Ганаровыя грамадзяне горада Магілёва

У 2010 годзе спаўняецца 40 год з часу ўстанаўлення звання "Ганаровы грамадзянін горада Магілёва". Калі звярнуцца да гісторыі звання "Ганаровы грамадзянін", то яшчэ ў Расійскай імперыі Маніфестам 10 красавіка 1832 года была ўстаноўлена прывілеяваная катэгорыя саслоўя "гарадскіх абывацелей" - ганаровыя грамадзяне, якія вызваляліся ад падушнага падатка, рэкруцкай павіннасці, цялесных пакаранняў. Званне Ганаровага грамадзяніна асобам, вядомым заслугамі, прадастаўлялі таксама і гарады. Тады гэта яшчэ не рэгулявалася заканадаўствам, але было шырока распаўсюджана ў гарадах Расійскай імперыі. Званне Ганаровага грамадзяніна горада прысвойвалася па хадайніцтву гарадской думы і сімвалізавала выключную форму выказвання ўдзячнасці і падзякі грамадства за дзейнасць на карысць горада, а таксама даніну павагі людзям, якія валодалі асобымі заслугамі перад Айчынай.
Першыя ганаровыя званні ў БССР былі ўведзены ў 1927 годзе. У Рэспубліцы Беларусь званне "Ганаровы грамадзянін" прысвойваецца мясцовымі органамі дзяржаўнай улады грамадзянам за іх асабовыя заслугі перад пэўным горадам ці раёнам.
20 студзеня 1970 года пятая сесія Магілёўскага гарадскога Савета дэпутатаў працоўных прыняла рашэнне ўстанавіць званне "Ганаровы грамадзянін горада Магілёва" і "Кнігу ганаровых грамадзян горада Магілёва". Тады ж было зацверджана і Палажэнне аб званні "Ганаровы грамадзянін горада Магілёва".
За 40 год званне "Ганаровы грамадзянін горада Магілёва" было прысвоена 23 асобам, тры з якіх — жанчыны. Сярод тых, каго горад назваў "Ганаровым грамадзянінам", больш усяго ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. Гэта Героі Савецкага Саюза, палкаводцы, удзельнікі вызвалення Магілёва. У мірны час, аднаўляя краіну, нашы людзі паказвалі працоўную доблесць у паўсядзённай і творчай рабоце. Сярод ганаровых грамадзян Магілёва тры Героя Сацыялістычнай Працы — прадстаўнікі розных прафесій, заслужаныя дзеячы навукі, культуры і мастацтваў, заслужаныя майстры спорту.
Жыццё кожнага ганаровага грамадзяніна беларускіх гарадоў неаддзельна ад гісторыі нашай краіны, ад яе гераічных і трагічных старонак. Іх біяграфіі — жывыя сведчанні гісторыі.

Аддзел беларускай і краязнаўчай літаратуры прапануе Вашай увазе віртуальную фотагалерэю, якая пазнаёміць Вас з ганаровымі грамадзянамі горада Магілёва. І хто ведае, можа праз некаторы час яна папоўніцца і вашым прозвішчам.

Казлоўская Елізавета Мікалаеўна
(заслужаны настаўнік БССР)

 
Нарадзілася ў 1897 г. у Мінску. Атрымаўшы сярэднюю адукацыю, працавала настаўніцай у школах г. Магілёва, а з 1924 г. і да 1974 г. — настаўніцай сярэдняй школы № 9. У 1935 г. скончыла Магілёўскі вячэрні педагагічны інстытут. У 1941—1942 гг. працавала настаўніцай у Разані і Кустанаі і адначасова скончыла курсы медсясцёр. У лютым 1942 г. добраахвотна пайшла на фронт.
Пасля Вялікай Айчыннай вайны працягвала працаваць у сярэдняй школе № 9 г. Магілёва. За час працы праявіла сябе як выдатны педагог і арганізатар педагагічнага працэсу. Праводзіла вялікую метадычную работу, дапамагала маладым настаўнікам. Неаднаразова выбіралася дэпутатам гарадскога і раённага Саветаў дэпутатаў працоўных. З 10 студзеня 1974 г. на пенсіі.
Заслужаны настаўнік школ БССР (1947). За ўдзел у Вялікай Айчыннай вайне ўзнагароджана ордэнам Чырвонай Зоркі, медалямі "За баявыя заслугі", "За ўзяцце Кёнігсберга", "За вызваленне Варшавы", "За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.", за мірную працу — ордэнам Леніна.
Звання "Ганаровы грамадзянін горада Магілёва" ўдастоена 17 сакавіка 1970 г.
Памерла ў 1978 г.

Каралёў Мікалай Піліпавіч
(Герой Савецкага Саюза, адзін з арганізатараў і кіраўнікоў партызанскага руху на тэрыторыі Магілёўскай вобласці ў часы Вялікай Айчыннай вайны, генерал-маёр)

 
Нарадзіўся ў 1906 г. у в. Амінавічы, Асіповіцкага раёна, Магілёўскай вобласці. Працоўную дзейнасць пачаў у 1920 г. на лесараспрацоўках у Асіповіцкім раёне. З 1926—1928 гг. — рамонтны рабочы на чыгунцы. У 1928—1930 гг. служыў у Чырвонай Арміі. Да 1932 г. працаваў намеснікам дырэктара Асіповіцкага лесазавода.
З 1932 г. і да пачатку Вялікай Айчыннай вайны на пасадах: старшыні калгасаў "Камуна" і "Рэкорд", старшыні Пагарэльскага і Ясеньскага сельскіх Саветаў Асіповіцкага раёна, намесніка старшыні і старшыні Асіповіцкага райвыканкама. У ліпені 1941 г. па заданню ЦК ВКП(б) застаўся ў тылу ворага для арганізацыі партызанскага руху. Быў камандзірам партызанскай групы, з сакавіка 1942 г. — камандзір 210-га атрада імя І.В. Сталіна, са студзеня 1943 г. — Асіповіцкага партызанскага злучэння. У канцы 1942 г. яму было прысвоена воінскае званне маёра, а ў верасні 1943 г. — генерал-маёра.
Са жніўня 1944 г. па 1953 г. М.П. Каралёў працаваў старшынёй Магілёўскага гарвыканкама, затым да 1958 г. — сакратаром Хоцімскага райкома партыі, з 1958 г. і да 1963 г. — загадчыкам аддзела аблвыканкама. З 1963 г. — на пенсіі.
Герой Савецкага Саюза (1944). Узнагароджаны двума ордэнамі Леніна, двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалямі. Яго імем названы вуліцы ў Магілёве, Асіповічах, Хоцімску, у в. Масток Магілёўскага і в. Вярхі Асіповічскага раёнаў. На доме ў Магілёве (Першамайская, 67), дзе ён жыў, устаноўлена мемарыяльная дошка, а ў сярэдняй школе № 33 створаны музей М.П. Каралёва.
Звання "Ганаровы грамадзянін горада Магілёва" ўдастоены 17 сакавіка 1970 г.
Памёр у 1972 г.

