыннай вайны К. Крапіва працаваў у рэдакцыі газеты "Красноармейская правда", затым у рэдакцыі франтавой газеты Заходняга фронту "За Савецкую Беларусь". У 1941 уступіў у КПСС. З сакавіка 1943 і да канца вайны быў адказным рэдактарам ілюстраванай сатырычнай газеты-плаката "Раздавім фашысцкую гадзіну". Адразу пасля вайны прызначаны адказным рэдактарам сатырычнага часопіса "Вожык" (1945–47). У 1947–51 – загадчык сектара мовазнаўства Інстытута мовы, літаратуры і мастацтва АН БССР, з 1952 – дырэктар Інстытута мовазнаўства АН БССР, з 1956 – віцэ-прэзідэнт АН БССР. У 1982–89 вядучы навуковы супрацоўнік-кансультант Інстытута мовазнаўства імя Я. Коласа АН БССР. З мая 1989 на пенсіі.

Свой творчы шлях К. Крапіва пачынаў як паэт-сатырык. Яго першы друкаваны твор – вершаваны фельетон "Жылі-былі", змешчаны ў газеце "Красноармейская правда" ў 1922. У час службы ў Чырвонай Арміі ў гэтай газеце надрукавана некалькі яго вершаваных фельетонаў на рускай мове. Асноўнай іх тэмай былі міжнародныя падзеі, жыццё воінаў. 23 мая 1922 у газеце "Савецкая Беларусь" надрукаваны першы твор К. Крапівы на беларускай мове – сатырычны верш "Сваты". З гэтага часу пачынаецца яго сталая літаратурная праца. У сярэдзіне 20-х гг. выходзяць яго першыя зборнікі "Асцё" і "Крапіва". К. Крапіва быў членам літаратурных аб’яднанняў "Маладняк" (1924–26), "Узвышша" (1926–31). Сатыра і гумар сталі вызначальнымі рысамі яго творчасці. Асноўным жанрам паэзіі на першым этапе творчасці былі байка і сатырычна-гумарыстычны верш. Пісьменнік выкрываў класавых ворагаў, фальшывых людзей, бічаваў бюракратызм, кар’ерызм, шкурніцтва, падхалімства, раскрадальнікаў дзяржаўнай маёмасці, хабарніцтва, валакіту, мяшчанскую пошласць, пляткарства, пустазвонства, п’янства, высмейваў невуцтва, рэлігійныя забабоны, старыя звычкі, прыватнаўласніцкую псіхалогію, заклікаў вясковых жыхароў будаваць новы быт. Шмат увагі аддаваў тэме грамадзянскай вайны і замежнай інтэрвенцыі, абароне сваёй айчыны. Выкрываў імперыялістаў, фашыстаў і іх памагатых. Нямала твораў прысвяціў тэме літаратурнага жыцця таго часу, у якіх выступаў супраць нізкапробных твораў, фармалізму, бязглуздага моднічання, беспрынцыпнай крытыкі. У 1931 выйшаў адзін з буйнейшых яго сатырычных твораў – паэма "Хвядос – чырвоны нос". Нягледзячы на казачна-фантастычны сюжэт, твор сваім зместам быў накіраваны ў рэчаіснасць 20 – пачатку 30-х гг. У ім асуджаліся адмоўныя з’явы ў грамадскім жыцці і побыце і адначасова сцвярджалася ўсё новае, што павінен быў несці сацыялістычны лад.

