Выбярыце раздзел:


Максім Багдановіч
(1891-1917)

Адам Ягоравіч Багдановіч

Бацька паэта – вядомы беларускі этнограф, фалькларыст і мовазнавец Адам Ягоравіч Багдановіч – у час нараджэння Максіма працаваў загадчыкам і настаўнікам Мінскага гарадскога пачатковага вучылішча. У кватэры пры вучылішчы (зараз на гэтым месцы дом № 25 па вул. Горкага) і нарадзіўся будучы паэт. Маці паэта – Марыя Апанасаўна Мякота (1869 – 04.10.1896) скончыла Мінскае Аляксандраўскае вучылішча і некалькі курcaў жаночай настаўніцкай школы ў Пецярбургу. Яна аўтар апавядання "Напярэдадні каляд", змешчанага ў газеце "Гродненские губернские ведомости" (1893, № 102). Акрамя Максіма, у шлюбе Адама Ягоравіча Багдановіча і Марыі Апанасаўны Мякоты было яшчэ трое дзяцей: сыны Вадзім (1890–1908) і Леў (1894–1918) і дачка Ніна (1896–97). У ліпені 1892 года сям'я Багдановічаў пераехала з Мінска ў Гродна (Адаму Ягоравічу было прапанавана там новае месца працы ў Сялянскім банку), дзе і прайшлі раннія дзіцячыя гады будучага паэта. Сярод найбольш яркіх уражанняў гэтага перыяду яго жыцця – паездка летам 1895 года ў маёнтак Вяззе (зараз Асіповіцкі раён), дзе жыла родная цётка з боку маці і дзе ён акунуўся ў натуральную стыхію беларускай мовы (асяроддзе, у якім выхоўваўся паэт, было ў аснове сваёй рускамоўнае). Калі Максіму было 5 гадоў, ад раптоўных сухотаў памерла яго маці, і ў сярэдзіне лістапада 1896 года Адам Ягоравіч з дзецьмі пераехаў у Ніжні Ноўгарад, куды атрымаў перавод па службе. Выхаваннем асірацелых дзяцей займалася спачатку іх родная цётка Марыя Ягораўна, а пасля другая жонка бацькі – Аляксандра Паўлаўна Волжына. Апошняя неўзабаве таксама памерла, і дзяцей даглядала матчына сястра Аляксандра Апанасаўна Мякота, якая ў хуткім часе стала жонкай Адама Ягоравіча. Сяброўскія і сваяцкія адносіны Адама Ягоравіча з Максімам Горкім (яго жонкай была сястра А. П. Волжынай Кацярына Паўлаўна), а таксама багатае культурнае асяроддзе горада спрыялі фарміраванню поглядаў і густаў Максіма, абуджэнню ў ім цягі да мастацкай творчасці. Прыблізна у 10-11 гадоў будучы паэт паспрабаваў пісаць на беларускай мове, якой авалодваў самастойна, абапіраючыся на беларускія выданні бацькавай бібліятэкі (пазней хросная маці В. Е. Сёмава выпісала для Максіма беларускія газеты "Наша доля" і "Наша ніва").