Смірноў Дзмітрый Іванавіч
(Герой Савецкага Саюза, удзельнік баёў за вызваленне Магілёва ў 1944 г., генерал-лейтэнант,)
 
Нарадзіўся ў 1901 г. у Кастрамской вобласці. З 1913 па 1918 г. працаваў маляром на чыгунцы. У 1919 г. вярнуўся на радзіму, а ў 1920 г. быў прызваны ў рады Чырвонай Арміі, дзе пачаў службу радавым у Маскоўскім запасным палку. Службу ў арміі спалучаў з вучобай: у 1922 г. скончыў курсы чырвоных камандзіраў, у 1923 г. — Вышэйшыя стралкова-тактычныя курсы, у 1936 г. — Ваенную акадэмію імя М.В. Фрунзе.
Удзельнічаў у ваенных падзеях на воз. Хасан і р. Халхін-Гол, за што ў ліку першых узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі (1940). Затым быў старшынёй змешанай урадавай камісіі па ўдакладненню граніцы ў гэтым раёне. Са снежня 1941 г. і да канца Вялікай Айчыннай вайны займаў шэраг камандных пасад. Удзельнік Курскай бітвы, Беларускай, Усходне-Прускай і Бярлінскай аперацый. 121-шы стралковы корпус, якім камандаваў Дз.І. Смірноў, у ноч з 27 на 28 чэрвеня 1944 г. пераправіўся праз р. Днепр і ва ўзаемадзеянні з іншымі злучэннямі прыняў актыўны ўдзел у вызваленні Магілёва ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Пасля паражэння гітлераўскай Германіі быў камендантам савецкага сектара г. Берліна, з мая 1946 г. — на розных пасадах у Чырвонай Арміі, а з 1953 г. па 1957 г. — галоўны ваенны саветнік у Румынскай народнай арміі. Пасля вяртання з Румыніі да 1960 г. працаваў начальнікам факультэта ваеннай акадэміі імя М.В. Фрунзе, а затым па стану здароўя выйшаў у адстаўку ў званні генерал-лейтэнанта.
Герой Савецкага Саюза (1944). Узнагароджаны двума ордэнамі Леніна, чатырма ордэнамі Чырвонага Сцяга, ордэнам Багдана Хмяльніцкага 1-й ступені, Суворава 2-й ступені, Кутузава 2-й ступені, баявымі медалямі.
Звання "Ганаровы грамадзянін горада Магілёва" ўдастоены 17 сакавіка 1970 г.
Памёр у 1975 г.

Кірылаў Іосіф Канстанцінавіч
(удзельнік баёў за вызваленне Магілёва ў 1944 г., генерал-маёр)

 
Нарадзіўся ў 1905 г. у с. Палатава, Краснагвардзейскага раёна, Белгарадскай вобласці. У 1927 г. быў прызваны ў армію. Удзельнічаў у ахове савецкіх далёкаўсходніх рубяжоў. Скончыў школу малодшых камандзіраў і два гады служыў у Амурскім стралковым палку. Затым паступіў у Іркутскае ваеннае вучылішча, якое скончыў у пачатку 1930-х гг. На працягу некалькіх год праходзіў службу на Далёкім Усходзе, камандаваў стралковым узводам і ротай. У 1937—1941 гг. вучыўся ў Ваеннай акадэміі імя М.В. Фрунзе.
З першых дзён вайны ў дзеючай арміі. З 1941 г. на Заходнім фронце, камандзір стралковага батальёна, а затым і палка, удзельнік бітвы пад Масквой. З сакавіка 1943 г. і да канца вайны камандаваў 139-й Чырвонасцяжнай ордэна Суворава Рослаўскай стралковай дывізіяй. У пачатку 1944 г. прысвоена воінскае званне генерал-маёра. І.К. Кірылавым асабіста распрацоўваліся і праводзіліся баявыя аперацыі па вызваленню Магілёўшчыны пад в. Леніна Горацкага раёна (у кастрычніку 1943 г.), у Чавускім раёне (сакавік—чэрвень 1944 г.). Пад яго камандаваннем 139-я стралковая дывізія сумесна з іншымі злучэннямі цалкам вызваліла г. Магілёў і Магілёўскую вобласць. Скончыў вайну на Эльбе.
Будучы ў адстаўцы, праводзіў вялікую работу па ваенна-патрыятычнаму выхаванню моладзі, узначальваў савет ветэранаў былой 139-й стралковай дывізіі.
Узнагароджаны двума ордэнамі Леніна, чатырма ордэнамі Чырвонага Сцяга, ордэнамі Суворава, Кутузава, Чырвонай Зоркі, замежнымі ордэнамі і медалямі.
Звання "Ганаровы грамадзянін горада Магілёва" ўдастоены 23 красавіка 1975 г.