У ранні перыяд сваёй літаратурнай дзейнасці К. Крапіва паспяхова працаваў і ў галіне мастацкай прозы, асноўным жанрам якой было сатырычнае апавяданне. Паводле ідэйна-тэматычнага зместу гэтыя апавяданні блізка стаялі да твораў яго сатырычнай паэзіі: у іх аўтар бічаваў заганы ў жыцці і побыце людзей ("Людзі-суседзі", "Аднае раніцы", "На алкагольным фронце"), высмейваў мяшчанства ("Смерць"), рэлігійныя забабоны ("Як ён стаў бязбожнікам", "Споведзь"), абывацеляў і плеткароў ("Вайна"), палітычных прыстасаванцаў ("Мой сусед"). Апавяданні пісьменніка, як і яго сатырычная паэзія, насычаны вострым і дасціпным, падчас грубаватым народным гумарам, з’едлівай іроніяй, знішчальным сарказмам. Яны былі сведчаннем развіцця рэалістычна-сатырычнай лініі ў беларускай прозе 20-х гг. У 1932 асобным выданнем выйшаў яго раман "Мядзведзічы", прысвечаны жыццю беларускай вёскі канца 20-х гг. У ім пісьменнік імкнуўся асэнсаваць тыповыя для тагачаснай беларускай вёскі сацыяльныя з’явы, тыя працэсы, якія адбываліся ў ёй напярэдадні калектывізацыі. Раман застаўся незавершаным.
У пачатку 1930-х г. К. Крапіва звярнуўся да драматургіі. Яго п’есы – значная з’ява не толькі ў беларускай, але і ва ўсёй шматнацыянальнай драматургіі былой савецкай краіны. Яны ўзнімалі актуальныя пытанні сучаснасці, хвалюючыя тэмы і праблемы, адлюстроўвалі найбольш істотныя бакі тагачаснай рэчаіснасці. Першым драматычным творам пісьменніка была псіхалагічная драма "Канец дружбы" (пастаўлена ў 1934 БДТ-1 (беларускі дзяржаўны тэатр таксама былі адкрыты ў Віцебску – БДТ-2 і ў Гомелі – БДТ-3), у якой узнімаліся складаныя маральна-этычныя праблемы. Да 20-годдзя Кастрычніка К. Крапіва напісаў народна-гераічную драму "Партызаны" (пастаўлена ў 1938 БДТ-1), у якой паказаў героіку барацьбы беларускага народа ў перыяд грамадзянскай вайны і замежнай інтэрвенцыі. П’еса была паказана на Дэкадзе беларускага мастацтва ў Маскве (1940), ставілася ў многіх рэспубліканскіх тэатрах, а таксама ў розных гарадах Расіі і Украіны. У канцы 30-х гг. пісьменнік звярнуўся да жанру сатырычнай камедыі, напісаў класічную п’есу "Хто смяецца апошнім" (пастаўлена ў 1939 БДТ-1), у якой талент Крапівы-сатырыка раскрыўся з выключнай сілай. Знішчальны смех гэтай п’есы выкрываў кар’ерыстаў, двурушнікаў, авантурыстаў, шантажыстаў, падхалімаў, паклёпнікаў. Імёны яе камедыйна-сатырычных персанажаў Гарлахвацкага, Зёлкіна, Тулягі ператварыліся ў назоўныя. Камедыя пастаўлена больш як у 120 тэатрах краіны і ў шмат якіх тэатрах за мяжой, экранізавана кінастудыяй "Беларусьфільм" (1954).