Сям'я М. Багдановіча

Атрымаўшы грунтоўную хатнюю адукацыю (пачатковай адукацыяй дзяцей займаўся сам Адам Ягоравіч), у 1902 годзе М. Багдановіч паступіў у Ніжагародскую мужчынскую гімназію. Навучанне ішло спачатку паспяхова, але рэвалюцыйныя падзеі 1905-07 гадоў і найперш заняткі беларусікай, якая, паводле слоў бацькі, "як не меўшая ніякага дачынення да яго класных заняткаў, хутчэй замінала яго поспехам, чым спрыяла". У 1906-07 Максіма пакінулі ў 4 класе на паўторны курс. Паколькі ў сям'і была пагроза спадчыннага захворвання на сухоты, Адам Ягоравіч неаднаразова прад-прымаў для сваіх дзяцей паездкі ў Башкірыю для кліматычнага лячэння. Першая такая паездка адбылася прыблізна ў 1900 (Багдановічы жылі тады ў в. Караякупава недалёка ад ст. Чышмы), другая – у 1904 у г. Белебей. Самастойна М. Багдановіч наведаў Белебей з той жа мэтай у 1913. У сувязі з пераводам Адама Ягоравіча на новае месца працы, у маі – чэрвені 1908 Багдановічы пераехалі ў Яраслаўль, дзе паэт прадоўжыў сваё навучанне ў гімназіі. Прыблізна з вясны 1909 у Максіма пачаў развівацца ў лёгкіх туберкулёзны працэс, і ўлетку таго ж года ён паехаў на лячэнне ў Ялту (жыў у пансіёне на малочнай ферме "Шалаш" ля Ауткі). Тут ён пазнаёміўся з М. А. Кіціцынай (асоба не ўстаноўлена), якой, мяркуецца, прысвечаны вершы "Я, бальны, бесскрыдлаты паэт", "Цемень", "Мы гаварым удвух" і інш. Важнай падзеяй у жыцці паэта стала паездка ў Беларусь пасля заканчэння Яраслаўскай гімназіі летам 1911 года. Ён быў запрошаны супрацоўнікамі рэдакцыі "Наша ніва" – братамі I. i A. Луцкевічамі i з чэрвеня па жнівень жыў у фальварку Ракуцёўшчына (цяпер Маладзечанскі раён), які належаў роднаму дзядзьку братоў – В. Лычкоўскаму. Паводле некаторых звестак, тут было створана 16 вершаў і 2 паэмы, якія пазней склалі паэтычныя цыклы "Старая Беларусь", "Места" і "Мадонны".
Вялікі след у жыцці паэта пакінула Ганна Рафаілаўна Кукуева (1890–1961), сястра аднакласніка М. Багдановіча па гімназіі, знаёмства з якой адносіцца да 1910–12. Вобразам гэтай абаяльнай жанчыны, таленавітай піяністкі, чалавека дасціпнага і разумнага, навеяны такія паэтычныя шэдэўры, як "Вераніка", "Учора шчасце толькі глянула нясмела", "Болыш за ўсё на свеце жадаю я" і інш.

М. Багдановіч
1911 год

М. Багдановіч марыў займацца беларускай філалогіяй у Пецярбургскім універсітэце пад кіраўніцтвам А. Шахматава, але з-за матэрыяльных цяжкасцей гэтым планам не суджана было збыцца. У 1911 ён паступіў у Дзямідаўскі юрыдычны ліцэй (Яраслаўль). Пасля яго заканчэння ў верасні 1916 пераехаў у Мінск, дзе ўладкаваўся на працу ў губернскую земскую ўправу сакратаром харчовага камітэту. Самы актыўны ўдзел браў у рабоце Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны (Мінскі аддзел). У лютым 1917 здароўе М. Багдановіча рэзка пагоршылася, і сябры адправілі яго на лячэнне ў Ялту. Там паэт неўзабаве і памёр (пахаваны на гарадскіх могілках).
Літаратурны дэбют Максіма Багдановіча адбыўся 6.7.1907: у газеце "Наша ніва" было змешчана алегарычнае апавяданне "Музыка". У той жа газеце былі надрукаваны і першыя вершы паэта – "Над магілай" і "Прыйдзе вясна" (1909). Перыяд навучання ў Дзямідаўскім юрыдычным ліцэі быў пазначаны выключна плённай літаратурна-крытычнай і публіцыстычнай дзейнасцю паэта. Ён напісаў гадавыя літаратурныя агляды ("Глыбы і слаі", 1911; "За тры гады", 1913), нарысы па гісторыі беларускай пісьменнасці ("Кароткая гісторыя беларускай пісьменнасці да XVI сталецця", 1911; "За сто гадоў", 1911; "Беларускае адраджэнне", 1914), дзе з рэвалюцыйна-дэмакратычных пазіцый ацаніў здабыткі сучаснай яму беларускай літаратуры, паказаў яе глыбокія сацыяльна-гістарычныя вытокі. Актыўна выступаў ў рускім і ўкраінскім перыядычным друку (час. "Сатирикон", "Русский экскурсант", "Жизнь для всех", "Национальные проблемы", "Украинская жизнь" і інш.; газ. "Голос"; "Северная газета", "Нижегородский листок"), змяшчаючы ў ім шматлікія рэцэнзіі, публіцыстычныя артыкулы, пераклады і ўласныя мастацкія творы (проза, паэзія). Асобна трэба адзначыць літаратурна-крытычныя даследаванні пра Т. Шаўчэнку ("Краса і сіла", "Памяці Т. Р Шаўчэнкі", 1914), у якіх паэт упершыню даследаваў форму паэтычных твораў Кабзара, раскрыў іх сусветнае значэнне. У галіне мастацкага перакладу абапіраўся на пушкінскія прынцыпы творчых адносін да арыгінала, захавання яго нацыянальнага каларыту, ідэйна-эстэтычных вартасцей, паэтычнага стылю (перакладаў на беларускую і рускую мовы). У канцы 1913 у Вільні выйшла адзіная прыжыццёвая кніга М. Багдановіча – паэтычны зборнік "Вянок".
У 1914 М. Багдановіч быў прыняты ў правадзейныя члены "Усерасійскага таварыства дзеячоў перыядычнага друку і літаратуры". У гэтым жа годзе, у сувязі з пачаткам першай сусветнай вайны выйшлі брашуры паэта "Чырвоная Русь", "Угорская Русь" і "Братычэхі", прысвечаныя тэме славянства.