Навумаў Аляксандр Фёдаравіч
(удзельнік баёў за вызваленне Магілёва ў 1944 г., генерал-маёр)

 
Нарадзіўся ў 1897 г. у Казахстане. З 1913 па 1915 г. працаваў настаўнікам рускай мовы ў казахскім ауле. З 1916 г. па 4 лістапада 1917 г. служыў у царскай арміі. Удзельнік Першай сусветнай вайны, меў воінскі чын "харунжы". У чэрвені—ліпені знаходзіўся ў Петраградзе, быў сведкам рэвалюцыйных падзей. У студзені 1918 г. у Вялікіх Луках добраахвотнікам уступіў у Чырвоную гвардзію і быў назначаны камандзірам эскадрона. Удзельнічаў у баях супраць белапалякаў на пасадзе камандзіра роты, батальёна, палка. У 1921 г. накіраваны ў Туркестан для барацьбы з басмацтвам. Да жніўня 1941 г. у Сярэдняй Азіі: служыў у розных штабах, камандаваў вучэбнай установай, скончыў Вышэйшую ваенную школу ўсходазнаўства і завочна Ваенную акадэмію імя М.В. Фрунзе.
У Вялікую Айчынную вайну камандаваў спачатку дывізіяй, затым корпусам. Прымаў удзел у абароне Масквы. 22 мая 1942 г. атрымаў званне генерал-маёра. У 1942—1943 гг. камандаваў 53-й, 385-й стралковымі і 31-й гвардзейскай дывізіямі. У ліпені 1943 г. назначаны камандзірам 62-га стралковага корпуса. Генерал-маёр А.Ф. Навумаў быў актыўным удзельнікам Магілёўскай аперацыі 1944 г. 62-гі стралковы корпус пад яго камандаваннем знаходзіўся на напрамку галоўнага ўдару.
Пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны служыў у Аўстрыі, Венгрыі, Чэхаславакіі, затым у апараце Міністэрства абароны. З 1958 г. на пенсіі.
Узнагароджаны двума ордэнамі Леніна, трыма ордэнамі Чырвонага Сцяга, двума ордэнамі Суворава 2-й ступені, ордэнам Чырвонай Зоркі, баявымі медалямі, а таксама замежнымі ордэнамі і медалямі.
Звання "Ганаровы грамадзянін горада Магілёва" ўдастоены 23 красавіка 1975 г.
Памёр у 1979 г.

Цімашэнка Пётр Паўлавіч
(Герой Сацыялістычнай Працы, заслужаны будаўнік БССР)

 
Нарадзіўся ў 1913 г. у в. Глыбоцкае, Гомельскага раёна, Гомельскай вобласці. Працоўную дзейнасць пачаў у 1931 г. цесляром у саўгасе працоўнага кааператыва ў г. Гомелі. У 1932—1934 гг. вучыўся ў Беларускім політэхнічным інстытуце. З 1934 г. па 1936 г. працаваў на будаўніцтве Гомельскага шклозавода тэхнікам па будаўніцтву. З 1936 па 1941 г.быў спачатку прарабам ваенна-будаўнічых работ, а затым старшым інжынерам ваенна-будаўнічага аддзела Беларускай ваеннай акругі.
З 1941 г. па 1946 г. — на ваенным будаўніцтве ў Удмуртскай АССР на пасадзе прараба, начальніка ўчастка. У 1946—1949 гг. — старшы прараб і начальнік ПТА ўпраўлення ваенна-будаўнічых работ у г. Гомелі, у 1949—1953 гг. — намеснік, а затым начальнік ПТА будтрэста № 29 у г. Мінску. З 1953 г. працаваў у г. Магілёве ўпраўляючым будтрэстамі № 78, 12, 17 "Лаўсанбуд". Выбіраўся дэпутатам Магілёўскага гарадскога Савета дэпутатаў працоўных. З 1978 г. — дырэктар Будаўнічай выстаўкі Дзяржбуда БССР у Мінску.
Заслужаны будаўнік БССР (1962). Званне Героя Сацыялістычнай Працы прысвоена за поспехі ў будаўніцтве Магілёўскага камбіната сінтэтычнага валакна (1974).
Узнагароджаны ордэнамі Леніна, Кастрычніцкай рэвалюцыі, Працоўнага Чырвонага Сцяга, двума ордэнамі "Знак Пашаны" і медалямі "За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.", "За доблесную працу. У азнаменаванне 100-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Ільіча Леніна".
Звання "Ганаровы грамадзянін горада Магілёва" ўдастоены 23 красавіка 1975 г.

Кастандаў Леанід Аркадзьевіч
(савецкі дзяржаўны дзеяч, лаурэат Ленінскай і Дзяржаўнай прэмій СССР)

 
Нарадзіўся ў 1915 г. у г. Керкі Туркменскай ССР. У 1940 г. скончыў Маскоўскі інстытут хімічнага машынабудавання.
У 1940—1953 гг. працаваў на Чырчыкскім электрахімічным камбінаце. У 1953—1958 гг. — ва ўпраўленні Міністэрства хімічнай прамысловасці, упраўленні Дзяржкамітэта Савета Міністраў СССР па хіміі. У 1958—1961 гг. намеснік старшыні, а ў 1961—1963 гг. — першы намеснік старшыні Дзяржкамітэта па хіміі пры Дзяржплане СССР. З 1963 г. па 1964 г. — старшыня Дзяржкамітэта хімічнага і нафтавага машынабудавання пры Джяржплане СССР — міністр СССР, у 1964—1965 гг. — старшыня Дзяржкамітэта хімічнай прамысловасці пры Дзяржплане СССР — міністр СССР, з верасня 1965 г. — міністр хімічнай прамысловасці СССР. З 1980 г. — намеснік старшыні Савета Міністраў СССР. Член ЦК КПСС, дэпутат Вярхоўнага Савета СССР з 1966 г.
Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі (1951), Ленінскай прэміі (1960). Узнагароджаны трыма ордэнамі Леніна, ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, двума ордэнамі "Знак Пашаны".
Звання "Ганаровы грамадзянін горада Магілёва" ўдастоены 29 лістапада 1978 г.
Памёр у 1985 г.