У час Вялікай Айчыннай вайны К. Крапіва зноў звярнуўся да аператыўнага баявога жанру – сатырычнага верша. Пісаў байкі, памфлеты, вершаваныя фельетоны (зборнік "Смех і гнеў"). У гэты ж час ім напісана п’еса "Проба агнём" (пастаўлена ў 1943 Беларускім тэатрам імя Я. Коласа), прысвечаная змаганню нашага народа з фашысцкай навалай. У ёй драматург адлюстраваў тое, як выпрабоўваліся характары і пачуцці людзей у дні вайны, як выяўляў сваё душэўнае хараство, мужнеў, маральна і духоўна загартоўваўся чалавек. У сатырычнай камедыі "Мілы чалавек" (пастаўлена ў 1945 Беларускім тэатрам імя Я. Купалы) стварыў запамінальныя вобразы фальшывых, паразітычных людзей, раскрыў і паказаў сутнасць іх філасофіі, якая была асабліва шкоднай у цяжкія для нашага народа ваенныя гады. Тэма вайны хвалявала К. Крапіву і ў пасляваенны час, пра што сведчаць яго драмы "З народам" (пастаўлена ў 1948 Беларускім тэатрам імя Я. Купалы) і "Людзі і д’яблы" (пастаўлена ў 1958 Беларускімі тэатрамі імя Я. Купалы і імя Я. Коласа). У адрозненне ад п’есы "Проба агнём", дзе паказаны першы перыяд вайны, у гэтых драмах дзеянне адбываецца на тэрыторыі, акупаванай фашысцкімі захопнікамі. Пісьменнік сутыкае тут сумленных людзей, патрыётаў-падпольшчыкаў з вырадкамі, якія здрадзілі Радзіме і народу, аналізуе сацыяльныя і маральныя вытокі здрадніцтва. У пасляваенны перыяд К. Крапіва стварыў п’есы: "Пяюць жаваранкі" (пастаўлена ў 1950 тэатрамі імя Я. Купалы і Я. Коласа), "Зацікаўленая асоба" (пастаўлена ў 1953 тэатрам імя Я. Купалы), "Брама неўміручасці" (пастаўлена ў 1974 тэатрам імя Я. Купалы), "На вастрыі" (пад назвай "Блытаныя сцежкі" (пастаўлена ў 1983 тэатрам імя Я. Коласа). Першыя дзве з іх прысвечаны стваральнай працы савецкіх людзей. Поспехам карысталася лірычная камедыя пра жыццё калгаснай вёскі "Пяюць жаваранкі", якая вызначаецца самабытнасцю характараў, іскрыстым народным гумарам, багатым падтэкстам дыялогаў, вобразнай сакавітай мовай, глыбокім лірызмам. П’еса ставілася многімі тэатральнымі калектывамі краіны, экранізавана на кінастудыі "Беларусьфільм" (1953). "Зацікаўленая асоба" – першая спроба драматурга ў паказе жыцця рабочага класа і тэхнічнай інтэлігенцыі. Вялікім дасягненнем Крапівы-драматурга з’явілася сатырычная камедыя "Брама неўміручасці", якая вырашае маральна-этычныя праблемы. Выведзеныя ў ёй персанажы працягваюць галерэю сатырычных тыпаў з ранейшых п’ес драматурга. П’еса ішла на сцэнах многіх тэатраў Беларусі і іншых рэспублік. П’еса "На вастрыі" таксама закранае маральна-этычную праблематыку, узаемаадносіны розных па характару і жыццёвых прынцыпах людзей, выкрывае праявы бездухоўнасці ў жыцці.

Сатырычныя творы К. Крапівы – вялікая школа мастацкага майстэрства. Дабратворны ўплыў яго адчуваецца ў творчасці беларускіх пісьменнікаў-байкапісцаў У. Корбана, Э. Валасевіча, М. Скрыпкі, драматургаў А. Макаёнка, М. Матукоўскага, А. Петрашкевіча, А. Дударава. З імем К. Крапівы звязаны шырокі выхад нашай нацыянальнай драматургіі на еўрапейскую арэну.

К. Крапіва – аўтар навуковых прац па літаратуразнаўству і мовазнаўству, крытычных артыкулаў па беларускай літаратуры і мове. Ён рэдагаваў "Беларуска-рускі слоўнік", "Руска-беларускі слоўнік" (з Я. Коласам, П. Глебкам), ажыццяўляў агульнае рэдагаванне "Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы" у 5 т. Пісаў таксама нарысы ("Міхаіл Сільніцкі", "Лондан", "Над ракой Арэсай"). Перакладаў на беларускую мову працы К. Маркса, Ф. Энгельса, У. Леніна, мастацкія творы Д. Фанвізіна. I. Крылова, А. Пушкіна. М. Гогаля, А. Астроўскага, А. Чэхава, У. Маякоўскага, А. Твардоўскага. Т. Шаўчэнкі, А. Міцкевіча, Я. Гашака, В. Шэкспіра і інш. Творы К. Крапівы перакладзены на многія замежныя мовы, у т.л. у Балгарыі, Германіі, Кітаі, Польшчы, Румыніі, Францыі, Чэхаславакіі. Пра К. Крапіву створаны дакументальны фільм "Кандрат Крапіва" (1983, "Беларусьфільм"). Імя К. Крапівы прысвоена Інстытуту мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі, Уздзенскай СШ № 2.

