Могилевская областная библиотека
им. В.И.Ленина
Русская версия Беларуская версія Версия сайта для слабовидящих

ВИРТУАЛЬНЫЕ ВЫСТАВКИ - ПЕРСОНАЛЬНЫЕ

Суровая праўда аб вайне
Біяграфiя Літаратурная спадчынаГалерэя

Біяграфiя

Сапраўднае імя Алеся Адамовіча — Аляксандр Міхайлавіч. Нарадзіўся ён 3 верасня 1927 года ў сям'і служачых. Месца нараджэння — вёска Канюхі Капыльскага раёна Мінскай вобласці. У 1928 бацькі — Міхаіл Іосіфавіч і Ганна Мітрафанаўна, медыкі па прафесіі — пераехалі з Канюхоў у пасёлак Глуша Бабруйскага раёна Магілёўскай вобласці. Тут будучы пісьменнік вучыўся з першага па сёмы клас.

Любіў кнігі, асабліва А. Пушкіна, шмат разоў перачытваў "Вайну і мір" Л. Талстога, творы М. Горкага, захапляўся В. Бялінскім. Найвялікшым "мужчынскім" аўтарытэтам для школьніка былі бацька і дзядзька (брат маці Антон Мітра фанавіч Тычына — настаўнік матэматыкі). Бацька, які працаваў урачом, самааддана адносіўся да сваёй справы, яго паважалі мясцовыя жыхары, сяляне навакольных вёсак. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, бацька пайшоў на фронт, а маці стала актыўнай удзельніцай падполля, створанага ў пас. Глуша. Ганна Мітрафанаўна забяспечвала медыкаментамі партызан, выконвала розныя іх заданні. Тады ж, у 1942, да партызанскай арацьбы далучыўся і Алесь Адамовіч, якому споўнілася толькі 15 гадоў. У пачатку 1943 уся сям'я Адамовічаў пайшла ў партызанскі атрад імя Кірава 37-й брыгады імя Пархоменкі Мінскага злучэння. Пазней, пасля выхаду дылогіі "Партызаны", пісьменнік адзначаў: "Калі мне што і ўдалося ў рамане "Вайна пад стрэхамі", дык гэта таму, што раней гэтую кнігу маці напісала ўласным жыццём". Радавым байцом ваяваў ён у партызанскім атрадзе, які дзейнічаў у Бабруйскім і Акцябрскім раёнах. У канцы 1943 частка атрада злучылася з часцямі Савецкай Арміі (усе гэтыя падзеі знайшлі сваё адлюстраванне ў рамане "Сыны ідуць у бой"). У самым пачатку 1944 па камандзіроўцы Цэнтральнага штаба партызанскага руху 17-гадовы юнак паехаў на Алтай, у горад Ленінагорск. Вучыўся ў Ленінагорскім горна-металургічным тэхнікуме і адначасова працаваў. Але яго ўвесь час цягнула дамоў, нясцерпна хацелася даведацца, хто з блізкіх застаўся жывы. Вярнуўшыся ў 1945 на Беларусь, А. Адамовіч экстэрнам здаў экзамены за сярэднюю школу і паступіў на філалагічны факультэт БДУ. Стаў камсамольцам. Скончыўшы ў 1950 універсітэт, у 1953 аспірантуру пры ім, два гады працаваў на кафедры беларускай літаратуры БДУ. Абараніў кандыдацкую дысертацыю па творчасці К. Чорнага (1953). З 1954 навуковы супрацоўнік, з 1976 загадчык сектара ўзаемасувязяў літаратур Інстытута літаратуры імя Я. Купалы АН БССР. Пасля абароны доктарскай дысертацыі (1962) вучыўся на Вышэйшых сцэнарных курсах у Маскве (1962—66), адначасова выкладаў беларускую літаратуру ў Маскоўскім дзяржаўным універсітэце (1964—66).З 1987 дырэктар Усесаюзнага навукова-даследчага інстытута кінамастацтва Міністэрства культуры СССР (Масква).