Старавойтаў Аляксандр Паўлавіч
(Герой Сацыялістычнай Працы, заслужаны будаўнік БССР)

 
Нарадзіўся ў 1934 г. у в. Лебядзёўка, Слаўгарадскага раёна, Магілёўскай вобласці. У 1951 г. скончыў школу ФЗН № 20 г. Магілёва. З 1951 г. па 1953 г. працаваў муляром будтрэста № 11 у Магілёве. У 1953—1956 гг. служыў у арміі. З лютага 1957 г. — брыгадзір комплекснай брыгады муляроў БУ-59 будтрэста № 12 г. Магілёва. У 1973 г. скончыў будаўнічы тэхнікум у г. Магілёве. Выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР (1966—1970, 1977—1979), дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР (1971—1975, 1980—1985), членам Магілёўскага абкома КПБ, членам парткома будтрэста № 12, членам групы народнага кантролю БУ-59.
Заслужаны будаўнік БССР (1965). Герой Сацыялістычнай Працы (1971). Узнагароджаны ордэнамі "Знак Пашаны" і Кастрычніцкай рэвалюцыі, медалём "За доблесную працу. У азнаменаванне 100-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Ільіча Леніна".
Звання "Ганаровы грамадзянін горада Магілёва" ўдастоены 29 лістапада 1978 г.
Памёр 13 мая 2009 г.

Краснаштанаў Іван Данілавіч
(удзельнік баёў за вызваленне Магілёва ў 1944 г., генерал-маёр)

 
Нарадзіўся ў 1900 г. у с. Улькан, Кірэнскага раёна, Іркутскай вобласці. Да 1917 г. займаўся сельскай гаспадаркай. З 1917 па 1919 г. працаваў матросам і рабочым у параходстве. З 1919 г. у радах Чырвонай Арміі. Пасля заканчэння Ваенна-палітычнага вучылішча ў г. Чыце служыў палітработнікам у Забайкальскай кавалерыйскай дывізіі, супрацоўнікам ВЧК-ДПУ на граніцы з Кітаем.
З ліпеня 1941 г. — начальнік штаба 244-й стралковай дывізіі. Ваяваў на Калінінскім фронце. У лютым 1943 г. назначаны камандзірам 238-й стралковай дывізіі, якая ўдзельнічала ў баях на Арлоўска-Курскай дузе, у аперацыі "Баграціён", Усходне-Прускай, Усходне-Памеранскай і Берлінскай аперацыях. 238-я стралковая дывізія пад камандаваннем генерал-маёра І.Д. Краснаштанава прымала актыўны ўдзел у фарсіраванні Дняпра і вызваленні г. Магілёва. За гэтую аперацыю ён быў узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга.
Пасля вайны скончыў Ваенную акадэмію Генеральнага штаба, камандаваў 86-й гвардзейскай дывізіяй, 10-м гвардзейскім корпусам у Адэскай ваеннай акрузе. З 1951 г. па 1954 г. — старшы ваенны саветнік камандуючага 11-й арміяй у Балгарыі. З 1954 г. па 1957 г. служыў у Забайкальскай ваеннай акрузе на пасадзе намесніка камандуючага па супрацьпаветранай абароне. У маі 1957 г. па стану здароўя звольнены з радоў Савецкай Арміі.
Звання "Ганаровы грамадзянін горада Магілёва" ўдастоены 18 ліпеня 1979 г.
Памёр у 1983 г.

Максімцоў Міхаіл Данілавіч
(удзельнік баёў за вызваленне Магілёва ў 1944 г., генерал-маёр)

 
Нарадзіўся ў 1909 г. у г. Россаш Варонежскай вобласці. Працоўную дзейнасць пачаў у 1925 г. трактарыстам. У 1926 г. паступіў у Варонежскі індустрыяльны тэхнікум, які скончыў у 1929 г. Працаваў на будаўніцтве завода штучнага каучуку ў г. Варонежы.
У 1939 г. прызваны ў рады Чырвонай Арміі. Да Вялікай Айчыннай вайны скончыў Ваенна-інжынерную акадэмію і быў пасланы на будаўніцтва ўмацаванняў на фінскай граніцы. З першых дзён вайны на фронце. З ліпеня 1941 г. — камандзір 359-га сапёрнага батальёна 269-й стралковай дывізіі. У 1942 г. — памочнік начальніка штаба інжынерных войск 50-й арміі. У 1943 г. быў назначаны начальнікам штаба інжынерных войск 50-й арміі. Перадавыя часці 50-й арміі аднымі з першых у верасні 1943 г. уступілі на беларускую зямлю. З 1944 г. начальнік аператыўнага аддзела, начальнік штаба інжынерных войск 2-га Беларускага фронта. Удзельнік абароны Тулы, Маскоўскай і Курскай бітваў, Арлоўскай аперацыі, вызвалення Беларусі ў 1943 г. (Клімавічы, Крычаў, Хоцімск), Усходне-Прускай, Усходне-Памеранскай, Берлінскай аперацый. У час Магілёўскай аперацыі 1944 г. — удзельнік фарсіравання Проні, Басі, Расты, пры вызваленні Магілёва — начальнік пераправы праз Днепр войск 2-га Беларускага фронта. Пасля вайны скончыў Вышэйшую акадэмію Генеральнага штаба і з 1951 г. па 1955 г. працаваў начальнікам інжынерных войск Закаўказскай ваеннай акругі, затым па стану здароўя быў звольнены ў запас у званні генерал-маёра. Праводзіў вялікую грамадскую работу, займаўся выкладчыцкай дзейнасцю.
Узнагароджаны чатырма ордэнамі Чырвонага Сцяга, ордэнам Багдана Хмяльніцкага 1-й ступені, двума ордэнамі Чырвонай Зоркі, медалямі "За адвагу", "За баявыя заслугі" і інш.
Звання "Ганаровы грамадзянін горада Магілёва" ўдастоены 25 красавіка 1980 г.