Узнагароджаны 4 ордэнамі Леніна, ордэнам Кастрычніцкай рэвалюцыі, ордэнам Чырвонага Сцяга, ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнам Айчыннай вайны 2-й ступені, ордэнам Дружбы народаў, ордэнам Чырвонай Зоркі, медалямі, Ганаровымі Граматамі Вярхоўнага Савета БССР. Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР у 1947–90. У 1946 у складзе дэлегацыі БССР удзельнічаў у рабоце 1-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН у Лондане, ва Усеславянскім кангрэсе ў Чэхаславакіі, у 1963 – у Міжнародным кангрэсе славістаў у Балгарыі.
А. А. Семяновіч

Крыніцы:
Семяновіч, А. А. Крапіва Кандрат / А. А. Семяновіч // Беларускія пісьменнікі : бібліяграфічны слоўнік. У 6 т. Т. 3. Івашын – Кучар / Інстытут літаратуры імя Янкі Купалы АН Рэспублікі Беларусь ; Беларуская энцыклапедыя ; пад рэд. А. В. Мальдзіса ; рэдкалегія: І. Э. Багдановіч [і інш.]. – Мінск : Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1994. – С. 396–398.

Тытулы, узнагароды і прэміі

Герой Сацыялістычнай Працы (1975)
4 Ордэна Леніна (1940, 1949, 1966, 1975)
Ордэн Кастрычніцкай Рэвалюцыі (1971)
Ордэн Чырвонага Сцяга (1943)
Ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга (1955)
Ордэн Айчыннай вайны II ступені (1985)
Ордэн Чырвонай Зоркі (1943)
Ордэн Дружбы Народаў (1984)
Сталінская прэмія другой ступені (1941) — за п’есу "Хто смяецца апошнім" (1939)
Сталінская прэмія трэцяй ступені (1951) — за п’есу "Пяюць жаваранкі" (1950)
Дзяржаўная прэмія СССР (1971) — за комплекс прац у галіне беларускай лінгвагеаграфіі
Дзяржаўная прэмія Беларускай ССР імя Янкі Купалы (1974).