М. Багдановіч
1915 год

3 гадамі хвароба ўсё больш давала аб сабе знаць, і ў 1915 М. Багдановіч едзе на лячэнне ў Стары Крым. Уражанні ад гэтай паездкі ляглі ў аснову цыкла нарысаў "3 летніх ўражанняў". У гэты цяжкі для Беларусі час былі створаны шэдэўры багдановічавай паэзіі – вершы "Пагоня" і "Страцім-лебедзь", распачата праца над літаратурнай хрэстаматыяй для пачатковай школы. Незадоўга да смерці паэт напісаў вершы "Набягае яно..."; "Пралятайце вы дні", "У краіне светлай, дзе я ўміраю...". Глыбока сімвалічна, што ў апошнія дні свайго жыцця ён працаваў над складаннем беларускага лемантара.
М. Багдановіч – адзін са стваральнікаў беларускай літаратуры і літаратурнай мовы новага часу. Адна з асноўных яго заслуг – узбагачэнне здабыткамі нацыянальнага беларускага мастацтва сусветнай культуры. Ён адзін з першых у роднай літаратуры пачаў распрацоўку такіх складаных вершаваных форм, як санет, актава, тэрцыны, трыялет, рандо, скерца, імкнучыся сцвердзіць вялікія вобразна-выяўленчыя магчымасці беларускай мовы. 3 гэтай жа мэтай шырока культываваў мастацкі пераклад, узнаўляючы на нацыянальнай глебе творы антычных, рускіх і заходне-еўрапейскіх аўтараў, а таксама ўзоры песень розных народаў свету. Разам з Я. Купалам стаў заснавальнікам пейзажнай і інтымнай лірыкі, першы ў беларускай літаратуры звярнуўся да ўрбаністычных матываў. Апавяданні М. Багдановіча ляжаць ля вытокаў нацыянальнай прозы, а яго крытычныя даследаванні шмат у чым прадвызначылі развіццё літаратурнай крытыкі, сталі фундаментальнай асновай у вывучэнні гісторыі літаратуры.