Макараў Іван Мікалаевіч
(былы першы сакратар Магілёўскага абкома КП(б)Б)

 
Нарадзіўся ў 1903 г. у г. Вязнікі Уладзімірскай вобласці. Працоўную дзейнасць пачаў у 1920 г. слесарам на фабрыцы "Парыжская камуна" ў г. Вязнікі. У 1925 г. скончыў Вязнікоўскі механіка-тэкстыльны тэхнікум, у 1932 г. — Ленінградскі політэхнічны інстытут. У 1932—1938 гг. працаваў інжынерам і галоўным інжынерам на прадпрыемствах г. Масквы. З чэрвеня 1939 г. па чэрвень 1941 г. быў першым сакратаром Магілёўскага абкома і гаркома КП(б)Б.
З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны праводзіў вялікую работу па арганізацыі эвакуацыі насельніцтва і дзяржаўнай маёмасці, арганізацыі абароны Магілёва. Са жніўня па лістапад 1941 г. — палітработнік Палітычнага ўпраўлення Цэнтральнага фронта. З лістапада 1941 г. па май 1943 г. —сакратар Куйбышаўскага, а затым Ульянаўскага абкомаў ВКП(б). У маі 1943 г. быў адазваны ЦК КПБ у якасці першага сакратара Магілёўскага абкома і гаркома КП(б)Б на Бранскі фронт, каб з перадавамі часцямі Чырвонай Арміі ўступіць у Магілёўскую вобласць і аднавіць работу абласных, гарадскіх, раённых савецкіх партыйных органаў.
Да 1946 г. працаваў першым сакратаром Магілёўскага гаркома і абкома партыі. У 1946—1958 гг. — намеснік загадчыка аддзела кадраў, начальнік упраўлення па праверцы партыйных органаў, загадчык аддзела партыйных органаў ЦК КПБ. У 1958—1970 гг. — старшыня Беларускага рэспубліканскага савета прафсаюзаў. З 1971 г. — старшыня Рэвізіённай камісіі ЦК КПБ. Дэпутат Вярхоўнага Савета СССР у 1958—1970 гг., Вярхоўнага Савета БССР у 1947—1967 гг. і ў 1971—1975 гг.
Узнагароджаны трыма ордэнамі Леніна, трыма ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнам Айчыннай вайны 1-й ступені, медалямі "За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне", "За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945", "Дваццаць год перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.", "Партызану Айчыннай вайны" 1-й ступені, "За доблесную працу. У азнаменаванне 100-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Ільіча Леніна".
У Магілёве яго імем названа вуліца.
Звання "Ганаровы грамадзянін горада Магілёва" ўдастоены 16 снежня 1980 г.
Памёр у 1989 г.

Хамула Міхаіл Рыгоравіч
(генерал-палкоўнік, удзельнік баёў за вызваленне Магілёва ў 1944 г.)

 
Нарадзіўся ў 1919 г. у в. Лучкоўка, Ічнянскага раёна, Чарнігаўскай вобласці, Украіны. Пасля заканчэння педагагічнага тэхнікума ў 1938 г. працаваў настаўнікам няпоўнай сярэдняй школы. У 1939 г. быў прызваны ў рады Чырвонай Арміі і назаўсёды звязаў з ёй свой лёс.
Перад пачаткам Вялікай Айчыннай вайны скончыў Белацаркоўскае стралкова-кулямётнае вучылішча і быў назначаны камандзірам кулямётнай роты. У гады вайны ўдзельнічаў у баях пад Масквой, у Беларускай аперацыі 1944 г., вызваленні Польшчы, ва Ўсходне-Прускай і Берлінскай аперацыях. Прайшоў шлях ад камандзіра роты да камандзіра палка, паказаў сябе валявым, таленавітым камандзірам. У час вызвалення г. Магілёва ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў — на пасадзе камандзіра 878-га палка 290-й стралковай дывізіі, якой прысвоена ганаровае званне "Магілёўскай".
Пасля заканчэння вайны дывізія вярнулася з берагоў Эльбы ў г. Магілёў да месца пастаяннай дыслакацыі. Полк, якім камандаваў М.Р. Хамула, як лепшы ў дывізіі, быў размешчаны ў цэнтры горада. Воіны 290-й дывізіі ўдзельнічалі ў аднаўленні горада, яго прамысловых прадпрыемстваў, дапамагалі сельскай гаспадарцы Магілёўскага раёна. У пасляваенны перыяд М.Р. Хамула займаў шэраг адказных камандных пасад. У 1954 г. скончыў Ваенную акадэмію імя М.В. Фрунзе, у 1961 г. — Ваенную акадэмію Генштаба. З 1961 г. генерал-палкоўнік М.Р. Хамула — камандуючы войскамі Сібірскай ваеннай акругі. З 1979 г. па 1987 г. — намеснік Галоўнакамандуючага сухапутнымі войскамі па баявой падрыхтоўцы.
Узнагароджаны двума ордэнамі Леніна, чатырма ордэнамі Чырвонага Сцяга, ордэнам Суворава 3-й ступені, двума ордэнамі Айчыннай вайны 2-й ступені, двума ордэнамі Чырвонай Зоркі, 16 медалямі, ордэнамі і медалямі замежных дзяржаў.
Звання "Ганаровы грамадзянін горада Магілёва" ўдастоены 17 верасня 1982 г.

Гушчын Аркадзь Васільевіч
(генерал-лейтэнант, удзельнік баёў за вызваленне Магілёва ў 1944 г.)