Дакументы

Дадатковыя матэрыялы аб жыцці і дзейнасці

  • Абрамчык, А. Сатырычныя вершы і байкі Кандрата Крапівы : [урок беларускай літаратуры (Х клас)] / Алена Абрамчык // Роднае слова. – 2014. – № 10. – С. 56–58.
  • Атраховіч, А. Мой дзед Кандрат Крапіва / Алена Атраховіч // ЛіМ. – 2006. – 3 сакавіка. – С. 14.
  • Атраховіч, А. Пра Крапіву раскажуць рэчы [гутарка з унучкай пісьменніка] / гутарыла Марына Весялуха // ЛіМ. – 2011. – 20 мая. – С. 21. http://www.lim.by/limbyfiles/lim/lim20-2011.pdf
    http://www.main.lim.by/?p=877
  • Атрахович, Е. Осташковская весна : [из книги "Мой дед Кондрат Крапива"] / Елена Атрахович // Неман. – 2011. – № 3. – С. 169–182. http://www.lim.by/limbyfiles/nem3_2011.pdf
  • Бондарава, Ю. В. Праблема маральнага выбару ў драме К. Крапівы "Людзі і д’яблы" / Ю. В. Бондарава // Сборник студенческих научных работ : тезисы докладов / под ред. И. И. Ситкевич. – Могилев, 2006. – С. 10–11.
  • Гарадніцкі, Я. А. Вобраз аўтара ў сатырычнай паэзіі Кандрата Крапівы / Я. А. Гарадніцкі // Гарадніцкі, Я. А. Літаратура як мастацтва : камунікатыўнасць, інтэмедыяльнасць, наратыўнасць / Я. А. Гарадніцкі. – Мінск, 2014. – С. 320–328.
  • Грыдзюшка, Т. К. Кандрат Крапіва – байкапісец / Т. К. Грыдзюшка // Беларуская мова і літаратура. Серыя "У дапамогу педагогу". – 2009. – № 10. – С. 20–23.
  • Данэйка, В. М. Каламбур як сродак стварэння камічнага : [на матэрыяле п’ес К. Крапівы] / В. М. Данэйка // Студенческая наука – 2006. Региональная научно-практическая конференция студентов вузов Могилевской области / под ред. И. И. Ситкевич. – Могилев, 2006. – С. 178–179.
  • Жук, Т. Архіўная спадчына Кандрата Крапівы / Таццяна Жук, Марына Ліс // Веды. – 2011. – 13 сакавіка. – С. 8.
  • Лепешаў, І. Пра ліст ад Кандрата Крапівы / Іван Лепешаў // Краязнаўчая газета. – 2011. – № 17 (май). – С. 6.
  • Лайтвант, І. Крыж Кандрата Крапівы / Іна Лайвант // Маладосць. – 2012. – № 3 – С. 119–121.
  • Лычук, Л. Р. Кандрат Крапіва. "Хто смяецца апошнім" / Л. Р. Лычук // Беларуская мова і літаратура. Серыя "У дапамогу педагогу". – 2009. – № 9. – С. 39–41.
  • Мішчанчук, М. Вывучэнне творчасці Кандрата Крапівы : [байка "Ганарысты парсюк"] / Мікола Мішчанчук // Роднае слова. – 2007. – № 3. – С. 33–36.
  • Пахомчык, Н. Беларуская вясковая проза на мяжы 1920–1930-х гг. (Кузьма Чорны, Кандрат Крапіва, Змітрок Бядуля) : [наратыўны аспект] / Наталля Пахомчык // Полымя. – 2014. – № 8. – С. 167–175.
  • Рагаўцоў, В. "Хто смяецца апошнім" Кандрата Крапівы : [спецыялізаваныя вербальныя сродкі камічнага] / В. Рагаўцоў // Роднае слова. – 2014. – № 7. – С. 35–38.
  • Рагаўцоў, В. І. Неспецыялізаваныя вербальныя сродкі камічнага ў драме Кандрата Крапівы "Канец дружбы" / В. І. Рагаўцоў // Веснік Брэсцкага ўніверсітэта. Серыя 3. – 2014. – № 2 – С. 14–19.
  • Рагаўцоў, В. І. Спецыялізаваныя вербальныя сродкі камічнага ў драме "Канец дружбы" Кандрата Крапівы / В. І. Рагаўцоў // Вестник Полоцкого государственного университета. – 2014. – № 2 – С. 79–82.
  • Сабалеўскі, А. Сугучныя з часам : [п’есы К. Крапівы і іх пастаноўка на сцэне] / Анатоль Сабалеўскі // Роднае слова. – 2006. – № 11. – С. 8–12.
  • Сабалеўскі, А. Творца ў сваім часе і па-за часам : [аб жыцці і творчасці Кандрата Крапівы] / Анатоль Сабалеўскі // Сабалеўскі, А. Майстры, падзеі і акалічнасці : нарысы, артыкулы, эсэ / Анатоль Сабалеўскі. – Мінск, 2011. – С. 144–155.
  • Сасновская, А. В. Сравнительный анализ индивидуально-личностных смыслов ключевых слов в поэтических текстах К. Крапивы в оригинале и переводах / А. В. Сасновская // Вестник Полоцкого государственного университета. Серия А. Гуманитарные науки. – 2013. – № 2. – С. 97–105.
  • Сухава, Г. Станоўчыя вобразы ў п’есе "Хто смяецца апошнім" Кандрата Крапівы : [урок беларускай літаратуры з элементамі актыўнай ацэнкі (Х клас)] / Галіна Сухава // Роднае слова. – 2014. – № 10. – С. 59–61.
  • Шакура, С. У. Абыгрыванне фразеалагізма як спосаб пабудовы каламбураў : [на матэрыяле п’ес К. Крапівы] / С. У. Шакура // Весці МДУ імя А. А. Куляшова. – 2006. – № 4. – С. 141–145.
  • Шакура, С. У. Роля іроніі ў стварэнні камічнага эффекту : [на матэрыяле п’ес К. Крапівы] / С. У. Шакура // Весці НАН Беларусі. – Серыя гуманітарных навук. – 2007. – № 3. – С. 115–120.
  • Шлях да брамы неўміручасці : матэрыялы Рэспубліканскіх навуковых чытанняў, прысвечаных 115-годдзю з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Кандрата Крапівы (Мінск, 3 сакавіка 2011 года) / [укладальнік А. А. Манкевіч]. – Мінск : Беларуская навука, 2012. – 165, [1] с., [7] л. іл.
  • Ялатамцава, І. Крапіва каля дома… : [успаміны пра сям’ю Кандрата Крапівы] / Ірына Ялатамцава // Роднае слова. – 2013. – № 8. – С. 86–91.
  • Ярмак, В. С. Жанр байкі ў творчасці Кандрата Крапівы / В. С. Ярмак // Беларуская мова і літаратура. – 2007. – № 3. – С. 50–60.

