22 сакавіка ў бібліятэцы адбылася навукова-практычная канферэнцыя "Пысінскія чытанні-2016", у рабоце якой прынялі ўдзел выкладчыкі і студэнты Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А. Куляшова, Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка, пісьменнікі, супрацоўнікі бібліятэк Магілёўшчыны, члены літаратурнага аб’яднання "Ветэран", чытачы бібліятэкі. Свае даследаванні яны прысвяцілі жыццю і творчасці Аляксея Васільевіча Пысіна, літаратурнаму краязнаўству, актуальным праблемам сучаснай філалогіі і журналістыкі.

Вялікую цікавасць вызвалі даклады: "Пойдзем не ад людзей — да людзей…": Аляксей Пысін пра паэзію і паэтаў" Т.П. Хоміч, кандыдата філалагічных навук, выкладчыка кафедры літаратуры і культуры УА "Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя М. Танка"; "Рядовой войны" Алексей Пысин" М.С. Барысенкі, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі; "Аляксей Пысін для дзяцей" Я.І. Клімуця, кандыдата філалагічных навук, дацэнта кафедры тэарэтычнай і прыкладной лінгвістыкі УА "Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.А. Куляшова"; "Пысін. Журналістыка высокай якасці" Ю.С. Завішавай, студэнткі факультэта журналістыкі гэтай жа навучальнай установы і інш.

Вопыт работы бібліятэк Магілёўшчыны па папулярызацыі і музеефікацыі творчай спадчыны М. Гарэцкага, І. Пехцерава, Б. Мікуліча, Н. Кавалёвай і інш. былі прадстаўлены ў дакладах супрацоўнікаў Горацкай, Бабруйскай, Клімавіцкай, Дрыбінскай бібліятэчных сетак.
Л.М. Дзеружкова, кіраўнік народнага аматарскага аб’яднання "Роднае слова" ДУК "Горацкі раённы гісторыка-этнаграфічны музей", у сваім выступленні абагульніла 30-ці гадовую дзейнасць аб’яднання і перадала ў дар бібліятэцы кнігі горацкіх пісьменнікаў Н. Кавлёвай "Голубая криница", "Мы стали обелисками" и Л. Андрэевай "Мая сямъя ад А да Я", "Цвіла каліна…", "И боль, і мары, і любоў".

Навукова-практычная канферэнцыя акрэсліла праблемы і новыя напрамкі ў вывучэнні творчай спадчыны Аляксея Васільевіча Пысіна, шляхі супрацоўніцтва ў гэтым паміж установамі адукацыі, культуры, пісьменніцкімі арганізацыямі. Удзельнікі канферэнцыі прапанавалі ініцыяваць перавыданне твораў паэта, больш падрабязна даследаваць ваенную біяграфію А.В. Пысіна, што будзе садзейнічаць папулярызацыі яго творчасці для новых пакаленняў чытачоў.