 
Нарадзіўся ў 1922 г. у в. Ішцеркава, Дзебескага раёна ,Удмуртскай АССР. З 1939 г. у радах Чырвонай Арміі. За 43 гады службы прайшоў шлях ад курсанта да генерал-лейтэнанта, начальніка ўпраўлення інжынерных войск Міністэрства абароны СССР. У 1941 г. скончыў Ленінградскае ваенна-інжынернае вучылішча імя А.А. Жданава.
Баявы шлях у гады Вялікай Айчыннай вайны пачаў на Закаўказскім фронце ў складзе 18-й арміі, якая абараняла Каўказ, потым быў у складзе 1-га Прыбалтыйскага і 2-га Беларускага франтоў. У лютым 1943 г. прымаў удзел у дэсантнай аперацыі на Малую зямлю. Удзельнічаў у баях пад Туапсэ, Новарасійскам, у Беларускай, Усходне-Прускай, Усходне-Памеранскай, Берлінскай аперацыях. У час Магілёўскай аперацыі 1944 г. А.В. Гушчын — намеснік камандзіра 6-га гвардзейскага штурмавога інжынерна-сапёрнага батальёна. Батальён забяспечваў фарсіраванне рэк Проні і Басі, пераправу праз Днепр і прарыў абароны ворага. Брыгадзе, у склад якой уваходзіў батальён, прысвоена ганаровае найменне "Магілёўскай".
Пасля Вялікай Айчыннай вайны працягваў служыць у радах Савецкай Арміі (камандзір батальёна, палка, начальнік штаба інжынерных войск арміі, начальнік вышэйшага ваенна-інжынернага каманднага вучылішча, начальнік факультэта Ваенна-інжынернай акадэміі). У 1954 г. скончыў Ваенную акадэмію імя М.В. Фрунзе.
Узнагароджаны ордэнамі Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны 1-й ступені, двума ордэнамі Айчыннай вайны 2-й ступені, трыма ордэнамі Чырвонай Зоркі, ордэнам "За службу Айчыне" 3-й ступені, 13 медалямі. Лаурэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1985).
Звання "Ганаровы грамадзянін горада Магілёва" ўдастоены 20 снежня 1982 г.

Разумаў Аляксандр Кірылавіч
(Герой Савецкага Саюза, удзельнік баёў за вызваленне Магілёва ў 1944 г.)

 
Нарадзіўся ў 1909 г. у в. Малюшына, Кацельніцкага раёна, Кіраўскай вобласці. З 1925 г. працаваў у Чыстопальскай сельскагаспадарчай камуне Кацельніцкага раёна. У 1929 г. скончыў Вяцкі прамыслова-эканамічны тэхнікум і быў накіраваны на працу ў г. Яранск, затым у г. Кацельнічы ўчастковым інструктарам і інструктарам-рэвізорам акрспажыўсаюза. У 1931 г. выбіраўся дэпутатам Кацельніцкага гарсавета. У снежні 1931 г. прызваны ў рады Чырвонай Арміі. У чэрвені 1940 г. накіраваны на вучобу ў Ваенную акадэмію імя М.В. Фрунзе. З 1 кастрычніка 1941 г. у дзеючай арміі.
З кастрычніка 1941 г. на Заходнім, Бранскім, 2-м Беларускім франтах. Удзельнічаў у баях пад Масквой, Тулай, у Беларускай, Усходне-Прускай, Усходне-Памеранскай і Берлінскай аперацыях. У снежні 1943 г. быў назначаны камандзірам 837-га стралковага палка 238-й стралковай дывізіі. Полк у складзе 50-й арміі вызначыўся 25—29 чэрвеня 1944 г. у баях пры фарсіраванні рэк Бася, Раста, Днепр, пры прарыве даўгачаснай абароны праціўніка каля г. Чавусы і пры вызваленні Магілёва. Полк першым уварваўся ў Магілёў, разграміў рэшткі варожай дывізіі, у вулічных баях знішчыў больш 1000, узяў у палон 440 гітлераўцаў, у тым ліку 2 генералаў. За гэтыя баі полк узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга, а яго камандзір А.К. Разумаў прадстаўлены да звання Героя Савецкага Саюза (1945).
Пасля вайны скончыў Вышэйшую ваенную акадэмію імя Варашылава і быў накіраваны на Далёкі Усход у адну з акруг. У 1953 г. перайшоў на выкладчыцкую работу ў Ваенную акадэмію імя М.В. Фрунзе, дзе і працаваў да звальнення ў запас у 1958 г.
Узнагароджаны двума ордэнамі Леніна, трыма ордэнамі Чырвонага Сцяга, ордэнамі Айчыннай вайны 1-й і 2-й ступені, Чырвонай Зоркі, 12 медалямі.
Звання "Ганаровы грамадзянін горада Магілёва" ўдастоены 8 ліпеня 1985 г.

Везіраў Аслан Фархадавіч
(Герой Савецкага Саюза, удзельнік баёў за вызваленне Магілёва ў 1944 г.)

 
Нарадзіўся ў 1910 г. у с. Зюмурхач, Бардзінскага раёна, Азербайджанскай ССР. У 12 год стаў курсантам Закаўказскай ваенна-падрыхтоўчай школы (1922—1928), затым курсантам Ленінградскага ваенна-інжынернага вучылішча (1928—1930). Пасля заканчэння вучылішча служыў спачатку ў Баку, затым у Кіеўскай і Харкаўскай акругах.
У пачатку Вялікай Айчыннай вайны ваяваў на Заходнім і Паўночна-Каўказскім франтах. З ліпеня 1943 г. палкоўнік А.Ф. Везіраў узначаліў 51-ю Чырвонасцяжную інжынерна-сапёрную брыгаду ў складзе 3-га Украінскага фронта. У 1944—1945 гг. — камандзір 1-й гвардзейскай інжынерна-сапёрнай брыгады 2-га Беларускага фронта, якая фарсіравала Днепр у раёне Магілёва і ўдзельнічала ў вызваленні горада. За выдатныя баявыя дзеянні брыгада атрымала найменне "Магілёўскай".
Дэмабілізаваўшыся з радоў Чырвонай Арміі ў 1947 г., гвардыі палкоўнік А.Ф. Везіраў працаваў на розных пасадах у народнай гаспадарцы. Быў дэпутатам Вярхоўнага савета Азербайджанскай ССР, узначальваў рэспубліканскае таварыства паляўнічых і рыбаловаў. З 1964 г. старшыня Бакінскай секцыі Савецкага камітэта ветэранаў вайны. Вёў вялікую грамадскую работу па выхаванню маладога пакалення.
Герой Савецкага Саюза (1945). Узнагароджаны ордэнам Леніна, чатырма ордэнамі Баявога Чырвонага Сцяга, ордэнамі Кутузава 2-й ступені, Багдана Хмяльніцкага 3-й ступені, Айчыннай вайны 1-й ступені, медалямі.
Звання "Ганаровы грамадзянін горада Магілёва" ўдастоены 4 красавіка 1986 г.
Памёр у 1988 г.

