Гарэцкі Максім Іванавіч

Аўтабіяграфія

Радзіўся я ў 1893 г., 6 лютага, ст. ст., у вёсцы Меншай Багацькаўцы, 25 вёрст на паўночны захад ад Мсціслаўля. Бацькі мае — сяляне, земляробы.
Вучыўся я спачатку ў школцы граматы, потым у г. зв. утаракласнай царкоўнапрыходскай школе (сяло Вольшы, Аршанскага павета), якую скончыў у 1908 г., і, нарэшце, у каморна-агранамічнай школе ў Горках (1909 — 1913).
Быў каморнікам у Віленскай губ., а тады забралі на вайну. Быў ранены. Доўга хварэў.
Супрацоўнічаць пачаў у "Нашай ніве" з 1912 г. Пасылаў допісы. Першае мае апавяданне "У лазні" было там надрукавана ў снежні 1913 г.
Першы зборнік апавяданняў "Рунь" выйшаў у Вільні ў 1914 г.
Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі стала супрацоўнічаў у "Известиях Смоленского Совета" (дзе друкаваліся і пераклады маіх апавяданняў пад псеўданімам "Дзед Кузьма"), потым у "Звезде" (Смаленск — Мінск — Вільня). Друкаваўся таксама ў "Дзянніцы", "Вольнай Беларусі" і ў іншых беларускіх выданнях. За рэдагаванне "Беларускіх ведамасцей" сеў на Лукішкі і без суда, са здзекам, быў выкінуты з Вільні ў нейтральны пас паміж польскім і літоўскім фронтам. 3 1923 г. жыву ў Мінску.

(1926 г.)

Памёр Максім Гарэцкі 20 сакавіка 1939 г.

1958 г.

Гарэцкі, М. Аўтабіяграфія / Максім Гарэцкі // Пра час і пра сябе : аўтабіяграфіі беларускіх пісьменнікаў / пад рэдакцыяй В. Рудавай. — Мінск, 1966. — С. 94—95.