Помнік М. Багдановічу
ў Мінску

Паэзія М. Багдановіча трывала ўвайшла ў духоўную скарбніцу беларускага народа. Шматлікія творы паэта пакладзены на музыку М. Аладавым, Л. Абеліёвічам, А. Багатыровым, Л. Захлеўным, I. Лучанком, С. Палонскім, Г. Сурусам, А. Туранковым, Э. Тырманд, М. Шчагловым ("Пагоня") і інш.; некаторыя вершы бытуюць як народныя песні ("Зорка Венера", "Слуцкія ткачыхі"). Паводле жыцця і творчасці М. Багдановіча створана опера "Зорка Венера" (кампазітар Ю. Семеняка, лібрэта А. Бачылы, паст. 1970). Яго вобраз увасоблены ў жывапісных, графічных і скульптурных творах С. Вакара, Г. Вашчанкі, П. Драчова, А. Лапіцкай, М. Манасзона, А. Марачкіна, А. Мятліцкага, I. Раманоўскага, Р. Сітніцы і інш. У 1981 была праведзена Рэспубліканская мастацкая выстаўка, прысвечаная 90-годдзю з дня нараджэння паэта, зняты дакументальныя кінафільмы, выпушчаны плакаты і школьныя дапаможнікі, паштоўкі, значкі. Імем паэта названы вуліцы ў Мінску, Яраслаўлі, Гродне, Гомелі, Быхаве, Чэхаве (б. Аутка), школа і бібліятэка ў Мінску. Засведчылі месцазнаходжанне паэта мемарыяльныя дошкі ў Мінску, Гродне, Вяззі, Горкім, Яраслаўлі, Ялце, Чэхаве. Помнікі М. Багдановічу пастаўлены ў Місхоры (1957) і Мінску (1981), мемарыяльны знак – у Ракуцёўшчыне (1977), дзе праводзяцца прысвечаныя М. Багдановічу Рэспубліканскія святы паэзіі. Там жа разбіты "Сад Максіма". У 1981 у Мінску створаны літаратурны музей паэта, у 1986 – літаратурны аддзел Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея-запаведніка, экспазіцыя якога цалкам прысвечана М. Багдановічу.

Архіў паэта, перададзены ў 1923 А. Я. Багдановічам Інстытуту беларускай культуры, страчаны ў час Вялікай Айчыннай вайны. Асобныя рукапісы зберагаюцца ў сховішчах Вільнюса, Мінска, Масквы, Кіева, Ленінграда, а таксама за мяжою.

Крыніца: Кароткая, Т. М. Багдановіч Максім / Т. М. Кароткая // Беларускія пісьменнікі : бібліяграфічны слоўнік : у 3 т. Т. 1 Абуховіч – Ватацы / Інстытут літаратуры імя Янкі Купалы АН Рэспублікі Беларусь Беларуская энцыклапедыя ; Рэдкалегія : І. Э. Багдановіч і інш. – Мінск : Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1992. – С. 157-159.

Дадатковыя матэрыялы аб жыцці і дзейнасці:

  1. Баршчэўскі, Л. П. Максім Багдановіч : [аб жыцці і творчасці класіка беларускай літаратуры] /  Лявон Баршчэўскі, Пятро Васючэнка, Міхась Тычына // Баршчэўскі, Л. П. Беларуская літаратура і свет: ад эпохі рамантызму да нашых дзен :  папулярныя нарысы /  Лявон Баршчэўскі, Пятро Васючэнка, Міхась Тычына. – Мінск :  Радыёла-плюс,  2006. – 596 c.
  2. Бутэвіч, А. Асноўныя вехі жыцця Максіма Багдановіча / А. Бутэвіч // Маладосць. – 2007. – № 10. – С. 95-96.
  3. Дышыневіч, В. "Але вось цераз цемень маланка блішчыць, асвячае мне вобраз Хрыста..." : [хрысціянскія матывы ў творчасці Максіма Багдановіча] / Валянціна Дышыневіч // У безмежную даль : кніга пра Максіма Багдановіча : зборнік : для сярэдняга і старэйшага школьнага ўзросту / укладальнік і аўтар прадмовы С. С. Панізнік. – Мінск, 1996. – С. 254-263.
  4. Зуёнак, В. Цвяток радзімы васілька… : паэт і беларуская мова : [да 100–годдзя з дня нараджэння Максіма Багдановіча] / В. Зуёнак // Полымя. – 1991. – № 6. – С. 223–225. 
  5. Івашын, В. У кантэксце мастацкіх культур : [творчасць Максіма Багдановіча] / В. Івашын // Полымя. – 1998. – № 12. – С. 256–269. 
  6. Івашын, В. Максім Багдановіч – паэт высокай мастацкай культуры : [духоўны свет лірычнага героя ў суадносінах з прыродай і грамадствам] / В. Івашын // Роднае слова. – 2001. – № 12. – С. 5-8.
  7. Камейша, К. Пад пошум хваль, ля сіняй бухты… : [пра паездкі М. Багдановіча ў Крым] / Казімір Камейша // Маладосць. – 2001. – № 12. – С. 224–232. 
  8. Кароткая, Т. М. Багдановіч Максім / Т. М. Кароткая // Беларускія пісьменнікі : бібліяграфічны слоўнік : у 3 т. Т. 1. Абуховіч – Ватацы / Інстытут літаратуры імя Янкі Купалы АН Рэспублікі Беларусь Беларуская энцыклапедыя ; рэдкалегія: І. Э. Багдановіч [і інш.]. – Мінск : Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1992. – С. 157-159.
  9. Кісялевіч, А. "Я не самотны, я кнігу маю..." : [да 80-годдзя з дня выхаду ў свет зборніка М. Багдановіча "Вянок"] / А. Кісялевіч // Роднае слова. – 1993. – № 12. – С. 62-65.
  10. Конан, У. Роздум пра вечнае ў паэзіі М. Багдановіча / У. Конан // Полымя. – 1991. – № 11. – С. 236–247. 
  11. Лёсік, Я. Асноўны матыў  у творчасці М. Багдановіча / Я. Лёсік // Полымя. – 1991. – № 12. – С. 177–192. 
  12. Максимович, В. Диалектика мысли и чувства. Опыт литературно-психологического исследования критического наследия Максима Богдановича / В. Максимович // Нёман. – 2008. – № 5. – С. 157–167. 
  13. Марціновіч, А. Свяці, зорка, свяці : [да 120-годдзя з дня нараджэння Максіма Багдановіча] / Алесь Марціновіч // Полымя.– 2011.– № 10. – С.112–129. 
  14. Марціновіч, А. Сцежкамі Максіма / Алесь Марціновіч // Марціновіч, А. А. Хто мы, адкуль мы... : гістарычныя эсэ, нарысы : у 3 кн. Кн. 3 / Алесь Марціновіч. – Мінск, 2008. – С. 244-262.
  15. Мышкавец, І. Вядомыя і невядомыя лёсы "Вянкоў" Максіма Багдановіча / Ірына Мышкавец // Роднае слова. – 2010.– № 2. – С. 12–14.
  16. Навумовіч, У. А. Максім Багдановіч : [аб жыцці і творчасці класіка беларускай літаратуры] / У. А. Навумовіч // Навумовіч, У. А. Беларуская літаратура : вучэбны дапаможнік / У. А. Навумовіч. – Мінск, 2007. – С. 272–287.
  17. Навуменка, І. Ранняя паэзія Максіма Багдановіча / І. Навуменка // Полымя. – 1997.– № 12. – С. 218–238. 
  18. Рублевская, Л. Венок на волнах времени : [о творчестве Максима Богдановича] / Людмила Рублевская // Советская Белоруссия. – 2004. – 15 мая.
  19. Сінькова, Л. "І мела дзеўча выгляд маці..." : [вобраз маці ў творчасці Максіма Багдановіча] / Л. Сінькова // Роднае слова. – 2007. –  № 5. – С. 6-8.
  20. Чыквін, Я. Два шляхі развіцця беларускай паэзіі. М. Багдановіч і Я. Купала / Я. Чыквін // Дзеяслоў. – 2005. – № 4. – С. 186–197. 
  21. Яцкевіч, З. Л. Радавод Максіма Багдановіча / З. Л. Яцкевіч. – Мінск : Беларускі кнігазбор, 1999. – 31 с.