Мінін Аляксандр Аляксандравіч
(Герой Савецкага Саюза)

 
Нарадзіўся ў 1924 г. у в. Арлея, Полацкага раёна, Віцебскай вобласці. Працаваў у калгасе.
У часы Вялікай Айчыннай вайны разведчык 3-й Беларускай партызанскай брыгады. З лістапада 1943 г. на фронце: разведчык, камандзір аддзялення разведкі. Асабліва вызначыўся ў аперацыі "Баграціён". 14 ліпеня 1944 г. на шашы Гродна—Друскінінкай з групай разведчыкаў зайшоў у тыл праціўніка на левым беразе Нёмана, першым фарсіраваў яго, узарваў 6 кулямётных пунктаў праціўніка. У час Беларускай аперацыі захапіў 29 языкоў.
Пасля заканчэння ў 1948 г. Вышэйшай партыйнай школы пры ЦК КП Беларусі працаваў у партыйных, савецкіх і прафсаюзных органах г. Магілёва.
Герой Савецкага Саюза (1945). Звання "Ганаровы грамадзянін горада Магілёва" ўдастоены ў 2001 г. за мужнасць і гераізм, праяўленыя ў гады Вялікай Айчыннай вайны, актыўны ўдзел у грамадскім жыцці горада.
Памёр у 2001 г.

Дружынін Мікалай Канстанцінавіч
(пісьменнік)

 
Нарадзіўся ў 1921 г. у в. Аляксандраўка, Сухінічскага раёна, Калужскай вобласці. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. У 1955—1984 гг. знаходзіўся на партыйнай і савецкай рабоце, працаваў у будаўнічых арганізацыях Заходняй Сібіры, быў дырэктарам Тульскага абласнога аддзялення Літфонда Саюза пісьменнікаў Расіі. У 1999 г. напісаў мастацка-дакументальную аповесць "Без вести пропавшие", у якой увекавечыў памяць сваіх землякоў з Тульскай вобласці — яны складалі касцяк 172-й дывізіі генерала Раманава і амаль усе геройскі загінулі летам 1941 г. пры абароне Магілёва.
Званне "Ганаровы грамадзянін горада Магілёва" атрымаў у 2001 г. за велізарны асабісты ўклад у аднаўленне гістарычнай праўды і прапаганду гераічнай абароны г. Магілёва ў 1941 г., устанаўленне пабрацімскіх сувязей паміж гарадамі Тула і Магілёў.
Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны 2-й ступені, двума ордэнамі Чырвонай Зоркі, медалямі.
Памёр 23 лістапада 2005 г.

Баітава Святлана Мікалаеўна
(заслужаны майстар спорту СССР, алімпійская чэмпіёнка)

 
Нарадзілася ў 1972 г. у г. Магілёве. Беларуская спартсменка (спартыўная гімнастыка). Першая спартсменка г. Магілёва, якая стала Алімпійскай чэмпіёнкай (1988, Сеул). Заслужаны майстар спорту СССР (1988). У 1992 г. скончыла Магілёўскае вучылішча Алімпійскага рэзерву, у 2002 г. — Магілёўскі ўніверсітэт імя А. А. Куляшова. У складзе зборнай СССР з 1985 г. З 1991 г. на трэнерскай рабоце — трэнер-выкладчык па харэаграфіі спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы алімпійскага рэзерву № 6. Чэмпіёнка свету (1989). Пяцікратная чэмпіёнка СССР. Неаднаразовая ўладальніца Кубка кубкаў. У Магілёве праводзяцца міжнародныя гульні на кубак С. Баітавай.
Звання "Ганаровы грамадзянін горада Магілёва" ўдастоена ў 2001 г. за высокія дасягненні на міравым узроўні, значны асабісты ўклад ва ўмацаванне аўтарытэта Рэспублікі Беларусь.

Масяйкоў Аляксандр Анатольевіч
(заслужаны майстар спорту СССР, алімпійскі чэмпіён)

 
Нарадзіўся ў 1971 г. у г. Магілёве. Беларускі спартсмен (грэбля на байдарках і каноэ). У 1994 г. скончыў Магілёўскі педагагічны інстытут імя А.А. Куляшова. Чэмпіён ХХV Алімпійскіх гульняў (1992, Барселона) па веславанню на каноэ-двойцы на дыстанцыі 500 м. Двухкратны чэмпіён свету: на каноэ-двойцы і на каноэ-чацвёрцы на дыстанцыях 200 м (1994, 1997). Двухкратны чэмпіён СССР (1990,1991). Сярэбраны прызёр еўрапейскага першынства (1997) на каноэ-адзіночцы. З 1989 г. — спартсмен-інструктар нацыянальнай каманды Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь па грэбле на байдарках і каноэ. Заслужаны майстар спорту (1992).
Звання "Ганаровы грамадзянін горада Магілёва" ўдастоены ў 2001 г. за высокія дасягненні на міравым узроўні, значны асабісты ўклад ва ўмацаванне аўтарытэта Рэспублікі Беларусь.

Гнацюк Мікалай Васільевіч
(заслужаны артыст Украіны, прафесар)

 
Нарадзіўся ў 1952 г. у Хмяльніцкай вобласці Украіны. У 1969 г. скончыў Ровенскі музыкальна-педагагічны інстытут. Пераможца Усесаюзнага конкурсу артыстаў эстрады (1979), конкурсу эстраднай песні ў Дрэздэне і Фестываля Інтэрбачання ў Сопаце (1980). Пік папулярнасці артыста прыпаў на 80-я гг. Ва ўзросце 47 гадоў ён паступіў на місіянерскае аддзяленне ў Белгарадскую духоўную семінарыю і з канца 90-х гг. успрымае сваю творчую дзейнасць як місіянерскую. Актыўны ўдзельнік папулярнага магілёўскага фестывалю "Залаты шлягер". Звання "Ганаровы грамадзянін горада Магілёва" ўдастоены ў 2002 г. за вялікі ўклад у развіццё нацыянальных культур Беларусі і Украіны.