Літаратурную дзейнасць пачаў як крытык, літаратуразнавец у 1950, хаця яшчэ пад час вучобы ў аспірантуры пісаў асобныя старонкі свайго першага рамана.
Глыбокі, таленавіты даследчык, якому належыць шмат абагульняльных навуковых прац па актуальных праблемах сучаснай савецкай літаратуры, аналізуе шляхі станаўлення беларускага рамана, развіццё сучаснай беларускай літаратуры ў кантэксце рускай і сусветнай літаратур, праблемы пісьменніцкага майстэрства, культуры творчасці. Апублікаваў пятнаццаць манаграфій, шмат літаратуразнаўчых і крытычных артыкулаў. А. Адамовіч — адзін з аўтараў "Гісторыі беларускай савецкай літатуры".
Часта выступаў з лекцыямі і дакладамі перад насельніцтвам, неаднойчы — за мяжой на міжнародных навуковых з'ездах і канферэнцыях (даклады на 8 Міжнародным з'ездзе славістаў у Заграбе, на Шолахаўскай канферэнцыі ў Лейпцыгу, на сустрэчы нарысістаў і публіцыстаў у Празе). Яго выступленні, лекцыі, даклады прасякнуты антываенным пафасам; гэтым пафасам насычаны і мастацкія, мастацка-дакументальныя творы. Большасць з іх прысвечаны падзеям Вялікай Айчыннай вайны, партызанскай барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, раскрываюць вытокі мужнасці, няскоранасці савецкіх людзей, іх маральную перавагу над ворагам.
Па сцэнарыю А. Адамовіча на кінастудыі "Беларусьфільм" у 1970 была знята кінадылогія "Партызаны". Па матывах "Хатынскай аповесці" ў Дзяржаўным рускім драматычным тэатры БССР у 1977 пастаўлена п'еса "Вяртанне ў Хатынь". Па матывах кнігі "Я з вогненнай вёскі..." В. Дашук зняў дакументальны фільм "Суд памяці", кампазітар Л. Шлег напісала рэквіем "Памятайце", Новасібірскі тэатр драмы зрабіў інсцэніроўку. У 1985 кінарэжысёрам Э. Клімавым у сааўтарстве з А. Адамовічам знята мастацкая кінастужка "Ідзі і глядзі" (кінастудыі "Масфільм" і "Беларусьфільм"), у аснову якой пакладзена "Хатынская аповесць". Фільм атрымаў першую прэмію на Сусветным кінафестывалі ў Маскве (1985) і ўзнагароджаны залатым прызам, атрымаў сусветнае прызнанне, з поспехам дэманструецца на экранах многіх краін свету.

А. Адамовіч актыўна ўдзельнічаў ў грамадскім жыцці. Шмат увагі надаваў выхаванню маладых кадраў. Быў членам Прэзідыума праўлення Саюза пісьменнікаў БССР, намеснікам старшыні па справах ЮНЕСКА пры Савеце Міністраў СССР, членам рэдкалегіі часопіса "Неман", членам рэдсавета кінастудыі "Беларусьфільм". У 1982 як член дэлегацыі БССР удзельнічаў у рабоце 37-й сесіі Генеральнай асамблеі Арганізацыі Аб'яднаных Нацый у Нью-Ёрку. У складзе дэлегацый СП СССР неаднойчы выязджаў за мяжу для творчых сустрэч з замежнымі чытачамі. Пабываў у Югаславіі (1956), Італіі (1964), ГДР (1974, 1976), Польшчы (1977, 1983), Балгарыі (1979), ЧССР (1976, 1980), ФРГ (1978), Індыі, Малайзіі, Сінгапуры (1982), Нарвегіі (1986), Індыі (1986) і іншых краінах.
Узнагароджаны ордэнамі і медалямі. Народны дэпутат СССР з 1989.

Памёр 26 студзеня 1994 ад хваробы сэрца. Пахаваны ў Глушы, непадалёк ад магіл бацькі, маці, брата, бабулі Ефрасінні Іосіфаўны.