Інтэрнэт-рэсурсы

Ідэю Алены Атраховіч, унучкі Кандрата Крапівы, аб стварэнні ў Мінску музея славутага пісьменніка і вучонага падтрымаў старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец, а таксама даследчык творчасці Кандрата Крапівы Сцяпан Лаўшук.
На публікацыю газеты "Літаратура і мастацтва" (№ 20) адгукнуўся даследчык творчасці Кандрата Крапівы, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктар філалагічных навук прафесар Сцяпан Лаўшук:
– Алена Ігараўна ў сваіх развагах займае абсалютна бяспройгрышную пазіцыю, бо дбае пра ўшанаванне памяці дзядулі, чалавека без усялякіх перабольшванняў вялікага.

Так склалася, што мы, беларусы, – вельмі багатая на таленты нацыя, таму і не дбаем пра сваіх значных пісьменнікаў: Шамякіна, Макаёнка, Куляшова. А гэта ж гіганты нашай літаратуры. Да іх ліку можна смела далучыць і Кандрата Крапіву, бо ў любым родзе літаратурнай творчасці ён быў паспяховы. У яго выдатная лірыка, нашу байку ён узняў на сусветны ўзровень. Адметная і творчая манера Кандрата Кандратавіча ў драматургіі. Не магу сцвярджаць, што ўсе крапівоўскія п’есы – класіка, аднак нават самая першая з іх, "Канец дружбы", і сёння гучыць актуальна. Я ўжо не кажу пра п’есы "Хто смяецца апошнім", "Мілы чалавек", "Брама неўміручасці"… І проза Крапівы выдатная, а яе мы практычна не ведаем.

Варта нам сёння думаць пра ўшанаванне памяці класіка не толькі шляхам выдання збору твораў, але і шляхам стварэння музея пісьменніка. Магу адзначыць, што аўтэнтычных (а гэта важна) рэчаў класіка можна назбіраць на любую экспазіцыю. У сваіх разважаннях Алена Ігараўна схіляецца да таго, каб музей Кандрата Крапівы размясціць у Мінску, што ў наш час вельмі складана. Але гэта не значыць, што мы павінны апусціць рукі. Як варыянт адразу паўстае музей-кватэра. Па такім шляху пайшлі стваральнікі музея Петруся Броўкі. Але ў выпадку з Крапівой мы наўрад ці здолеем такое зрабіць.

Яшчэ адна магчымасць – пашырэнне плошчаў Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры з мэтай вылучэння асобных экспазіцый творцаў. У ліку іх магла б быць і экспазіцыя Кандрата Кандратавіча. Як варыянт – стварэнне тэматычнай экспазіцыі, да прыкладу, прысвечанай беларускай байцы, дзе Кандрату Крапіве, натуральна, было б адведзена значнае месца.

Але самым разумным выйсцем мне падаецца адкрыццё музея на радзіме пісьменніка – ва Уздзе – з захаваннем мемарыяльнага пакоя ў вёсцы Нізок на Уздзеншчыне, дзе і нарадзіўся класік. Гэта можа быць музей, прысвечаны слаўным выхадцам з гэтай зямлі, а іх тут шмат: Паўлюк Трус, Пятро Глебка, Алесь Махнач, Лідзія Арабей… Ён можа набыць статус і экспазіцыйнай, і даследчай установы, можа быць уключаны ва ўсе турыстычныя схемы. Гэта цалкам рэальна. Работу па стварэнні музея Кандрата Крапівы варта пачынаць ужо цяпер – з арганізацыі рабочай групы. Можна пакуль на грамадскіх пачатках.

Я сябраваў з Кандратам Кандратавічам (гэта ён сам так казаў), хоць і розніца ва ўзросце ў нас была каля пяцідзесяці год. І таму маю вялікія абавязкі перад сябрам, з радасцю ўвайду ў рабочую групу і буду рабіць усё, што ад мяне залежыць, каб ушанаваць імя гэтага гіганта беларускай літаратуры.

Президент Республики Беларусь Министерство культуры Республики Беларусь Могилевский областной исполнительный комитет Национальная библиотека Беларуси Науиональный правовой интернет-портал