Іваноў Леанід Леанідавіч
(Народны артыст Беларусі, заслужаны дзеяч мастацтваў БССР, заслужаны выкладчык БССР)

 
Нарадзіўся ў 1940 г. у Магілёве. Беларускі музыкант і дырыжор, дацэнт. У 1964 г. скончыў Беларускую дзяржаўную кансерваторыю і быў накіраваны на працу ў Магілёўскае музычнае вучылішча імя Рымскага-Корсакава. З 1966 г. працаваў намеснікам дэкана па вучэбнай рабоце, а з 1973 г. — дырэктарам музвучылішча. У 1990 г. адкрыўся педагагічны факультэт філіяла Беларускай акадэміі музыкі, і Л.Л. Іваноў стаў яго дэканам, на працягу 8 гадоў ажжыццяўляў кіраванне дзвюма вучэбнымі ўстановамі. Кіраўнік студэнцкіх аркестраў народных інструментаў музыкальнага вучылішча і педагагічнага факультэта акадэміі музыкі, якія пад яго кіраўніцтвам дасягнулі значнага выканальніцкага майстэрства.
Заслужаны выкладчык БССР, заслужаны дзеяч мастацтваў БССР, узнагароджаны медалём Францыска Скарыны. За высокія дасягненні ў прафесійнай і грамадскай дзейнасці ў 2000 г. Магілёўскі аблвыканкам прысвоіў музыканту Ганаровае званне "Чалавек года", а ў 2003 г. Л.Л. Іванову прысуджана Спецыяльная прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у намінацыі "Музычнае мастацтва", у 2008 г. — ганаровае званне "Народны артыст Беларусі".
Звання "Ганаровы грамадзянін горада Магілёва" ўдастоены ў 2003 г.
Памёр у 2009 г.

Пятрова Ніна Рыгораўна
(заслужаны работнік прамысловасці Рэспублікі Беларусь, генеральны дырэктар ААТ "Стужка")

 
Нарадзілася ў 1941 г. у в. Лужкі, Мсціслаўскага раёна, Магілёўскай вобласці. Скончыла Магілёўскае тэхнічнае вучылішча № 12. На прадпрыемстве працуе з 1960 г., пасаду дырэктара займае з 1986 г. Дзякуючы высокаму прафесіяналізму дырэктара-рэфарматара, глыбокаму веданню тэхналогіі і арганізацыі вытворчасці ААТ "Стужка" стала нязменным лідэрам тэкстыльна-галантарэйнай прамысловасці краіны і прызнана лепшым прадпрыемствам галіны з уручэннем пераходнага Ганаровага вымпела.
Заслужаны працаўнік прамысловасці Рэспублікі Беларусь. Узнагароджана ордэнам "Знак Пашаны", медалём "Ветэран працы", граматай Вярхоўнага Савета БССР. У 1998 г. удастоена міжнароднай награды "Эрцмейкер" за мудрасць і прадбачанне палітыкі кіравання, у 2000 г. — Ганаровага французскага "Залатога медаля асацыяцыі SPI" за стратэгічныя дасягненні ў кіраванні прадпрыемствам. Лаурэат спецыяльнай прэміі Магілёўскага аблвыканкама "Чалавек года — 2001" у намінацыі "Вытворчая дзейнасць". У 2002 г. ўдастоена міжнароднай награды "Еўрапейскі клас якасці" ў намінацыі "Кіраўнік ХХІ стагоддзя".
Звання "Ганаровы грамадзянін горада Магілёва" ўдастоена ў 2007 г.

Батура Барыс Васільевіч
(беларускі дзяржаўны дзеяч, былы старшыня Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта)

 
Нарадзіўся ў 1947 г. у г. Ваўкавыску Гродзенскай вобласці. У 1970 г. скончыў Беларускі ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга політэхнічны інстытут. Заслужаны работнік сферы абслугоўвання Рэспублікі Беларусь (1997).
Працаваў майстарам цэха, інжынерам-тэхнолагам, начальнікам Ваўкавыскага камунальнага прадпрыемства, начальнікам вытворчага ўпраўлення жыллёва-камунальнай гаспадаркі пры Гродзенскім аблвыканкаме. З 1987 г. намеснік Міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі БССР, у маі—чэрвені 1990 г. намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама, з чэрвеня 1990 г. Міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь, з 1999 г. намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь. З 2000 г. па 2008 г. старшыня Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта. Дзякуючы яго ўмеламу кіраўніцтву і шматгадоваму вопыту паспяхова развівалася народная гаспадарка вобласці, паляпшаліся эканамічныя паказчыкі, будавалася жыллё, добраўпарадкоўваліся гарады і сёлы, павышаўся дастатак жыхароў вобласці. Пад яго непасрэдным кіраўніцтвам праведзена вялікая работа па будаўніцтву аб’ектаў культурна-спартыўнага накірунку. Вялікі асабісты ўклад Б.В. Батура ўнёс ва ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы медыцынскіх устаноў. За дасягненне найлепшых вынікаў у выкананні асноўных мэтавых паказчыкаў прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця ў 2006 г. Магілёўская вобласць прызнана пераможцам спаборніцтва сярод абласцей і г. Мінска і занесена на Рэспубліканскую дошку гонару. Па выніках спаборніцтва сярод гарадоў рэспублікі за 2007 г. Магілёў быў прызнаны лепшым культурным цэнтрам рэспублікі. У 2008—2010 гг. — старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. З 20 мая 2010 г. — старшыня Мінскага абласнога выканаўчага камітэта. Старшыня Савета па ўзаемадзеянню органаў мясцовага самакіравання пры Савеце Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.
Б.В. Батура за шматгадовую добрасумленную працу ў органах дзяржаўнага кіравання ўзнагароджаны ордэнамі Айчыны ІІІ ступені, Айчыны ІІ ступені, "Знак Пашаны", ордэнам свяціцеля Кірылы Тураўскага, Ганаровымі граматамі.
Звання "Ганаровы грамадзянін горада Магілёва" ўдастоены 1 снежня 2008 г. за значны асабісты ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё Магілёўскай вобласці і г. Магілёва.