Крыніцы:
Савік, Л. С. Адамовіч Алесь / Л. С. Савік // Беларускія пісьменнікі : бібліяграфічны слоўнік : у 3 т. Т. 1. Абуховіч – Ватацы / Інстытут літаратуры імя Янкі Купалы АН Рэспублікі Беларусь ; Беларуская энцыклапедыя ; рэдкалегія: І. Э. Багдановіч [і інш.]. – Мінск : Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1992. – С. 34–35.

Тычына, М. Алесь Адамовіч / М. Тычына // Крыніца. — 2000. — № 1 (58). — С. 3–11.

Узнагароды А. Адамовіча

  • Ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга;
  • Ордэн "Знак Пашаны";
  • Ордэн Айчыннай вайны II ступені;
  • Медаль "Партызану Айчыннай вайны" II ступені.

 

Прэміі

  • Прэмія Міністэрства абароны СССР;
  • Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа;
  • Прэмія часопіса "Дружба народаў";
  • Залаты медаль імя А.А. Фадзеева";
  • "За гонар і мужнасць таленту".

Фільм на сцэнарый А. Адамовіча "Ідзі і глядзі" трапіў у спіс фільмаў тэлевізійнага шоу "50 фільмаў, якія неабходна паглядзець, перш чым памерці".

Дадатковыя матэрыялы аб жыцці і дзейнасці А. Адамовіча:

  1. Адамовіч Алесь : [біяграфія] // Беларускія пісьменнікі : біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. Т. 1. / пад рэдакцыяй А. І. Мальдзіса. — Минск : Беларуская энцыклапедия, 1992. — С. 34–35.
  2. Адамовіч, Н. З "Зялёнага сшытка" / Н. Адамовіч // Крыніца. — 2000. — № 1 (58). — С. 28–81.
  3. Алесь Адамовіч = Алесь Адамович / [складальнік У. А. Бойка]. — Мінск : Беларусь, 1989. — 87 с. : іл.
  4. Алесь Адамовіч. Народная памяць // На стрыжні часу : крытычныя артыкулы і рэцэнзіі / [складальнік Серафім Андраюк]. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1978. — С. 74–81.
  5. Бачыла, А. Шматграннасць таленту : [Алесь Адамовіч] / А. Бачыла // Бачыла А. Крыло неспакою : пошук, роздум, палеміка, успаміны / А. Бачыла.— Минск : Мастацкая літаратура, 1985. — С. 253–257.
  6. Бельскі, А. Ен выканаў сваю чалавечую місію : маральныя і эстэтычныя шуканні Алеся Адамовіча / Алесь Бельскі // Роднае слова. — 2011. — № 9. — С. 20—24 ; № 10. — С. 10–13.
  7. Брыль, Я. Алесь Адамовіч : [аб творчасці Алеся Адамовіча] / Я. Брыль // Брыль, Я. Трохі пра вечнае : артыкулы, лірычныя нататкі, эсэ / Я. Брыль. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1978. — С. 202–218.
  8. Бугаёў, Дз. Маштаб асобы : [Алесь Адамовіч] / Дз. Бугаёў // Крыніца. — 2000. — № 1 (58). — С. 118–130.
  9. Бугаёў, Дз. У пошуках праўды і справядлівасці : [Алесь Адамовіч] / Дз. Бугаёў // Бугаёў, Дз. Спавядальнае слова : літаратурная крытыка, успаміны / Дз. Бугаёў. — Мінск : Мастацкая літаратура, 2001. — С. 108–129.
  10. Зігуля, Н. Жыхарка пасёлка Глуша: "Для мяне Адамовічы сталі сям'ёй" : [гутарка з Нінай Васілеўнай Храмеля] / Нэлi Зігуля // Звязда. —2016. — 3 верасня. — С. 7.
  11. Зігуля, Н. "Звязда" працягвае праект "Глуша Адамовіча" / Нэлi Зігуля // Звязда. —2016. — 3 жніўня. — С. 5.
  12. Каваленка, В. Святло вялікіх мэт : [аб творчасці Алеся Адамовіча] / В. Каваленка // Каваленка, В. Веліч праўды : выбранае / В. Каваленка. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1989. — С. 318–332.
  13. Каваленка, В. Чорныя бездані слабых душ : [Вялікая Айчыная вайна ў творчасці Алеся Адамовіча] / В. Каваленка // Каваленка, В. Покліч жыцця : літаратурная крытыка / Віктар Каваленка. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1987. — С. 146–160.
  14. Каваленка, В. Я ведаў яго зблізку : развагі пра жыцце і творчасць Алеся Адамовіча / Віктар Каваленка // Полымя. — 1997. — № 1. — С. 273–293.
  15. Кудравец, А. Партрэты : падарожжа Алеся Адамовіча / Анатоль Кудравец // Полымя. — 2002. — № 1. — С. 44–55.
  16. Лазарев, Л. Без страха и упрека : вспоминая и перечитывая Алеся Адамовича / Л. Лазарев // Знамя. — 1995. — № 6. — С. 187–193.
  17. Нарынкевіч, Н. В. Дакументальна-мастацкая проза і публіцыстыка Алеся Адамовіча / Н. В. Нарынкевіч // Беларуская мова і літаратура. — 2007. — № 2. — С. 51–55.
  18. Палтаран, В. Сімвал яго веры : [аб творчасці Алеся Адамовіча] / В. Палтаран // Палтаран, В. Чалавек на вятрах часу : публіцыстыка, літаратурная крытыка / В. Палтаран. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1989. — С. 242–247.
  19. Перуанская, В. Вспоминая Алеся Адамовича, и не только его… / Валерия Перуанская // Вопросы литературы. —  1997. — Выпуск 6. — С. 275–299.
  20. Станюта, А. Апошняе выгнанне ў рай : [Алесь Адамовіч] / А. Станюта // Крыніца. — 2000. — № 1 (58). — С. 82–104.
  21. Сямёнава, А. "Для вечнасці – Беларусь…" : [Алесь Адамовіч] / А. Сямёнава // Сямёнава, А. У святой краіне выгнання : імпрэсіі, адлюстраванні / А. Сямёнава. — Мінск : Кнігазбор, 2011. — С. 339–352.
  22. Тычына, М. Алесь Адамовіч / М. Тычына // Крыніца. — 2000. — № 1 (58). — С. 3—11.
  23. Тычына, М. Называць усе сваімі іменамі : пра Алеся Адамовіча / Міхась Тычына // Роднае слова. — 2002. — № 9. — С. 11-14. ; Роднае слова. — Заканчэнне. — № 10. — С. 12–14.
  24. Тычына, М. "Пра маці можна апавядаць бясконца" : вобраз маці ў творчасці Алеся Адамовіча / Міхась Тычына // Роднае слова. — 2007. — № 9. — С. 5—7.
  25. Тычына, М. Радавод Алеся Адамовіча / М. Тычына // Крыніца. — 2000. — № 1 (58). — С. 18—27.

 

Інтэрнэт-рэсурсы

  1. Адамовіч Алесь Міхайлавіч [Электронный ресурс] // Бобруйский районный исполнительный комитет. — Режим доступа: http://bobruisk.mogilev-region.by/ru/region/gordost/adamovich.
  2. Крылов, Е. Алесь Адамович : неравнодушный [Электронный ресурс] / Елена Крылова ; фото Евгения Коктыша // Минский курьер. — Режим доступа : http://mk.by/2011/07/08/44355/.
  3. Стрэл у кабінеце дырэктара: як нараджаўся фільм "Ідзі і глядзі" [Электронны рэсурс]. — Рэжым доступу: http://www.kimpress.by/index
  4. Федоров, В. С. Алесь Адамович [Электронный ресурс] : [биографические сведения] / В. С.Федоров // Хронос. — Режим доступа: http://hrono.ru/biograf/bio_a/adamovicha.php.
Президент Республики Беларусь Министерство культуры Республики Беларусь Могилевский областной исполнительный комитет Национальная библиотека Беларуси Науиональный правовой интернет-портал